Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі
герб «Друцк» зменены
герб «Друцк» зменены
Старшыня Палескага таварыства сельскай гаспадаркі
1901 — 1905
Папярэднік няма (пасада заснавана)
Пераемнік Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868—1939)
дэпутат Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі ад Мінскай губерні
1906 — 1906
Старшыня Польскага таварыства «Асвета» у Мінску
1907 — 1908
Папярэднік Казімір Міхалкевіч (1865—1940)
Пераемнік (выконваў абавязкі) Мечыслаў Пароўскі (1878—1965)
Дэпутат Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні
1909 — 1910
Папярэднік Эдвард Адамавіч Вайніловіч (1847—1928)
Пераемнік Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868—1939)
Старшыня Палескага таварыства сельскай гаспадаркі
1911 — 1914
Папярэднік Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868—1939)
Пераемнік князь Фелікс Эдвінавіч Друцкі-Любецкі (1860—1920)

Нараджэнне 5 кастрычніка 1861(1861-10-05)
Смерць 31 снежня 1919(1919-12-31) (58 гадоў)
Месца пахавання
Род Друцкія-Любецкія
Бацька князь Эдвін Геранімавіч Друцкі-Любецкі (1828—1901), пінскі павятовы маршалак (1859—1872)
Маці князёўна Ядвіга Канстанцінаўна Радзівіл (1839—1863). Шлюб у 1859 годзе.
Жонка Марыя (Марыя-Ганна-Яна-Непамуцэна-Юзэфа-Елізавета-Філамена) Гётцандорф-Грабоўская (1861—1946). Шлюб у 1889 годзе.
Дзеці 1) Марыя-Ядвіга-Юзэфа-Францыска-Хрысціна-Кацярына-Елізавета-Клемянціна; 2) Канстанцін-Марыян-Юзаф; 3) Юзаф-Марыян-Ян-Непамуцан; 4) Хрысціна-Марыя-Ядвіга-Юзэфа
Веравызнанне каталік
Адукацыя
Дзейнасць палітык
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі (5 кастрычніка 1861, горад Пінск, Мінская губерня, Расійская імперыя — 31 снежня 1919, горад Варшава, Польшча) — гаспадарчы і палітычны дзеяч Расійскай імперыі і Беларусі, пісьменнік.

Паходжанне і сям’я

Належаў да княскага рода Друцкіх-Любецкіх.

Адукацыя

Скончыў нямецкамоўную гімназію ў Рызе, а ў 1885 г. юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта[1]. З 27 сакавіка 1886 па 27 жніўня 1887 г. служыў у гвардыі грэнадзёрскай брыгадзе[1].

Маёнткі

Адносіўся да латыфундыстаў. Геранім атрымаў разам з братам Феліксам у спадчыну ад бацькі Эдвіна значныя маёнткі ў Мінскай губерні (Расійская Імперыя): у Пінскім павеце — маёнтак Лунін (11 906 дзесяцін), маёнтак Велута (8 127 дзесяцін), маёнтак Багданаўка (7 398 дзесяцін); у Мінскім павеце — маёнткі Стары Ракаў і Наваполле (цалкам 4 893 дзесяціны)[2]. Гэта разам складала 32 324 дзесяціны. Пры падзеле атрымаў палову бацькавай зямлі — каля 16 000 дзесяцін (Лунін, Старый Ракаў, Наваполле).

У 1890 г. свой маёнтак Лунін (звыш 15 000 дзесяцін зямлі ў Пінскім павеце) прадаў рускаму землеўласніку[3]. Купіў дадаткова зямлю каля Старога Ракава ў памеры каля 1000 дзесяцін[3].

У 1911 г. ужо толькі валодаў маёнткамі Шапавалы (1 925 дзесяцін), Стары Ракаў і Новае Поле (разам 1 761 дзесяціна) пад Мінскам у Мінскім павеце Мінскай губерні, што агульна складала 3 686 дзесяцін[4].

Гаспадарчая, палітычная і культурная дзейнасць

Старшыня праўлення Мінскага камерцыйнага банка. У 18961919 гг. уплывовы член Рады Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ)[1]. З 30 снежня 1896 г. пры дырэктару Мечыславе Пароўскім быў (разам з Атонам Багдашэўскім) віцэ-дырэктарам аднаго з галоўных аддзелаў МТСГ — гандлёвага аддзела (г.зв. «сельскагаспадарчага сіндыката»)[1].

У 19011905 і 19111914 гг. быў старшынёй Аддзела па справам сельскай гаспадаркі і патрэб Мінскага Палесся (Палескага таварыства сельскай гаспадаркі), што быў структурным аддзяленнем Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі.

Адзін год быў членам земскай управы, але пакінуў службу, няздолеўшы працаваць з земскімі чыноўнікамі па прызначэнні.

Краёвец. У 1906 г. быў абраны дэпутатам (ад Пінска) у I Дзяржаўную думы Расійскай імперыі), дзе быў у групе аўтанамістаў — член «Краёвага кола Літвы і Русі» (ці «Дэпутацкага кола Літвы і Русі»), а таксама дэпутат Саюза аўтанамістаў. Газета «Kurier Litewski» давала вельмі станоўчую характарыстыку князю Гераніму Друцкаму-Любецкаму, выбранаму дэпутатам (1906) у I Дзяржаўную Думу Расійскай імперыі: «Адзін з найсімпатычнейшых і найпапулярнейшых грамадзян Міншчыны <…> у яго асобе мінская зямля атрымлівае здольнага дэпутата, адданага справе дабра для ўсіх і неаспрэчна сумленнага. Гарачы патрыёт, вельмі прывязаны да сялян, з якімі працуе, робіць ён, без сумнення, вельмі важную паслугу нашым памкненням, як народным, так і грамадскім»[5].

У першай сваёй прамове ў I Дзяржаўнай Думе князь Геранім Друцкі-Любецкі сказаў: «Я выхаваўся сярод простага народа. Наш просты беларускі народ таксама мае свае ідэалы. Яго ідэал гэта зямля Божая, але і просты народ ёсць Божым, па гэтай прычыне наш просты беларускі народ шчыра лічыць, што Божая зямля павінна належаць да Божага простага народа», — і тлумачыў, што прынцып прыватнай уласнасці ёсць адным з ідэалаў беларускага сялянства[6]. На гэтае выступленне ў Думе ў абарону права прыватнай уласнасці звярнулі ўвагу многія відныя расійскія палітыкі і ідэолагі, у тым ліку Уладзімір Ленін, які выказаўся ў бальшавісцкім друку, згадваючы менавіта прамову Любецкага, што маянткоўцы ў мэтах супрацьстаяння ідэі нацыяналізацыі зямлі нават выступаюць у ролі абаронцаў сялянскай зямельнай уласнасці[7].

Беларускі гісторык Алесь Смалянчук указвае, што член «Краёвага кола Літвы і Русі» граф Юзаф Патоцкі прызнаваў існаванне супярэчнасцяў і з раздражненнем заўважыў пра дэпутатаў «Краёвага кола Літвы і Русі»: «Я заўсёды выказваюся як паляк, а некаторыя іншым разам выступаюць як беларусы». Алесь Смалянчук таксама дадае, што ў польскамоўнай газеце «Дзеннік Кіёўскі» у 1906 г. быў апублікаваны ананімны ліст «грамадзяніна Забранага краю П.В.», дзе аўтар быў абураны паводзінамі польскіх дэпутатаў ад Мінскай губерні, якія нібыта публічна прызналі, што з’яўляюцца «тутэйшымі», а таксама «беларусамі польскай культуры», а ў якасці гэтых «здраднікаў» фігуравалі дэпутаты «Краёвага кола Літвы і Русі» ад Мінскай губерні — князь Геранім Друцкі-Любецкі, Віктар Янчэўскі, Раман Скірмунт і Пётр Масоніус[8]. У ананімным лісце сцвярджалася існаванне ў «Краёвым коле Літвы і Русі» двух дэпутатцкіх груповак, якія змагаюцца паміж сабой – пры гэтым дэпутаты-«беларусы» нібыта абзываюць дэпутатаў апанентаў «ляхамі» і г.д. Беларускі гісторык Алесь Смалянчук заўважае, што «ляхамі» аказаліся якраз дэпутаты «Краёвага кола Літвы і Русі» з украінскіх губерняў («паўднёва-заходніх губерняў»), у т.л. дэпутат граф Юзаф Патоцкі[8].

У 19071908 гг. быў старшынёй Польскага таварыства «Асвета» ў Мінску. У 19091910 гг. быў дэпутатам Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні.

У час Першай сусветнай вайны быў з 1914 г. ченам Польскага таварыства дапамогі ахвярам вайны. У снежні 1915 г. быў старшынёй арганізацыйнага камітэта «Польскія дні» ў Мінску.

У красавіку 1917 г. стаў членам Мінскага павятовага польскага камітэта. 1 мая 1917 г. стаў членам рады Польскай школьнай маціцы Мінскай зямлі.

13-15 мая 1917 г. у Мінску на пасяджэнні Беларускага нацыянальнага камітэта Раман Скірмунт прыцягнуў на падставе права кааптацыі да ўдзелу ў пасяджэнні буйных маянткоўцаў (Эдварда Вайніловіча, князя Станіслава Радзівіла, князя Гераніма Друцкага-Любецкага і інш.) і блакіраваў прапановы прадстаўнікоў БСГ аб радыкальных аграрных пераўтварэннях у Беларусі, а таксама пацвердзіў сваё імкненне да аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, злучэння ўсіх беларускіх зямель, падзеленых фронтам Першай сусветнай вайны, пад адной уладай і адмежаваўся ад польскай арыентацыі[9]. Як засведчыў у сваіх успамінах ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, стваралася ўражанне, што «буйныя землеўласнікі на Беларусі пачынаюць пазнаваць самі сябе і варочацца да таго народу, з каторага яны выйшлі», а ідэя палітычнай суб’ектнасці Беларусі ў форме аўтаноміі ў складзе Расіі атрымлівае ў маянткоўцаў шчырую падтрымку[10][11]. Як сведчыць ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, у прыватнасці князь Геранім Друцкі-Любецкі ў сваёй прамове на сесіі адзначыў, што паходзіць з роду беларускіх князёў і заявіў, «што ён не вінаваты, што над яго калыскай пяялі не беларускія, а польскія песні»[12].

У канцы мая 1917 г. стаў членам «Саюза маянткоўцаў Мінскай губерні».

З лістапада 1919 г. узначальваў аддзел ліквідацыі ваенных страт Грамадзянскай управы ўсходніх зямель (Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich) у Варшаве, дзе захварэў іспанскім грыпам і памёр. Пахаваны на Павазкоўскіх могілках у Варшаве.

Літаратурная творчасць

Быў плённым творцам тэатральных п’ес (асабліва патрыятычнага характару), сярод якіх самую вялікую папулярнасць у літоўска-беларускіх губернях атрымала драма «Так паміралі літоўцы», якую Гелена Ромер-Ахенкоўская так ацаніла: «складанай была драма князя Г. Друцкага-Любецкага, пастаўленая некалькі разоў па прычыне свайго зместу (здабыццё крэпасці і смерць на вогнішчы незалежных літоўцаў)[13], але не прадстаўляла мастацкай вартасці»[14].

Аўтар трагедый і драм «Erizzo» (1900), «Bolesław Śmiały» (1901), «Walgierz Wdały» (1901), «Szatan», выдадзеных 2-томнікам у 1901 годзе.

Зноскі

  1. а б в г Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie z kręgu Mińskiego Towarzystwa Rolniczego… С. 87.
  2. Дрозд, Д. М. Землевладельцы Минской губернии, 1861—1900 : справочник… С. 192.
  3. а б Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie z kręgu Mińskiego Towarzystwa Rolniczego… С. 93.
  4. Дрозд, Д. М. Землевладельцы Минской губернии, 1900—1917… С. 169.
  5. Akcja wyborcza mińska. Hier. ks. Drucki-Lubecki // Kuryer Litewski. — 1906. — № 86. — С. 2.
  6. Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie… С. 94.
  7. Бусько, В. Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX в… С. 105.
  8. а б Смалянчук, А. «Краёвец» у Дзяржаўнай Думе Расейскай імперыі («думскі эпізод» палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта. 1906) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў / Аляксандр Смалянчук. — Мінск : Зміцер Колас, 2017. — С. 284.
  9. Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох… С. 13.
  10. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта… С. 24.
  11. Пазней (у 1925 г.) прадстаўнікі партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя ў сваёй газеце «Krynica» будуць беспадстаўна папракаць буйных маянткоўцаў Беларусі, што іх прыхільнасць да палітычнай суб’ектнасці Беларусі і падтрымка беларускай мовы і культуры ў той час былі выкліканы не патрыятычнымі памкненнямі, а выключна жаданнем захаваць за сабой маёнткі («выслужыцца перад беларускім народам, каб ён пакінуў ім маёнткі»). Гл.: Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта… С. 24.
  12. Смалянчук, А. Раман Скірмунт (1868—1939) як лідэр беларускага руху (сакавік-май 1917 г.) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў. — С. 299.
  13. Маецца на ўвазе патрыятычны змест „незалежнасці Літвы“.
  14. Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie… С. 91—92.

Літаратура

  • Бородин, А. П. Друцкой-Любецкий Иероним Эдвинович / А. П. Бородин, Н. Д. Постаков // Государственная дума Российской империи: 1906—1917 : Энциклопедия. / Б. Ю. Иванов, А. А. Комзолова, И. С. Ряховская. — Москва : РОССПЭН, 2008. — С. 174.
  • Бусько, В. Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX в. : Очерки / В. Н. Бусько; науч. ред. М. В. Научитель ; АН БССР, Ин-т экономики. — Минск : Навука і тэхніка, 1990. — 144 с.
  • Дрозд, Д. М. Землевладельцы Минской губернии, 1861—1900 : справочник / Д. М. Дрозд. — Минск : Медисонт, 2010. — 672 с.
  • Дрозд, Д. М. Землевладельцы Минской губернии, 1900—1917 / Дмитрий Дрозд. — Минск : Медисонт, 2013. — 694 с.
  • Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
  • Смалянчук, А. «Краёвец» у Дзяржаўнай Думе Расейскай імперыі («думскі эпізод» палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта. 1906) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў / Аляксандр Смалянчук. — Мінск : Зміцер Колас, 2017. — 460 с.
  • Смалянчук, А. Раман Скірмунт (1868—1939) як лідэр беларускага руху (сакавік-май 1917 г.) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў / Аляксандр Смалянчук. — Мінск : Зміцер Колас, 2017. — С. 289—303.
  • Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
  • Списки лиц, владеющих в Минской губернии имуществом и имеющих право участвовать в земских избирательных собраниях для выбора гласных на трехлетие с 1911 г. — Минск: Минская губ. типография, 1911.
  • Список землевладельцев Минской губернии за 1876 год / Изд. Минск. губернск. статист. комитета. — Минск: Тип. губ. правления, 1877. — 187 с.
  • Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie z kręgu Mińskiego Towarzystwa Rolniczego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане : Матэрыялы VI Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 лістап. 2005 г. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: БДПУ, 2005. — С. 80—108.
  • Jurkowski, R. Sukcesy i porażki. Ziemiaństwo polskie Ziem Zabranych w wyborach do Dumy Państwowej i Rady Państwa 1906—1913 / R. Jurkowski. — Olsztyn: WUWM Olsztyn, 2009. — 550 s.
  • Jurkowski, R. Ziemiaństwo polskie Kresów Północno-Wschodnich 1864—1904. Działalność społeczno-gospodarcza / R. Jurkowski. — Warszawa : Przegląd Wschodni, 2001. — 606 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s.