Лука-райкавецкая культура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Лука-райкавецкая культура — археалагічная культура плямён, якія ў VIIIX стст. жылі на тэрыторыі Украіны, Малдовы, паўднёвай Беларусі, Балгарыі, Румыніі.

Гісторыя вывучэння культуры[правіць | правіць зыходнік]

Назва паходзіць ад селішча  (укр.) каля в. Райкі (урочышча Лука) Бэрдычаўскага раёна Жытомірскай вобласці, якое даследавала экспедыцыя Інстытута археалогіі АН Украінскай ССР  (укр.) у 19461948 пад кіраўніцтвам В. К. Ганчарова. Найбольш раннія матэрыялы вылучаны на паселішчах у нізоўях Р. Рось  (укр.) (прыток Дняпра) каля в. Сахніўка ва Украіне (канец VII — сярэдзіна VIII стст.). Лука-райкавецкая культура склалася на аснове пражскай культуры, яе пакінулі ўсходнія славяне на этапе фарміравання дзяржаўнасці ў раннім сярэдневеччы. На тэрыторыі Беларусі помнікі Лука-райкавецкай культуры распаўсюджаны на тэрыторыі пражскай культуры, выходзячы за яе межы на поўначы (паселішча каля в. Радагошча Навагрудскага раёна).

Тэрыторыя распаўсюджвання[правіць | правіць зыходнік]

Тэрыторыя Украіны ў VIII ст. Лука-райкавецкая культура

Насельніцтва жыло па берагах рэк на селішчах і гарадзішчах. На фінальным этапе культуры назіраецца сацыяльная стратыфікацыя паселішчаў на племянныя цэнтры, адкрытыя гандлёва-рамесніцкія паселішчы, або протагарады, і аграрныя паселішчы.

Жылыя і гаспадарчыя пабудовы[правіць | правіць зыходнік]

Пахавальны абрад — трупаспаленне, могільнікі грунтавыя і курганныя. Крэміраваныя рэшткі нябожчыка змяшчалі на рытуальных вогнішчах на гарызонце альбо ў насыпу курганоў. Зафіксаваны канаўкі ці агароджы з вертыкальных бярвён, якія абкружалі пахаванні. Жытлы даследаваліся на селішчах Дружба, Хотамель, Гарадзішча. Прадстаўлены паўзямлянкавымі і наземнымі пабудовамі са зрубавай, слупавой і плятнёва-каркаснай канструкцыяй сцен, плошча 12— 30 м². Ацяпляліся глінабітна-каменнымі пячамі, збудаванымі на падлозе альбо над падпечнай ямай.

Рэчавы комплекс[правіць | правіць зыходнік]

Кераміка ляпная (таўстасценныя пасудзіны з адагнутымі шыйкамі, часам аздобленыя па ўсёй паверхні кругавым хвалістым арнаментам) і кругавая (таўстасценныя гаршкі з вертыкальнымі апьбо адагнутымі вонкі шыйкамі, аздобленымі па ўсёй паверхні кругавым хвалістым і лінейным арнаментам). Рэчавы матэрыял прадстаўлены прыладамі працы, зброяй, даспехамі, рыштункам вершніка і баявога каня, дэталямі касцюма, упрыгажэннямі і побытавымі рэчамі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Вяргей, В. С. Лука-райкавецкая культура / В. С. Вяргей // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: У 2 т. / [складальнік Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2011. — 464 с.: іл. — С. 28. — ISBN 978-985-11-0549-2.
  • Вяргей, В. С. Помнікі тыпу Лука-Райкавецкая на Беларусі / В. С. Вяргей // Археалогія Беларусі: У 4 т. / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; [Рэдкал.: М. В. Біч (старшыня) і інш.]. Т. 2: Жалезны век і ранняе сярэднявечча / А. А. Егарэйчанка, В. І. Шадыра, В. С. Вяргей і інш. — Мн.: Беларуская навука, 1999. — 501, [1] с. — С. . — ISBN 985-08-0089-5.
  • Зайкоўскі, Э. М. Раскопкі каля Радагошчы / Э. М. Зайкоўскі // Гістарычна-археалагічны зборнік. — 1995. — № 7. — С. 120—140.
  • Славяне Юго-Восточной Европы в предгосударственный период / [В. Д. Баран, Е. В. Максимов, Б. В. Магомедов и др.; АН УССР, Ин-т археологии; Редкол.: В. Д. Баран (отв. ред.) и др.]. — Киев: Наукова думка, 1990. — 484, [1] с., [4] л. ил. — ISBN 5-12-001527-1.