Бутаўская культура

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Бутаўская культура — археалагічная культура эпохі мезаліту, насельніцтва якой у сярэдзіне VIII — VI-га тыс. да н.э. жыло ў міжрэччы Волгі і Акі. Культура вылучана Л. У. Кальцовым у 1960-я г., атрымала назву па стаянцы Бутава (Цвярская вобласць, Расія, басейн верхняй Волгі). Паселішчы бутаўскай культуры размешчаны на берагавых тэрасах ці пясчаных узвышшах. На некаторых стаянках захаваліся рэшткі наземных жытлаў і паўзямлянак акруглай, авальнай ці чатырохвугольнай формы плошчай 8—29 м². Асноўныя заняткі насельніцтва — паляванне і рыбалоўства, што пацвярджаецца знаходкамі прылад працы з крэменю, косці і рога. Найбольш раннія помнікі бутаўскай культуры (Барысава-1, Бутава, Забароўе-2, Задне-Пілева-1 і 2, Мікуліна, Прыслон, Пятрушына і інш.) датуюцца сярэдзінай прэбарэальнага—барэальным часам (9500—8500 гадоў таму назад). На гэтым этапе складваюцца асноўныя рысы культуры, якая характарызуецца развітой пласціністай тэхнікай крэменеапрацоўкі. Для вырабу прылад працы выкарыстоўваюцца пласціны ножападобнай формы, атрыманыя шляхам адціскання пераважна з аднапляцовачных нуклеусаў. Значную частку крамянёвага інвентару складаюць разцы, выкананыя пераважна на вугле зламанай пласціны, мікрапласцінкі з прытупленым рэтушшу краем і канцом, прамавугольнікі, скрабкі, вастрыі, праколкі і свердлы, сякучыя прылады. Наканечнікі стрэл прадстаўлены чаранковымі вырабамі, асобныя з якіх нагадваюць тып Пулі. Разнастайнасцю вылучаюцца прадметы ўзбраення з косці і рога — іголкападобныя наканечнікі стрэл з канічным, рамбічным і біканічным вастрыём, наканечнікі лістападобнай, сіметрычнай і асіметрычнай формы, з вылучанымі пазамі для крамянёвых укладышаў і шыпамі. Комплекс касцяных і рагавых прылад дапаўняецца знаходкамі гарпуноў, нажоў, кінжалаў, рыбалоўных кручкоў, долатападобных вырабаў, рэтушораў, пасрэднікаў, падвесак з зубоў жывёлін і інш. У пач. VII-га тыс. да н.э. пачынаюць распаўсюджвацца геаметрычныя мікраліты (трапецыі), удасканальваецца тэхніка шліфоўкі сякучых прылад. Пачатак атлантычнага часу, які прадстаўлены матэрыяламі стаянак Азяркі-5, Акаёмава-4, Бязводнае-10, адзначаецца нестабільнасцю ў развіцці культуравызначальных рыс бутаўскай культуры.

У Беларусі першыя помнікі бутаўскай культуры вядомы з 2-й паловы 1920-х г. (К. М. Палікарповіч). Навукова абгрунтаваны ў выніку экспедыцый В. Ф. Капыціна, В. Л. Ліпніцкай, А. У. Коласава. Найбольш значныя матэрыялы бутаўскай культуры атрыманы ў выніку раскопак стаянак Пасожжа — Дзедзя, Крынічная, Рудня-1 (Клімавіцкі раён). Вядомы таксама месцазнаходжанні асобных прылад бутаўскай культуры — Аднаполле, Горкі, Грэнск, Каробчына, Пралетарскі (ур. Папова). Помнікі бутаўскай культуры прымеркаваны да 1-й надпоймавай тэрасы або да яе астанцоў. Культурны пласт залягае ў ілювіяльных адкладах глебы і нявызначаны. На стаянцы Дзедня вывучаны рэшткі паглыбленага ў мацярык жытла плошчай 78 м. У якасці сыравіны на стаянках Дзедня і Каробчына выкарыстоўваўся высакаякасны прывазны крэмень цёмна-шэрага колеру. Асноўным тыпам загатоўкі для прылад з'яўляюцца рэгулярныя пласціны правільнай агранкі, якія атрыманы шляхам адціскання. Для тэхнікі расшчаплення характэрна сістэма кругавога сколвання пласцін з 1 ці 2 ударных пляцовак, падпраўленых папярочнымі сколамі. Вугал сколвання нарыхтовак складае 70—90°. У другаснай апрацоўцы шырока выкарыстоўваліся стромкае, паўстромкае і плоскае рэтушаванне нарыхтоўкі, тэхніка разцовага сколу, абіўка. Прыладам уласціва пэўная стандартызацыя форм. Выразную серыю ўтвараюць разцы, якія ў большасці прадстаўлены вырабамі на вугле зламанай пласціны. Комплекс знаходак дапаўняецца шматлікімі ўкладышавымі вырабамі, мікрапласцінкамі з прытупленымі краем і канцом, тронкавымі наканечнікамі стрэл з плоскім падчэсваннем чаранка, асобныя з якіх падобны да наканечнікаў тыпу Пулі, скрабкамі, вырабамі з выемкай, вастрыямі, праколкамі і свердламі, сякучымі прыладамі. З'яўленне стаянак бутаўскай культуры ў Пасожжы можа тлумачыцца сезоннымі міграцыямі паляўнічых з Волга-Окскага міжрэчча, якія першапачаткова ішлі сюды са сваёй сыравінай, а ў далейшым пачалі выкарыстоўваць мясцовы крэмень (Крынічная, Рудня-1). Тапаграфія стаянак, размешчаных каля радовішчаў сыравіны, вызначае некаторыя асаблівасці апрацоўкі крэменю ў насельніцтва бутаўскай культуры басейна р. Сож: помнікі характарызуюцца нізкімі індэксамі пласціністасці крамянёвага інвентару; для нуклеусаў выкарыстоўваліся жаўлакі авальна-сплошчанай формы; адцісканне пласцін адбывалася пераважна з аднаго боку канкрэцыі; контрфронт большасці ядрышчаў (каля 80 %) заставаўся неаформленым. Па аналогіі з помнікамі бутаўскай культуры час асваення яе насельніцтвам тэрыторыі Пасожжа трэба адносіць да сярэдзіны VIII-га — пачатку VII-га тыс. да н.э. Помнікі бутаўскай культуры маюць падабенства з матэрыяламі кундскай культуры, стаянак паўночнай і паўночна-ўсходняй Еўропы. Большасць даследчыкаў генезіс бутаўскай культуры звязвае са свідэрскай культурай (Л. У. Кальцоў, М. Г. Жылін, Л. Л. Залізняк). А. М. Сарокін разглядае паходжанне бутаўскай культуры як вынік далейшага развіцця традыцый крэменеапрацоўкі насельніцтва мясцовай рэсецінскай культуры. Мяркуецца, што насельніцтва бутаўскай культуры прымала ўдзел у фарміраванні верхневолжской культуры ранняга неаліту.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Коласаў, А. У. Бутаўская культура / А. У. Коласаў // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [складальнік Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А — К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 132—133. — ISBN 978-985-11-0354-2.
  • Колосов, А. Мезолитическая стоянка Дедня / Александр Колосов // Acta archaeologica Albaruthenica. — Vol. III. — С. 42 — 66.
  • Кольцов, Л. В., Жилин, М. Г. Мезолит Волго-Окского междуречья = The mesolith in the Volga-Oka river basin: Памятники бутовской культуры / Рос. акад. наук, Ин-т археологии. — М.: Наука, 1999. — 152, [3] с. — ISBN 5-02-009796-9
  • Сорокин, А. Н. Бутовская мезолитическая культура: (по материалам Деснинской экспедиции) / А. Н. Сорокин; Институт археологии АН СССР. — М.: ИА, 1990. — 196, [1] с., [11] л. ил.
  • Сорокин, А. Н. Проблемы мезолитоведения. — М., 2006.