Перайсці да зместу

Анатоль Канстанцінавіч Клышка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Анатоль Клышка)
Анатоль Канстанцінавіч Клышка
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 16 красавіка 1935(1935-04-16) ці 1935[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 14 красавіка 2021(2021-04-14)
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, літаратуразнавец, перакладчык, дзіцячы пісьменнік, літаратурны крытык, педагог, публіцыст, літаратар
Гады творчасці з 1950
Жанр літаратурная крытыка і дзіцячая літаратура
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Узнагароды

Анатоль Канстанцінавіч Клы́шка (16 красавіка 1935, в. Данейкі, Навагрудскі павет, Навагрудскае ваяводства, Польская Рэспубліка, цяпер Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці — 14 красавіка 2021) — беларускі пісьменнік, педагог, публіцыст, перакладчык.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і, брат Міхася Клышкі.

Вучыўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы (1949—1952). Працаваў карэктарам у навагрудскай гарадской газеце «Звязда», адказным сакратаром рэдакцыі газеты «Фізкультурнік Беларусі». Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1958). Працаваў супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», у 1958 — інструктарам па друку ЦК ЛКСМБ, са снежня 1958 вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1960 — супрацоўнік рэдакцыі часопіса «Полымя».

Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1960).

У 1961—1963 гадах — старшы рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм», пасля ў «Полымі» — літработнік аддзела крытыкі, рэдактар аддзела навукі і мастацтва. З 1971 года — загадчык лабараторыі навучання грамаце, потым аддзела навучання літаратуры Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР. У 1981—1983 гадах — загадчык рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва», у 1986—1990 — загадчык аддзела крытыкі часопіса «Полымя».

Быў сярод арганізатараў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (1989), дзе ўзначальваў камісію па культуры мовы.

Памёр 14 красавіка 2021 года[2].

Дэбютаваў вершам у 1950 годзе ў навагрудскай газеце. З літаратурна-крытычнымі артыкуламі выступае з 1953 года.

У 1967 выйшла кніга літаратурна-крытычных артыкулаў «Права на верш».

Аўтар «Буквара» (1969, 23 выданні), «Пропісаў да „Буквара“» (1969, 4 выданні), «Пропісаў для 1 класа» (1973, 18 выданняў), дапаможніка для 1 класа «Верасок» (1978, 3 выданні), «Чабарок» (1989, чытанка для 4 класа школ з рускай моваю навучання). Напісаў кніжкі для дзяцей «У лясах Белавежы» (1975), «Самая лепшая хатка» (1976), «Вярэнька загадак» (1982), «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983), «Шыльдбюргеры. Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў А. Клышка» (казкі, 1983), «Святло праз стагоддзі» (пра Ф. Скарыну, выдадзена на англійскай, нямецкай, французскай мовах, 1990).

Яго мастацкія творы адметныя арыгінальнасцю думкі і формы, дакладнасцю ацэнак, яркасцю стылю.[3]

Пераклаў на беларускую мову «Новы запавет» (1980, асобныя раздзелы апублікаваны ў часопісе «Спадчына», 1989—1990), раман старажытна-грэчаскага пісьменніка Лонга «Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою» (1991). Аўтар «Беларуска-польскага размоўніка» (1992).

Перакладае з польскай, нямецкай, лацінскай, украінскай і іншых моў. Між іншага пераклаў асобныя творы Марцыяла[4].

Даследуе праблемы развіцця беларускай паэзіі (творчасць М. Багдановіча, М. Танка, П. Панчанкі, А. Вялюгіна, Р. Барадуліна і інш.), вершазнаўства, методыкі навучання і выкладання літаратуры ў школе.

«Буквар» А. Клышкі (1969) быў створаны з улікам апошніх дасягненняў псіхолага-педагагічнай навукі. У ім практычна рэалізоўваліся прынцыпы навучання чытанню і пісьму, якія вынікалі з заканамернасці засваення граматы з улікам гукавога аналітыка-сінтэтычнага метаду. Маючы на ўвазе, што вучыць грамаце неабходна перш за ўсё на аснове вуснай мовы, блізкай дзецям па лексіцы, граматыцы, тэматыцы, у буквары для гэтага прапаноўваўся разнастайны матэрыял. Вучні паступова падводзіліся да ўсведамлення сказа і слова: сюжэтныя малюнкі суправаджаліся адпаведнымі графічнымі абазначэннямі. Пасля аналітычнага выдзялення ў слове пэўнага гука і знаёмства з яго літарным абазначэннем пачынаўся сінтэз: аб’яднанне гукаў у склады, складоў — у словы, слоў — у сказы. Парадак знаёмства з гукамі і літарамі: а, у, м, т, н, х, ш, р, ы, о, с, я, к, і, п, в, з, ж, э, й, ь, е, б, д. ч, г, я, ў, ц, дз, ё, ю, ф, апостраф, дж. Тэкставы матэрыял буквара быў у асноўным аўтарскі, не адаптаваўся. Кніга вызначалася тонкім паэтычным адчуваннем жывой беларускай мовы з яе багатым лексіка-граматычным ладам, экспрэсіяй, разнастайнасцю гульнявога моўнага матэрыялу (прыказкі, прымаўкі, загадкі, скорагаворкі, рэбусы). Для дзяцей ён стаў сапраўднай энцыклапедыяй прыроды і жыцця[5]. Навык пісьма выпрацоўваўся паралельна з чытаннем. З гэтай мэтай у буквары прапаноўваліся пропісі літар, слоў, сказаў (акрамя гэтага, у якасці дадатку да буквара выпускаліся спецыяльныя сшыткі з пропісямі). З густам аформлены падручнік А. Клышкі атрымаў залаты медаль на Міжнароднай выстаўцы ў Лейпцыгу (1977).

Новы буквар А. Клышкі для шасцігодак (1986) змяніў парадак увядзення гукаў і літар з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей, пачаўшы знаёмства з шасцю асноўнымі галоснымі гукамі: а, у, о, і, ы, э, н, м, т, х, ш, с, л, р, к, п, в, з, ж, й, ь, е, б, д, г. я, ч, д, ц, дз, ё, ю, ф, дж, апостраф. У яго ўключаны новы дыдактычны матэрыял, унесены метадычныя змены прыватнага характару. Асноўным прынцыпам, паводле якога арганізуецца навучанне грамаце, застаўся ранейшы.

Як заўважае педагог-псіхолаг і даследчыца-культуролаг Людміла Дзіцэвіч, у пачатку 1990-х гадоў, пасля таго як Беларусь стала суверэннай дзяржавай, кантэнт «Буквара» Анатоля Клышкі прыкметна ўстарэў і перастаў адпавядаць часу. Таму аўтар яго перапрацаваў: быў ануляваны савецкі ідэалагізаваны матэрыял, уведзены тэксты пра славутых асоб беларускай гісторыі — Ефрасінню Полацкую, Міколу Гусоўскага, Францыска Скарыну. У 1997 годзе згаданы дапаможнік для навучання чытанню быў яшчэ раз перапрацаваны: вывучэнне гукаў пачыналася цяпер з зычных (с, п, м, т, л, н, ш, р, к, д, а, я, у, і, х, б, склады з «у», з, о, в, г, ч, ы, ж, ф, склады з «і», э, й, ь, е, ц, ў, склады з «я», дз, ё, ю, дж, апостраф), што сталася пераваротам у беларускай методыцы, хоць такі метад даўно ўжо выкарыстоўваўся ў еўрапейскай практыцы[6].

Буквар А. Клышкі выкарыстоўваўся ў беларускіх школах да 2021/22 навучальнага года[7].

Выбраная бібліяграфія

[правіць | правіць зыходнік]

Зборнікі прозы для дзяцей

[правіць | правіць зыходнік]
  • «У лясах Белавежы» (1975)
  • «Самая лепшая хатка» (1976)
  • «Вярэнька загадак» (1982)
  • «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983)
  • «Шыльдбюргеры. Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў А. Клышка» (1983)
  • «Святло праз стагоддзі» (на нямецкай, французскай, англійскай мовах; пра Ф. Скарыну) (1990)
  • «Прыгаршчы языкаломак» (2011)
  • «Тысяча арэшкаў. Загадкі для дзяцей і дарослых» (2012)

Вучэбна-метадычная літаратура

[правіць | правіць зыходнік]
  • Буквар (1-е выд. 1969, перавыдаецца па цяперашні час)
  • «Пропісы ды Буквара» (1-е выд. 1969, перавыдаецца па цяперашні час)
  • Дапаможнік для 1 класа «Верасок» (1-е выд. 1978)
  • Чытанка для 4 класа з рускай мовай навучання «Чабарок» (1-е выд. 1989 г., перавыдаецца па цяперашні час)
  • «Беларуска-польскі размоўнік» (1992)
  • руск. «Букварь» (1-е выд. 1999, перавыдаецца па цяперашні час)
  • «Elementarz»: Падручнік для падрыхтоўчых класаў агульнаадукацыйных школ з Польскай мовай навучання
  • «Чую, бачу, гавару»: Ілюстраваны слоўнік па беларускай мове для вучняў Пачатковых класаў агульнаадукацыйных устаноў з беларускай І рускай мовамі навучання («Чую, бачу, гавару») (1-е выданне 2003 г., 2-е выданне 2012, перавыдаецца па цяперашні час)
  • Літаратурнае чытанне. Падручнік для 4-га класа школ з беларускай мовай навучання (1-е выданне, 2008, перавыдаецца па цяперашні час)

Публіцыстыка і крытыка

[правіць | правіць зыходнік]
  • «Права на верш» (1967) і інш.
  • Лонг, «Пастушыная гісторыя пра Дафніса І Хлою» (пераклад са старажытнагрэцкай мовы, 1991)
  • Гамер, «Адысея», Выбраныя раздзелы-песьні (пераклад са старажытнагрэцкай мовы, 2005)
  • Біблія. «Новы Запавет», (пераклад з грэцкай мовы, 2014)
  • Марцыял Марк Валерый, «Выбраныя эпіграмы» (пераклад з лацінскай мовы, 2018)

Зноскі

  1. Identifiants et RéférentielsABES, 2011. Праверана 16 жніўня 2024.
  2. Памёр легендарны Анатоль Клышка. Па яго «Буквары» вучыліся мільёны беларусаў . Наша Ніва (14 красавіка 2021). Праверана 2 красавіка 2024.
  3. І. Чыгрын (1999)
  4. [43 эпіграмы Марцыяла] // Полымя № 6, 1980. — С. 188—193.
  5. М. Яленскі (1994)
  6. Жолуд С. Дзеля навучання «люду паспалітага» // Беларуская думка. № 8, 2018
  7. Сышла эпоха. У дзяцей больш не будзе буквара Клышкі | Новы Час. web.archive.org (1 верасня 2021). Архівавана з першакрыніцы 1 верасня 2021. Праверана 2 красавіка 2024.
  8. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6). — С. 563.
  • Каваленка В. А. Пра паэзію і мужнасць духу // Прага духоўнасці. Мн., 1975.
  • Беларуская ССР: карот. энцыкл. Т. 5. — Мн., 1981.
  • Яленскі М. Буквар // Беларуская мова: Энцыклапедыя — Мн.: БелЭн, 1994.
  • Клышка Анатоль // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
  • Анатоль Клышка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995. Т. 3.
  • Беларуская энцыклапедыя. Т. 8. — Мн., 1999.
  • Батвіннік, Марат. Азбука на ўсе часы. — Мінск: Беларуская навука 2003.
  • Рублевская Л. От самшитового гребешка до клавиатуры. (руск.) — СБ, 29 августа 2008.
  • Марусяк В. Учим ребёнка читать. Как? Когда? Зачем? (руск.) — Москва, 2009.