Джордж Оруэл
Джордж ОРУЭЛ, сапр. Эрык Артур БЛЭР (1903, в. Маціхары каля мяжы з Непалам, Індыя, Брытанская імперыя — 1950) — англійскі пісьменнік і публіцыст.
[правіць] Жыццяпіс
Бацька, Рычард Блэр, служыў у адным з дэпартаментаў брытанскай індыйскай адміністрацыі. Маці была дачкой французскага гандляра. За шмат гадоў службы, да выхаду на пенсію ў 1912 г., Рычард Блэр не нажыў сям'і дастатку, 8-гадовага Эрыка з цяжкасцю ўладкавалі ў прыватную падрыхтоўчую школу ў графстве Сусэкс. Паказаўшы здольнасць да вучобы, праз некалькі гадоў, хлопчык на конкурснай аснове атрымаў стыпендыю для навучання ў Ітане, самай прывілеяванай прыватнай школе Вялікабрытаніі, якая давала шлях у Оксфард ці Кембрыдж. Пазней у эсэ «Чаму я пішу» Оруэл успамінаў, што ўжо ў 5-6 гадоў ён цвёрда ведаў, што будзе пісьменнікам, а ў Ітане вызначылася кола яго літаратурных прыхільнасцяў — Свіфт, Стэрн, Джэк Лондан. Магчыма, што менавіта дух прыгод і авантурызму ў творах гэтых пісьменнікаў паўплываў на рашэнне Э. Блэра збочыць са звыклага шляху выпускніка Ітана і паступіць на службу ў імперскую паліцыю, спачатку ў Індыі, затым у Бірме. У 1927, расчараваўшыся ў ідэалах і сістэме, якой ён служыў, Э. Блэр пайшоў у адстаўку і пасяліўся ў Партабела Роўд, квартале лонданскай галоты, затым з'язджае ў Парыж — цэнтр еўрапейскай багемы. Аднак Э. Блэр жыў зусім не багемна, у рабочым квартале, зарабляў мыццём посуду, збіраючы досвед і ўражанні, якія пазней Дж. Оруэл пераплавіць у раманы і шматлікія эсэ.
Першая кніга Дж. Оруэла «Бірманскія будні» (Burmese Days, 1934) апавядае пра гады, праведзеных на службе ў калоніях Брытанскай імперыі. Затым быў раман «Дачка святара» (A Clergyman's Daughter, 1935) і шэраг прац па самых разнастайных пытаннях — палітыцы, мастацтву, літаратуры. Дж. Оруэл заўсёды быў палітычна ангажаваным пісьменнікам, падзяляў рамантызм «чырвоных 30-х», быў заклапочаны нялюдскімі ўмовамі працы англійскіх шахцёраў, падкрэсліваў класавую няроўнасць у англійскім грамадстве. Тымчасова ён з недаверам і іроніяй ставіўся да ідэі англійскага сацыялізму і «пралетарскай салідарнасці», паколькі сацыялістычныя погляды былі папулярныя хутчэй у асяроддзі інтэлектуалаў і тых, хто належаў да сярэдняга класа, далёка не самаму бяздольнаму. Дж. Оруэл сур'ёзна сумняваўся ў іх шчырасці і рэвалюцыйнасці.
Таму не дзіўна, што сацыялістычныя сімпатыі пісьменніка прывялі яго ў шэрагі іспанскіх рэспубліканцаў, калі там пачалася Грамадзянская вайна. Дж. Оруэл адпраўляецца ў Іспанію ў канцы 1936 у якасці карэспандэнта Бі-бі-сі і лонданскай газеты «Абсервер». Дж. Оруэл быў уражаны атмасферай роўнасці і баявога брацтва, якую ён адчуў па прыбыцці ў Барселону. Сацыялізм уяўляўся рэальнасцю, і, прайшоўшы пачатковую ваенную падрыхтоўку, пісьменнік адпраўляецца на фронт, дзе атрымлівае сур'ёзнае раненне горла. Оруэл апісаў тыя дні ў дакументальнай кнізе «У гонар Каталоніі» (Homage to Catalonia, 1938), дзе апеў сяброў па зброі, дух брацтва, дзе не было «сляпога падпарадкавання», дзе існавала «амаль поўная роўнасць афіцэраў і салдат». Знаходзячыся пасля ранення ў шпіталі, Оруэл напіша сябру: «Я быў сведкам дзіўных рэчаў і, нарэшце, сапраўды паверыў у Сацыялізм, — чаго не было раней».
Аднак пісьменнік вынес і іншы ўрок. Тамсама, у Каталоніі, газета La Batalla, орган іспанскай Аб'яднанай марксісцкай працоўнай партыі, у шэрагах якой ваяваў Дж. Оруэл, яшчэ ў 1936 асудзіла палітычныя судовыя працэсы ў Маскве і сталінскую расправу над старымі бальшавікамі. Зрэшты, яшчэ да ад'езду ў Іспанію Оруэлу было вядома пра масавыя працэсы, якія ён зваў «палітычнымі забойствамі» але, у адрозненне ад большасці англійскіх левых, лічыў, што гэтыя падзеі ў Расіі не з'яўляецца «наступам капіталізму», а ёсць «агіднае скрыўленне Сацыялізму».
З гарачынёй неафіта Оруэл адстойваў першапачатковыя «маральныя паняцці сацыялізму» — «свабода, роўнасць, брацтва і справядлівасць», працэс дэфармацыі якіх ён адлюстраваў у сатырычнай алегорыі «Двор для жывёлы» (або «Ферма»). Дзеянні некаторых рэспубліканцаў у Іспаніі і жорсткая практыка сталінскіх рэпрэсій пахіснулі яго веру ў ідэалы сацыялізму. Оруэл зразумеў утапічнасць пабудовы бяскласавага грамадства і нізасць чалавечай прыроды, якой уласцівыя жорсткасць, канфліктнасць, імкненне панаваць над сабе падобнымі. Трывогі і сумневы пісьменніка адбіліся ў яго найболей вядомых і часта цытаваных аповесці «Двор для жывёлы» («Ферма») і рамане «1984».
[правіць] Беларускія пераклады
На беларускую «Ферму» і «1984» пераклаў С. Шупа.
[правіць] Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя. Т. 11. — Мн., 2000.
