Польскі дэмакратычны саюз Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Польскі дэмакратычны саюз Беларусі
польск.: Związek Polski Demokratyczny na Białej Rusi
Лідар Вітальд Жукоўскі, Уладзіслаў Жукоўскі, Густаў Выкоўскі, Ежы Асмалоўскі, Канстанцін Гардзялкоўскі, Канстанцін Дзямідэцкі-Дзямідовіч, Міраслаў Абязерскі, Эдмунд Івашкевіч
Дата заснавання 17 чэрвеня (1 ліпеня) 1907
Дата роспуску 1907
Штаб-кватэра Мінск, Мінская губерня, Расійская імперыя
Краіна
Ідэалогія краёвасць, лібералізм, дэмакратызм
Саюзнікі і блокі Краёвая партыя Літвы і Беларусі (1907—1908)
Месцаў у ніжняй палаце 0
Месцаў у верхняй палаце 0

Польскі дэмакратычны саюз Беларусі (1907) (польск.: Związek Polski Demokratyczny na Białej Rusi, руск.: Польский демократический союз Беларуси) — палітычная партыя ліберальна-дэмакратычнага кірунку «краёвасці» у Расійскай імперыі (у прыватнасці — у Беларусі і Літве) у пачатку ХХ ст., якая сумяшчала ў сваёй праграме «краёвыя» (аўтанамісцкія) і ліберальна-дэмакратычныя лозунгі. Ставіла за мэту абарону інтарэсаў усіх народаў і катэгорый насельніцтва літоўска-беларускіх губерняў. У адрозненне ад Краёвай партыі Літвы і Беларусі, якая рабіла стаўку на землеўласнікаў, Польскі дэмакратычны саюз імкнуўся павесці за сабой на выбарах у III Дзяржаўную думу Расійскай імперыі мясцовую «польскую» (польскамоўную і каталіцкую) інтэлігенцыю. Стварэнне Саюза не было завершана і сапраўднай палітычнай арганізацыяй ён не стаў.

Абставіны стварэння[правіць | правіць зыходнік]

Рэвалюцыя 1905—1907 гадоў у Расіі ўвяла ліберальныя свабоды, якія ўпершыню ў Расійскай імперыі дазволілі легальна ствараць палітычныя партыі самых розных поглядаў. Узніклы ў літоўска-беларускіх губернях рух «краёўцаў» пачаў імкнуцца набыць партыйныя формы сваёй дзейнасці. Сярод краёўцаў вылучылася два кірункі (ліберальна-кансерватыўны і ліберальна-дэмакратычны)[1].

Наяўнасць дзвюх плынь тлумачылася тым, што карэнныя польскамоўныя і каталіцкія дваране (якія называлі сябе і як «літоўцы» (ці па-польску «літвіны»), і як «палякі» у палітанімічным значэнні) літоўска-беларускіх губерняў у канцы XIX ст. падзяляліся на дзве асноўныя праслойкі — землеўласнікі і гарадская інтэлігенцыя (адвакаты, чыноўнікі, лекары, настаўнікі, навукоўцы, інжынеры, будаўнікі, камерсанты і г.д.). Па сутнасці, тэрмін «палякі» быў для іх палітонімам (звязваўся з ідэяй адраджэння «Польшчы» — былой федэрацыйнай Рэчы Паспалітай), бо ўсе яны выступалі за адасобленасць свайго «края» («Літвы», г.зн. зямель былога Вялікага Княства Літоўскага) ад карэнных польскіх губерняў. Рознасць у эканамічных інтарэсах перакрывалася тым, што мясцовыя землеўласнікі і інтэлігенцыя лічылі адзін аднаго за блізкіх: гарадская інтэлігенцыя альбо паходзіла са збяднелых дваран-землеўласнікаў, альбо была звязана сямейнымі і асабістымі (таварыскімі) адносінамі з землеўласнікамі[2]. Сярод землеўласнікаў пераважаў кансерватызм, а інтэлігенцыя трымалася прагрэсіўных (дэмакратычных) поглядаў.

Акрамя таго, у літоўска-беларускіх губернях дзейнічалі і іншыя партыі. Сярод мясцовай інтэлігенцыі (асабліва ў Магілёўскай і Віцебскай губернях, дзе быў значным працэнт рускага землеўладання) моцнымі былі ўплывы расійскіх канстытуцыйных дэмакратаў (г.зв. «кадэтаў»), што аказвала свой уплыў і на мясцовую польскамоўную і каталіцкую інтэлігенцыю і землеўласнікаў[3].

Заснаванне[правіць | правіць зыходнік]

Амаль адначасова са з’ездам дваран у чэрвені 1907 у Вільні, дзе была створана Краёвая партыя Літвы і Беларусі, у Мінску адбыўся сход, на якім 17 чэрвеня 1907 была створана партыя «Польскі дэмакратычны саюз Беларусі». Гэтаму сходу папярэднічала нарада невялікага кола мясцовых дваран-землеўласнікаў і інтэлігенцыі ў маёнтку Дашкоўка Вітальда Жукоўскага ў Быхаўскім павеце, дзе быў зацверджаны праект праграмы партыі і папярэдні план арганізацыйных дзеянняў[3]. Ініцыятарам стварэння партыі была не інтэлігенцыя, а асобныя землеўласнікі Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, на якіх вялікі ўплыў зрабілі ў ходзе рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расіі дэмакратычныя погляды расійскай партыі канстытуцыйных дэмакратаў (г.зв. «кадэтаў»), — асаблівую актыўнасць праявілі землеўласнікі Магілёўскай губерні Вітальд і Уладзіслаў Жукоўскія, члены Магілёўскага таварыства сельскай гаспадаркі. Аднак партыя Польскі дэмакратычны саюз Беларусі імі спецыяльна задумвалася як арганізацыя, якая павінна прыцягнуць увагу ў першую чаргу мясцовай (каталіцкай і польскамоўнай) прагрэсіўнай гарадской інтэлігенцыі, каб аб’яднаць апошнюю і адцягнуць ад падтрымкі поглядаў Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі («эндэкаў»)[4]. Было вядома, што менавіта сярод гарадской інтэлігенцыі «эндэкі» знаходзілі сваіх галоўных прыхільнікаў у Паўночна-Заходнім краі (асабліва ў яго галоўным горадзе — Вільні). Польскі дэмакратычны саюз Беларусь, у Галоўны камітэт якога ўвайшлі Вітальд Жукоўскі, Уладзіслаў Жукоўскі, Густаў Выкоўскі, Ежы Асмалоўскі (1872—1952)[5], Канстанцін Гардзялкоўскі[6], Канстанцін Дзямідэцкі-Дзямідовіч, Уладзімір Нітаслаўскі, Міраслаў Абязерскі[7], Аляксандр Ражноўскі, Эдмунд Івашкевіч, А. Яленскі і інш., ствараўся не як канкурэнт Краёвай партыі Літвы і Беларусі, а побач з ёй як саюзнік у змаганні супраць уплыву ў краі польскіх «эндэкаў»[4]. Паводле польскага гісторыка Яна Савіцкага, Польскі дэмакратычны саюз Беларусі быў толькі пачаткам палітычнай партыі.

Праграма[правіць | правіць зыходнік]

Заснаваўчы двухдзённы сход у Мінску зацвердзіў палітычную праграму: уздым дабрабыту і культурнага ўзроўня ўсіх жыхароў края незалежна ад этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага становішча; увядзенне валаснога, павятовага і губернскага самакіравання з гарантыяй праў нярускага насельніцтва; стварэнне моцнай сялянскай гаспадаркі (у тым ліку, за кошт пераходу сялянам часткі зямлі маянткоўцаў за выкуп); увядзенне свабодных, роўных, тайных і прапарцыянальных выбараў (што было любімым лозунгам расійскіх «кадэтаў»). Адным з прынцыповых патрабаванняў саюз ставіў зняцце абмежаванняў у адносінах да «асоб польскага паходжання», захаванне права на культурнае развіццё палякаў і ўвядзенне аўтаноміі Царства Польскага (карэнных польскіх губерняў) у Расійскай імперыі. Апошняе патрабаванне (увядзенне аўтаноміі Царства Польскага) было ўведзена лідарамі партыі (якія былі галоўным чынам землеўласнікамі і членамі мясцовых таварыстваў сельскай гаспадаркі) спецыяльна, каб адлучыць мясцовую «левую» польскамоўную і каталіцкую інтэлігенцыю («палякаў») не толькі ад расійскіх «кадэтаў», але і ад польскіх «эндэкаў»[3].

Тлумачучы на старонках газеты «Kurier Litewski» (№164, 1907 г.) асноўныя праграмныя прынцыпы, Вітальд Жукоўскі сцвярджаў, што краёвая ідэя — адзіна магчымая пазіцыя для «польскай» інтэлігенцыі ў краі, характэрнай рысай якога з'яўляецца шматнацыянальнасць, і заяўляў аб імкненні партыі абараняць інтарэсы і правы самых шырокіх кол насельніцтва. Палякі, літоўцы, беларусы і яўрэі ў праграме трактаваліся як карэнныя народы края, а рускія былі ахарактарызаваны як чужая і варожая краёвым інтарэсам група, якая імкнецца да русіфікацыі края. Лідарамі партыі планавалася трымаць сувязь з краёўцамі-кансерватарамі (з Краёвай партыяй Літвы і Беларусі), што павінна было забяспечыць краёўцам двух кірункаў поспех на выбарах у III Дзяржаўную думу[8].

Падтрымка ў грамадстве[правіць | правіць зыходнік]

Польскі дэмакратычны саюз Беларусі не атрымаў шырокай падтрымкі з боку мясцовай польскамоўнай і каталіцкай інтэлігенцыі Беларусі. Разгарнуць практычную дзейнасць таксама не здолеў і ўсё закончылася на стадыі прыняцця галоўных партыйных дакументаў[8].

Спыненне існавання партыі, як і іншых партыйных і грамадскіх аб'яднанняў краёўцаў, было выклікана не спадам папулярнасці ідэй «краёвасці», а знешнімі ўмовамі, якія паўплывалі на змяненне арганізацыйных форм і метадаў палітычнага руху «краёўцаў». Гэта ў першую чаргу завяршэнне рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расійскай імперыі, што прывяло да адкату многіх саступак царызма, звужэння некаторых ліберальных праў, прынятых у ходзе рэвалюцыі, і роста ў органах кіравання і прэсе рускага вялікадзяржаўнага шавінізма як рэакцыі на актывізацыю этнакультурных і этнапалітычных рухаў самых розных народаў, якія разглядаліся ўладамі як пагроза для ўнітарнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Расійскай імперыі. У прыватнасці, галоўнай прычынай заняпада партыі былі новыя выбарчыя законы ў III Дзяржаўную Думу і Дзяржаўны Савет, якія значна звужалі і абмяжоўвалі магчымасць абрання ў заканадаўчыя установы Расійскай імперыі прадстаўнікоў нярускага, неправаслаўнага і недваранскага насельніцтва.

Зноскі

  1. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 50.
  2. Jankowski, Cz. W ciągu dwóch lat... С. 161; Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 50; Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 125—143.
  3. а б в Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 238.
  4. а б Jankowski, Cz. W ciągu dwóch lat… С. 166.
  5. Ежы Ежавіч Асмалоўскі (1872—1952) нарадзіўся ў Пінскім павеце Мінскай губерні, быў «польскім» дваранінам-каталіком, адным з блізкіх сябраў Рамана Скірмунта і князя Гераніма Друцкага-Любецкага; як і Раман Скірмунт, фінансава падтрымліваў «Нашу Ніву» — галоўную газету беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руха; а пра свае адносіны да Беларусі напісаў у мемуарах: «Увесь мой род беларускага паходжання з Магілёўскай губерні. Магчыма толькі ў прадзеда роднай мовай была польская. Што ж з’яўляецца маёй Айчынай — Польшча ці Беларусь? І хто я — паляк ці беларус? Я паляк па культуры і па мове. Я каталік. Але не жыву ў Польшчы. Маю пэўныя абавязкі ў адносінах да краю, дзе нарадзіўся, і людзі, сярод якіх я жыву, мне больш блізкія». Гл.: Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 127, 208. Пазней Ежы Асмалоўскі стане генеральным камісарам Грамадзянскай управы ўсходніх зямель.
  6. Заможны маянтковец Канстанцін Гардзялкоўскі ўзначаліць створаную 8-12 (21-25) чэрвеня 1917 г. Польскую раду Магілёўскай зямлі, якая спачатку будзе выступаць за дзяржаўную незалежанасць Беларусі, а толькі пад пагрозай захопу Беларусі бальшавікамі ў канцы 1918 г. стане выступаць за раўнапраўны федэрацыйны саюз Беларусі і Польшчы, але катэгарычна супраць інкарапарацыі Беларусі ў склад Польшчы ў статусе звычайных польскіх ваяводстваў. У 1919—1920 гг. будзе членам «Польска-беларускага таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі».
  7. У 1919—1920 гг. быў старшынём «Польска-беларускага таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі».
  8. а б Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 239.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
  • Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s.
  • Jankowski, Cz. W ciągu dwóch lat... : Przyczynek do dziejów prasy polskiej na Litwie(недаступная спасылка) / Cz. Jankowski. — Warszawa-Kraków : Druk. W.L. Anczyca, 1908. — 201 s.
  • Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • ЭГБ, Т. 4. — С. 246.