Рака Прыпяць

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Прыпяць
Рака Прыпяць каля Мазыра
Рака Прыпяць каля Мазыра
Выток в. Гладзін (Украіна)
Вусце Дняпро
Даўжыня 775 км
Расход вады 450 м³/с
Краіна Беларусь, Украіна
Месцазнаходжанне
Месцазнаходжанне
Commons
У ВікіСховішчы ёсць выявы з тэмай:
Прыпяць

Прыпяць — рака ў Валынскай, Ровенскай і Кіеўскай абласцях на Украіне, Брэсцкай і Гомельскай абласцях на Беларусі, правы прыток Дняпра. Даўжыня 761 км, у межах Беларусі 500 км. Вадазбор 121 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 450 м³/с. Агульнае падзенне ракі 69,5 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,1 .

Асноўныя прытокі[правіць | правіць зыходнік]

Справа: Тур’я, Стаход, Весялуха, Стыр, Гарынь, Сцвіга, Убарць, Славечна, Жалонь. Злева: Піна, Ясельда, Скрыпіца, Бобрык 1, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2, Пціч, Трэмля, Іпа.

На рацэ[правіць | правіць зыходнік]

Гарады: Пінск (порт), Мазыр (порт), Тураў (прыстань), Петрыкаў (порт), Нароўля (порт), Чарнобыль (порт). Водзяцца: шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась залаты, верхаводка, гусцяра; каштоўныя — судак, галавень, падуст, сом.

Агульнае[правіць | правіць зыходнік]

Пачынаецца за 1 км на паўднёвы ўсход ад в. Гладзін Любомльскага раёна Валынскай вобласці на вышыні 168 м над узроўнем мора, цячэ ўздоўж Прыпяцкай нізіны на працягу 204 км па Украіне, 500 км — па Беларусі і астатнія 57 км — зноў па Украіне. Упадае з паўночнага ўсходу ў Кіеўскае вадасховішча. Рака суднаходная на ўсёй тэрыторыі Беларусі, навігацыя на працягу 240—270 сутак. Злучана Дняпроўска-Бугскім каналам з р. Мухавец (басейн Заходняга Буга), Агінскім каналам (не дзейнічае) — з Нёманам, Мікашэвіцкім каналам — з рачным портам Мікашэвічы. Вада ў рацэ гідракарбанатна-кальцыевага класа, умерана жорсткая, сярэдняй мінералізацыі.

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) басейн ніжняга цячэння Прыпяці быў забруджаны радыенуклідамі. З месцаў, дзе пражыванне стала небяспечным для здароўя, насельніцтва эвакуіравана і створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік. У сярэднім цячэнні Прыпяці, на тэрыторыі Жыткавіцкага, Петрыкаўскага і Лельчыцкага раёнаў, паблізу ракі знаходзіцца нацыянальны парк «Прыпяцкі».

Характарыстыкі гідралагічнага рэжыму ракі — расцягнутае веснавое разводдзе, кароткачасовая (100—120 сутак) летняя межань, якая парушаецца дажджавымі паводкамі і амаль штогоднімі асеннімі пад′ёмамі ўзроўню вады. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 60 %, летне-асеннюю межань — 24 %, зімовую — 16 % гадавога сцёку. Максімальныя ўзроўні вады — у 1-й палове красавіка. Вышыня пад′ёму ў верхнім цячэнні да 2 м, у сярэднім і ніжнім да 5 м, у межах вузкай поймы (каля Мазыра) да 7 м над самай нізкай межанню. Самыя нізкія ўзроўні звычайна ў верасні — кастрычніку. Замярзае амаль адначасова на ўсім працягу звычайна ў першай палове снежня, ачышчаецца ад лёду ў канцы сакавіка. Веснавы ледаход 4—8 сутак. Сярэднегадавы расход вады: каля вёскі Кораб’е (Столінскі раён, 310 км ад вытоку) — 119 м³/с, каля Турава — 264, Мазыра — 383; найбольшы — адпаведна 1760 (1932), 3990 (1979), 5670 (1895); найменшы — адпаведна 9,66 (1953), 38,6 (1954), 22 (1921).

Prypiac.jpg

Даліна слабавыразная, шырынёй 70—75 км; каля Мазырскай грады трапецападобнай формы, звужаецца да 5 км. Вылучаюцца пойма і 2 надпоймавыя тэрасы. Пойма развітая на ўсім працягу ракі; шырыня яе да воз. Любяж (Любязь, Валынская вобл.) 2—6 км, у Беларусі ў вусці Піны і Гарыні 16—18 км, ніжэй паміж в. Кажан-Гарадок Лунінецкага р-на і вусцем Сцвігі 8—9 км, уздоўж Мазырскай грады да в. Барбароў Мазырскага р-на звужаецца да 1 км і далей пашыраецца да 9 км. Першая надпоймавая тэраса развіта на ўсім працягу, адсутнічае толькі каля Петрыкава і Мазыра. Шырыня яе 1—8 км, у месцах упадзення буйных прытокаў да 18 км. Шырыня 2-й тэрасы ад 200—500 м да 28 км.

Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, свабодна меандруе, шмат нізкіх пясчаных астравоў, старарэччаў, заліваў. На тэрыторыі Украіны ніжэй вусця р. Турыя збудаваны гідравузел, праз які частка сцёку Прыпяці адводзіцца ў Белаазёрскі канал для жыўлення Дняпроўска-Бугскага канала. Ніжэй гідравузла на невялікім працягу рэчышча месцамі перасыхае і ператвараецца ў азёрападобныя плёсы. Пераважная шырыня ракі ад вытоку да вусця р. Стаход 4—15 м, ніжэй па цячэнні 50—70 м, у нізоўі 100—250 м, пры ўпадзенні ў Кіеўскае вадасховішча 4—5 км. Да р. Бобрык 1 рэчышча Прыпяці нярэдка абвалаванае, у сярэднім цячэнні — прыродныя берагавыя валы (вышыня да 1,5 м).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. –Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
  • Блакiтная кнiга Беларусi: Энцыкл. / БелЭн; Рэдкал.: Н. А. Дзiсько i iнш. — Мн.: БелЭн, 1994.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.