Нясвіжскае паўстанне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нясвіжскае паўстанне
Асноўны канфлікт: польска-савецкая вайна
Дата 15-17 сакавіка 1919
Месца Нясвіж
Вынік перамога бальшавікоў, расстрэл арганізатараў
Праціўнікі
Сцяг Польшчы насельніцтва Нясвіжа Сцяг СССР савецкая Расія
Камандуючыя
Мечыслаў Валністы, Палікарп Каляда, Юзаф Янушкевіч, Канстанцін Шыдлоўскі, Станіслаў Іваноўскі

Нясвіжскае паўстанне — антыкамуністычнае ўзброенае паўстанне ў Нясвіжы 15-17 сакавіка 1919 года за далучэнне горада да Польскай Рэспублікі. З-за пераацэнкі паўстанцамі хуткасці наступлення Польскага войска, паўстанне было задушанае, а арганізатары расстраляныя. У памяць пра паўстанне былі пастаўлены два помнікі, адзін з іх захаваўся да сённяшняга часу.

Гісторыя паўстання[правіць | правіць зыходнік]

Прычыны[правіць | правіць зыходнік]

У снежні 1918 года нямецкія войскі, якія падчас Першай сусветнай вайны амаль дзесяць месяцаў займалі большую частку Беларусі, пачалі адыходзіць, а ўладу ў горадзе перанялі саветы. Пасля захаплення маёнтку Малева былі забраныя коні і створаны чырвонаармейскі конны атрад. Гэты эскадрон на чале з Андрэем Пракапчуком рушыў на мястэчка Лань, дзе арыштаваў абранага насельніцтвам старшыню валасной управы эсэра Кадэбскага і ўтварыў са свайго складу рэвалюцыйны камітэт, а потым накіраваўся ў Нясвіж. Там Андрэй Пракапчук стаў першым камендантам пасля адыходу немцаў.[1] Хутка ў горад прыбыў атрад чэкістаў пад кіраўніцтвам Салдатава, які ўсталяваў у горадзе дыктатуру, пачаў арышты незадаволеных, наклаў кантрыбуцыю і разагнаў мясцовы рэўкам, але ў студзені 1919 года з дапамогай рэгулярнай савецкай арміі быў раззброены, а сабраная кантрыбуцыя знікла.

У лютым 1919 года пачалася польска-савецкая вайна і Польскае войска пачала выцясняць Чырвоную армію на ўсход. Навучэнцы мясцовай гімназіі аб’ядналіся ў таемную арганізацыю і прынялі рашэнне пра паўстанне і вызваленне горада з рук бальшавікоў яшчэ перад прыходам польскіх войскаў.

Падзеі[правіць | правіць зыходнік]

Арганізацыйны камітэт паўстання ўзначаліў выкладчык лацінскай мовы, Мечыслаў Валністы (часамі яго памылкова называюць дырэктарам)[2][3]. Першачарговай задачай стаў збор зброі, якую гімназісты таемна звозілі з бацькоўскіх дамоў і навакольных вёсак. Удалося сабраць каля 30 вінтовак і некалькі рэвальвераў, за захаванне якіх быў адказны службовец магістрата Палікарп Каляда. Паводле гісторыка Андрэя Блінца, у паўстанцаў не было выразнага плана дзеянняў, яны больш спадзяваліся на зброю.

На пачатку сакавіка савецкім уладам было вядома пра падрыхтоўку паўстання, але старшыня выканкама Файнберг лічыў, што няма падставаў для далейшых рэпрэсій, хаця камісары Стыкуць і Розэнблюм прапанавалі правесці арышты. У тым самым часе фронт набліжаўся і ў ваколіцах пачалі з’яўляцца польскія конныя атрады «легіянераў», якія праводзілі дыверсіі ў тылах Чырвонай Арміі. У выніку 13 сакавіка савецкі 9-ы пагранічны полк, які знаходзіўся ў Нясвіжы, быў накіраваны на фронт, а ў горадзе застаўся невялікі атрад Пракапчука і нейкая колькасць міліцыянераў.

Ноччу з 14 на 15 сакавіка 1919 года «легіянеры» нечаканым налётам захапілі мястэчка Сіняўка за 35 км ад Нясвіжа, а потым накіраваліся ў бок Клецка і Снова. З-за гэтага ў ваколіцах пайшлі чуткі нібы атака ідзе ўжо на Бабруйск і Мінск, а атрад Пракапчука быў высланы насустрач польскім раз’ездам. Нехта ў ваколіцах убачыў раз’езд і пачуў нібы польскія войскі ўжо хутка будуць у горадзе, таму паўстанцы вырашылі дзейнічаць.

Уначы з 15 на 16 сакавіка паўстанцы занялі самыя важныя будынкі горада і ліквідавалі мясцовы савет[2]. Частку міліцыянераў захапілі соннымі на кватэрах і раззброілі. Застаўшыся без войска, мясцовыя бальшавікі спрабавалі змагацца, аднак у часе бітвы загінулі старшыня выканкаму Файнберг, камісары Розенблюм і Грынблат ды старшыня ЧК Татур. Над ратушай узнялі польскі сцяг. Вайсковае камандаванне было даручана Мечыславу Валністаму, на дарогах былі расстаўленыя патрулі, была арганізаваная камендатура. Аднак далейшай абароны паўстанцы не арганізоўвалі і спадзяваліся на хуткі прыезд польскіх кавалерыстаў, ня ведаючы, што тыя не збіраліся ісці на горад.

У гэты час у Нясвіж вярнуўся савецкі атрад Пракапчука, але адразу адступіў, бо ініцыятыва была ў руках паўстанцаў. У вёсцы Рудаўка, якая знаходзілася ў 4 кіламетрах ад Нясвіжа, была наладжана тэлеграфная сувязь з Мінскам, адкуль Пракапчук атрымаў загад ад камісара Крывашэіна нікуды не рухацца і чакаць бронецягнік разам з ротай жаўнераў. Каля пяці гадзін вечара 16 сакавіка абяцаная рота з двума кулямётамі злучылася з атрадам Пракапчука і рушыла на горад. Пасля некалькігадзіннай перастрэлкі ў паўстанцаў скончыліся набоі і яны адступілі ў цэнтр горада. У выніку адсутнасці дапамогі і кіраўніцтва кожны мусіў ратавацца самастойна.

Да раніцы панядзелка 17 сакавіка 1919 года паўстанне было канчаткова ліквідаванае.

Вынікі і ацэнкі паўстання[правіць | правіць зыходнік]

Наступствы[правіць | правіць зыходнік]

Пасля заняцця горада ЧК арыштавала кіраўнікоў паўстання — Мечыслава Валністага (выкладчык лацінскай мовы), Палікарпа Каляду (службовец магістрата), Юзафа Янушкевіча (службовец княжацкага палаца), Канстанціна Шыдлоўскага і Станіслава Іваноўскага (бухгалтар радзівілаўскай адміністрацыі). Яны былі перавезеныя ў даўні кляштар бенедыктынцаў, які бальшавікі выкарыстоўвалі як турму, а пазней, 24 сакавіка 1919 года, іх расстралялі ў лесе за горадам.[2] Большую частку арыштаваных выпусцілі праз розныя тэрміны: нехта прабыў у зняволенні дзесяць дзён, нехта — два месяцы.[3]

Ацэнкі паўстання[правіць | правіць зыходнік]

  • Савецкі камісар Крывашэін, які вядомы тым, што разагнаў Першы Усебеларускі з’езд, у сваёй справаздачы казаў так: «Замест рэгулярных сіл у Нясвіжы мы сутыкнуліся з жалюгоднымі легіянерамі і бойскаутамі. Хапіла 80 добра ўзброеных камуністаў, каб выгнаць бандытаў з Нясвіжа. Пры падыходзе чырвонаармейцаў белыя, мамкіны сынкі, пужлівыя бойскауты ўцякалі, як труслівыя зайцы».[3].
  • Адзін з удзельнікаў антыкамуністычнага паўстання ацаніў яго так: «Купка моладзі не мела ніякіх шанцаў на перамогу, але некалькі гадзін мужна абараняла горад. Нарэшце большасць з іх адступіла ў напрамку Альбы, а адтуль — на захад, для злучэння з аддзеламі Войска Польскага. Другія расцерушыліся па наваколлі, каб схавацца ад рэпрэсій».[3].

Паведамленні ў прэсе[правіць | правіць зыходнік]

  • Варшаўскі «Kurier Poranny» пісаў: «Бальшавіцкія войскі пачалі ажыццяўляць жахлівыя эксцэсы. Усіх секлі і ўсё палілі. Расстраляна звыш 50 чалавек, у тым ліку ксяндзы Станіслаў Рокаш, Вінцэнт Гадлеўскі і дырэктар гімназіі Мар’ян Масоніус. Вёскі Слаўкава і Качановічы спалены за тое, што далі прытулак уцекачам, кожны дзясяты іх жыхар расстраляны, жанчыны згвалтаваны, і канфіскавана ўсё, што можна. Каталіцкае насельніцтва Нясвіжа асуджана на галодную смерць».[4]
  • Савецкая газета «Звезда» паведамляла: «…нашы чырвонаармейскія аддзелы ўвайшлі ў горад і арыштавалі вінаватых, якіх тут жа на месцы расстралялі. Усяго расстраляна звыш 100 чалавек. Іх маёмасць канфіскавана».

Прыналежнасць паўстання[правіць | правіць зыходнік]

  • Паводле гісторыка Андрэя Блінца паўстанне ў Нясвіжы мела выразна польскі характар.

Ушанаванне[правіць | правіць зыходнік]

  • Пасля заканчэння польска-савецкай вайны, калі Нясвіж увайшоў у склад Польскай Рэспублікі, у горадзе ўсталявалі два помнікі ў памяць пра ахвяраў паўстання. Адзін з іх знаходзіўся ў цэнтры горада і быў разбураны ў час ІІ сусветнай вайны. Другі — гэта надмагілле на каталіцкіх могілках у Нясвіжы, усталяванае 24 сакавіка 1926 года на магіле арганізатараў паўстання. Яго фундатарамі былі вучні і настаўнікі мясцовай гімназіі. Пасля 1990 ён быў адрамантаваны і існуе да сённяшняга часу. Мае форму вялікага, чатырохбаковага крыжа з чырвонага граніту, на якім напісаны прозвішчы расстраляных, дата смерці і цытата польскага паэта Яна Каханоўскага: «A jeśli komu droga otwarta do nieba, Tym, co służą ojczyźnie» (бел. «Калі каму і адчынена дарога на неба, то гэта тым, хто служыць Айчыне»). Пасля 1944 года з магілы быў сцёрты надпіс pomordowani przez bolszewików (бел. забітыя бальшавікамі)[2].
  • У міжваенны час, калі Нясвіж уваходзіў у склад Польскай Рэспублікі, паўстанне стала неад’емнай часткай патрыятычнага выхавання.
  • Да верасня 1939 года ў актавым зале Нясвіжскай гімназіі імя Уладзіслава Сыракомлі вісеў вялікі партрэт Мечыслава Валністага.

Зноскі

  1. Нясвіжскія навіны. Нясвіж у 1919-м. Нараджэнне рэспублікі
  2. а б в г Цэнтральная Беларусь. Мінская вобласць // Месцы.... — С. 211—213.
  3. а б в г Будзьма беларусамі! Нясвіжскае паўстанне 1919 года: як гімназісты бальшавікоў з гораду выганялі
  4. Ніхто з названых асоб не загінуў падчас паўстання: вядомы беларускі дзеяч Вінцэнт Гадлеўскі пражыў яшчэ больш за 20 год, Станіслаў Рокаш яшчэ доўга служыў у Нясвіжскім касцёле. а навуковец Мар’ян Масоніус у тым самым годзе ўвайшоў у склад камітэта па доглядзе Нясвіжскага замка па запрашэнні савецкай улады.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]