Перайсці да зместу

Іван Нічыпаравіч Стасевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іван Нічыпаравіч Стасевіч
Дата нараджэння 9 студзеня 1929(1929-01-09)
Месца нараджэння
Дата смерці 11 верасня 1998(1998-09-11) (69 гадоў)
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, педагог
Месца працы
Жанр тэматычная карціна[d], партрэт, пейзаж і нацюрморт
Вучоба
Член у
Узнагароды
ордэн Айчыннай вайны II ступені
Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР Ганаровая грамата ЦК УЛКСМ

Іван Нічыпаравіч Стасе́віч[1] (9 студзеня 1929, в. Мядзведня, Старадарожскі раён, Мінская вобласць11 верасня 1998) — беларускі жывапісец, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1980).

Нарадзіўся ў сям’і калгасніка. Маляваць любіў з дзяцінства. Бацькі і настаўнікі былі ўпэўнены, што з хлопца атрымаецца добры мастак. Аднак пачалася Вялікая Айчынная вайна, і з першых дзён акупацыі разам з сябрамі І. Стасевіч выконваў даручэнні партызан. Летам 1943 года стаў байцом атрада імя С. М. Кірава брыгады імя М. В. Фрунзэ. Чатырнаццацігадовы падлетак разам з разведчыкамі хадзіў на заданні, з’яўляўся сувязным партызанскага атрада. 28 чэрвеня 1944 года байцы 121-й стралковай дывізіі 1-га Беларускага фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі вызвалілі ад акупантаў Старыя Дарогі, і партызанскія атрады сустрэліся з байцамі Чырвонай Арміі. Іван Стасевіч быў залічаны ў спісачны склад воінскага аўтамабільна-дарожнага палка 1-га Беларускага фронту. Ён прайшоў нялёгкі ваенны шлях ад Старых Дарог да Берліна: удзельнічаў у фарсіраванні Віслы, у Берлінскай аперацыі, распісаўся на рэйхстагу. Быў узнагароджаны медалём «Партызану Айчыннай вайны II ступені», Ганаровай граматай ЦК УЛКСМ за падрыхтоўку на фронце нагляднай агітацыі.

Пасля вайны І. Стасевіч скончыў Мінскае мастацкае вучылішча і ў 1952 годзе ў ліку лепшых выпускнікоў быў накіраваны на вучобу ў Маскоўскі мастацкі інстытут імя В. І. Сурыкава. Займаўся на факультэце жывапісу пад кіраўніцтвам вядомых мастакоў Д. Мачальскага і Ф. Фёдарава. Яго першай буйной карцінай стала дыпломная работа «У беларускіх балотах» (1958). Палатно экспанавалася на Усесаюзнай мастацкай выстаўцы «40 гадоў ВЛКСМ» і было адзначана дыпломам. У 1959 годзе І. Стасевіча прынялі ў члены Саюза мастакоў БССР. З 1958 па 1995 год ён выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. У 1980 годзе стаў прафесарам, у гэтым жа годзе атрымаў ганаровае званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР».

Працаваў І. Стасевіч у жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Яго творчасці ўласцівы стрыманасць каларыту, востры сюжэт, манументалізацыя вобразаў, дынамічная кампазіцыя твора. Мастак часта звяртаўся да ваеннай тэмы. 1960-я — першая палавіна 1970-х гг. — перыяд стварэння галоўных палотнаў пра Вялікую Айчынную вайну. Сярод іх — «Брэсцкая крэпасць» (1961), «Няскораныя» (1966), «Клятва» (1967), «Радасная сустрэча» (1968), «Суровае юнацтва» (1971), «Сын палка. В. Д. Дончык» (1974), «Плачуць бярозы» (1975), «Вызваленне Барысаўшчыны» (1980), «За Беларусь. Аперацыя „Баграціён“» (1984), «Прарыў блакады» (1994), «50 год Перамогі» (1995) і інш. Некаторыя з гэтых карцін аўтабіяграфічныя. Яны перадаюць тое, што прыйшлося перажыць мастаку ў суровы час ваенных выпрабаванняў. Дыяпазон творчасці І. Стасевіча вельмі шырокі. Лейтматывам цэлай серыі палотнаў стала тэма мірнай працы, што адлюстравана ў карцінах «На будаўніцтве Іркуцкай ГЭС» (1958), «Ангара, Ангара» (1960), «Шахцёры Салігорска» (1963), «Полацкі нафтазавод» (1975) і інш. Чарнобыльскай трагедыі прысвечана палатно «Дзесяць год з Чарнобылем» (1996). Вялікую цікавасць прадстаўляюць партрэтныя работы І. Стасевіча, галоўнымі героямі якіх былі розныя людзі. Сярод твораў гэтага жанру — партрэты лесаруба Брацкай ГЭС (1959), Героя Сацыялістычнай Працы І. М. Сакольчыка (1972), Маршала Савецкага Саюза Г. К. Жукава (1978), партызанкі А. Каліноўскай (1982), мастака А. Бембеля (1983) і інш.

Новыя грані таленту І. Стасевіча праявіліся ў пейзажных палотнах, нацюрмортах і эцюдах. Ён стварыў цыклы краявідаў Мурманска (1955), Байкала (1956), Наўгародчаны (1971—1975), Ленінграда (1973), Браслаўшчыны (1975, 1996), В’етнама (1985).

Палотны мастака экспанаваліся ў Маскве і іншых гарадах Савецкага Саюза, а таксама за мяжой — у Румыніі, Польшчы, Балгарыі, Англіі, Японіі і Фінляндыі. Творы І. Стасевіча знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Віцебскім музеі М. Шмырова, Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Светлагорскім і Гомельскім краязнаўчых музеях, музеі П. Машэрава ў Расонах (Віцебская вобласць), карцінных галерэях Кемерава, Іркуцка, фондах Міністэрства культуры Расіі.

Зноскі