Беларусь у польска-савецкай вайне

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Польска-савецкая вайна, вайна Польшчы з Савецкай дзяржавай у 19191920. Баявыя дзеянні адбываліся сярод іншага на тэрыторыі Беларусі. У выніку вайны Беларусь была падзелена на 2 часткі: Заходняя Беларусь адышла да Польшчы, а на падкантрольнай бальшавікам тэрыторыі створана БССР.

Напярэдадні вайны[правіць | правіць зыходнік]

У перыяд адраджэння Польскай дзяржавы (1918-19) было створана Войска Польскае. Урад Польшчы выступіў супраць абвяшчэння ССРБ, а пасля і Літбел. Сілы Самаабароны Літвы і Беларусі ў 1918-19 спрабавалі супрацьстаяць усталенню савецкай улады на гэтых тэрыторыях. Да пачатку 1919 фарміраванні Самаабароны ўліліся ў рэгулярныя польскія войскі.

Кіраўніцтва Польшчы на чале з Юзафам Пілсудскім не жадала абмяжоўвацца этнічнымі польскімі тэрыторыямі, імкнулася далучыць беларускія, літоўскія, украінскія землі да сваёй дзяржавы. У снежні 1918 дэкрэтамі польскага ўрада да Польшчы былі далучаны Бельскі павет Гродзенскай і Аўгустоўскі павет Сувалкаўскай губерняў. Пачынаючы з 14 лютага 1919 паўночная група польскіх войскаў пад камандаваннем генерала Вацлава Івашкевіча заняла большую частку Гродзенскай губерні, павяла наступленне ў напрамку Баранавічы — Мінск і Кобрын — Пінск.

Палітыка польскіх уладаў на пачатку вайны[правіць | правіць зыходнік]

Першыя польска-савецкія сутычкі адбыліся на Беларусі 17 лютага 1919. У сакавіку польскае войска апынулася на лініі рэк Піна — Ясельда. 21 красавіка пасля трохдзённых баёў была занята Вільня. На другі дзень была абвешчана адозва начальніка польскага войска Юзафа Пілсудскага «Да насельніцтва былога Вялікага Княства Літоўскага». «Польскае войска нясе Вам усім вольнасць і свабоду», — запэўніваў Пілсудскі. Ён даклараваў таксама, што створыць магчымасці развязваць нацыянальныя і канфесійныя пытанні без гвалту і націску з боку Польшчы. Апрача Ю. Пілсудскага свае адозвы і загады на польскай і беларускай мовах выдалі генералы Эдвард Рыдз-Сміглы і Станіслаў Шаптыцкі. 3 загаду Э. Рыдз-Сміглага вынікала, што афіцыйнай мовай мелася быць польская, а ўсе распараджэнні ўладаў трэба перакладаць на беларускую мову. У кантактах з уладамі дапускалася ўжыванне беларускай мовы. У сітуацыі далейшай канфрантацыі з Савецкай Расіяй польскія ўлады імкнуліся здабыць прыхільнасць беларусаў. Для часткі палітыкаў, якія стваралі структуры БНР, Юзаф Пілсудскі, прыхільнік федэралізму, уяўляўся магчымым прыяцелем беларускай незалежнасці.

Ю. Пілсудскі ў Мінску

8 жніўня польскія войскі занялі Мінск, у верасні апанавалі лінію Любань — Барысаў — Полацк — Дзвінск. Большасць беларускіх зямель апынулася пад польскім кантролем. Беларускі друк у Мінску і Вільні пісаў аб гістарычнай супольнасці палякаў і беларусаў, дзякаваў за вызваленне Беларусі з-пад расійскага імперыялізму, выказваў спадзяванні на дапамогу Ю. Пілсудскага ў пабудове незалежнай беларускай дзяржавы. Старшыня Часовага беларускага нацыянальнага камітэта Аляксандр Прушынскі (Алесь Гарун), вітаючы начальніка польскай дзяржавы і дзякуючы яму за вызваленне Гродна, Вільні і Мінска, прыгадаў, што ў няволі застаюцца прыналежныя Беларускай Народнай Рэспубліцы гарады Віцебск, Магілеў, Смаленск. Пілсудскі ў Мінску, як раней у Вільні, запэўніваў, што "зямлі гэтай нічога гвалтам навязана не будзе".

20 верасня 1919 Канвент старэйшын Рады БНР паслаў ліст Ю. Пілсудскаму, у якім інфармаваў пра аднаўленне дзейнасці органаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Ад ліпеня ў Вільні дзейнічала Беларуская вайсковая камісія, якая чакала дазволу польскага камандавання на стварэнне беларускага войска.

У Парыжы 1 ліпеня 1919 г. прэм'ер урада БНР Антон Луцкевіч і прэм'ер польскага ўрада Ігнацы Падарэўскі ўзгаднілі новы праект федэрацыйнага пагаднення абедзвюх дзяржаў, які прадугледжваў супольную замежную палітыку і супольнае камандаванне ўзброенымі сіламі.

Палітыка бальшавікоў на пачатку вайны[правіць | правіць зыходнік]

Поспехі польскага войска ўлетку 1919, асабліва федэрацыйныя дэкларацыі Пілсудскага, якія аптымістычна ўспрымаліся ў Мінску і Вільні, занепакоілі савецкі ўрад. Выклікана гэта было рэальным шансам узнікнення федэрацыі народаў пад эгідай Польшчы.

Бальшавікі фактычна ліквідавалі Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку і прапанавалі палякам мір "з вечнай граніцай на Дзвіне, Вуле і Бярэзіне". Яны аддавалі амаль усю Беларусь узамен спынення ваенных дзеянняў. Прапановы гэтыя не раз выносіліся пад час мірных перамоў восенню 1919 ў Мікашэвічах. Адначасова савецкія ўлады падтрымоўвалі ўсялякія дзеянні, накіраваныя на дэстабілізацыю сітуацыі ў тылах польскага войска. Увосень 1919 ў Смаленску была падпісана дамова паміж Беларускай партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Расійскай камуністычнай партыяй (бальшавікоў) у справе арганізацыі беларускіх паўстанцкіх атрадаў на занятых палякамі тэрыторыях. Дамова прадугледжвала, што ў выпадку апанавання Беларусі Чырвонай Арміяй будзе створана беларуская савецкая дзяржава, а ўлада перададзена эсэрам і мясцовым камуністам.

Дзеянні польскага войска і адміністрацыі на акупаваных землях[правіць | правіць зыходнік]

Грамадзянская ўправа ўсходніх зямель (Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich) — польская грамадзянская адміністрацыя на літоўска-беларускіх землях, не інкарпараваных у склад Польшчы, а занятых у 1919—1920 гадах польскім войскам

Энтузіязм, выкліканы дэкларацыямі Юзафа Пілсудскага, хутка патух з прычыны дзеянняў польскага войска і адміністрацыі Грамадзянскай ўправы ўсходніх зямель (Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich). Сацыяльнай апорай Пілсудскага ў Беларусі стала мясцовае польскае насельніцтва: заможныя землеўласнікі, каталіцкае духавенства, інтэлігенцыя.

Камісар Грамадзянскай ўправы ўсходніх зямель Ежы Асмалоўскі (1872—1952) на пасады ва ўсіх установах прызначыў мясцовых памешчыкаў, якія лічылі сябе палякамі. Тыя выкарыстоўвалі ўладу для расправы з сялянамі, рэагуючы на вынікі савецкай акупацыі. Павятовымі старастамі прынцыпова ставілі памешчыкаў, войтамі ў гмінах прызначалі толькі палякаў і каталікоў. Гвалт і рэквізіцыі з боку ваенных падраздзяленняў, жандармерыі і паліцыі згладжвалі адмоўныя ўражанні, набытыя за час савецкага панавання. Рабаванне, тэрор і расстрэлы падазроных у прыхільнасці да камунізму надавалі польскай прысутнасці рысы акупацыйнай улады. Асяродкамі камунізму лічыліся праваслаўныя цэрквы і яўрэйскія сінагогі. Паспешліва перадавалі каталікам многія праваслаўныя храмы. Адбывалася гэта і ў тых мясцінах, дзе палякі складалі нязначны працэнт агульнага ліку жыхароў. Беларускую інтэлігенцыю адштурхоўвала нішчэнне праяў нацыянальнага жыцця. Пад рэквізіцыі і суды траплялі незалежныя беларускія газеты, у Мінску забаронена было ставіць п'есы Янкі Купалы і Каруся Каганца. Прапаганда на старонках часопіса «Straż Kresowa», якой займаўся Камітэт абароны крэсаў (Komitet Obrony Kresów), развеяла ілюзіі прыхільнікаў хаўрусу з Польшчай.

Палітыка тэрору, рэквізіцый, рабаўніцтва супраць беларускага насельніцтва, гвалтоўная паланізацыя павярнула большасць беларускіх палітыкаў у апазіцыю да польскага рэжыму. Рост узброеннай барацьбы ў тыле польскай арміі выклікаў лавіраванне палітыкі Ю. Пілсудскага. Так, у жніўні 1919 года ён запрасіў з Парыжа на перагаворы А. Луцкевіча, даў дазвол на вызваленне з турмы ўсіх беларускіх палітычных зняволенных, абяцаў даць сродкі на адкрыццё беларускіх школ і культурных устаноў. Гэтыя ўступкі восенню 1919 ізноў выклікалі ажыўленне сярод нацыянальна-дэмакратычных дзеячаў беларускага нацыянальнага руху. На старонках легальных беларускіх газет разгарнулася агітацыя за далучэнне Беларусі да Польшчы. Ю. Пілсудскі даў дазвол А. Луцкевічу на правядзенне чарговай сесіі Рады БНР у снежні 1919, спадзеючыся, што яна выкажацца за інкарпарацыю Беларусі ў склад Польшчы.

Палітыка дзеячаў БНР[правіць | правіць зыходнік]

Стаўленне да Польшчы і палякаў раз'яднала беларускіх палітыкаў. Паводзіны войска і адміністрацыі ажыўлялі ідэю супрацоўніцтва з Савецкай Расіяй. У Радзе БНР рашучыя антыпольскія пазіцыі займалі дзеячы БПСР і БПСФ. Частка палітыкаў гэтых партый, асабліва федэралісты, не былі прыхільнікамі паразумення з саветамі, але бачылі ў дзеяннях кожнага з варагуючых бакоў імперыялісцкія памкненні. Паразумення з палякамі шукалі дзеячы, згуртаваныя вакол Антона Луцкевіча. Яны не давяралі бальшавікам і спадзяваліся ў выпадку перамогі Польшчы на выкананне абяцанняў кіраўніка польскай дзяржавы. 20 лістапада ў час сустрэчы А. Луцкевіча з Ю. Пілсудскім было ўзгоднена, што Рада БНР пераўтворыцца ў Нацыянальную беларускую раду, што абазначала б замену яе статусу з дзяржаўнага прадстаўніцтва на нацыянальнае.

Падчас сесіі Рады БНР, якая праходзіла ў снежні 1919, большасць членаў Рады асудзіла каланізатарскую палітыку Польшчы, выказала недавер дзеянням старшыні Рады БНР Язэпа Лёсіка і старшыні Кабінета Міністраў Антона Луцкевіча, якія па іх меркаванні праводзілі згодніцкую палітыку. Беларускія эсэры прызвалі да адкрытай барацьбы з польскімі акупантамі.

Адбыўся раскол Рады БНР. Прыхільнікі захавання незалежнасці Беларусі — Вацлаў Ластоўскі, Пётр Крэчэўскі, Васіль Захарка, Аляксандр Цвікевіч, Тамаш Грыб — намерыліся адклікаць Антона Луцкевіча з пасады прэм'ер-міністра і такім чынам пазбавіць яго паўнамоцтваў выступаць ад імя Рады БНР. Прыхільнікі Луцкевіча на чале з Паўлам Алексюком прапанавалі стварыць «дырэкторыю», якая выконвала б ролю нацыянальнага прадстаўніцтва і вяла далейшыя перамовы з палякамі. 13 снежня 1919 бальшыня сяброў Рады абрала новым прэм'ер-міністрам Вацлава Ластоўскага і абвясціла сябе Народнай Радай БНР, старшынёй якой стаў Пётр Крэчэўскі. Астатнія, прыхільнікі супрацоўніцтва з Польшчай, абвясцілі сябе Найвышэйшай Радай БНР і на пасадзе прэм'ер-міністра пакінулі Антона Луцкевіча. Старшынёй Найвышэйшай Рады стаў Іван Серада.

Некалькі дзён у Мінску існавалі два беларускія ўрады і дзве рады, якія выступалі ад імя беларускага народа. Неўзабаве ўрад В. Ластоўскага і частка членаў Народнай Рады былі арыштаваныя палякамі. Пасля вызвалення з турмы бальшыня іх падалася ў Коўна, дзе яны атрымалі статус эміграцыйнага ўрада і сродкі на вядзенне нелегальнай дзейнасці на тэрыторыі Польшчы. Антон Луцкевіч і сябры Найвышэйшай Рады пераехалі ў Вільню.

24 сакавіка 1920 Вацлаў Іваноўскі, у якога былі паўнамоцтвы Найвышэйшай Рады, заключыў з Леанам Васілеўскім, які прадстаўляў кіраўніка польскай дзяржавы, пагадненне ў справе ўрэгулявання польска-беларускага жыцця на Міншчыне, але ўжо не было адпаведнай атмасферы і — як высветлілася — часу на ажыццяўленне падпісаных абавязацельстваў.

Савецкае наступленне, абвяшчэнне БССР[правіць | правіць зыходнік]

У ліпені 1920 года Беларусь зноў была занята Чырвонай Арміяй. Разам з польскім войскам адышлі ў Лодзь Беларуская вайсковая камісія і падначаленыя ёй падраздзяленні.

12 ліпеня бальшавікі падпісалі пагадненне з літоўскім урадам, у адпаведнасці з якім Віленшчына і Гродзеншчына былі перададзены Літве. Пагадненне гарантавала нейтралітэт Літвы на час савецка-польскай вайны, а ў выніку — бяспеку правага фланга войск Заходняга фронту, якія наступалі ў кірунку Варшавы. Адначасова амаль мільённая маса беларусаў у межах Літвы стварала Савецкай Расіі перспектыву ўплываць на ўнутраную сітуацыю ў гэтай краіне.

31 ліпеня ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі паўторна абвясціў незалежнасць Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Утвораны ў гэты ж час Ваенна-рэвалюцыйны камітэт (у складзе Аляксандра Чарвякова, Вільгельма Кнорына, Язэпа Адамовіча) выконваў функцыі беларускага савецкага ўрада. У дэкларацыі ЦК КП(б)ЛіБ аб абвяшчэнні «незалежнай БССР» гаварылася, што межы Беларусі з буржуазнымі дзяржавамі будуць вызначаны паводле этнаграфічнага крытэрыю, а з сацыялістычнай Расіяй і Украінай — «згодна з воляй беларускага народа»[1]. У склад створанай у адпаведнасці з гэтым дакументам дзяржавы ўваходзіла толькі 18 паветаў. Яе тэрыторыя зусім нязначна выходзіла за межы Міншчыны. У кастрычніку 1920 большая частка тэрыторыі Беларусі разам з Мінскам была зноў занята польскім войскам. На савецкім баку засталася невялічкая рэспубліка з 6 паветаў колішняй Мінскай губерні.

Дзейнасць С. Булак-Булаховіча[правіць | правіць зыходнік]

Аддзел пад камандаваннем генерала Станіслава Булак-Балаховіча змагаўся на польскім баку ад імя беларускага ўрада Антона Луцкевіча. 12 кастрычніка Павел Аляксюк, які выконваў абавязкі старшыні Беларускага палітычнага камітэта, падпісаў пагадненне з генералам Булак-Балаховічам, згодна з якім Камітэт меўся весці вярбоўку ў беларускае войска. Яго камандзірам мусіў быць Булак-Балаховіч. Са свайго боку ён абавязваўся дапамагаць дзейнаму ад імя ўрада А. Луцкевіча камітэту пераймаць цывільную ўладу на занятых яго войскам абшарах Беларусі.

Генерал Булак-Балаховіч, паралізуючы тылы Чырвонай Арміі, паспрыяў польскім войскам у контрнаступе ў верасні 1920. Спрабаваў ён, згодна з дамоўленасцю з Ю. Пілсудскім, ваяваць з Савецкай Расіяй і пасля перамір'я на польска-савецкім фронце ў кастрычніку 1920. Увосень армія Булак-Балаховіча налічвала амаль 15 тыс. салдатаў. 10 лістапада яго аддзелы захапілі Мазыр і рыхтаваліся да наступу на Мінск і Гомель. У Мазыры С. Булак-Балаховіч пракламаваў незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, сябе абвясціў «начальнікам Беларускай Дзяржавы», а Беларускі палітычны камітэт — урадам БНР, адмаўляючыся такім чынам падпарадкавацца дзейным ужо цэнтрам улады — урадам А. Луцкевіча ў Варшаве і В. Ластоўскага ў Коўне. Прэм'ер-міністрам новага ўрада стаў Вячаслаў Адамовіч. Ад імя свайго кабінета ён выдаў маніфест да беларускага народа, у якім гаварылася пра далейшую барацьбу за незалежнасць Беларусі ў хаўрусе з Польшчай, правядзенне аграрнай рэформы разам з адчужэннем вялікай зямельнай уласнасці і скліканне нацыянальнага прадстаўніцтва дзеля акрэслення дзяржаўнага ладу[2]. Пасля баёў, якія цягнуліся некалькі дзён, аддзелы Булак-Балаховіча пад націскам Чырвонай Арміі мусілі адступіць на тэрыторыю Польшчы, дзе і былі інтэрніраваныя.

Слуцкае паўстанне[правіць | правіць зыходнік]

Змаганне за незалежнасць Беларусі разгарнулася напрыканцы 1920 ў Слуцкім павеце. У сярэдзіне лістапада адбыўся з'езд Случчыны. Дэлегаты ад палітычных партый, сялянскіх саветаў, грамадска-культурных арганізацый прызналі Случчыну часткай Беларускай Народнай Рэспублікі і намерыліся змагацца за яе незалежнасць. Яны спадзяваліся, што іх змаганне будзе пачаткам акцыі, якая ахопіць усю Беларусь. На працягу двух дзён Радзе Случчыны ўдалося сфарміраваць два стралковыя палкі. Да іх далучыўся беларускі батальён з Беласточчыны пад камандаваннем Міколы Дзямідава. На гэтай аснове была створана Слуцкая брыгада, якая налічвала каля 4 тыс. салдатаў. 30 лістапада пачаліся баі з Чырвонай Арміяй, вынік якіх, з прычыны значнай перавагі рускіх, быў прадвызначаны. Аднак ваенныя дзеянні, галоўным чынам партызанскага характару, доўжыліся амаль да канца снежня 1920. Слуцкія паўстанцы, як і армія С. Булак-Балаховіча, адышлі на тэрыторыю Польшчы, дзе таксама былі інтэрніраваныя.

Партызанскія фарміраванні «Зялёнага Дуба»[правіць | правіць зыходнік]

Пры канцы 1920 ў прыфрантавой паласе з абодвух бакоў дэмаркацыйнай лініі дзейнічала больш за дзесяць беларускіх партызанскіх аддзелаў, якія выступалі пад супольным найменнем «Зялёны Дуб». Са згоды і пры падтрымцы польскай разведкі партызаны рабілі напады на кантраляваную савецкім войскам тэрыторыю, а ў выпадку небяспекі адыходзілі ў Польшчу. I хоць лозунгам «Зялёнага Дуба» была барацьба за незалежную Беларусь у этнаграфічных межах, аднак, мела яна ўсяго прапагандысцкае значэнне. Многія беларускія афіцэры, якія ўдзельнічалі ў вайне з балынавікамі на пачатку 1921, перамір'е на польска-савецкай мяжы лічылі часовым становішчам. У гэтым перакананні праўдападобна ўмацоўвалі іх прадстаўнікі польскай разведкі, якія пастаўлялі ім зброю і сродкі на ўтрыманне аддзелаў. Пасля падпісання 18 сакавіка 1921 Рыжскай мірнага дагавора частка камандзіраў «Зялёнага Дуба» прызнала беларускі эміграцыйны ўрад Вацлава Ластоўскага адзіным прадстаўніцтвам беларускага народа. Многія памянялі фронт: спынілі антысавецкую партызанскую дзейнасць і далучыліся да антыпольскага руху, які арганізаваў ковенскі цэнтр на тэрыторыі Гродзеншчыны і Віленшчыны.

Улетку 1921 г. польскія ўлады ў адпаведнасці з Рыжскім мірным дагаворам, забаранілі беларусам весці якія-небудзь дзеянні супраць СССР з тэрыторыі Польшчы. У рамках ліквідацыі антысавецкіх цэнтраў у межах польскай дзяржавы на Гарадзеншчыне яны зачынілі беларускія школы і забаранілі выдаваць газеты на беларускай мове.

Беларусы ў Сярэдняй Літве[правіць | правіць зыходнік]

У кастрычніку 1920 польскае войска пад камандаваннем генерала Люцыяна Жалігоўскага заняло Віленшчыну, якая ад ліпеня знаходзілася ў межах Літвы. На тэрыторыі абвешчанай генералам Л. Жалігоўскім гэтак званай Сярэдняй Літвы Вацлаў Іваноўскі і Браніслаў Тарашкевіч атрымалі высокія пасады ў польскай адміністрацыі — Часовай кіруючай камісіі. Аднак віленскі Беларускі нацыянальны камітэт не выказаў падтрымкі іх місіі. Па-за тэрыторыяй Сярэдняй Літвы ўсюды, куды вярталася польская адміністрацыя, зачынялі беларускія школы. Дый на Віленшчыне беларускае школьніцтва існавала толькі да тае пары, пакуль у складзе Часовай кіруючай камісіі былі В. Іваноўскі і Б. Тарашкевіч.

Палітыка ўраду Літвы[правіць | правіць зыходнік]

Пераможаныя літоўцы, зацікаўленыя ў аслабленні Польшчы, сталі прыхільнікамі беларускага незалежніцкага руху.

13 лістапада 1920 ўрад БНР Вацлава Ластоўскага падпісаў з урадам Літвы пагадненне аб узаемнай падтрымцы дзеля «стрымання польскага імперыялізму». За фінансавую дапамогу і падтрымку на міжнароднай арэне ўрад Ластоўскага абавязаўся перадаць у распараджэнне літоўскага галоўнага камандавання ўсе беларускія ваенныя часткі, якія знаходзіліся на тэрыторыі Літвы. Паабяцаў ён таксама паўплываць на беларусаў, каб у выпадку рэферэндуму ў справе дзяржаўнай прыналежнасці Сярэдняй Літвы яны галасавалі за карысны для Літвы вынік. Урад В. Ластоўскага праз пасрэдніцтва літоўскага ўрада атрымаў таксама 40 млн марак крэдыту ад Германіі на фінансавую падтрымку партызанскіх фарміраванняў, якія мелі змагацца з Польшчай у выпадку яе вайны з Літвой.[3]

Рыжскі мір[правіць | правіць зыходнік]

Пад час мірных перамоў, якія ішлі ў Рызе з восені 1920, беларусаў не прадстаўляў ніводзін палітычны цэнтр. Паводле ўдзельніка перамоў з польскага боку Станіслава Грабскага, савецкі ўрад узамен за саступкі на тэрыторыі Украіны прапанаваў Польшчы большую частку Беларусі разам з усёй Міншчынай. Баючыся залішне вялікай колькасці праваслаўнага насельніцтва ў межах Рэчы Паспалітай, С. Грабскі адстойваў мяжу ўздоўж Дзвіны, ад латышска-савецкай граніцы ў кірунку сярэдняга цячэння Прыпяці[4]. Такі выгляд мяжы з СССР, нават пры добрым стаўленні польскага боку, касаваў магчымасць ажыццяўлення якіх-небудзь федэрацыйных планаў, спрыяў канцэпцыі інкарпарацыйнай палітыкі.

Рыжскі мірны дагавор нанес вялікі ўдар па беларускіх палітыках Найвышэйшай Рады БНР і Беларускага палітычнага камітэта, якія паслядоўна выказваліся за аб'яднанне беларускіх зямель і стварэнне федэрацыі з Польшчай. Акцыя генерала С. Булак-Балаховіча ў Мазыры і Слуцкі збройны чын не змянілі стаўлення польскага ўрада і парламента да выканання пагадненняў, падпісаных з бальшавікамі ў кастрычніку 1920 і пацверджаных Рыжскай мірнаю дамовай. Гэтая дамова, якая падзяліла Беларусь, не была ўхвалена ніводным уплывовым беларускім цэнтрам у Польшчы. Яна стварыла сітуацыю супярэчнасці польска-беларускіх інтарэсаў і вялікія магчымасці ўздзеяння на гэтыя судачыненні з боку Масквы.

Зноскі

  1. Из истории гражданской войны в СССР, Т.3, Мн., 1961, с. 320.
  2. O. Łatyszonek, Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923, 1995, s. 156.
  3. Я. Мірановіч, Найноўшая гісторыя Беларусі, 2003, с. 51
  4. S. Grabski, W Mińsku i Rydze // Więż, 1988, nr 11-12, s. 173—174

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  • Мірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. - СПб., 2003. - С. 43-51.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]