Перайсці да зместу

Культура тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Культура тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі, Культура грабеньчата-ямкавай керамікі — археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 2-й палове IV-га — 1-й палове III-га тыс. да н.э. жылі на тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Прыбалтыкі і паўночнай Беларусі.

З’яўленне і ўплыў

[правіць | правіць зыходнік]

Тэрытарыяльна культура грабеньчата-ямкавай керамікі ахапляла абшары ад шведска-нарвежскага памежжа да Валагодскай вобласці ў Расіі.

Носьбіты гэтай культуры, як мяркуецца, размаўлялі на мовах фіна-ўгорскай моўнай сям’і, менавіта ад іх на ўсходнім узбярэжжы Балтыйскага мора засталіся эстонская і ліўская мовы. Яны апанавалі тэрыторыі, якія да таго часу займалі нарвенская і нёманская археалагічныя культуры, якія звязваюцца з прота-балтамі. Менавіта часамі перад прыходам прадстаўнікоў грабеньчата-ямкавай культуры датуюцца моўныя і тапанімічныя балтызмы на тэрыторыі, што сягала ў тым ліку Фінскага заліва на поўначы.

Падзвіння прадстаўнікі гэтай культуры дасягнулі ў 4400—4200 гг. да н.э., у пачатку сярэдняга неаліту. На поўначы ад Дзвіны гэтая культура пераважыла прота-балцкую нарвенскую культуру, а на поўдзень ад Дзвіны фіксуюцца толькі асобныя астраўкі грабеньчата-ямкавай культуры ў акружэнні нарвенскай культуры. На поўдні ад Дзвіны добра даследаваныя сляды гэтага прышлага фінскамоўнага насельніцтва на літоўскім Аўкштайцкім Паазер’і і побач з ім — ля Пастаў і на Нарачы[1].

Археолаг, даследчык неалітычных старажытнасцей А. Гірынінкас абагульняе:

Культура грабеньчата-ямкавай керамікі ва Усходняй Прыбалтыцы:
• 1 — тэрыторыя ў сярэднім-познім неаліце,
• 2 — пашырэнне тэрыторыі ў познім неаліце (паводле: Гірынінкас)

«Ва Усходняй Прыбалтыцы [на ўсходнім узбярэжжы Балтыйскага мора] у сярэднім-познім неаліце ішлі два розныя працэсы.

У сярэднім неаліце людзі культуры грабеньчата-ямкавай керамікі, пашыраючы свой уплыў на поўначы ад ракі Дзвіны і да Фінскага заліва, перанялі шмат рысаў з нарвенскай культуры. Сярэдні неаліт можна лічыць раннім перыядам дачыненняў нарвенскай і фіна-ўгорскай культур, калі фіна-угры прысвоілі шмат элементаў матэрыяльнай і духоўнай культуры. Гэты працэс можам называць перыядам прыстасавання фіна-уграў ва Усходняй Прыбалтыцы.

Тым часам на поўдзень ад ракі Дзвіны ў гэты ж самы час ішоў іншы працэс.

Тут у перыяд сярэдняга-позняга неаліту на тэрыторыі нарвенскай культуры насельніцтва культуры грабеньчата-ямкавай керамікі, якое найверагодней можам назваць фіна-уграмі, жыло толькі ў асобных астраўках у акружэнні нарвенскай культуры, у якіх і да нашых дзён захаваліся рэшткі фіна-ўгорскіх гідронімаў і матэрыяльнай культуры.

У паўднёвай частцы Усходняй Прыбалтыкі, у Літве, у Калінінградскай вобласці і ў Паўночнай Беларусі вядомыя толькі паасобныя паселішчы культуры грабеньчата-ямкавай керамікі»[2].

Сляды ў гідраніміі

[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі Беларусі фінскіх слядоў у гідраніміцы засталося зусім вобмаль, а тыя гідронімы, што выглядаюць неаспрэчнымі фінізмамі, зусім імаверна перакладзеныя з першапачатковых балцкіх.

Найбольш вядомы гідранімічны след фіна-ўгорскай прысутнасці ў Беларусі — назва ракі Сож. Яе звязваюць з ліўскім suž, эстонскім suzi, фінскім susi «воўк»[3][4]. На Пасожжы і на сумежных тэрыторыях назіраецца асаблівая канцэнтрацыя балцкіх «ваўчыных» гідронімаў, тыпу Воўчаса. Мяркуецца, што сам Сож у верхнім цячэнні або адзін з яго прытокаў там жа першапачаткова меў балцкую «ваўчыную» (Vilk-) назву, якая была перакладзеная прышлымі фінамоўнымі прадстаўнікамі культуры грабеньчата-ямкавай керамікі і пазней пашырылася на ўсё цячэнне Сажа.

Назва возера Ільмёнак, што на ўсходнім ускрайку Браслаўскага Паазер’я, перагукаецца з назвамі азёраў Ilma i Ilmėdas на літоўскім Аўкштайцкім Паазер’і[5]. Гэтыя назвы звязаныя з фінскім ilma «неба; паветра; свет», у якога пераноснае значэнне — «надзвычай шмат» (як у беларускім выразе «людзей — свет», г.зн. вельмі многа). Так жа сама, толькі па-балцку, названая ў літоўцаў і латышоў рака Дзвіна — Dauguva, Daugava, ад daug «шмат (вады)». Назвы з коранем, як у назве возера Ільмёнак, могуць быць фінскімі калькамі з балцкай першакрыніцы тыпу назвы Даўгавы-Дзвіны.

Назва возера Суя каля Полацка перагукаецца з назвай возера Suoja на тым жа Аўкштайцкім Паазер’і. Яе звязваюць з фінскім suo «балота» і Suo-järvi (возера ў Карэліі), што значыць «забалочанае возера»[6]. Недалёка ад возера Суя знаходзіцца возера Палазер’е — яго назва з балцкага таксама значыць «забалочанае возера» або «возера, што разлілося» (*Pal-ežeras, першая аснова роднасная назве ракі Палата), яна таксама магла быць крыніцай для пазнейшай фінскай назвы Суя.

Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам. Будавала наземныя жытлы па берагах азёр і невялікіх рэчак.

Сярод крамянёвых вырабаў найбольш характэрны кароткія наканечнікі стрэл вербалістай або рамбічнай формы, дзіды з двухбаковай рэтушшу, а таксама нажы, скрабкі, разцы. Вядомы касцяныя і рагавыя прылады.

Для культуры характэрны вялікія з круглаватым донцам гаршкі, арнаментаваныя гарызантальнымі паясамі з глыбокіх круглых ямак і адбіткаў шыроказубага грэбеня, якія часам утваралі рамбічныя ўзоры; тоўстыя, добра абпаленыя сценкі керамікі з дамешкамі жарствы.

У сярэднім неаліце плямёны культуры тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі змяшаліся з носьбітамі нарвенскай культуры і ўдзельнічалі ў фарміраванні ўсвяцкай культуры. На тэрыторыі Беларусі найбольш значныя помнікі Скема, паселішчы на р. Свольна, воз. Бярэшча.

Зноскі

  1. A. Girininkas. Baltų kultūros ištakos II. Klaipėda, 2011. С. 102—107.
  2. A. Girininkas. Baltų kultūros ištakos II. Klaipėda, 2011. С. 105—106.
  3. K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. С. 541.
  4. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 208.
  5. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 129.
  6. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 320.
  • Археалогія Беларусі: У 4 т. Том 1. Каменны і бронзавы вякі / З. М. Зайкоўскі, У. Ф. Ісаенка, А. Г. Калечыц [і інш.]. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — 422, [2] с.
  • Чарняўскі, М. М. Тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культура / М. М. Чарняўскі // Археалогія Беларусі: Энцыклапедыя… — С. 361.