Шхуна

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Трохмачтавая гафельная шхуна «Linden», Марыехамн, Аландскія астравы.

Шху́на (нідэрл.: Schoener) — тып паруснага судна, які мае не менш за дзве мачты і касыя парусы на ўсіх мачтах. Паводле тыпу паруснага рыштунку шхуны падзяляюцца на гафельныя, бермудскія, стаксельныя, марсельныя і брамсельныя. Брамсельная шхуна адрозніваецца ад марсельнай наяўнасцю брам-стэньгі і яшчэ адным дадатковым прамым парусам — брамселем. Пры гэтым у шэрагу выпадкаў марсельную і брамсельную двухмачтавыя шхуны (асабліва з брыфакам) можна зблытаць з брыганцінай. Незалежна ад тыпу касых парусоў (гафельных ці бермудскіх) шхуна можа быць і марсельнай (брамсельнай). Шхуны мелі невялікую асадку, што дазваляла хадзіць нават на мелкаводдзі.

Двухмачтавая марсельная гафельная шхуна французскага флоту «Этуаль» (Étoile)

Галоўнае адрозненне двухмачтавай шхуны ад іншых тыпаў паруснага ўзбраення — размяшчэнне грот-мачты — самай высокай мачты судна. У выпадку паруснага ўзбраення гэтага тыпу, грот-мачта размяшчаецца бліжэй да кармы, для таго, каб, асабліва ў выпадку з гафельным узбраеннем, карнагі-штаг, які злучае фок і грот-мачту, ішоў трохі ўверх і не перашкаджаў гафелю фок-мачты.

Шхуна вельмі добра ходзіць пры бакавым ветры і пад вострым вуглом да ветру, у яе нашмат менш снасцяў у бягучым такелажы, чым у судна з прамым парусным узбраеннем, прасцейшая канструкцыя абсталявання, што дазваляла істотна паменшыць каманду. Усе працы з парусамі выконваюцца з палубы, у той час, як на судне з прамымі парусамі для іх уздыму і спуску вялікай колькасці людзей неабходна ўзбірацца на мачты. Аднак пры спадарожным ветры шхуна істотна саступае суднам з прамымі парусамі і становіцца рысклівай. Тым не менш, у апошняе стагоддзе масавага выкарыстання паруснікаў такія перавагі шхуны, як зніжэнне колькасці і ўмення экіпажа, апынуліся больш адчувальнымі з-за імкнення суднаўладальнікаў зменшыць кошт перавозкі грузаў ва ўмовах канкурэнцыі з параходамі, таму канец XIX і пачатак XX стагоддзяў сталі перыядам росквіту шхуны, менавіта тады былі пабудаваны гіганцкія судны з гэтым тыпам паруснага ўзбраення, накшталт «Томас У. Лоўсан» (1902).

Першыя судны са шхунным такелажам з'явіліся яшчэ ў XVII стагоддзі ў Галандыі і Англіі, але шырокае ўжыванне шхуны атрымалі ў Амерыцы. Яны мелі дзве мачты з гафельнымі парусамі і выкарыстоўваліся для кабатажных перавозак. У XVII — XVIII стагоддзях былі асноўнымі караблямі піратаў у Карыбскім моры. У перыяд росквіту толькі на Вялікіх азёрах паміж ЗША і Канадай курсавала да дзвюх тысяч шхун.

У канцы XIX стагоддзя канкурэнцыя параходаў прывяла да неабходнасці скарачэння каманд суднаў. Дзякуючы прастаце паруснага ўзбраення і лёгкасці кіравання менавіта шхуны змаглі выдужаць у гэтай барацьбе. Галоўным чынам будаваліся дзвюх- і трохмачтавыя шхуны, радзей чатырох-, пяці- і шасцімачтавыя. А ў 1902 годзе ў горадзе Куінсі, Масачусетс (ЗША) на ваду спусцілі адзіную ў свеце сямімачтавую шхуну «Томас У. Лоўсан». «Томас У. Лоўсан» прызначаўся для перавозкі вугалю. Кожная з сямі стальных мачтаў вышынёй па 35 м важыла 20 т. Іх працягам служылі драўляныя 17-мятровыя стэньгі. Працу маракоў палягчалі розныя механізмы, дзякуючы чаму велізарным паруснікам кіравалі ўсяго 16 чалавек. Шхуна, якая не мела рухавіка, была абсталявана паравой рулявой машынай, паравымі лябёдкамі, электрычнай сістэмай і нават тэлефоннай сеткай.

Пасля Першай сусветнай вайны, калі бракавала гандлёвых суднаў, амерыканцы, валодаючы цудоўнымі лясамі, пабудавалі шмат драўляных шхун самых розных памераў, якія мелі ад трох да пяці мачтаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons


Шаблон:Тыпы парусных суднаў