Беларусь у Халоднай вайне

Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, як частка Савецкага Саюза, была ўцягнута ў супрацьстаянне сацыялістычнага і капіталістычнага блокаў у гады Халоднай вайны. Беларуская дыпламатыя актыўна падтрымлівала знешнепалітычны курс агульнасаюзнага кіраўніцтва па пытанні барацьбы з Захадам.
У рамках гіпатэтычнай Трэцяй сусветнай вайны паміж СССР і ЗША асаблівая роля адводзілася Беларускай ваеннай акрузе, якой ставілася задача прыкрыцця заходняга напрамку. Для падрыхтоўкі да патэнцыяльных ядзерных удараў на тэрыторыі рэспублікі ўдасканальвалася грамадзянская абарона і сістэма папярэджання аб нападах.
Вайскоўцы Беларускай ВА, этнічныя беларусы, ураджэнцы краіны розных нацыянальнасцяў і будучыя грамадзяне незалежнай Рэспубліка Беларусь прымалі ўдзел у шэрагу лакальных канфліктаў таго перыяду.
На міжнароднай арэне
[правіць | правіць зыходнік]У ходзе падрыхтоўкі да стварэння ААН савецкія ўлады асцерагаліся, што Масква ў ёй магла апынуцца ў ізаляцыі сярод капіталістычных краін. Як рашэнне гэтай праблемы меркавалася ўключыць у склад дзяржаў-заснавальнікаў Украіну і Беларусь[1][2]. Выхад на міжнародную арэну стала для рэспублікі важнай падзеяй. У лютым 1944 г. ёй было прадастаўлена права ажыццяўлення самастойнай знешнепалітычнай дзейнасці. У Канстытуцыі было замацавана права ўступаць у непасрэдныя дыпламатычныя адносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі дамовы, пагадненні і абменьвацца дыпламатычнымі і консульскімі прадстаўніцтвамі[3]. У 1974—1975 гадах Савецкая Беларусь абрана непастаянным членам Савета Бяспекі[4].
На пленарным пасяджэнні Генеральнай Асамблеі 19 верасня 1947 года выступіў міністр замежных спраў БССР Кузьма Кісялёў. Гэтая прамова кіраўніка беларускай дэлегацыі па форме і змесце адрознівалася ад яго выступлення на 1-й сесіі. Кісялёў спыніўся на ўсіх актуальных тады праблемах сусветнай палітыкі: вынікі дзейнасці ААН; амерыканскія планы сусветнага панавання; барацьба СССР за мір; прынцып аднагалоснасці ў Савеце Бяспекі; праблема раззбраення і ўсеагульнага скарачэння ўзбраенняў; іспанскае і інданезійскае пытанні; выдача і пакаранне ваенных злачынцаў. Рэзка змянілася і танальнасць прамовы міністра замежных спраў БССР. Замест спакойных выказванняў аб неабходнасці супрацоўніцтва вялікіх дзяржаў і ўсіх Аб’яднаных Нацый прыйшла рэзкая абвінаваўчая рыторыка. У асобе ЗША, якія Кісялёў імкнуўся прадставіць пераемнікам фашысцкай ідэалогіі і палітыкі, фармаваўся вобраз ворага[5].
Як пісаў гісторык Уладзімір Снапкоўскі, каментую выступленне, «так беларуская дыпламатыя пачала плаціць суровую даніну халоднай вайне»[5].
На кожнай сесіі ГА беларуская дэлегацыя адстойвала пазіцыі сацыялістычнага лагера[6]. У перыяд Карэйскай вайны дэлегацыя БССР выступала за мірнае ўрэгуляванне і вывад з Карэі ўсіх замежных войск[7]. Дыпламаты рэспублікі асудзілі дактрыну Трумэна і план Маршала[8]. Па кітайскім пытанні краіна выступала за перадачу месца Тайваня ў СБ ААН КНР[9][10]. З пачаткам дэкаланізацыі ў Азіі і Афрыцы грамадскасць рэспублікі рашуча выступала ў падтрымку народаў, якія змагаліся за незалежнасць альбо знаходзіліся ў канфрантацыі з заходнімі дзяржавамі і іх саюзнікамі, у прыватнасці, Інданезіі (па пытанні антыкаланіяльнай вайны), Алжыра (па пытанні антыкаланіяльнай вайны), Егіпта (па пытанні Суэцкага крызісу), арабскіх дзяржаў (у араба-ізраільскім супрацьстаянні)[11]. Датычна Кангалезскага крызісу дэлегацыя БССР заклікала асудзіць інтэрвенцыю Бельгіі і запатрабаваць ад бельгійскага ўрада вываду сваіх войск з Рэспублікі Конга[12]. У 1980 годзе яна прагаласавала супраць рэзалюцыі ГА, якая кваліфікавала ўвод савецкіх войск у Афганістан як замежную інтэрвенцыю[13].
Беларускі народ падтрымлівае законную барацьбу народаў Анголы, Мазамбіка, Гвінеі-Бісау, Зімбабвэ, Намібіі, якія змагаюцца супраць партугальскіх і паўднёваафрыканскіх каланізатараў-расістаў і іх імперыялістычных апекуноў. Беларуская дэлегацыя патрабуе спынення дапамогі і падтрымкі рэжымаў ПАР, Паўднёвай Радэзіі і Партугаліі з боку ЗША, Англіі, ФРГ і іншых заходніх дзяржаў.— міністр замежных спраў БССР А. Гурыновіч на 25-й сесіі ГА[14].
У перыяд гарбачоўскай перабудовы БССР, таксама як і агульнасаюзнае кіраўніцтва, змяніла падыход да праблематыкі Халоднай вайны: замест канфрантацыі дыпламаты перайшлі да карэктных і ўважлівых выказванняў[15].
Беларускія прадстаўнікі выкарыстоўвалі аргументацыю і ацэнкі, якія даваліся ад кіраўнікоў агульнасаюзнай дэлегацыі, у залежнасці ад сітуацыі ўзмацняючы або саслабляючы іх[16]. Пазіцыя БССР у ААН па пытаннях, якія ставіліся да праблематыкі адносін двух блокаў, дыктавалася неабходнасцю жорсткай падтрымкі агульнасаюзнай знешнепалітычнай лініі. Магчымасць праявы якой-небудзь самастойнасці або ініцыятывы з боку беларускай дэлегацыі па палітычных пытаннях халоднай вайны выключалася. Паводле Снапкоўскага, беларускія прадстаўнікі выконвалі толькі абмежаваныя тактычныя задачы ў рамках размеркавання функцый паміж дэлегацыямі «савецкага блока», пра што сведчылі адзінкавыя прапановы БССР па карэйскаму і кітайскаму пытаннях[17].
Прагаласаваць не так, як саюзная дэлегацыя — скандал, хоць часам мне здавалася, што звычайная чалавечая логіка, годнасць патрабуе ад нас, што б мы галасавалі разам з большасцю, з Амерыкай. Не, палітыка логікі не прызнае. [...] А як галасаваць? Даводзілася падымацца і бегчы да саюзнай дэлегацыі, якая сядзела ў іншым канцы залы, такое, між іншым, было дадзена ўказанне — не саромецца, хоць газеты [амерыканскія] гэта і высмейвалі. Ды і нашы шэфы саюзныя напышліва пасмейваліся. Мне гэта было абразліва.— пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч І. Шамякін, які неаднаразова ўдзельнічаў у сесіях Генеральнай Асамблеі ААН[3].
Культура і навука
[правіць | правіць зыходнік]Барацьба дзвюх звышдзяржаў на міжнароднай арэне прывяла да «пахаладання» і ўнутры кожнай з краін. Дзеячы мастацтва ЗША і СССР апынуліся ўцягнутыя ў фарміраванне «вобраза ворага», былі згорнутыя навуковыя і культурныя кантакты. Працэсам духоўнай ізаляцыі спрыялі прапагандысты, журналісты, прадстаўнікі інтэлігенцыі і на мясцовым узроўні[18].
Па меры пагаршэння савецка-амерыканскіх адносін у друку Беларускай ССР з’явіліся антызаходняя рыторыка і ідэя барацьбы з нізкапаклонствам перад Захадам. Адным з першых праяў дадзеных тэндэнцый стаў артыкул «За высокую ідэнтычнасць беларускага тэатральнага мастацтва» ў газеце «Советская Белоруссия», дзе крытыкаваліся некаторыя канцэрты за «безгустоўшчыну, безыдэйнасць і пошласць». На сходзе пісьменнікаў і крытыкаў у Мінску 28 жніўня 1946 года Міхасём Лыньковым агучана, што многія творы нацыянальнай літаратуры недастаткова глыбока адлюстроўваюць савецкую рэчаіснасць, папракнуўшы іх у безыдэйнасці і бяздумнасці. Неўзабаве, 30 жніўня, апублікаваная перадавая «Вышэй ідэйны ўзровень працы тэатраў!», у якой гаворка ішла аб засмечанасці рэпертуараў тэатраў замежнымі п’есамі. У верасні ЦК КП(б)б таксама выступіла супраць багацця твораў амерыканскіх і заходнееўрапейскіх драматургаў[19].
Пасля прыняцця «плана Маршала» антызаходняя рыторыка ўзмацнілася. Крыху пазней пачынаецца барацьба з касмапалітызмам у мастацтве. У Беларускай ССР пад удар трапіў Яўрэйскі тэатр у Мінску. У шэрагу яго спекталяў, як паказвалі партыйныя дзеячы, «бязродны касмапалітызм злучыўся з прамым нізкапаклонствам перад замежжам», а таксама ёсць ўсхваленне ЗША. У падобным таксама абвінавачваліся літаратары з яўрэйскімі прозвішчамі. Беларускія газеты захліснула хваля публікацый з крытыкай касмапалітызму і праслаўленнем нацыянальнага гонару[20].
Аднак сферай мастацтва ўсё не абмежавалася, навука таксама была закранута. Так, генетык і селекцыянер Антон Жэбрак апублікаваў у замежным часопісе артыкул з крытыкай поглядаў біёлага Трафіма Лысенкі, за што быў падвергнуты ганенням і пазбаўлены пасады прэзідэнта АН БССР. У рамках барацьбы з касмапалітызмам і беларускім нацыяналізмам ажыццяўлялася кампанія супраць часопісаў «Беларусь» і «Полымя»[21].
Грамадства прамакаецца духам варожасці і недаверу да замежнікаў, падвышанай пільнасці і сакрэтнасці. У 1950 годзе пад уздзеяннем дадзеных фактараў зменена экспазіцыя Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, канфіскоўваліся экспазіцыі краязнаўчых музеяў у Віцебску, Оршы і Лепелі, галоўным чынам тое, што тычылася эканомікі, абараназдольнасці, стратах, партызанскім руху і іншага[22].
Беларуская эміграцыя
[правіць | правіць зыходнік]
Як адзначыў гісторык Анатоль Вялікі, афіцыйны Вашынгтона ставіўся да беларускай эміграцыі вельмі лаяльна. Прыкладам добразычлівасці да яе з’яўлялася тое, што афіцыйныя асобы ЗША на дзяржаўным узроўні аддавалі даніну павагі эміграцыі ў яе імкненні захаваць ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі. Напрыклад, 25 сакавіка 1956 г., дзень святкавання 38-й гадавіны абвяшчэння дзяржавы, мэр Нью-Ёрка Р. Вагнер-малодшы афіцыйна абвясціў Днём Беларусі ў горадзе. У сакавіку 1957 г. губернатары Нью-Джэрсі і Мічыгана таксама афіцыйна абвясцілі 25 сакавіка Днём Беларусі ў сваіх штатах з правядзеннем адпаведных дзяржаўных мерапрыемстваў з нагоды дадзенай даты[3].
У сакавіку 1958 г. з нагоды святкавання 40-годдзя абвяшчэння БНР прэзідэнт ЗША Д. Эйзенхаўэр праз свайго памочніка Ш. Адамса перадаў старшыні Беларуска-амерыканскай асацыяцыі К. Мерляку асабістае пасланне, у якім павіншаваў усіх амерыканскіх беларусаў з тым, што яны адзначаюць гэты дзень на амерыканскай зямлі. Акрамя гэтага, віцэ-прэзідэнт Р. Ніксан напярэдадні прыняў у Капітоліі беларускую дэлегацыю і меў з ёй працяглую гутарку. Больш за тое, упершыню ў гісторыі сената ЗША сенатары ад штатаў Мінесота, Агая, Мічыган, Нью-Джэрсі, Ілінойс і іншыя, усяго больш за 20, выступілі ў Кангрэсе і павіншавалі беларускую эміграцыю з нагоды дня абвяшчэння БНР. 30 сакавіка ў нью-ёрскім гатэлі «Балтымор» адбыўся сход беларускай эміграцыі, на якім з дакладам выступіў прэзідэнт БНР (у выгнанні) М. Абрамчык, зачытаўшы прывітанне Эйзенхаўэра. З прывітальнымі прамовамі выступілі 10 губернатараў штатаў, звыш 20 сенатараў і членаў Палаты прадстаўнікоў. Святкаванне абвяшчэння БНР адзначалася і ў іншых гарадах краіны, як, напрыклад, Чыкага, Кліўленд, Дэтройт. Усе гэтыя мерапрыемствы знайшлі адлюстраванне ў сродках масавай інфармацыі ЗША[3].
У МЗС БССР ахарактарызавалі праведзеныя мерапрыемствы як антысавецкую кампанію, арганізаваную «амерыканскімі рэакцыянерамі», якая была накіраваная «супраць Беларускай ССР і беларускага народа». Савецкая Беларусь таксама выказала шкадаванне, што ў кампанію ўключыліся прэзідэнт, сенатары і члены Палаты прадстаўнікоў. Вялікі падкрэсліў, што амерыканцы выкарыстоўвалі правядзенне падобных мерапрыемстваў і падтрымлівалі беларускую эміграцыю ў піку Маскве, бо менавіта яна цалкам вызначала знешнюю палітыку БССР[3].
Разам з тым эміграцыя трапіла ў поле зроку амерыканскіх спецслужбаў. Супрацоўнікаў ЦРУ ў першую чаргу цікавілі еўрапейскія беларусы, за кошт якіх планавалася правядзенне актыўнай антысавецкай работы. Амерыканцы дзялілі ўсю беларускую пасляваенную эміграцыю на два асноўныя лагеры: адзін — на чале са Старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (у выгнанні) М. Абрамчыкам, другі — Беларуская цэнтральная рада пад старшынствам Р. Астроўскага[23]. Многія з пасляваенных эмігрантаў адзначыліся супрацоўніцтвам з нацыстамі, але, як паказана ў кнізе былога разведчыка Дж. Лофтуса «Нацысцкі сакрэт Амерыкі», ва ўгоду патрэбам Халоднай вайны былых беларускіх калабарацыяністаў улады засцерагалі ад правасуддзя[24].
Галоўным чынам ЗША падтрымалі першую групу, паколькі яна была найбольш уплывовай. У самым пачатку мэты супрацоўніцтва ЦРУ з Радай БНР зводзіліся да дапамогі ў публікацыі прапагандысцкіх матэрыялаў, разлічаных на насельніцтва Беларусі, і эмігранцкіх газет. Так, напрыклад, з 1951 года спецслужба адказвала за фінансаванне газеты «Бацкаўшчына», а з 1952 — часопіса «Шэршань»[24].
ЦРУ распрацавала некалькі праграм, накіраваных на прымяненне эміграцыі ў барацьбе з Масквой. Сярод такіх[25]:
- REDCAP: меркавала работу агентаў з афіцыйнымі прадстаўнікамі БССР, якія прыязджаюць у Заходнюю Еўропу і ЗША, у складзе савецкіх дэлегацый.
- REDSKIN: курыраванне дзейнасці студэнтаў, рэкамендаваных БНР на навучанне ў БССР па праграмах абмену, а таксама паездкі з Польшчы ў Савецкую Беларусь пасля зняцця абмежаванняў на перасячэнне мяжы і турыстычныя паездкі з ЗША ў БССР.
- AEQUOR: падрыхтоўка і закід на тэрыторыю Беларусі дыверсійных і разведвальных груп. Праект ажыццяўляўся з 1951 па 1961 уключна.
Ажыццяўленню апошняй праграмы спрыяла тое, што аж да сярэдзіны 1950-х у Савецкай Беларусі дзейнічаў узброены антысавецкі супраціў. Рух быў прадстаўлены польскай Арміяй Краёвай і Украінскай паўстанцкай арміі, а таксама калабарацыяністамі. Акрамя таго, існавалі падпольныя моладзевыя арганізацыі ў Слоніме, Баранавічах, Жыровічах Ганцавічах, Паставах, Навагрудку, Лідзе, Мядзелі, Смаргоні, Маладзечна, якія ставілі сваёй мэтай абарону нацыянальных правоў і свабод, барацьбу супраць русіфікацыі, за захаванне і развіццё беларускай культуры, мовы, гісторыі, за пашырэнне нацыянальнай самасвядомасці[26][21]. Некаторыя з дадзеных груп і ўзброеных фарміраванняў былі звязаны з амерыканскімі і брытанскімі спецслужбамі. На тэрыторыі БССР дзейнічалі эмісары замежных разведак, якія спрабавалі каардынаваць іх дзейнасць[27].
Ваенныя аспекты
[правіць | правіць зыходнік]Калі да Вялікай Айчыннай вайны тэрыторыя рэспублікі была рэгіёнам Савецкага Саюза на мяжы з капіталістычным светам, то пасля вайны Беларусь стала унутраным рэгіёнам сусветнай сацыялістычнай садружнасці. У краіне разгарнулася будаўніцтва аб’ектаў цяжкай прамысловасці, у тым ліку і ваенна-прамысловага комплексу[28]. Разам з навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй 1950-х — 1960-х гадоў[29] да 1980-х гадоў гэта ператварыла яе ў індустрыяльную рэспубліку з магутным вытворча-эканамічным і навукова-тэхнічным патэнцыялам[30].
У такіх умовах у краіне развіваўся ваенна-прамысловы комплекс. Былі пабудаваны розныя прадпрыемствы, такія як «Інтэграл», Мінскі механічны завод. Акрамя гэтага ў складзе Мінскага аўтамабільнага завода была створана вытворчасць спецыяльных колавых цягачоў. Створаны навукова-даследчыя інстытуты (НДІ) і канструктарскія бюро (КБ): НДІ сродкаў аўтаматызацыі; Мінскі НДІ радыёматэрыялаў; Мінскі навукова-даследчы прыборабудаўнічы інстытут; НДІ электронных вылічальных машын; КБ «Дысплей» на базе аддзела прыкладнога тэлебачання Віцебскага тэлевізійнага завода; Цэнтральнае КБ «Пеленг» і Гомельскае КБ «Луч». Усяго ў савецкі час у БССР працавалі 120 арганізацый абаронна-прамысловага комплексу, уключаючы 15 навукова-даследчых інстытутаў і канструктарскіх бюро. Буйныя вытворчасці, як правіла, не размяшчаліся[31].
Як было заяўлена ў працы «Армія беларускага народа» ад Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, у гады Халоднай вайны групоўка войск Беларускай ваеннай акругі ўносіла вялікі ўклад у забеспячэнне бяспекі дзяржавы на заходнім напрамку, з’яўляючыся па сутнасці найважнейшым фактараў стратэгічнага стрымлівання для НАТА, у выпадку пагрозы пачатку класічнай вайны[32]. Яна лічылася адной з самых магутных з 17 ваенных акруг ва Узброеных Сілах СССР. Рэгіён абсталёўваўся найноўшым узбраеннем і ваеннай тэхнікай. У ліку першых акруга атрымала ракетную зброю, а ў пачатку 1960-х гадоў сілы акругі ў ліку першых былі забяспечаны новымі баявымі машынамі пяхоты і бронетранспарцёрамі. Менавіта тут адпрацоўваліся найноўшыя формы і спосабы кіраўніцтва войскамі ў баі і аперацыі, актыўна ўдасканальвалася арганізацыя палявой і паветранай вывучкі, а таксама спецыяльнай, агнявой і тактычнай падрыхтоўкі[33].

Этнічныя беларусы, ураджэнцы рэспублікі розных нацыянальнасцяў, вайскоўцы БВА і будучыя грамадзяне незалежнай Беларусі ўдзельнічалі ў лакальных канфліктах Халоднай вайны. Так, напрыклад, даследчыца Ірына Варанкова адзначыла ўдзел авіяцыйных, зенітных і медыцынскіх часцей 338-га і 439-га авіяпалкоў з Баранавічаў у Карэйскай вайне. Паводле яе звестак, у замежнай кампаніі загінула 12 ураджэнцаў краіны, уключаючы 6 пілотаў[34]. Сярод савецкіх ваенных спецыялістаў у В’етнаме таксама былі беларусы; адзін з іх, ураджэнец вёскі Забычанне Касцюковіцкага раёна Міхаіл Брындзікаў, які служыў зенітчыкам, загінуў[35]. Праз вайна ў Анголе, па даных навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі і кандыдата гістарычных навук Аляксандры Кузняцовай-Ціманавай на 2020 год, прайшло 167 чалавек, у тым ліку 6 загінулых[36]. Каля 30 тысяч у складзе АКСВА змагаліся ў Афганскай вайне 1979—1989 гадоў. Звыш 700 беларусаў загінулі.
На 2023 год А. Кузняцова-Ціманава заяўляла наступныя лічбы загінулых: Афганістан — 840 (уключаючы беларусаў, народжаных у іншых рэспубліках СССР), Ангола — 7, Карэя — 12, Эфіопія — 5, Сірыя — 3, Емен — 1, Венгрыя — 14, В’етнам — 1, Егіпет — 4[37].
Згодна з Рэспубліканскай кнігай памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў на 2024 год, у В’етнаме ваяваў 201 прадстаўнік Беларусі (1 загінуў), у Егіпце — 619 (3 загінула), у Анголе — 127 (2 загінула), у Эфіопіі — 113 (загінула 5). Кузняцова-Ціманава паказвала, што складанасць у вызначэнні колькасці ветэранаў вызначана наступнымі фактамі: 1) некаторыя вайскоўцы прайшлі праз дзве ці больш «гарачых кропак»; 2) далёка не ўсе ўдзельнікі лакальных ваенных канфліктаў, у тым ліку кадравыя ваенныя, маюць афіцыйны статус воіна-інтэрнацыяналіста; 3) амаль поўная закрытасць крыніцавай базы; 4) адсутнічаюць выразныя крытэрыі ўдзелу ў тым ці іншым ваенным канфлікце вайскоўцаў і грамадзянскіх спецыялістаў[38].
Ядзерная пагроза
[правіць | правіць зыходнік]Беларускія гарады трапілі ў шматлікія амерыканскія планы па ядзерных бамбардзіроўках СССР. У 1956 годзе па існуючай канцэпцыі «масіраванай адплаты» ў выпадку пагрозы ЗША павінны былі нанесці ядзерны ўдар, які разбурыць савецкую інфраструктуру і выключыць магчымы адказ. Сярод беларускіх гарадоў ЦРУ вылучыла Оршу і Быхаў (ідуць пад першымі нумарамі), другарадныя цэлі – Бабруйск, Мінск і Гомель. Станам на 1956 год ракетная зброя толькі развівалася, і СССР з ЗША не валодалі дастатковай колькасцю такіх узбраенняў для дыстанцыйнага знішчэння праціўніка, таму прымаліся пад увагу аэрадромы стратэгічнай авіяцыі. Менавіта ў Оршы і Быхаве знаходзіліся рэактыўныя цяжкія бамбардзіроўшчыкі Ту-16 — машыны, якія валодалі радыусам дзеяння звыш трох тысяч кіламетраў і ўяўлялі пагрозу Еўропе. Для знішчэння савецкіх мэтаў амерыканцы планавалі выкарыстоўваць бамбардзіроўшчыкі B-47, а таксама цяжкія звышдалёкія міжкантынентальныя стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі B-52. Самалёты планавалі абсталёўваць ядзернымі і тэрмаядзернымі боегалоўкамі[39].
На выпадак ажыццяўлення падобных планаў у СССР паўсталі контрмеры. Першапачаткова была створана сістэма мясцовай супрацьпаветранай абароны (МСПА), у 1961 г. яна была ператворана ў сістэму грамадзянскай абароны (ГА).
У пастановах Савета Міністраў Беларускай ССР 1948, 1951, 1957 гг. утрымліваліся падрабязныя інструкцыі па арганізацыі абароны насельніцтва, гарадоў, важных прадпрыемстваў у выпадку пачатку ваенных дзеянняў. Праектаваліся і будаваліся камандныя пункты МСПА, прытулкі, распрацоўваліся навучальныя праграмы па навучанні насельніцтва супрацьатамнай абароне, было забаронена будаўніцтва новых і пашырэнне існуючых прамысловых прадпрыемстваў у гарадах і іншае[40].
У 1960-я гады структура грамадзянскай абароны зведала больш маштабнае ўдасканаленне. На фоне абвастрэння міжнароднай абстаноўкі ў Беларускай ССР на працягу 1962 г. было праведзена тры буйнамаштабных вучэнні, у якіх было задзейнічана больш за 300 тыс. чалавек. Беларускія вайсковыя фармаванні і фармаванні ГА былі прыведзеныя ў стан «павышанай гатоўнасці». Пасля ўрэгулявання канфліктнай сітуацыі грамадзянская абарона заставалася важным элементам ваеннага патэнцыялу СССР і Беларускай ССР і працягвала ўдасканальвацца. Асаблівую актуальнасць набыла праблема забеспячэння ўстойлівай работы эканомікі ў ваенны час. За аснову абароны была прынятая ідэя правядзення масавай эвакуацыі насельніцтва гарадоў — верагодных мэтаў нападу — у загарадныя зоны. Персанал, задзейнічаны ў рабоце прадпрыемстваў, забяспечваўся сховішчамі[40].
У 1970-я грамадзянская абарона была пераведзена пад кантроль Міністэрства абароны СССР. На мясцовым узроўні адказнасць за выкананне мерапрыемстваў ускладалася на Савет Міністраў БССР. Нягледзячы на ваенна-палітычны парытэт і пацяпленне ў адносінах паміж СССР і ЗША, удасканаленне сістэмы па абароне насельніцтва было працягнута. У прыватнасці, у гэты час праводзілася работа па павелічэнні колькасці ахоўных збудаванняў, быў ажыццёўлены комплекс іншых навуковых і практычных мерапрыемстваў. У адпаведнасці з навуковымі распрацоўкамі будаваліся новыя віды супрацьрадыяцыйных хованак, распрацоўваліся больш эфектыўныя планы забеспячэння ўстойлівай работы эканомікі ў ваенны час[41].
Уплыў
[правіць | правіць зыходнік]За гады Халоднай вайны ў беларускага насельніцтва сфармаваўся вобраз НАТА як ворага. Дадзеная акалічнасць пасля распаду СССР ўскладняла наладжванне супрацоўніцтва рэспублікі з блокам[42][43]. Пры ўсім тым, меўся і станоўчы ўплыў умоў Халоднай вайны. Калі да Вялікай Айчыннай вайны тэрыторыя рэспублікі была рэгіёнам Савецкага Саюза на мяжы з капіталістычным светам, то пасля вайны Беларусь стала унутраным рэгіёнам сусветнай сацыялістычнай садружнасці. У краіне разгарнулася будаўніцтва аб’ектаў цяжкай прамысловасці, у тым ліку і ваенна-прамысловага комплексу[28]. Разам з навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй 1950-х — 1960-х гадоў[29] да 1980-х гадоў гэта ператварыла яе ў індустрыяльную рэспубліку з магутным вытворча-эканамічным і навукова-тэхнічным патэнцыялам[30].
У незалежны перыяд краіне дасталася вялікая спадчына: 1410 воінскіх фарміраванняў БВА, групоўка стратэгічных ядзерных сіл (каля 180 злучэнняў, часцей і ўстаноў колькасцю каля 40 тыс. чалавек). Канцэнтрацыя войскаў у рэспубліцы з’яўлялася самай высокай у Еўропе. Так, напрыклад, адзін вайсковец прыходзіўся на 43 чалавекі грамадзянскага насельніцтва. Да Беларусі цалкам адышлі вайсковыя часці сухапутных войскаў і СПА, прыкладна 90% знішчальнай і бамбардзіровачнай авіяцыі, полк транспартнай авіяцыі, полк стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў, паветрана-дэсантная дывізія. На тэрыторыі маладой дзяржавы знаходзілася групоўка ў 240 тысяч чалавек. З іх 125 тысяч чалавек вясной 92-га непасрэдна склалі беларускую армію[44]. Беларусь не магла ўтрымліваць такі кантынгент, а таму правяла скарачэнне арміі. У пачатку 1990-х у рэспубліцы скарочаны 1773 танкі, 130 баявых самалётаў, 1341 баявая браніраваная машына[45]. Асабісты склад паменшаны да 65 000[46]. Праведзена ядзерная дэмілітарызацыя[47].
Ваенныя Беларусі вывучалі вопыт Халоднай вайны. У дадзены перыяд у еўрапейскіх дзяржавах атрымала распаўсюджванне канцэпцыя тэрытарыяльных войскаў, прызначаная практычна выключна для абароны сваёй краіны ў выпадку нападу. Сфармаваныя ў асноўным з рэзервістаў, яны дазвалялі атрымаць у выпадку мабілізацыі часці значнай колькасці, якія добра ведаюць свой рэгіён, але не маюць патрэбу ў вялікім фінансаванні ў мірны перыяд. Тэрытарыяльныя войскі таксама прызначаліся для вядзення партызанскай вайны. Ваенны эксперт Аляксандр Гелагаеў пісаў, што амаль усе прычыны, па якіх у гады Халоднай вайны ў Еўропе развіваліся часці тэрытарыяльнай абароны, апынуліся актуальныя і для незалежнай Беларусі: адносная таннасць у мірны час, гнуткасць — здольнасць быць рознай у залежнасці ад умоў канкрэтнай краіны, абмежаванне міжнародных ваенных абавязацельстваў, падкрэслена абарончая накіраванасць, маральна-псіхалагічная падрыхтоўка насельніцтва і ўцягванне шырокіх слаёў грамадства. Абапіраючыся на гэта, былі сфармаваныя Тэрытарыяльныя войскі Беларусі[48].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Н.Н. Мезга Вступление Белорусской ССР в ООН и дипломатическая деятельность А. А. Громыко // Современная Европа : журнал. — 2019. — № 6. — С. 194—205.
- ↑ Снапковский 2021, pp. 15–16.
- ↑ а б в г д Великий 1999.
- ↑ Снапковский 2021, p. 174.
- ↑ а б Снапковский 2021, p. 80.
- ↑ Снапковский 2021, p. 154.
- ↑ Снапковский 2021, с. 83—85.
- ↑ Снапковский 2021, с. 158.
- ↑ Снапковский 2021, с. 122—126.
- ↑ В. Г. Шадурский Сердечность дружеских встреч // Беларуская думка : журнал. — 2011. — № 9. — С. 30—35.
- ↑ Снапковский 2021, p. 152.
- ↑ C. Ф. Свилас Конголезский кризис 1960—1963 гг. и дипломатия Белорусской ССР // журнал международного права и международных отношений 2010 — № 3
- ↑ Снапковский 2021, с. 186.
- ↑ Снапковский 2021, p. 155.
- ↑ Снапковский 2021, с. 250.
- ↑ Снапковский 2021, p. 81.
- ↑ Снапковский 2021, p. 86.
- ↑ Яковлева 2013, p. 256.
- ↑ Яковлева 2013, pp. 253–254.
- ↑ Яковлева 2013, pp. 254–255.
- ↑ а б Новик 2011, p. 445.
- ↑ Яковлева 2013, pp. 255–256.
- ↑ Кодин 2023, p. 975.
- ↑ а б Кодин 2023, p. 977.
- ↑ Кодин 2023, pp. 978–979.
- ↑ История Беларуси в контексте европейской цивилизации : учеб. пособие / С. А. Елизаров [и др.]. – 2-е изд., испр. – Минск : Вышэйшая школа, 2016 – 399 с. ISBN 978-985-06-2704-9.
- ↑ Краско, Г. Г. Причины и особенности организационного развития советских органов государственной безопасности в 1946-1947 гг. (на примере Белорусской ССР) // Ученые записки. Электронный научный журнал Курского государственного университета. — 2017. — № 3 (43).
- ↑ а б Новик 2011, p. 439.
- ↑ а б Новик 2011, p. 448.
- ↑ а б Новик 2011, p. 456.
- ↑ К. П. Курылев, Н.П. Пархитько, Д. В. Станис Основные направления военно-технического сотрудничества Белоруссии и его особенности // Постсоветские исследования. — 2023. — Т. 6. — № 2. — С. 145—159.
- ↑ Армия белорусского народа 2023, p. 114.
- ↑ Армия белорусского народа 2023, p. 103.
- ↑ Ирина Воронкова. На полуострове раздора // Беларуская думка : часопіс. — 2018. — № 8. — P. 84—91.
- ↑ Беларусь-Вьетнам: Вьетнамский народ посетил могилу Михаила Брындикова (фото и видео)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 чэрвеня 2022. Праверана 30 верасня 2023.
- ↑ Кузнецова-Тимонова, А. В. Белорусские воины-интернационалисты: на примере ветеранов войны в Анголе (1975—1992) / А. В. Кузнецова-Тимонова // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия A, Гуманитарные науки. — 2020. — № 9. — С. 85-87.
- ↑ Кузнецова-Тимонова А.В. Увековечение памяти воинов-интернационалистов, погибших в ходе локальных воин и военных конфликтов 1950 - 1991 гг., в Беларуси: проблемы и перспективы // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А. Гуманитарные науки. — № 1. — С. 83—85.
- ↑ А. В. Кузнецова-Тимонова СОВЕТСКИЕ ВОЕННОСЛУЖАЩИЕ В ЛОКАЛЬНЫХ ВОЙНАХ 2-й ПОЛОВИНЫ ХХ В. (НА ПРИМЕРЕ ПРЕДСТАВИТЕЛЕЙ БЕЛАРУСИ): ИСТОРИКО-СТАТИСТИЧЕСКИЙ АСПЕКТ // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А. Гуманитарные науки. — 2024. — № 3(71). — С. 85-87.
- ↑ Орша и Быхов во время холодной войны могли оказаться целями №1 для США
- ↑ а б Бурик и Альбиновская 2015, p. 25.
- ↑ Бурик и Альбиновская 2015, pp. 25–26.
- ↑ Петрович-Белкин, О.К. Беларусь и НАТО в 1990-е годы: история отношений, основные проблемы и тенденции развития // Вестник Российского университета дружбы народов. Серия: Международные отношения. — 2011. — № 1. — С. 60—67.
- ↑ Русаков, А.В. Основные проблемы взаимоотношений между Республикой Беларусь и Организацией Североатлантического договора в 1990-х гг. // Белорусский журнал международного права и международных отношений. — 2003. — № 2.
- ↑ Армия белорусского народа 2023, pp. 125–126.
- ↑ Армия белорусского народа 2023, p. 135.
- ↑ Цена специалиста. Сколько стоят военные? Архівавана 2 студзеня 2022. // Белорусский Партизан, 14 ноября 2021
- ↑ Армия белорусского народа 2023, p. 134.
- ↑ А. Гелогаев Территориальная оборона — уроки Холодной войны для Беларуси // Belarus Security Blog, 21 апреля 2016
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Яковлева, Г. Н. Начало "холодной войны" и культурные процессы в БССР (конец 1940-х - начало 1950-х гг.)[Текст] / Галина Николаевна ; Г. Н. Яковлева // Актуальные проблемы международных отношений и дипломатии (вторая половина XX - начало XXI в.) : материалы междунар. науч.-практ. конф., Витебск, 25-26 апреля 2013 г. – Витебск : ВГУ имени П. М. Машерова, 2013. – С. 252-256. – Библиогр. : с. 256 (14 назв.).
- Кодин Е. В. Американская разведка и белорусская эмиграция против Советской Белоруссии в годы холодной войны // Вестник Санкт-Петербургского университета. История. 2023. Т. 68. Вып. 4. С. 974–990.
- Снапковский, В. Е. Белорусская ССР в ООН : отряд советской дипломатии в действии // Право и экономика (Серия «Гуманитарные науки»). — Минск: 2021. — P. 318. — ISSN 978-985-552-988-1.
- Гура А.Н., Бузин Н.Е., Даниилов А.М. и др. Армия белорусского народа : к 105-летию вооруженных сил Республики Беларусь. — Минск: «Беларусь», 2023. — 347 с. Архівавана 2 снежня 2024.
- Бурик, Е. А., Альбиновская, А. И. Международная обстановка в годы «холодной войны» и гражданская оборона БССР (1945—1976 гг.). — 2015. — P. 25—26.
- Анатолий Великий. БССР-США: дипломатия периода «холодной войны» // Советское фото : журнал. — 1999.
- Е.К. Новик, И.Л. Качалов, Н.Е. Новик. История Беларуси с древнейших времён до 2010 г.. — Минск: «Вышэйшая школа», 2011. — 526 с. — ISBN 978-985-06-1917-4.