Іван Кандратавіч Бялькевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іван Кандратавіч Бялькевіч
Дата нараджэння 22 лютага (6 сакавіка) 1883
Месца нараджэння
Дата смерці 18 кастрычніка 1960(1960-10-18) (77 гадоў)
Месца смерці
Род дзейнасці навуковец, мовазнавец, лексікограф
Месца працы
Альма-матар
Партыя
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Выкладчыкі і студэнты БДУ (фотаздымак 1924 г.). Янка Бялькевіч стаіць другі злева.

Іван Кандратавіч Бяльке́віч, Янка Бялькевіч (22 лютага (6 сакавіка) 1883, в. Варонічы Слонімскага павета Гродзенскай губерні, цяпер Слонімскі раён Гродзенскай вобласці — 18 кастрычніка 1960, Жданаў, цяпер Марыупаль Данецкай вобласці, Украіна) — беларускі мовазнавец, лексікограф, педагог.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У 1909 годзе скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю; выкладаў у школах Слонімшчыны. З 1915 г. у эвакуацыі ў Саратаўскай губерні (Расія), у 19191920 гг. зноў на Слонімшчыне. Са жніўня 1920 г. працаваў у Наркамаце асветы БССР, у школах Мінска. У пачатку 1920-х гг. быў членам БПС-Р. У 1925 годзе скончыў этнолага-лінгвістычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 19251927 гг. выкладчык і дырэктар Мсціслаўскага педтэхнікума. З 1927 года навуковы супрацоўнік Інбелкульта і Інстытута мовазнаўства АН БССР.

Арыштаваны ДПУ БССР 17 лютага 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Вінаватым сябе не прызнаў. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 г. сасланы на 5 гадоў у Іашкар-Алу. Працаваў на лесапавале. Пасля вызвалення выехаў у Данецкую вобласць, дзе выкладаў у школах рускую мову і літаратуру. У 19481958 гг. працаваў у розных навучальных установах Жданава. Да канца жыцця не атрымаў дазволу вярнуцца на Радзіму. Рэабілітаваны 19 верасня 1960 г.

Сямейнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Быў жанаты з Нінай Улашчык (на фота 1924 года яна стаіць трэцяя справа), якая прыходзілася роднай сястрой Мікалаю Улашчыку. Дзеці: сын Усяслаў i дачка Людмiла.

Ніна Мікалаеўна Улашчык (1 кастрычніка 1901, в. Віцкаўшчына — 1984, Мінск) — педагог. Скончыла БДУ, працавала настаўніцай у мінскай сярэдняй школе № 19. Арыштавана 23 лютага 1938 года ў Мінску па адрасе: вул. Дзяржынскага, д. 6, кв. 3. 29 мая 1938 года прыгаворана Асобай нарадай пры НКУС як «дачка актыўнага ўдзельніка контррэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў ППК. Этапавана ў Дальбуд НКУС СССР, затым у Паўночна-Усходні канцлагер НКУС Хабараўскага края. Вызвалена 23 лютага 1943[1] (па сведчанню М. Улашчыка «ў той час з Калымы не пускалi нiкога, давялося пачакаць яшчэ тры гады»)[2]. Дазвол на вяртанне ў Мінск атрымала ў 1956 годзе. Рэабілітавана судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 17 студзеня 1958 года. Асабовая справа № 11383-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Навуковая праца[правіць | правіць зыходнік]

Вывучаў дыялекталогію і культуру беларускай літаратурнай мовы. Аўтар артыкулаў па беларускаму мовазнаўству і «Краёвага слоўніка Усходняй Магілёўшчыны» (падрыхтаваны ў 1920-х гадах, выдадзены ў 1970 годзе) — самага вялікага абласнога слоўніка беларускай мовы (каля 20 тысяч слоў).

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Бялькевіч І. Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны: [больш за 20000 слоў] — Мінск: Навука і тэхніка, 1970. — 509 с.

Зноскі

  1. УЛАШЧЫК Ніна Мікалаеўна // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
  2. Мікалай Улашчык. Выбранае. — Мн .: Беларускі кнігазбор, 2001. — С. 370. — 608 с. — 320 экз. — ISBN 985-6638-08-9.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]