Капытка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Капыткі́, капы́тка — страва накшталт клёцак з таркаванай[1] бульбяной масы, якая раскатваецца і дзеліцца на кавалкі вагай каля 30 г.; кожны кавалак фармуецца ў кшталце ромбу або "кулі" з паглыбленнем, зробленым пальцам. Адвараную (часам папярэдне запечаную або падсмажаную) капытку падаюць з соусамі як гарнір да мясных страў, або як асноўную страву — з грыбным або таматным соусам, смятанай і інш. Капыткі вядомыя таксама ў польскай і літоўскай кухнях.

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Вельмі блізкая па сутнасці назва стравы польскай кухні kopytka, што з'яўляецца формай множнага ліку і азначае капыткі дробнай жывёліны, напрыклад, казы. У нашай мове польскай назве адпавядае форма множнага ліку капыткі. Аднак на цяперашні момант болей распаўсюджаны варыянт капытка, ці то па памылцы перакладання з польскае, ці то яшчэ чаму. Назвы ўсіх тыпалагічна падобных страў маюць форму множнага ліку – калдуны, клёцкі, лазанкі, дранікі і г.д.

Рэцэпты прыгатавання[правіць | правіць зыходнік]

Польскія капыткі звычайна проста вараць у падсоленай вадзе; беларускія і літоўскія спачатку запякаюць на блясе, а потым або тушаць у гаршчку са смятанай (“суркоў”), або ізноў-такі, вараць у падсоленай вадзе.

Капыткі беларускія[правіць | правіць зыходнік]

1,2 кг бульбы, 0,5 шклянкі мукі, 1 сталовая лыжка здору, соль, сода.

Абабраную бульбу надраць на тарцы, адціснуць, дадаць муку, соль, соду, перамяшаць. Атрыманае цеста раскачаць, нарэзаць прамавугольнікамі 3 × 5 см і выпячы іх у духоўцы на блясе, змазанай тлушчам. Перад падачай на стол апусціць капыткі ў падсоленую ваду або мясны булён, варыць 10 хвілін.

Падаць са смятанай або цыбуляй, падсмажанай на сале.

Капыткі літоўскія (švilpikai)[правіць | правіць зыходнік]

Капыткі ў грыбным соусе (švilpikai)

Складнікі:

  • бульба — 1,2 кг
  • мука — 1 шклянка
  • яйка — 1 шт.
  • свіны тлушч — 25 г
  • смятана — 50 г
  • соль

Для соусу:

  • сырое сала — 75 г
  • цыбуля — 75 г
  • смятана — 50 г (ці смятана — 100 г і алей — 50 г)

Прыгатаваную ў лупінах начышчаную бульбу прапускаюць праз таркавальную машынку і дадаюць муку, яйкі, соль. З атрыманай масы робяць валікі 2 см у дыяметры, надаюць ім пляскатую форму, наразаюць наўкось цурачкі 7 см удоўжкі, кладуць іх на ліст, пасыпаны мукою, ды выпякаюць у духоўцы. Затым цурачкі кладуць у рондаль, заліваюць тлушчам ды смятанай, страсаюць і трохі вытрымліваюць пад крышкай. Перш чым падаць на стол, іх паліваюць соусам з сала, падсмажанага з цыбуляй ды смятанаю, альбо алеем ды смятанаю.

Капыткі польскія (kopytka, paluchy)[правіць | правіць зыходнік]

Складнікі:

  • бульба ці тварог
  • пшанічная мука
  • яйкі
  • соль
  • прыправы

Працэс прыгатавання такі ж, як і беларускіх капыткоў. Нарэзаныя ромбікамі кавалкі вараць у падсоленай вадзе; гатовыя капыткі ўсплываюць на паверхню. Падаюць да сталу звычайна са смажанымі шкваркамі.

У сучаснай кухні[правіць | правіць зыходнік]

У цяперашні час страва беларусамі цалкам забытая. Гэта заўважна, калі параўнаць рэстаранныя меню ў Беларусі і ў Польшчы, дзе гэтая страва стала папулярным гарнірам да розных мясных і іншых страваў, у крамах прадаецца ў выглядзе замарожаных паўфабрыкатаў.

У суседняй Літве ў жывым побыце існуе адпаведнік капыткоў пад назвай швільпікaй (літ.: švilpikai, «суркі́»).

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  • Белы А. Капытка // Праект «Наша ежа»

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі