Белая воля

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Белая воля
Дата заснавання 2005
Дата роспуску 2010
Штаб-кватэра Мінск
Ідэалогія беларускі нацыяналізм
папулізм
Колькасць членаў агульная колькасць невядомая
40 — 80 (Мінск, 2007)
Партыйны друк «Штандар Волi»
Сайт bvolya.org

«Бе́лая во́ля» — незарэгістраваны маладзёвы вельмі нацыяналістычны рух сярэдзіны 2000-х гадоў, які дзейнічаў у Мінску. Арганізацыя атрымала вядомасць з-за бойкі на «Сацыяльным маршы» 5 лістапада 2007 года. Шмат дзе ў СМІ арганізацыя лічыцца неанацысцкай, хаця насамрэч сваю прыналежнасць да неанацысцкага руху «Белая воля» ніколі не агалошвала, і паводле словаў яе кіраўнікоў ўсё падобнае да нацысцкага (кшталту вітання) рабілася для эпатажу. Рух складаўся пераважна з брытагаловых, чальцы руху гэтаксама мелі мянушку «белавольцы».

Ідэалогія[правіць | правіць зыходнік]

Для ідэалогіі «Белай Волі» ўласцівыя папулізм, а таксама спекуляцыя на тэмы сацыяльных праблем — ад нелегальнай міграцыі да падзення ўзроўню нараджальнасці. Натхняльнікі «Белай Волі» вызначылі некалькі патэнцыйных пагроз для беларускага грамадства: транснацыянальныя карпарацыі, расійскія алігархі, лібералізм.

Для ідэалогіі «Белай Волі» таксама ўласцівы набор супрацьлегласцей кшталту наяўнасці ў эмблеме арганізацыі афіцыйнага сцяга і бел-чырвона-белага штандара.

Хоць на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы руху выкарыстоўваліся дзве дзяржаўныя мовы, але асноўная колькасць прапагандысцкіх і справаздачных матэрыялаў «Белай Волі» былі напісаныя на рускай мове. Стваральнікі ўльтраправага руху адмяжоўваліся як ад ліберальных апазіцыйных партый, так і ад улад, калі тыя прымалі непапулярныя рашэнні кшталту скасавання ільгот.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак[правіць | правіць зыходнік]

Паводле словаў кіраўнікоў «Белай волі», якія заўсёды заставаліся інкогніта, арганізацыя была створаная ў лістападзе 2005 года. Стварылі яе 3 чалавекі, якія паставілі сваёй мэтай стварэнне моладзевай праварадыкальнай арганізацыі. Паводле артыкула з газеты «Новы час», рух заснаваны выхадцамі з вулічнай групоўкі «Support 88», якія пераарыентавалі рыторыку з «барацьбы супраць іншародцаў» на «барацьбу супраць этнічнай злачыннасці» і «супраць наркаманіі».

«Белая Воля» паўстала як нефармальны рух беларускай моладзі, якi быў створаны для абароны інтарэсаў беларускай нацыі, дзяржавы і прыроднага асяроддзя. Асноўныя прынцыпы руху — нацыяналізм, патрыятызм і экалагізм. Адпачатку пачаў працаваць сайт «Белай Волі».

Грамадская актыўнасць[правіць | правіць зыходнік]

На працягу 2006 года арганізацыя праводзіла пікеты супраць наркаманіі i алкагалізму, нелегальнай іміграцыі і этнічнай злачыннасці, дэструктыўнага ўплыву беларускага тэлебачання, памяці Слабадана Мілошавіча. Шэраг лакальных акцый «Закон адзіны для ўсіх!» супраць цыганскай наркамафii, пад час якiх сябры арганiзацыi правялi аператыўную вiдэаздымку цыганскага шабашу у цэнтры сталiцы, ўзялi інтэрв’ю у мясцовых жыхароў незадаволеных прысутнасцю парушаючых закон цыганаў у адным з раёнаў, разаслалi матэрыялы ў дзяржаўныя установы, прыцягнулі ўвагу грамадства і дзяржавы да цыганскай этнічнай наркамафіі. Дзякуючы намаганням белавольцаў цыганскi злачынны наркабiзнес быў панёс значныя страты. Увосень 2006 года «Белая Воля» абвясціла пра стварэнне службы — «Белавольчаскi кантроль» з мэтай спынення злачыннай дзейнасцi: наркагандлю, наркатрафіку, нелегальнай іміграцыi.

Плакат арганізацыі, 2007

год

На працягу усёй сваёй дзейнасцi «Белая Воля» выступала за суцэльную адмову ад спажывання алкаголю, як асноўнай зброi вынішчэння беларускай нацыі. Арганiзацыяй была распрацаваная праграма па выратаванню беларускай нацыі ад знішчэння алкаголем i iншымi наркотыкамi.

Падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусі ў 2006 годзе «Белая Воля» не падтрымала палітычную апазіцыю. «Рэвалюцыю ў Беларусі не зробіш за заходнія грошы!», «За чужыя грошы немагчыма мець сваю волю!», «Незалежнасць не набудзеш за $» — было напісана ва ўлётках арганізацыі падчас пiкету супраць ліберальнай апазiцыi ў лютым 2007 года.

Пікет у абарону гісторыка-культурных каштоўнасцяў, Мінск, 10 чэрвеня 2007 года

З ініцыятывай «Абаронiм нашу гiсторыю» выступiла арганiзацыя ў чэрвенi 2007 года, зладзіўшы чарговы пiкет у падтрымку шырокай грамадскай кампанii па абароне беларускай гiсторы, культуры i спадчыны. Падчас гэтай кампаніі белавольцы cабралi больш за некалькi  тысяч подпiсаў, раздалi некалькi тысяч буклетаў, а таксама планавалі правядзенне «Правага маршу ў абарону беларускай гісторыі», якi не атрымалася правесцi, бо Мінгарвыкананкам адмовіў, маўляў гэты марш зробіць перашкоды пешаходнаму руху.

За крыху больш чым 2 гады сваёй дзейнасці «Белая Воля» з зусім невялікай суполкі заснавальнікаў ператварылася ў масавы рух з філіяламі ў Гродне, Магілёве, Барысаве і суполкамі спачуваючых ў Слоніме, Лідзе, Віцебску, Наваполацку, Брэсце, Кобрыне, Пінску, аб’яднаўшы вакол сябе шырокі фронт беларускай моладзі: ад рыцарскіх клубаў да футбольных хуліганаў. Арганiзацыя актыўна вяла прапаганду з дапамогай сайта, распаўсюджвала ўлёткі, налепкі, друкаваныя матэрыялы, часопiс «Штандар Волi»,  арганізоўвала патрыятычныя канцэрты, вышкалы, прымала ўдзел у масавых нацыянальна-патрыятычных мерапрыемствах, змагалася з этнакрымiналам, працавала з моладдзю.

5 лістапада 2007 года падчас акцыі апазіцыі «Сацыяльны марш» прайшло шэсце некалькіх дзесяткаў маладых людзей, якія сябе абазначылі як актывісты «Белай Волі». Падчас «Сацыяльнага маршу» адбылася бойка паміж «белавольцамі» і анархістамі, што стала падставай для розных чутак і плётак у СМІ, пачынаючы ад таго, што «Белая Воля» гэта фашысты, і сканчаючы тым, што «Белая Воля» кіравалася з беларускага КДБ.

Заняпад[правіць | правіць зыходнік]

Апошняя акцыя дзе была заўважаная «Белая Воля», гэта Дзень волі ў 2010 годзе, падчас якой каля 20 белавольцаў прайшлі разам з прадстаўнікамі іншых нацыяналістычных арганізацый ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Болей пра «Белую Волю» не было чуваць. Арганізацыя фактычна самараспусцілася, частка сяброў «Белай Волі» далучылася да «Правага альянсу», а большасць удзельнічае ў створанай белавольцамi мацнейшай групоўцы фанатаў мінскага «Дынама» «Blue-White Will» і актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці не прымае.

Плакат «Белай Волі», на якім напісана «…Толькі ў сэрцы трывожным пачую…» (радок з верша Максіма Багдановіча «Пагоня», 2010

Апошні раз «Белая Воля» згадвалася ў СМІ ў 2010 годзе, калі наляпіла сваіх ўлётак у раёне трактарнага завода і ў Чыжоўцы на слупах ды на прыпынках.

Сацыяльны марш[правіць | правіць зыходнік]

Падзеі на маршы да бойкі[правіць | правіць зыходнік]

5 лістапада 2007 года ў акцыі апазіцыі «Сацыяльны марш» прынялі ўдзел актывісты «Белай Волі» ды анархісты. Як паведаміў адзін з чальцаў арганізацыі, белавольцаў было блізу 50 чалавек, яны ішлі са споклічамі «Не адмене льготаў», «Не кантрактнай сістэме», «Воля. Нацыя. Айчына», «Урад для народа», але паводле словаў анархіста, які ўдзельнічаў у гэтай акцыі, белавольцы крычалі «Слава Расіі», што абурыла анархістаў, і яны пачалі крычаць вокліч «Антыфа». Таксама, паводле словаў апытанага белавольца, ён не ведаў людзей, якія кідалі вітанні падобныя да нацысцкіх (поднятая ўгору рука, сціснутая ў кулак), але паводле, інтэрв’ю Радыё «Свабодзе», гэткія вітанні рабіліся белавольцамі для эпатажу, а між сябе яны так не вітаюцца.

Сама бойка[правіць | правіць зыходнік]

Калі дэманстранты знаходзіліся на перакрыжаванні вуліц Якуба Коласа і Сурганава, суполка маладых людзей, апранутых у чорнае (блізу двух-трох дзясяткаў), аддзялілася ад агульнай калонны ўдзельнікаў акцыі і ўчыніла драку на проезжей частцы. Некаторыя з іх выкрыквалі фашысцкія споклічы. Пасля з’яўлення супрацоўнікаў праваахоўчых органаў яны ўцяклі.

Думкі[правіць | правіць зыходнік]

Прадстаўнік незарэгістраванага «Правага альянсу» Юрась Карэтнікаў мяркуе:

Нядзельныя падзеі паказалі: улады проста скарысталі групы радыкальнай моладзі. З аднаго боку гэта так званыя анархісты, з іншага боку — вось гэты ультраправы рух «Белая воля». Каб паказаць, што адны радыкалы пабілі іншых радыкалаў, а апазіцыя абсалютна не мае магчымасці кантраляваць саміх жа ўдзельнікаў маршу. Паказаць нязначнасць у вачах еўрапейскай супольнасці ці нейкіх сур’ёзных дзяржаўных партнёраў такіх сходаў: маўляў, глядзіце, хто ў іх прысутнічае на маршах, зірніце на ўскінутыя ўгару правыя рукі… І вы з гэтымі людзьмі збіраецеся дамаўляцца? Такая тактыка скарыстоўвалася і, відавочна, будзе скарыстоўвацца надалей.

З артыкула «Белая Воля ў кантэксьце афіцыйнага палітычнага праекта»:

Вядома, на дадзены момант беларускія ўлады вымушаныя рабіць сімвалічныя саступкі Захаду ў выглядзе дазволу на правядзенне альтэрнатыўных акцыяў, адкрыцця ў Менску Прадстаўніцтва Еўракамісіі etc. На гэтым фоне тактыка гвалтоўных разгонаў АМАПам апазіцыйных мерапрыемстваў будзе выглядаць недарэчнай. У такім разе арганізацыі, падобныя «Белай Волі», могуць выконваць функцыю натуральнага стрымліваючага фактара росту грамадскай актыўнасці напярэдадні наступных парламенцкіх выбараў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

«Белая воля» ў СМІ[правіць | правіць зыходнік]

Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.