Расненскі сельсавет (Дрыбінскі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Расненскі сельсавет
Краіна  Беларусь
Уваходзіць у Дрыбінскі раён
Уключае 20 населеных пунктаў
Адміністрацыйны цэнтр Расна
Дата ўтварэння 20 жніўня 1924 г.
Кіраўнік Цімафей Уладзіміравіч Марціновіч
Насельніцтва (2018) 1 345
Плошча 120,8 км² (15 %)
Часавы пояс UTC+03:00
Тэлефонны код +375 2248
Код аўтам. нумароў 6

Ра́сненскі сельсавет — адміністратыўна-тэрытарыяльная адзінка ў Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласці з цэнтрам у аграгарадку Расне. Кіраўнік — Цімафей Уладзіміравіч Марціновіч[1].

Гісторыя

Сельсавет быў утвораны 20 жніўня 1924 года разам з Расненскім раёнам пасля таго, як у выніку другога ўзбуйнення БССР усходнія этнічна беларускія землі былі вернуты Беларусі.

8 ліпеня 1931 года, пасля ліквідацыі Расненскага раёна, сельсавет быў перададзены Мсціслаўскаму раёну, 12 лютага 1935 г. — Дрыбінскаму. У 1939 годзе да Расненскага сельсавета былі далучаны населеныя пункты скасаванага Заходскага сельсавета. 16 верасня 1959 года Расненскі сельсавет ізноў быў далучаны да Мсціслаўскага раёна, але ўжо 14 кастрычніка таго ж года быў перададзены Горацкаму. Пасля аднаўлення Дрыбінскага раёна ў 1989 годзе, Расненскі сельсавет вярнуўся ў яго склад[2][3].

Геаграфія

Агульная плошча сельсавета налічвае 12080 гектар ці 15% ад плошчы раёна. Землі ляснога фонду складаюць 3220 га (26,6%), сельскагаспадарчыя ўгоддзі — 6730 га (55,7%), землі, якія знаходзяцца ў валоданні сельсавета — 657,3 га (5,4%)[4].

Станам на 1 студзеня 1947 года, у сельсавеце было 14 населеных пунктаў[5], на 1 студзеня 1986 года — 22[6]. На цяперашні дзень у склад Расненскага сельсавета ўваходзяць 19 вёсак і 1 аграгарадок (Расна).

Насельніцтва

У 1999 годзе на тэрыторыі сельсавета пражывалі 1979 чалавек, у 2009 годзе — 1461 (93,6% беларусаў, 5% рускіх, 0,8% украінцаў)[7]. Па звестках 2018 года, налічвалася 1345 жыхароў, было зарэгістравана 598 домаўладанняў. 57% жыхароў сельсавета складаюць людзі працаздольнага ўзросту, 29% з’яўляюцца пенсіянерамі, 14,3% — дзецьмі. У 2018 годзе было 66 незанятых у эканоміцы чалавек[4].

Галоўным сельскагаспадарчым прадпрыемствам на тэрыторыі Расненскага сельсавета з’яўляецца «Саўгас імя Кірава». Адукацыю забяспечваюць Расненская сярэдняя школа, пры якой маецца гісторыка-этнаграфічны музей і Расненская дапаможная школа-інтэрнат. Маюцца 5 дамоў сацыяльных паслуг.

Зноскі

  1. Рясненский сельский исполнительный комитет Дрибинского района Могилевской области
  2. Рясненский сельский Совет депутатов и исполнительный комитет (руск.) // Фондавы каталёг дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь
  3. Гісторыя Беларускай ССР: у 5 т. — Мн., 1973. — Т. 3. — С. 629.
  4. а б Прошел День Ряснянского сельского Совета
  5. Белорусская ССР. Административно-территориальное деление на 1 января 1947 года.. — Мн.: Гос. изд-во БССР, 1947. — 300 с. — 10 000 экз. С. 158
  6. Белорусская ССР. Административно-территориальное деление на 1 января 1986 года. — 7-е издание. — Мн.: Беларусь, 1986. — 231 с. С. 82
  7. Этнічны склад беларускага насельніцтва ў 2009 годзе

Літаратура