Краёўцы
Краёўцы (польск.: Krajowcy) — палітычная плынь пачатку XX ст. у Беларусі і Літве, дзеячы якой (галоўным чынам карэннае каталіцкае і польскамоўнае сярэднезаможнае і заможнае дваранства шасці губерняў Паўночна-Заходняга краю) сумяшчалі ў сваёй праграме аўтанамісцкія, ліберальныя і нацыянальныя лозунгі. Ідэалогія «краёўцаў» атрымала назву «краёвасць» альбо «краёвая канцэпцыя», «краёвая ідэя».
Змест |
Этымалогія тэрміна [правіць]
Этымалогія тэрміна «краёўцы» і «краёвасць» зыходзіць ад тэрміна «Паўночна-Заходні край», які карэнным дваранствам менаваўся проста як «край» і поўнасцю асацыяваўся з землямі былога Вялікага Княства Літоўскага, бо знешнія межы апошняга амаль супадалі са знешнімі межамі «Паўночна-Заходняга края».
Выспяванне і ўзнікненне [правіць]
Крыніцы «краёвай канцэпцыі» на землях, якія стваралі калісьці ВКЛ, знаходзяцца глыбей, чым пералом XIX—XX стст. Краёвасць выцякала з памяці карэнных дваран і інтэлігенцыі аб былым адзінстве гэтай тэрыторыі (шасці паўночна-заходніх губерняў) у часы ВКЛ і імкнення захаваць і ўмацаваць тое адзінства і далей. Аднак несумненна каталізатарам публічнага з'яўлення краёвасці сталі наспяванне і пачатак рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, якая ўсталявала ў Расійскай імперыі дзяржаўным ладам канстытуцыйную манархію (шляхам стварэння заканадаўчай Дзяржаўнай Думы і змянення функцый Дзяржаўнага Савета), а ў прыватнасці такая падзея як выданне Маніфеста 17 кастрычніка 1905 года аб перабудове дзяржаўнага ладу Расійскай імперыі. Менавіта Маніфест, які надаваў жыхарам імперыі шмат грамадзянскіх свабод — недатыкальнасць асобы, свабоду сумлення, слова, сходаў, стварэння арганізацый, права голасу і г.д., дазволіў самай палітычна актыўнай праслойцы мясцовага сярэднезаможнага і заможнага дваранства Паўночна-Заходняга края афіцыйна аформіць праз дыскусію ў друку сваю ідэалогію («краёвасць»), што дагэтуль выпрацоўвалася і прысутнічала толькі ў прыватнай палеміцы.
Сутнасць ідэй [правіць]
Сутнасць ідэалогіі «краёвасці» заключалася ў тым, што ўсе, хто адчувае сябе «грамадзянамі Краю», належаць да адзінай супольнасці незалежна ад этнічнага паходжання, канфесійнай прыналежнасці і ўжыванай мовы (польскай, літоўскай, беларускай ці рускай). Патрыятызм і любоў да свайго краю лічыліся ідэолагамі краёвасці (Баляславам Ялавецкім, Міхалам Ромерам, Марыянам Здзяхоўскім, Раманам Скірмунтам, Канстанцыяй Скірмунт, Чэславам Янкоўскім, Эдвардам Вайніловічам, Людвікам Абрамовічам і інш.) вызначальнымі рысамі прыналежнасці да адной «краёвай» супольнасці, усе «грамадзяне» якой павінны былі працаваць на карысць «Краю»[1]. «Краёўцы» імкнуліся дабіцца пэўнай аўтаноміі кіравання сваім краем у Расійскай імперыі, што, на іх думку, было патрэбна для лепшага развіцця свайго краю. Ва ўмовах абвастрэння ў шасці паўночна-заходніх губернях (асабліва ў Віленскай) канфліктаў на этнапалітычнай і моўнай глебе «краёўцы», жадаючы вырашыць праблему, аб'яўлялі талерантнасць і роўнасць усіх моў і веравызнанняў краю, заклікалі не звяртаць увагі на этнічныя адрозненні. Баляслаў Ялавецкі і Міхал Ромер сцвярджалі, што этнасы ў краі даўно перамяшаліся на працягу стагоддзяў і выпрацавалі «адзіныя звычаі і адзіную нацыянальную этыку», хоць іх тэзіс не атрымаў распаўсюджання[2].
Невыпадкова, што ідэалогія «краёвасці» прапагандавалася прадстаўнікамі мясцовага каталіцкага дваранства, якое расійскія ўлады лічылі за «палякаў» і якое часцей за ўсё карысталася польскай мовай і не адмовілася яшчэ поўнасцю ад самавызначэння «літвін» («літовец») і «Літва». Пад «краем» ідэолагі разумелі шэсць губерняў Паўночна-Заходняга краю, знешнія межы якога амаль супадалі са знешнімі межамі ВКЛ да першага падзела Рэчы Паспалітай у 1772, а мясцовае (каталіцкае і польскамоўнае) дваранства было прамым пераемнікам літвінскай шляхецкай эліты ВКЛ, якая адрознівала сябе ад палякаў («караняжаў») Каралеўства Польскага. Падспудна «краёўцы» хацелі, каб іх «край» называўся «Літвой», а яго супольнасць «літвінамі» («літоўцамі»), але не заўсёды аб’яўлялі гэта, бо слова «літвін» («літовец») у навуковай літаратуры і прэсе усё болей адносілася да балтамоўнага насельніцтва Ковенскай губерні і часткі Віленскай[3]. Акрамя таго, ідэалогія «краёвасці» была ідэалагічным адказам на праграму дзеячам літоўскага (балтамоўнага) руху з іх ідэяй аўтаноміі балтамоўнай Літвы «з прылеглымі тэрыторыямі», якая была зацверджана на Вялікім віленскім сойме ў 1905[4]. Ідэолагі краёвасці ў публікацыях карысталіся польскай мовай, у якой словы «літовец» і «літвін» не размяжоўваюцца, а вызначаюцца адным словам «litwin». Таму ідэолагі і выкарыстоўвалі эўфемізмы «край», «краёвасць» і «краёвы» альбо новаўтвораны тэрмін «літоўскія палякі»[5][6].
Жаданне аўтаноміі кіравання свайго «краю» зыходзіла ад немажлівасці ў той час дабіцца карэнным дваранствам, якое праз усё XIX ст. перадавала ад пакалення да пакалення і пранесла ідэю адраджэння былой федэратыўнай польска-літвінскай Рэчы Паспалітай, большага — поўнай незалежнасці ад расійскага панавання і ўніі з Польшчай. Рэдка ў якіх публіцыстаў краёвасці назіралася жаданне не мець сувязі з Польшчай (Канстанцыя Скірмунт і інш.). Пасля задушэння паўстання 1863—1864 гадоў і ўвядзення абмежавальных законаў супраць «дваран польскага паходжання» у Паўночна-Заходнім краі ідэі адраджэння дзяржаўнасці пераходзілі ў катэгорыю мар. З другога боку, патрабаванні аўтаноміі кіравання неслі за сабой разуменне, што ў гэтым выпадку ў адміністрацыі края будуць дамінаваць як раз уплывовыя асобы мясцовага паходжання — прадстаўнікі карэннага (каталіцкага і польскамоўнага) сярэднезаможнага і заможнага дваранства.
Прыкметна, што свая ідэалогія «краёвасці» у пачатку XX ст. не ўзнікла сярод палякаў, якія жылі ў трох украінскіх губерняў Расійскай імперыі (Кіеўскай, Падольскай і Валынскай — Паўднёва-Заходнім краі), тэрыторыя якіх да 1772 уваходзіла ў склад Каралеўства Польскага.
Першапачаткова прызналі ідэі «краёвасці» і далучыліся да «краёўцаў» і дзеячы беларускага сацыялістычнага руху (Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Вацлаў Іваноўскі і Аляксандр Уласаў). Яны ж больш за іншых захоўвалі прыхільнасць да «краёвасці». «Краёвая» ідэя ў 1912—1915 стала складовай часткай ідэалогіі беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння[7].
Плыні краёвасці [правіць]
Сярод краёўцаў вылучылася два накірункі (кансерватыўна-ліберальны і дэмакратычна-ліберальны), але краёвая канцэпцыя была супольнай ідэяй як для кансерватыўнай, так і дэмакратычнай плыні краёўцаў. Розніца паміж кансерватыўным і дэмакратычным накірункамі была не ў канечнай мэце (росквіт свайго края, раўнапраўе народаў, грамадская талерантнасць і супрацоўніцтва), а ў мадэлі пераўтварэнняў на выклікі паўсталых для края праблем і ў метадах дасягнення гэтай мэты.
Пераважалі прадстаўнікі кансерватыўнага накірунку (Эдвард Вайніловіч, граф Іпаліт Корвін-Мілеўскі, біскуп Эдвард Роп, Раман Скірмунт, Канстанцыя Скірмунт, Тадэвуш Дамбоўскі і інш.). Яны патрабавалі ў расійскай улады для свайго краю аўтаномнага палітычнага і юрыдычнага статусу на аснове лаялізму да расійскай манархіі і легальных сродкаў палітычнай барацьбы, адмаўляючы нават думку аб якім-небудзь узброеным супраціўленні і выхаду з-пад улады імперыі. Большасць прыхільнікаў гэтай плыні была прадстаўлена карэнным маёнткавым сярэднезаможным і заможным дваранствам края, якія былі згрупаваны ў губернскія аграрныя таварыствы (Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі, Віленскае таварыства сельскай гаспадаркі, Ковенскае таварыства сельскай гаспадаркі, Віцебскае таварыства сельскай гаспадаркі, Магілёўскае таварыства сельскай гаспадаркі і Гродзенскае таварыства сельскай гаспадаркі). Самым актыўным у выпрацоўкі кансерватыўнага накірунку краёвасці было дваранства Мінскага таварыства, другім па актыўнасці — Віленскага. Натуральна, што ў вырашэнні аграрнага пытання ў Паўночна-Заходнім краі і імперыі яны выступалі за захаванне за маянткоўцамі іх зямель і надзялення сялян зямлёй з дзяржаўнага фонду. З краёўцаў-кансерватараў складаліся аб'яднанні дэпутатаў ад Паўночна-Заходняга края ў I—IV Дзяржаўных Думах і ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі.
Краёўцы-дэмакраты (Міхал Ромер, браты Людвік Абрамовіч і Вітальд Абрамовіч, Тадэвуш Урублеўскі, Аляксандр Лядніцкі, Браніслаў Крыжаноўскі, Аляксандр Заштаўт, Зыгмунт Нагродскі і інш.) аб'яўлялі аб сваім глыбокім супраціўленні ўсялякім праявам згодніцтва і лаяльнасці да расійскіх улад па пытанні аўтаноміі края, выступалі за адчужэнне зямлі маянткоўцаў на карысць сялян.
Галоўнай газетай краёўцаў кансерватыўна-ліберальнага накірунку стаў штодзённы «Kurier Litewski» (1905—1915), першы нумар якога выйшаў 1 (14) верасня 1905, а першым уласнікам і рэдактарам (да снежня 1905) стаў вядомы публіцыст Іпаліт Корвін-Мілеўскі, уласнік маёнтка Лаздуны ў Ашмянскім павеце, член Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі, які гарантаваў, што газета не стане інструментам польска-рускай варожасці і не стане падтрымліваць ніякія сацыяльныя эксперыменты. Галоўнай газетай краёўцаў дэмакратычна-ліберальнага накірунку стала «Gazeta Wileńska» (28.02.1906—07.08.1906), фактычным рэдактарам якой стаў Міхал Ромер[8].
Краёвая партыя Літвы і Беларусі [правіць]
У 1907 краёўцы стварылі Краёвую партыю Літвы і Беларусі (якую Раман Скірмунт у 1905 першапачаткова хацеў назваць «Краёвая партыя Літвы і Русі»). У 1908 партыя знікла з палітычнай арэны.
Няўдача рэалізацыі ідэй «краёвасці», у канечным выніку, была звязна з жаданнем этнасаў палітычна размежавацца, розніцай у гістарычных і псеўдагістарычных уяўленнях, арганізацыйнымі пралікамі лідараў «краёўцаў», катэгарычнай нязгодай дзеячоў літоўскага (балтамоўнага) руху, якія мелі ўласную думку пра аўтаномію «Літвы». У адпаведнасці з рашэннямі, прынятымі на іх з'ездзе яшчэ ў 1905, літоўскія дзеячы 1905—1920 выступалі за аўтаномію Літвы (з балтамоўным насельніцтвам Ковенскай губерні і Віленскай) са сталіцай у Вільні і з «прылеглымі тэрыторыямі», якімі з'яўляліся каталіцкія землі Гродзенскай і Мінскай губерняў[9].
Партыя зноў актывізавалася падчас Першай сусветнай вайны. Аднак адкрыццё мажлівасці напрыканцы вайны стварыць супольную дзяржаву з Польшчай на федэралісцкіх падмурках (пасля перамогі федэралісцкіх ідэй Юзафа Пілсудскага над унітарысцкімі ідэямі Рамана Дмоўскага ў працэсе стварэння Другой Рэчы Паспалітай), пагроза з боку вайсковай сілы бальшавікоў перацягнулі на бок Пілсудскага патэнцыйных прыхільнікаў «краёвасці» з ліку маладога пакалення карэнных дваран былых літоўска-беларускіх губерняў. Па меры стварэння пасля канца вайны некалькіх дзяржаў (Польшчы, Літвы і савецкай Беларусі ў складзе СССР) на тэрыторыі былых паўночна-заходніх губерняў Расійскай імперыі «краёвасць» цалкам перастала быць накірункам грамадска-палітычнага жыцця.
Асноўныя публікацыі ідэолагаў «краёвасці» [правіць]
- Канстанцыя Скірмунт «Dzieje Litwy. Opowiedziane w zarysie», Кракаў, 1886 г. («Гісторыя Літвы. Аповесць у абрысе»)
- Канстанцыя Скірмунт «Zarys dziejów litewskich», Варшава, 1901 г. («Абрыс літоўскай гісторыі»)
- Канстанцыя Скірмунт «O prawdę i zgodę z powodu Głosu litwinów do magnatów, obywateli i szlachty na Litwie i odpowiedzi młodego szlachcica litewskiego», Львоў, выд. 2-е, 1906 г. («Аб праўдзе і згодзе з поваду Голаса літвінаў да магнатаў, землеўладальнікі і шляхта на Літве і адказы маладога літоўскага шляхціца»)
- Раман Скірмунт «Nowe hasła w sprawie odrodzenia narodowości litewskiej», Львоў, 1904 г. («Новыя лозунгі ў справе адраджэння літоўскага народа»)
- Раман Скірмунт «Głos przeszłosci i potrzeba chwili. Stanowisko szlachty na Litwie i Rusi», Львоў, 1905 г. («Голас мінуўшчыны і патрэба моманту. Становішча шляхты на Літве і Русі»)
- Баляслаў Ялавецкі «Litwa i jej potrzeby. Narodowy katechizm Litwy», Вільня, 1905 г. («Літва і яе патрэбы. Нацыянальны катэхізіс Літвы»)
- Баляслаў Ялавецкі «Do zacnych współziemian moich z Litwy i Rusi», Вільня, 1906 г. («Да слаўных суайчыннікаў маіх з Літвы і Русі»)
- Міхал Ромер «Stosunki etnograficzno-kulturalne na Litwie», Кракаў, 1906 г. («Стасункі этнаграфічна-культурныя ў Літве»)
- Міхал Ромер «Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskiego», Львоў, 1908 г. («Літва. Даследаванне адраджэння літоўскага народа»)
- Іпаліт Корвін-Мілеўскі «Uwagi o konflikcie językow polskiego i litewskiego w diecezji Wileńskiej», Вільня, 1913 г. («Заўвагі аб канфлікце польскай і літоўскай моў у Віленскай дыяцэзіі»)
Зноскі
- ↑ Польскае слова «kraj» можа перакладацца на беларускую мову і як «край», і як «краіна».
- ↑ Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю... С. 20, 32, 133.
- ↑ Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю... С. 20—21.
- ↑ Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю... С. 130.
- ↑ У канцы XIX — пачатку XX ст. у агульнаграмадскай публіцыстыцы небалтамоўнага дваранства паўночна-заходніх губерняў, не толькі ў рамках «краёвай» дыскусіі, каб адасобіць сябе ад балтамоўных «літоўцаў» і іх народных традыцый і культуры, нават пачалі выкарыстоўвацца тэрміны «старалітоўцы» (starolitwini), «гістарычныя літоўцы» (litwini historyczni), «міцкевічоўцы» (у знак салідарнасці з тым значэннем «літоўцаў» (litwini), які выкарыстоўваў Адам Міцкевіч у сваім творы «Pan Tadeusz»). Гл.: Buchowski, K. Litwomani ... С. 26.
- ↑ Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 49—50.
- ↑ Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю... С. 363—364.
- ↑ Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю... С. 139, 142.
- ↑ Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю... С. 336.
Літаратура [правіць]
- Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
- Смалянчук, А. Беларускае пытанне і польскі рух / А. Смалянчук // Полымя. — 1994. — № 6.
- Buchowski, K. Litwomani i polonizatorzy : mity, wzajemne postrzeganie i stereotypy w stosunkach polsko-litewskich w pierwszej połowie XX wieku / K. Buchowski. — Białystok : Biblioteka Uniwersytecka im. Jerzego Giedroycia w Białymstoku, 2006. — 430 s.
- Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
- ЭГБ, Т. 4. — С. 246.