Ачэ

З пляцоўкі Вікіпедыя
Ачэ
(aché)
Ache Hunting.jpg
Агульная колькасць 1700 (2021)
Рэгіёны пражывання Парагвай
Мова ачэ
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іншыя гуарані (група народаў)

Ачэ (саманазва aché «чалавек»), таксама гуаякі (ісп.: guayakí) — індзейскі народ у Паўднёвай Амерыцы, карэнныя насельнікі Гран-Чака. Большасць ачэ жывуць на тэрыторыі дзяржавы Парагвай. Яны падзяляюцца на некалькі тэрытарыяльных груп, якія амаль не кантактуюць адна з іншай. Агульная колькасць (2021 г.) — 1 700 чалавек[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Ачэ размаўляюць на мове гуаранійскай групы, аднак антрапалагічна адрозніваюцца ад суседніх народаў гуарані малым ростам, а таксама заняткамі, паколькі да нядаўняга часу не практыкавалі земляробства. Іх лад жыцця засноўваўся на вандроўным збіральніцтве, паляванні і рыбалоўстве. Таму паходжанне ачэ выклікае дыскусіі сярод навукоўцаў. Яны маглі адасобіцца ад іншых гуарані ў выніку эндагамных адносінаў. Генетычныя даследаванні паказваюць вельмі абмежаваны набор метахандрыяльнага ДНК[2]. Аднак большасць даследчыкаў лічаць, што ачэ — нашчадкі болей старажытнага насельніцтва, якое з'явілася на тэрыторыі Парагвая каля 9 000 гадоў таму і пераняла гуаранійскую лексіку пад ціскам пазнейшых мігрантаў з Амазоніі.

Відавочна, агульнай саманазвы ў ачэ першапачаткова не існавала, бо розныя групы паляўнічых і збіральнікаў жылі дысперсна. Іспанскія езуіты ўзгадвалі іх з 1620 г. пад назвай каайгуа. Пазней у пісьмовых дакументах замацавалася назва гуаякі. Абедзве гэтыя назвы паходзяць з моў суседніх індзейскіх народаў і маюць абразлівы сэнс. Таму ў другой палове XX ст. даследчыкі і дзяржаўныя чыноўнікі пачалі выкарыстоўваць сучасную назву, запазычаную з мовы саміх ачэ.

Усталяванне кантактаў[правіць | правіць зыходнік]

Да другой паловы XX ст. ачэ мелі ізаляваны лад жыцця, хаваліся ад іншых індзейцаў і еўрапейскіх пасяленцаў. Рэдкія сутыкненні скончваліся трагічна для абодвух бакоў. Чужынцы забівалі мужчын ачэ, выкрадалі іх жанчын і дзяцей. Ачэ таксама забівалі чужынцаў, калі тыя не маглі абараніцца. Паступовае асваенне зямель прывяло да скарачэння тэрыторый, годных для існавання паляўнічых груп. Калі ў XVII ст. ачэ сустракалі не далёка ад Асунсьёна, то да другой паловы XX ст. выжылі толькі 4 тэрытарыяльныя групы ў Гран-Чака:

  • Паўночныя ачэ
  • Івітурузу ачэ
  • Іпеты ачэ
  • Н'якундай ачэ

У пачатку сталых кантактаў з вонкавым светам толькі паўночная група налічвала некалькі сот чалавек, астатнія — ад 28 да 60 чалавек. Група івітурузу адкалолася ад паўночнай за некалькі дзесяцігоддзяў да кантактаў. Увесь гэты час іх прадстаўнікі болей не сустракаліся. Астатнія 2 групы існавалі ізалявана, досіць далёка ад першых дзвюх.

У 1959 г. парагвайскі землеўласнік і дзяржаўны служачы Хесус Перэйра здолеў прыцягнуць паляўнічага з групы Іпеты да жыцця на сваёй ферме. Праз некаторы час да яго далучыліся астатнія чальцы групы. У 19621963 гг. на ферму Х. Перэйры перабраліся чальцы Івітурузу. У 1970 г. пасля значных намаганняў ён усталяваў кантакт з паўночнай групай. Ферма Х. Перэйры ператварылася ў своеасаблівую рэзервацыю, што наведвалася прадстаўнікамі дзяржаўных і міжнародных арганізацый, і дзе адбываліся антраполагічныя даследаванні. Аднак намаганні Х. Перэйры скончыліся досіць трагічна. Амаль палова новых насельнікаў яго фермы памерла ад хвароб, ад якіх у ачэ не было імунітэту. У 1973 г. нямецкі антраполаг Марк Мюнцэль апублікаваў даклад «Генацыд карэнных народаў у Парагваі». Ён абвінаваціў палітыку Альфрэда Стрэснера і адначасова Х. Перэйру ў прымусовым перасяленні ачэ, эксплуатацыі іх у якасці рабоў. У далейшым расследаванні юрыстаў міжнародных арганізацый сцвярджалася, што ў дачыненні да ачэ ўжываўся гвалт. Х. Перэйра быў арыштаваны.

Гаротная доля ачэ прыцягнула дапамогу з боку грамадскіх арганізацый. У 1976 г. місіянеры з ЗША ўсталявалі мірны кантакт з групай Н'якундай. Пры пасрэдніцтве амерыканскіх пратэстанцкіх арганізацый былі створаны 4 асобныя паселішчы для чальцоў розных груп. Яны атрымалі ў поўнае або часовае карыстанне ад 300 га да 2000 га зямлі, дзе маглі развіваць гаспадарку. У нашы дні колькасць паселішчаў павялічылася да 7. Нашчадкі перасяленцаў аказаліся незадаволенымі вынікамі перасялення і ў 2014 г. падалі пазоў ў суд ураду Парагвая.

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Галоўным заняткам ачэ з'яўляліся паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Першыя два заняткі лічыліся мужчынскімі. Па падліках антраполагаў, мяса забяспечвала 55% калорый у паўседзённым рацыёне. Палявалі з дапамогай лука і стрэл, часам забівалі дробных дзікіх жывёл рукамі. Пасткі былі не вядомы. Паляванне вымушала весці вандроўны лад жыцця і перамяшчацца з месца на месца. Мужчыны-паляўнічыя ішлі наперадзе асноўнай групы, трацілі каля 7 гадзін у дзень на здабычу харчу. Канкрэтных межаў груп не існавала, таму выбар, у які бок перамяшчацца, мог быць адвольным. Вандроўкі буйной паўночнай групы ахоплівалі тэрыторыю 18 500 км².

Жанчыны з дзецьмі ішлі ўслед за паляўнічымі і трацілі прыкладна 2 гадзіны ў дзень на збіральніцтва. Астатні час яны прысвячалі клопату пра дзяцей, што было важным для выжывання. Яны збіралі пераважна пальмавыя прадукты, лічынкі казурак і мёд. Асноўны перыяд збору мёду прыпадаў на пачатак сезона дажджоў. У такім выпадку ў ім удзельнічалі і мужчыны. Рамяство абмяжоўвалася вырабам зброі, простай керамікі і ўпрыгожванняў, апрацоўкай дрэва і каменю, пляценнем кашоў, цыновак, пасудзін для вады і г. д. Свойскай жывёлы, нават сабак, у ачэ не было.

Сталых паселішчаў не ўзводзілі. На часовых стаянках спалі каля вогнішча на зямлі або на цыноўках. Вопратка была абмежавана кавалкамі плеценай тканіны для затулення ад сонца і невялікімі скуранымі капелюшамі.

Асноўнай сацыяльнай і гаспадарчай адзінкай з'яўлялася вандроўная група ад 3 да 160 чалавек. Яна не мела сталага характару, магла ў пэўны сезон расколвацца або папаўняцца чальцамі сваёй тэрытарыяльнай групы. Звычайна ў яе склад уваходзілі блізкія сваякі, але часам — і іншыя людзі. Для мужчын асабліва важным быў інстытут сяброўства, паколькі забяспечваў дапамогу падчас палявання і вырашэння на сваю карысць праблем знутры групы, пры сутычках з супернікамі. Вандроўныя групы перыядычна сустракаліся паміж сабою, але кантакты абмяжоўваліся прадстаўнікамі тэрытарыяльнай групы, астатнія ачэ і чужынцы разглядаліся як ворагі.

Звычайна дзяўчаты ўступалі ў шлюб з 14 гадоў, хлопцы — з 19 гадоў. Часам паміж партнёрамі назіралася вялікая розніца ва ўзросце. Жанчыны выходзілі замуж за мужчын на 40 гадоў старэйшых за сябе, а мужчыны жаніліся на жанчынах на 20 гадоў старэйшых за сябе. Шлюбы не былі працяглымі. Старыя жанчыны паведамлялі ў сярэднім аб трынаццаці сужэнцаў за іх жыццё. Болей стабільныя саюзы ўзнікалі пасля нараджэння 2 і болей дзяцей. Палігінія і паліандрыя не забараняліся, але былі рэдкай з'явай. Вяселлі і разводы не суправаджаліся ніякімі цырымоніямі. Маладыя пары жылі ў вандроўнай групе жонкі. Сталыя пары самі выбіралі вандроўную групу.

Падчас нараджэння дзіцяці адзін з мужчын групы перарэзаў пупавіну. Пазней ён і яго сям'я лічыліся «хроснымі бацькамі», аказвалі сапраўдным бацькам дапамогу, клапаціліся пра дзіця ў перыяд сталення. Жанчыны вандроўнай групы дапамагалі адна іншай у выхаванні. Тым не меней, выжывалі не ўсе дзеці, і яны гінулі не толькі з-за хвароб. Ачэ практыкавалі дзетазабойства, асабліва немаўлят з фізічнымі недахопамі і блізнят. Дзеці маглі стаць ахвярамі канфліктаў дарослых людзей. Маленькіх дзяўчат прыносілі ў ахвяру пры пахаванні важных дарослых мужчын. Сталенне адзначалася абрадамі ініцыяцыі. Дзяўчатам шрамавалі цела. Хлопчыкам пратыкалі скуру пад ніжняй губой і ўстаўлялі драўляную затычку.

Галоўным правілам супольнага жыцця ачэ з'яўлялася шчодрасць, таму здабытая ежа падзялялася пароўну. Нягледзячы на наяўнасць пэўных правілаў паводзін у грамадстве, яны адвольна парушаліся, калі парушальнік быў упэўнены, што астатнія чальцы групы не здолеюць пакараць яго. Правадыроў, святароў або іншых яўных лідараў не існавала. Найчасцей унутраныя канфлікты вырашаліся праз гвалт. Збіццё жонак і забойства дзяцей староннімі асобамі былі звычайнай справай. Дарослыя мужчыны вырашалі канфлікты праз бойку на кіях, якая магла скончыцца смерцю аднаго з іх. Забойца праходзіў рытуал ачышчэння і далучаў імя забітага да сваіх здзяйсненняў.

Ачэ верылі ў існаванне душы ў людзей і жывёл, а таксама ў шматлікіх духаў прыроды, што маглі дапамагаць і перашкаджаць людзям. Уяўленні пра замагільнае жыццё адрознівалася ў залежнасці ад тэрытарыяльнай групы. Паўночныя ачэ наогул не верылі ў яго, але меркавалі, што пасля смерці душа можа затрымацца на зямлі і пашкодзіць людзям. Адна з галоўных мэт пахавальных рытуалаў — найхутчэй вызваліць душу ад цела, а не забяспечыць ёй далейшае існаванне. У некаторых выпадках такія рытуалы суправаджаліся чалавечымі ахвярапрынашэннямі. У 1963 г. французскі этнолаг П'ер Кластр занатаваў апавяданні ачэ пра пахавальны абрад канібалізму[3]. Памерлых з'ядалі незалежна ад узросту, полу і абставінаў смерці. Толькі блізкія сваякі не ўдзельнічалі ў паяданні. «Хросны бацька» памерлага разразаў яго цела. Мяса і органы нябожчыка смажыліся, а галава варылася ў пасудзіне. Тлушч са смажанага мяса лічыўся асаблівым ласункам, таму яго збіралі і ўжывалі ў ежу. Пеніс елі жанчыны, а галау — старыя людзі. Жаночыя палавыя органы і вантробы выдалялі і закопвалі ў зямлю.

Ачэ выраблялі музычныя інструменты накшталт флейты, спявалі разам падчас адпачынку. Вусны фальклор прадстаўлены міфамі пра паходжанне людзей і рэчаў, а таксама павучальнымі казкамі.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]