Аперацыя «Прыпяцкія балоты»

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

«Прыпяцкія балоты», «Прыпяцкі марш» (ням.: "Pripiatsee") — умоўная назва карнай аперацыі нямецкіх войскаў 19 ліпеня — 31 жніўня 1941 года па масавым знішчэнні яўрэйскага насельніцтва[1] на тэрыторыі 9 раёнаў[2] БССР і 3 раёнаў УССР у раёне прыпяцкіх балот і ракі Прыпяць.

Аперацыя праводзілася ў два этапы; датай яе пачатку лічыцца 19.7.1941, датай пачатку другога этапу — 14.8.1941, датай сканчэння — 29.8.1941[3] (або 31.8.1941[4]). Аперацыя праводзілася па прамым загадзе Гімлера, сіламі кавалерыйскай брыгады СС, а таксама[4] 162 і 252 пяхотных дывізій пад агульным камандаваннем галоўнага начальніка СС і паліцыі (HSS PF) пры камандуючым групы армій «Цэнтр» фон дэм Баха.

За час аперацыі былі знішчаныя не менш за 13 788 чал.; гэты лік называецца ў справаздачы кавалерыйскай брыгады СС «Аб правядзенні пацыфікацыйнай прыпяцкай аперацыі…» ад 13.8.1941. Былі цалкам спаленыя вёскі Дварэц, Хочань, Азяраны, Старажоўцы, Крамно, Тураў (часткова) і іншыя. Асноўным сродкам масавага знішчэння былі расстрэлы папярэдне сабраных разам людзей, але выпрабоўваліся і іншыя спосабы, напрыклад, загнанне і патапленне людзей у балотах. Даных пра страты войскаў СС у іх выніковай справаздачы няма, згадваюцца толькі «189 палонных»[3].

Аперацыя лічыцца першай з запланаваных масавых знішчальных аперацый і першай з аперацый, дзе выпрацоўваліся метады масавага знішчэння яўрэйскага насельніцтва[3]. Дакументальныя звесткі пра яе трапілі ў Маскву ў студзені 1942, пасля разгрому пад Таропцам кавалерыйскай брыгады СС і захопу штабавай дакументацыі, і былі агучаныя 27.4.1942 у ноце народнага камісара замежных спраў СССР да ўсіх краін, з кім СССР меў дыпламатычныя зносіны. Мяркуецца, што міжнародная галоснасць і шок, які выклікалі гэтыя звесткі, прымусілі нацыстаў схаваць або знішчыць іншыя матэрыялы, якія датычылі гэтай аперацыі[3].

Падзеі[правіць | правіць зыходнік]

Датай пачатку аперацыі лічыцца 19.7.1941, калі загадам Гімлера 1 і 2 кавалерыйскія палкі (кп) СС былі перададзеныя з 21.7.1941 ў распараджэнне фон дэм Баха, і скіраваныя ў Баранавічы для «сістэматычнага прачэсвання прыпяцкіх балот».

Загадам Гімлера (Баранавічы, 27.7.1941) з 1 кп (кам. штурмбанфюрэр Шляйфенбаўм) і 2 кп была сфарміраваная кавалерыйская брыгада СС (кам. Фегеляйн). Тады ж Гімлер загадаў фон дэм Баху прадставіць добра прадуманы з вайсковага боку план знішчальнай аперацыі[5]. «Асобы загад» Гімлера (28.7.1941) патрабаваў ад фон дэм Баха жорстка вынішчаць у раёне прыпяцкіх балот насельніцтва, «непрыхільнае немцам»[6] — расстрэльваць мужчын, вывозіць (дэпартаваць) жанчын і дзяцей, канфіскаваць жывёлу і харчовыя запасы, паліць вёскі. У той самы час, насельніцтва, прыхільнае да немцаў, належала «ашчаджаць», і нават часткова ўзбройваць[6].

Першы этап[правіць | правіць зыходнік]

Сілы 1 кп рухаліся з Баранавічаў у кірунку Ляхавічы — Ганцавічы, Баранавічы — Івацэвічы — Бяроза — Пружаны, і прачэсвалі тэрыторыю на Пд, ПдУ і ПдЗ да р.Прыпяць.

Сілы 2 кп рухаліся з Луцка ў кірунках Камень-Кашырскі — Драгічын — Іванава і Сарны — Лунінец — Пінск, і прачэсвалі тэрыторыю на Пд і на Пн ад р.Прыпяць да ўваходжання ў кантакт з 1 кп.

Адначасна з дзеяннямі 2 кп праходзілі дзеянні айнзацгрупы Б па знішчэнні яўрэйскага насельніцтва ў Пінску.

Апроч таго, са складу 1 кп і 2 кп быў выдзелены перадавы атрад[3] дзеля блакіроўкі савецкіх войск, якія вырваліся з акружэння ў раёне аўтастрады Слуцк — Бабруйск 27.7.1941.

Такім чынам, дзеянні 1 кп і 2 кп СС ахоплівалі Баранавіцкі, Ляхавіцкі, Ганцавіцкі, Косаўскі, Івацэвіцкі, Пінскі, Драгічынскі, Іванаўскі і Пружанскі раёны БССР і Камень-Кашырскі, Любешаўскі і Дубровіцкі раёны УССР.

Другі этап[правіць | правіць зыходнік]

Сілы кавалерыйскай брыгады СС рухаліся з выхаднай лініі чыгункі Баранавічы — Лунінец на У, і чынілі «чыстку» правага і левага берагаў р.Прыпяць на Пд ад шашы Р-1 (Брэст — Слуцк — Бабруйск).

У час другога этапа аперацыі 2 кп каля Турава сутыкнуўся і вёў баі з савецкімі войскамі і паў-вайсковымі злучэннямі сілай да 1—2 батальёнаў (21.8.1941). Паводле справаздачы кав. брыгады СС ад 29.8.1941, страты брыгады склалі 23 ч. забітымі і параненымі, страты савецкіх сіл 600—700 ч. забітымі, 10 ч. палоннымі.

У наступныя дні 1 кп прачэсваў раён Старобін — Любань — Пціч, а 2 кп наступаў на У ад лініі Кольна — Ляхавічы (Князь-Возера) да р.Пціч.

Зноскі

  1. Паводле вызначэння А. Літвіна, які мяркуе, што ранейшае вызначэнне В. Лазебнікава і У. Пасэ «аперацыя… супраць акружаных частак Чырвонай Арміі, партызан і мірнага насельніцтва» занадта агульнае, а таму і недакладнае.
  2. У складзе Брэсцкай, Пінскай, Палескай і Мінскай абласцей.
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 Литвин. Убийцы.
  4. 4,0 4,1 Лазебнікаў, Пасэ. Прыпяцкія балоты.
  5. Такі план дасюль не быў знойдзены, таму звесткі пра яго змест з'яўляюцца рэканструкцыяй. Літвін…
  6. 6,0 6,1 Туронак, С.101.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лазебнікаў В. С., Пасэ У. С. Прыпяцкія балоты // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т.8. Паддубнікі — Рабкі / Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1975. — 676 с.: іл., карты. С.604.
  • Литвин Алексей. Убийцы // Советская Белоруссия № 226 (21892), 3.12.2003. — Сеціўны архіў.
  • Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941-1945: Энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш — Мн., 1990. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.
  • Jerzy Turonek. Białoruś pod okupacją niemiecką. Warszawa—Wrocław: WERS, 1989. 186 p., ill.