Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінцаў (Полацк)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Манастыр
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінцаў, Полацк
Абмерны чарцёж 1838 года.
Абмерны чарцёж 1838 года.
55°28′50″ пн. ш. 28°46′16″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Полацк
Канфесія Каталіцызм
Епархія Полацкая
Тып Мужчынскі
Архітэктурны стыль архітэктура барока[d]
Дата скасавання 1832
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000613шыфр 212Г000613
Стан нядзейны
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінцаў — часткова захаваны кляштарны комплекс у Полацку. Знаходзіцца на левым беразе Дзвіны, у Задзвінні, па адрасе вуліца Гвардзейцаў, 23. Помнік архітэктуры барока. Унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Полацкі кляштар бернардзінцаў. Мал. Г. Ляйбовіча

У XI—XVI стст. Полацк пераважна праваслаўны горад, але заходні ўплыў быў здаўна. У сярэдзіне XIII ст. полацкі князь Канстанцін заснаваў каталіцкае Рускае біскупства і пабудаваў у Полацку кафедральны касцёл, пасля смерці бяздзетнага князя ў пачатку 1260-х гадоў Полацкая зямля на кароткі час нават трапіла пад уладу рыжскага архібіскупа.

План кляштара. 1838

Паводле хронікі Яна з Камарова[pl], у 1498 годзе пры садзейнічанні вялікага князя Аляксандра ў Полацку заснаваны кляштар бернардзінцаў[1]:216. Да гэтага часу ў Вялікім Княстве Літоўскім ужо было два бернардзінскія кляштары — віленскі з касцёлам Св. Францыска (1469) і ковенскі з касцёлам Св. Георгія (1471)[1]:214. Першы драўляны касцёл полацкага кляштара пабудаваны ў 1502 годзе. Аднак, кляштар цалкам знішчаны пажарам падчас Лівонскай вайны 1558—1583 гадоў у аблогу горада маскоўцамі ў 1563 годзе.

У 1695 годзе полацкі ваявода Аляксандр Слушка запрасіў у горад бернардзінцаў, для іх у 1696 годзе на левым беразе Дзвіны пабудаваны драўляныя касцёл Маці Божай і кляштарны корпус[2].

Каменныя будынкі касцёла Св. Марыі і кляштара пабудаваны ў 1769 годзе ў стылі барока на месцы драўляных[3]. У 1772 годзе ў кляштары 10 манахаў, дзейнічала філасофская школа. У комплекс кляштара ўваходзілі гаспадарчыя пабудовы — пякарня, бровар, лядоўня, кузня, стайня, лазня, пладовы сад з агародам. Агулам 30 жылых і 8 нежылых памяшканняў.

У 1832 годзе кляштар закрыты, манахі пераведзены ў Друйскі кляштар, касцёл ператвораны ў праваслаўную царкву Іаана Багаслова[4]. У 1880 годзе прыбудавана багадзельня. Будынкі займалі 3780 м², агароды — 11 497,5 м².

У 1920-я гады савецкія ўлады закрылі царкву. У Другую сусветную вайну комплекс быў пашкоджаны, ад касцёла засталіся руіны. Захаваўся жылы корпус, дзе з 1950-х гадоў размяшчалася медыцынская ўстанова.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Царкоўныя старасты кляштара[правіць | правіць зыходнік]

Царкоўным старастам кляштара ў 1670 годзе быў віленскі канонік Казімір Горскі.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл[правіць | правіць зыходнік]

Руіны касцёла

У XVI — пачатку XVII стст. храмавае будаўніцтва бернардзінцаў грунтавалася на досведзе і архітэктурнай традыцыі францысканцаў і па ўсёй Рэчы Паспалітай вылучаецца адзінствам архітэктурных рашэнняў.

Касцёл уяўляў сабой 1-нефны храм з 2-х вежавым галоўным фасадам, накрыты двухсхільным дахам. Франтоны галоўнага і бакавога фасадаў мелі фігурныя завяршэнні. Над галоўным фасадам узвышаліся 4-ярусныя вежы, у трэцім ярусе якіх былі скразныя паўцыркульныя вокны. У пластыцы фасадаў выкарыстоўваўся класічны ордар.

Усярэдзіне неф касцёла перакрываўся цыліндрычным скляпеннем. Над уваходам на 2 слупах-пілонах выступалі хоры, на іх і вышэй на званіцу вялі вітыя сходы[5].

Кляштар[правіць | правіць зыходнік]

Выцягнуты прамавугольны ў плане будынак кляштара з захаду завершаны перпендыкулярна размешчаным крылом з трапезнай, з усходу прылягаў да касцёла, які не захаваўся.

Архітэктура кляштара адрозніваецца прастатой, мае стрыманы дэкор: пілястры вялікага ордара, прамавугольная ліштва, прафіляваны карніз. Планіроўка галерэйная, перакрыцці памяшканняў скляпеністыя. Дах кляштара крыты дахоўкай.

Зноскі

  1. а б Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиций. Наследие архитектуры Беларуси. ― М.: Прогресс-Традиция, 2002.
  2. Рукописный отдел Библиотеки Академии наук (Петербургское отделение). F. 266. Т. 3. План Полоцка (Plan von Polozko) 1707 г.
  3. Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795. — Kraków, 1885. S. 55—62.
  4. РГВИА. Ф. 405, оп. 7, ед. хр. 2371, 1834 г. С. 66-68.
  5. Полацкі касцёл і кляштар бернардзінцаў // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 398. — ISBN 5-85700-078-5.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]