Беларусы ў далёкаўсходніх канфліктах СССР

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларусы прымалі актыўны ўдзел у далёкаўсходніх ваенных канфліктах СССР. У ролі ваенных саветнікаў, спецыялістаў і ваеннаслужачых рэгулярных часцей яны змагаліся ў Япона-кітайскай вайне, ля возера Хасан і на рацэ Халхін-Гол, Савецка-японскай, Карэйскай і В’етнамскай войнах. Дзевяць ураджэнцаў Беларусі былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза за ўдзел у баявых дзеяннях у рэгіёне.

Япона-кітайская вайна[правіць | правіць зыходнік]

У Кітай былі камандзіраваны саветнікі і інструктары, якія працавалі як у цэнтральных ваенных структурах, так і непасрэдна ў войсках. Некаторы час савецкі кантынгент узначальваў Кузьма Качанаў (Целякі, Пастаўскі раён). Ураджэнцы Беларусі занялі і іншыя ключавыя пасады. Так, напрыклад, у кастрычніку 1938 года Зелік Іофэ (этнічны яўрэй з Дашкоўкі, Магілёўскі раён) стаў галоўным інжынерам 2925-кіламетровай аўтамабільнай трасы ад Казахстана праз сіньцзянскія гарады Урумчы і Кульджа да канчатковага пункта ў Ланьчжоў, па якой дастаўлялася ваенная дапамога. Непасрэдны ўдзел у эксплуатацыі трасы і забеспячэнні яе бяспекі прымаў Кірыл Арлоўскі (Мышкавічы, Кіраўскі раён). Яго галоўнай задачай былі разведвальныя паездкі па трасе і барацьба з дыверсантамі, паколькі ў гэтым раёне пражывала вялікая колькасць былых белагвардзейцаў-эмігрантаў і дзейнічала японская дыверсійная група, якая некалькі разоў нападала на Кульджу. Для аператыўнага прыкрыцця Арлоўскага прызначылі намеснікам начальніка мясцовай перавалачнай авіябазы[1].

У лістападзе 1937 года ў Нанкін прыбыла першая група савецкіх авіятараў. Сярод іх быў Фёдар Добыш (Коханаў, Крычаўскі раён), накіраваны інструктарам для навучання кітайскіх пілотаў. Да канца снежня ён падрыхтаваў групу ў 45 чалавек. Акрамя таго, аж да чэрвеня 1938 года, Добыш прымаў удзел у баях у якасці камандзіра бамбардзіровачнага авіяатрада. Падчас паветранага бою 29 красавіка 1938 года вызначыўся Сяргей Грыцавец (Бараўцы, Баранавіцкі раён). У той дзень савецкія авіятары прадухілілі масіраваны бамбардзіровачны ўдар па горадзе Ханькоў, збіўшы 21 самалёт з 54[2].

Двое лётчыкаў-беларусаў, якія змагаліся ў Кітаі, удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Першым быў Аляксей Благавешчанскі (Брэст). У «гарачай кропцы» служыў са студзеня 1938 года. Спачатку камандаваў авіяэскадрылляй, затым — Наньчанскай[1] знішчальнай авіягрупай. Здзейсніў 73[1]—117[2] баявых вылетаў на знішчальніках І-15 і І-16, правёў 11[1]—40[2] паветраных баёў, у якіх збіў асабіста 7 і ў складзе групы 16[2]—20[1] самалётаў праціўніка. Пасля званне атрымаў Яўген Нікалаенка (Вудага, Чэрыкаўскі раён), які прыбыў у Кітай вясной 1938 года. Камандаваў знішчальнай[1] эскадрылляй. Збіў 6 асабіста і яшчэ 10 самалётаў у складзе групы[2].

За 1937—1941 гады на тэрыторыі Кітая загінулі ў паветраных баях і авіякатастрофах звыш 200 савецкіх лётчыкаў, сярод якіх, як устанавіла Ірына Варанкова, было як мінімум 4 беларусы: 26 ліпеня 1938 года — малодшы камандзір Падвальскі (загінуў у раёне горада Аньцынь правінцыі Аньхой), 1 студзеня — малодшы камандзір Грышаеў і ваентэхнік 2-га рангу Шаўцоў (абодва пахаваныя ў горадзе Ханьчжун правінцыі Шэньсі), 2 студзеня 1940 года — ваентэхнік 1-га рангу Кокін (пахаваны ў павеце Баацін правінцыі Хэйлунцзян)[1].

Савецка-японскія канфлікты[правіць | правіць зыходнік]

Баі на возеры Хасан[правіць | правіць зыходнік]

У наступленні ля возера Хасан 2 жніўня 1938 года ў складзе 40-й стралковай дывізіі 39-га стралковага корпуса 1-й Прыморскай арміі прынялі ўдзел лейтэнанты Волкаў і Лямешка (абодва Гомель і абодва пазней загінулі)[3]. У атацы 6 жніўня задзейнічаны новыя дывізіі, уключаючы 32-ю, чыім інструктарам палітаддзела быў Бакштаеў (Талачынскі раён), і 39-ю, у якой на пасадзе начштаба знаходзіўся Аляксандр Бацюня (Курган, Кіраўскі раён). Акрамя таго, з паветра іх падтрымлівалі лётчыкі 2-й паветранай арміі: раней згаданы Благавешчанскі[⇨], Бяляўскі (?), Мірановіч (Лагойск), Пілютаў (Рагачоўскі раён), Бляхер (Орша, загінуў у ходзе авіяналёту). Ад гаўбічнага палка 40-й стралковай дывізіі змагаліся Асташонак (Чэрвеньскі раён), Абметка (Смалявіцкі раён), атрадаў 32-й дывізіі — Мельчанка (паранены ў нагу), Пазняк, Галушкевіч (усе трое Мазыр). Непасрэдна ў атаку пайшлі механік-кіроўца 2-й механізаванай брыгады Асташонак і чырвонаармеец 121-га кавалерыйскага палка Жыткоўскі (абодва Талачынскі раён і абодва загінулі). У сутычках наступных чатырох дзён удзельнічалі Шабека (Талачынскі раён), Мілавідаў (Верхнядзвінскі раён), Вавілаў (Полацк), Ягораў (Орша), Крыловіч (Мінск), Барысёнак (Мінскі раён), Жаўняк (Хойніцкі раён), Траццякоў (Нараўлянскі раён), Харламчук (Калінкавіцкі раён), Навасельцаў (Чавускі раён), Смолікаў (Касцюковіцкі раён) і многія іншыя[4].

У баях 8—9 жніўня за вышыні ля возера вызначыўся баец Жарнасенка. У першую гадавіну хасанскіх падзей газета «Советская Белоруссия» апублікавала артыкул пра байца, падкрэсліўшы, што ён быў «першым чырвоным кулямётчыкам на вышыні Кулямётнай... а калі на сопцы Заазёрнай узвіўся чырвоны сцяг перамогі, Жарнасенка была даручана ахова вышыні»[4]. Таксама на Хасане змагаліся Біндалаў (Халопеніцкі раён, паранены ў баях), Бяспалаў (Бабруйскі раён, паранены ў нагу), Козел[5]. У баях, без уліку згаданых Волкава, Лямешка, Жыткоўскага і Асташонка, загінулі чырвонаармейцы Шчарбакоў і Павераны (абодва Добрушскі раён), Лапцеў (Дубровенскі раён), Балашчанка і Чарнашэй (абодва Рэчыцкі раён), Леўчанка (Камарынскі раён), Хадатовіч (Чашнікі), Даронін, Лісецкі і Шман (усе тры Сенненскі раён), старшы лейтэнант Шэйнкман (Нараўлянскі раён) і іншыя[4]. Акрамя таго, беларусы знаходзіліся і ў небаявых часцях. Так, напрыклад, брыгаду караблёў Ціхаакіянскага флоту, якая забяспечвала дастаўку грузаў, узначальваў капітан 1-га рангу Скрыганаў (Жлобінскі раён). Ад інжынерных войск у зоне баявых дзеянняў знаходзіўся маёр Галдовіч (Барысаў), які служыў у штабе 39-га стралковага корпуса. У службе забеспячэння тылу ўдзельнічаў у падзеях вайсковец Крэсік (Мінск)[6].

Баі на рацэ Халхін-Гол[правіць | правіць зыходнік]

У ліку першых удзельнікаў баёў быў начальнік разведвальнай часці штаба Асобнай мотаброневай брыгады Сцяпан Вяршковіч (Сялец, Смаргонскі раён)[7]. 29 мая ў Манголію накіравалі 48 лётчыкаў і авіяспецыялістаў, у тым ліку раней згаданы Грыцавец[⇨], які за асаблівыя заслугі ў баях на Халхін-Голе ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Разам з ім туды накіраваўся авіятар Смалякоў (Буда, Чавускі раён). Неўзабаве пачалася перакідка часцей з Беларускай ваеннай акругі. У ліпені сюды прыбыў лётчык Аляксей Антоненка (Васькавічы, Віцебскі раён)[8].

У перыяд з 3 па 5 ліпеня ў «гарачай кропцы» загінулі старшыя лейтэнанты Клёнаў (Крычаў) і Петруненка (Іванкі, Брагінскі раён), малодшы камандзір Бакуноў (Валкулакава, Дубровенскі раён), старшына Пруднікаў (Новы Дзедзін, Клімавіцкі раён), чырвонаармейцы Бываеў (Малая Дзяцель, Дубровенскі раён), Сачонак (Даўляды, Нараўлянскі раён) і іншыя[9]. 20 жніўня з ліку байцоў 36-й Забайкальскай і 82-й стралковай дывізій загінулі лейтэнант Пінчук (Зарэчка, Петрыкаўскі раён), курсант Грыневіч (Дзяржынск), чырвонаармеец Іонін (Абалі, Любанскі раён) і іншыя. У ходзе вырашальнага наступлення 21—29 жніўня загінула яшчэ больш беларусаў: старшы лейтэнант Тарасаў (Барысаў); лейтэнанты Равякоў (Жлобін), Паўленка (Гдзень, Брагінскі раён), Канстанцінаў (Віцебск); малодшыя камандзіры Баравікоў (Гомель), Гогаль (Лугавая, Талачынскі раён); старшына Сідарэнка (Канічы, Касцюковіцкі раён); чырвонаармейцы Вейс (Бабруйск), Шпанькоў (Новая Буда, Гомельскі раён), Гасцінаў (Ячэнка, Уздзенскі раён), Сплензер (Папоўцы, Краснаслабодскі раён), Глезер (Слуцк), Ярмак (Малыя Зімовішчы, Мазырскі раён), Харчакоўскі (Крупка, Лельчыцкі раён), Галубоўскі (Талачын) і іншыя[10].

Ордэнамі Леніна былі пасмяротна ўзнагароджаны старшы лейтэнант 9-й мотаброневай брыгады Караняка (Мінск), лейтэнант 150-га змешанага авіяпалка Ваўкоў (Сялец, Буда-Кашалёўскі раён), старшыны 56-га хуткаснага бамбардзіровачнага авіяпалка Краско (Гарані, Бешанковіцкі раён) і Шыпкевіч (Лявонцьевічы, Мінскі раён). Акрамя іх, у баях удзельнічалі артылерыст Багушэвіч (Мінск), лётчык Ганчар (Казлоўка, Мсціслаўскі раён), Шут (Плешчаніцы, Лагойскі раён), пяхотнікі Жгіраў (Гута, Рагачоўскі раён), Марозаў (Казіміраўка, Лоеўскі раён), Церашкоў (Карма, Добрушскі раён). Праз Халхін-Гол прайшоў шэраг будучых генералаў, у тым ліку Васіль Бібікаў (Слаўгарад), Бачкоў (Казіміраўская Слабодка, Жлобінскі раён), Залескі (Нагорны, Мазырскі раён), Кірыл Суляйкоў (этнічны рускі з Клімаўкі, Гомельскі раён), Міхаіл Панфіловіч (Чавусы)[11]. Сярод штабістаў адзначыўся палкоўнік Любарскі (Старыя Пяскі, Бярозаўскі раён), які ўдзельнічаў у планаванні жнівеньскага наступлення[12].

Савецка-японская вайна[правіць | правіць зыходнік]

Як адзначыў ваенны гісторык Эмануіл Іофе, дакладная колькасць беларусаў-удзельнікаў савецка-японскай не ўстаноўлена[13]. Тым не менш, грунтуючыся на суадносінах спісачнага складу РСЧА і колькасці вайскоўцаў з Беларусі, даследчык выказаў здагадку аб прыкладна 26 % ад агульнай колькасці войск. Яго калега Мікіта Панін, выкарыстоўваючы дадзеную методыку, вылічыў, што з 1 664 500 байцоў (колькасць далёкаўсходняй групоўкі) 64 000 — этнічныя беларусы і ўраджэнцы краіны розных нацыянальнасцяў[14].

У непасрэдным планаванні і правядзенні аперацыі ўдзельнічаў начальнік Генеральнага штаба, член Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання, генерал арміі Аляксей Антонаў (татарын-крашан з Гродна). Сярод іншых ураджэнцаў Беларусі на ключавых пасадах былі[13]:

Ад ваенна-марскіх сіл змагаліся контр-адмірал Канстанцін Сакольскі (Брэст), капітан 1-га рангу Навум Цырульнікаў (Быхаў), капітан-лейтэнант Уладзімір Маркароўскі (Віцебск), начальнік аддзела хімічнага ўзбраення ВМФ генерал-маёйр Павел Ляньковіч (Казаброддзе, Круглянскі раён), марпех Аляксандр Гарчанка (?); ад ваенна-паветраных — капітан Уладзімір Наржымскі (Цімкавічы, Капыльскі раён)[13].

З 87 вайскоўцаў, удастоеных Героя Савецкага Саюза за ўдзел у кампаніі супраць Японіі, 5 з Беларусі: камандзір 12-й штурмавой авіяцыйнай дывізіі ВПС Ціхаакіянскага флоту Макар Барташоў (Жлобін), камандзір 203-й стралковай дывізіі генерал-маёр Гаўрыіл Здановіч (Крывошын, Ляхавіцкі раён), інструктар палітаддзела 101-й стралковай дывізіі 16-й арміі 2-га Далёкаўсходняга фронту старшы лейтэнант Васіль Кот (Найда, Жыткавіцкі раён), намеснік начальніка аператыўнага аддзела штаба арміі 2-га Далёкаўсходняга фронту падпалкоўнік Мікалай Ласкуноў (Станіславава, Шумілінскі раён; загінуў у ходзе баёў, пахаваны ў павеце Фуцзін правінцыі Хэйлунцзян); афіцэр-аператар штаба берагавой абароны Петрапаўлаўскай ваенна-марской базы Ціхаакіянскага флоту маёр Цімафей Паштароў (Каласы, Рагачоўскі раён)[13][15][16].

Халодная вайна[правіць | правіць зыходнік]

Карэйская вайна[правіць | правіць зыходнік]

У складзе савецкага 64-га авіякорпуса, які змагаўся на Карэйскім паўвостраве, было шмат злучэнняў Беларускай ваеннай акругі: 216-я Гомельская Чырванасцяжная ордэна Суворава знішчальная авіядывізія, 190-я Полацкая Чырванасцяжная ордэна Кутузава знішчальная авіядывізія, 18-ы гвардзейскі Віцебскі двойчы Чырванасцяжны ордэна Суворава і французскага крыжа ордэна Ганаровага Легіёна полк «Нармандыя—Нёман». З кастрычніка 1950 года да кастрычніка 1951 года ў складзе корпуса ўдзельнічалі ў Карэйскай вайне 383-і і 439-ы авіяпалкі 144-й знішчальнай авіядывізіі СПА, якія прыбылі з Баранавіч. У складзе корпуса знаходзіліся таксама зенітныя артылерыйскія часці, падраздзяленні сувязі, медыцынскія і інш[17].

Першы час, да лістапада 1951 года, корпус уваходзіў у аператыўную групу савецкіх ВПС у Кітаі. Злучэнне ўзначальваў галоўны ваенны саветнік НВАК генерал-палкоўнік Сцяпан Красоўскі (Глухі, Быхаўскі раён)[18].

Сярод лётчыкаў-беларусаў праз Карэю прайшлі падпалкоўнік Балабайкін (Варацькава, Крычаўскі раён), капітаны Заплаўнёў (Полацк), Бакач (Красналукі, Чашніцкі раён), Лепікаў (Ялавец, Хоцімскі раён), старшыя лейтэнанты Карніенка (Нікіфараўка, Кармянскі раён), Гуц (Віркі, Крупскі раён) і іншыя. У спісах загінулых лічацца 6 авіятараў: старшыя лейтэнанты Чэрнікаў (Курганне, Рагачоўскі раён), Шабека (Янавічы, Віцебскі раён), Шмагунаў (Цёмны Лес, Дрыбінскі раён), Язеў (Гняздзілава, Бешанковіцкі раён), Пронін (Гомель), Яўген Стэльмах (Вязаўніца, Асіповіцкі раён). Апошні пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. У ходзе адбіцця авіяцыйных налётаў праціўніка загінулі таксама: зенітчык радавы Дзмітрук (Калушня, Камянецкі раён), тэлефаніст радавы Міклуш (Блужа, Пухавіцкі раён), тэлеграфіст яфрэйтар Селіванаў (Аршанскі раён). Памерлі ад захворванняў: начальнік метэаралагічнай службы 50-й авіядывізіі маёр Насевіч (Васільчыцы, Капыльскі раён) і шафёр кіслароднай станцыі радавы Жыгараў (Гомель). 27 чэрвеня 1953 года пры крушэнні пасажырскага самалёта, атакаванага ВПС ЗША, загінуў старшы лейтэнант 1534-га мінна-тарпеднага авіяпалка Ваенна-паветраных сіл Ціхаакіянскага флоту Леках (Бабруйск)[19].

В’етнамская вайна[правіць | правіць зыходнік]

У сучаснай Беларусі рэдка гавораць аб удзеле суайчыннікаў у В’етнамскай вайне[20]. Вядома, што адзін ураджэнец краіны загінуў ад выбуху авіяцыйнай бомбы 9 верасня 1972 года. Ім быў старшы лейтэнант, старшы тэхнік ЗРК С-75 дывізіёна 285-га палка 363-й дывізіі В’етнамскай народнай арміі Міхаіл Брындзікаў (Забычанне, Касцюковіцкі раён)[21].

У 2007 годзе выданне «СБ. Беларусь сегодня» апублікавала гутарку з нейкім зенітчыкаў Аляксандрам Якаўлевым, які пабываў у «гарачай кропцы» ў канцы 60-х. Месца службы — раён у 250 км на поўдзень ад горада Віня, у правінцыі Куангбінь[20]. У 2010 годзе «БелГазета» выпусціла інтэрв’ю з падпалкоўнікаў Сяргеем Батаевым, які служыў у В’етнаме ў 1968—69 гадах. Працаваў як спецыяліст па каардынатнай сістэме зенітна-ракетнага комплексу[22]. У 2017 годзе ў «KYKY» выйшаў артыкул пра некалькіх зенітчыкаў-беларусаў, якія прайшлі праз В’етнам: афіцэры СПА Пётр Далжанкоў (у краіне працаваў з 1965 па 1966 як інструктар практычнага навучання і афіцэр навядзення), Мікалай Блінкоў (1967—1968, ваенны інструктар, навучаў в’етнамцаў эксплуатацыі ЗРК С-75 «Дзвіна»), Дзмітрый Салашэнка (ваенны інструктар у В’етнаме з 1972 па 1973 год, дапамагаў з абслугоўваннем сістэмы СПА С-75), сяржант-тэрміновік Віктар Васечек (у В’етнаме з красавіка па лістапад 1966, аператар ручнога суправаджэння С-75)[23].

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Станам на 2020 год у КНР на дзяржаўным уліку знаходзяцца 74 магілы савецкіх воінаў, брацкіх і адзіночных. Сярод іх ёсць пахаванні беларусаў, якія пайменна ўлічаныя супрацоўнікамі МЗС Беларусі. Да такіх аб’ектаў адносяцца: мемарыяльныя паркі загінуўшых герояў ва Унутранай Манголіі, помнікі ў гарадах Ухань, Чанчунь, Нанкін, Ланьчжоў, а таксама шэсць мемарыялаў у правінцыі Хэйлунцзян[24]. Супрацоўнікі беларускай дыпмісіі ў Кітаі рэлугярна прымаюць удзел у цырымоніі ўскладання вянкоў да мемарыяла савецкім і мангольскім воінам у павеце Чжанбэй гарадской акругі Чжанцзякоў правінцыі Хэбэй. Дыпламаты Генеральнага консульства Беларусі ў Шанхаі штогод праводзяць у Нанкіне цырымонію ўскладання вянкоў да мемарыяла савецкім лётчыкам, у тым ліку і ўраджэнцам Беларусі, якія загінулі ў 1937—1939 гадах[25].

У маі 2015 года Старшыня КНР Сі Цзіньпін наведаў Мінск. У рамках візіту ён узнагародзіў 15 беларускіх ветэранаў, якія ўдзельнічалі ў савецка-японскай вайне, медалём Міру[26].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Воронкова, И.Ю. Крепкой дружбою сильны: Белорусский аспект советско-китайских отношений в 1920–1950-е годы // Беларуская думка : журнал. — 2015. — № 6. — С. 18—25.
  • Воронкова, И.Ю. На берегах легендарного Халхин-Гола // Беларуская думка : журнал. — 2014. — № 7. — С. 90—96.
  • Воронкова, И.Ю. «У границ земли дальневосточной…»: 75 лет назад произошел советско-японский военный конфликт у озера Хасан // Беларуская думка : журнал. — 2013. — № 7. — С. 70—75.
  • Воронкова, И.Ю. На полуострове раздора // Беларуская думка : журнал. — 2018. — № 6. — С. 84—91.
  • Мацель, В.М. Сотрудничество Беларуси и Китая по воспитанию исторической памяти у молодежи двух стран // Беларуская думка : журнал. — 2022. — № 12. — С. 83—91.
  • Иоффе, Э.Г. Белорусы в советско-японской войне // Милиция Беларуси. — 2015. — № 4. — С. 30–35.
  • Панін, М. Забытая вайна супраць забытага агрэсара // Беларуская думка : часопіс. — 2010. — № 8. — С. 90—96.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Дакументальныя фільмы