АКСМ-101
АКСМ-101 — двухвосевы тралейбус вытворчасці Мінскага завода «Белкамунмаш» з рэастатна-кантактарнай сістэмай кіравання пускам цягавым рухавіком. З'яўляецца далейшым развіццём тралейбуса АКСМ-100.
Канструкцыя[правіць | правіць зыходнік]
Кузаў тралейбуса АКСМ-101 — аналагічны ЗІУ-682 — суцэльнаметалічны, вагоннага тыпу. Каркас — з сталёвых труб прастакутнага профілю. Грунтуецца на раме ланжаронавага тыпу.
Цягавы электрарухавік — ДК-213 — пастаяннага току, змешанага ўзбуджэння, магутнасцю 115 кВт. Рухавік размешчаны перад заднім мостам, у межах колавай базы, па цэнтры. У адрозненні ад свайго папярэдніка АКСМ-100, цягавае высакавольтнае электраабсталяванне (пуска-тармазныя і шунтавыя супрацівы, групавы рэастатны кантролер) вынесена на дах. Для сілкавання нізкавольтных ланцугоў выкарыстоўваецца дапаможны рухавік-генератар.
Задняя падвеска — залежная, рысорна-пнеўматычная на 4-х пнеўмабалонах і паўэліптычных рысорах, з чатырма амартызатарамі і адным рэгулятарам палажэння кузава. Задні мост шарнірна звязаны з кузавам сістэмай з чатырох рэактыўных штангаў. Для гашэння ваганняў, якія ўзнікаюць пры руху тралейбуса па няроўнасцях дарогі, у падвесцы ўсталяваны чатыры разборных гідраўлічных амартызатара двухбаковага дзеяння тэлескапічнага тыпу. У пярэдняй падвесцы ўсталявана два амартызатара і два рэгулятара палажэння кузава. Колы — бяздыскавыя, прызначаныя для камерных шын.
Сядзенні размешчаныя па чатырохраднай схеме. Колькасць месцаў для сядзення — 30. Агульная пасажыраўмяшчальнасць — 114 чалавек.
Мадыфікацыі[правіць | правіць зыходнік]
Выпускаўся некалькіх мадыфікацыях:
- АКСМ-101 (базавая мадэль) выпускаўся ў 1994—1997 гадах.
- АКСМ-101А — выпускаўся ў 1996—1999 гадах. Палепшаны варыянт АКСМ-101. Вагон мае кажух на даху абцякальнай формы, лепшую гукаізаляцыю, палепшанае мацаванне цягавага электрарухавіка, мадэрнізаваную кабіну і салон[1]. Ужыты пярэдні мост МАЗ[2].
- АКСМ-101М — выпускаўся ў 1996—2002 гадах. Тралейбус атрымаў штангі токапрыёмнікаў, колавыя аркі і прыступкі на ўваходах з шклапластыку. Змяніўся дызайн пярэдняй часткі — фары размясціліся ў бамперы.
- АКСМ-101ПС — выпускаўся ў 1997—2003 гадах. Адрозненне ад мадэлі 101М — для сілкавання нізкавольтных ланцугоў замест дапаможнага рухавік-генератара выкарыстаны статычны пераўтваральнік на 24В.
Зноскі
- ↑ Тралейбусы родам з Беларусі // Пантограф : часопіс. — 2005. — № 1.
- ↑ Белкамунмаш // «Грузовик Пресс» : часопіс. — 2007. — № 5.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- www.beltransport.by — Рухомы састаў. Тралейбус АКСМ-101 (руск.)
- Фота АКСМ-101 у Гомелі Архівавана 22 студзеня 2008.