Лазанкі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Лазанкі — даўняя мучная страва. Ужываюцца як дадатак да супоў (напрыклад, грыбнога), або для прыгатавання своеасаблівых запяканак.

Крута замешанае цеста з пшанічнай, жытняй або грэчаскай мукі тонка раскачвалі, рэзалі на кавалкі (квадраты, трохвугольнікі), варылі, адцэджвалі, залівалі салам, алеем з цыбуляй ці смятанай, у пост — цёртым макам, тоўчаным семем, размятымі ягадамі. У больш дасканалых варыянтах адвараныя лазанкі тушылі ў пячным духу са смятанай, або запякалі з мясам, капустай і іншымі; часам смажылі. Страва шырока вядомая ў Браслаўскім, Мядзельскім, Ваўкавыскім раёнах, часткова на Магілёўшчыне, Цэнтральным і Усходнім Палессі. У некаторых раёнах заходняй і цэнтральнай частках Беларусі, на Магілёўшчыне лазанкі пяклі з пшанічнай мукі («праснаком») у форме «кантовых» кавалачкаў (іх называлі ламанцамі). Елі з цёртым макам, семем, звычайна на посную куццю.

Назва стравы і тэхналогія прыгатавання запазычаныя з італьянскай кухні праз польскую. Італьянская «лазанья» (італ.: lasagne) — страва з вельмі даўняй гісторыяй, найбольш старажытная форма пасты. Мяркуюць, што пачаткова ў Старажытнай Грэцыі laganon называлі пляскатую хлебную ляпёшку; рымляне, пазычыўшы яе ад грэкаў, пачалі разразаць яе на тонкія скрылі, якія называлі lagani. У ранняе Сярэднявечча страва трансфармавалася ў адмену мучных клёцак, якія дадаваліся ў гаршчок з тушанымі мясам або садавінай. У часы Марка Пола (XIII ст.) лазанья ўжо ў асноўным была падобнай на сучасную: тонкія пляскатыя шырокія кавалкі цеста (звычайна прамавугольныя; пры масавай вытворчасці пераважна гафрыраваныя накшталт шыферу) спачатку адварваюцца як локшына, а потым тушацца ў пячы ці духоўцы з разнастайнымі дадаткамі (садавінай, мясам, грыбамі і г.д.). Лазанья — адна з найбольш папулярных страў італьянскай кухні.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  • Белы А. Лазанкі // Праект «Наша ежа»