Сожская культура

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Сожская культураархеалагічная культура, якая была вылучана ў 1970-я гады для характарыстыкі эпохі мезаліту басейнаў Верхняга Дняпра, Сажа, Бярэзіны, Беседзі. Паводле даследчыкаў (В. Ф. Капыцін, А. Г. Калечыц), сожская культура — вынік кантактаў і ўзаемаўплываў насельніцтва грэнскай культуры і свідэрскай культуры, што адбываліся пасля заканчэння ледавіковай эпохі. Грэнскія рысы прасочваюцца ў тэхніцы расшчаплення крэменю, заснаваныя на монафрантальным сколванні пласцін і адшчэпаў з адна- і двухпляцовачных неуклеусаў, у асобных тыпах прылад працы (канцавыя, двайныя, акруглыя скрабкі, рэтушныя, на зломе нарыхтоўкі і двухгранныя разцы, вырабы з выемкай, вастрыі, свердзелы і праколкі, сякучыя вырабы). Нарыхтоўкамі для прылад пераважна былі адшчэпы. Свідэрскія традыцыі праяўляліся ў формах чаранковых наканечнікаў стрэл, зробленых на ножападобных пласцінах.

Эталоннымі помнікамі сожскай культуры лічыліся стаянкі Горкі, Журавель, Кліны-2, на Сажы, Аўрамаў Бугор, Бабулін Бугор на Беседзі, Берагавая Слабада, Новы Быхаў, Няраж на Дняпры, Гарадок, Васілевічы, Міхайлаўка на Бярэзіне. Помнікі датаваліся познім мезалітам (8—6-е тыс. да н.э.). Лёс насельніцтва сожскай культуры звязваўся з фарміраваннем верхнедняпроўскай культуры эпохі неаліту.

Эквівалентам сожскай культуры выступала днепра-дзяснінская культура, вылучаная ў 1980-я гады У. П. Ксяндзовым. Для абгрунтавання яе вылучэння выкарыстоўваліся матэрыялы помнікаў, што адносіліся да сожскай культуры. Вывучэнне матэрыялаў сожскай і днепра-дзяснінскай культур паказала, што яны не з'яўляюцца самастойнымі культурнымі з'явамі ў мезаліце усходняй Беларусі і наўрад ці існавалі. Кангламерат крамянёвых комплексаў апорных стаянак, якія раней адносіліся да гэтых культур, не можа лічыцца вынікам «культурных кантактаў» старажытнага насельніцтва, а з'яўляецца прыкладам механічнай змяшанасці матэрыялаў розных культур ад фінальнага палеаліту да бронзавага веку ўключна.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Калечиц, Е.Г. Памятники каменного и бронзового веков Восточной Белоруссии / Науч. ред. Д. Я. Телегин; АН Белорусской ССР, Ин-т истории. — Мн.: Наука и техника, 1987. — 158 с.
  • Калечиц, Е.Г. Человек и среда обитания: Восточная Беларусь: Каменный век / Е. Г. Калечиц. — Мн.: Экоперспектива, 2003. — 223 с. — ISBN 985-469-082-2.
  • Коласаў, А.У. Сожская культура / А. У. Коласаў // Археалогія Беларусі : энцыклапедыя: у 2 т. Т. 2: Л — Я / [складальнік Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (галоўны рэдактар) і інш.]. — Мн.: БелЭн, 2011. — 461, [1] с. — С. 307—308. — ISBN 978-985-11-0549-2.
  • Колосов, А.В. История изучения и проблемы историографии сожской мезолитической культуры / А. В. Колосов // Веснік Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А. А. Куляшова. — 2005. — № 4. — С. 8—14.
  • Колосов, А.В. Новые данные по мезолиту бассейна реки Сож / А. В. Колосов // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А Гуманитарные науки. — 2010. — № 1. — С. 20—26.
  • Колосов, А.В. Финальный палеолит и мезолит Посожья / А. В. Колосов // Матэрыялы па археалогіі Беларусі. Вып. 18. Даследаванні каменнага і бронзавага вякоў. — Мн., 2010. — С. 77—89.
  • Копытин, В.Ф. Памятники финального палеолита и мезолита Верхнего Поднепровья / В. Ф. Копытин; Министерство народного образования Республики Беларусь, Могилевский государственный педагогический институт им. А. А. Кулешова, Могилевский областной краеведческий музей. — Могилев: Могилевское управление по печати, 1991. — 86, [1] с.
  • Ксензов, В.П. Мезолит Северной и Центральной Беларуси / В. П. Ксензов; [навуковы рэдактар І. М. Язэпенка]. — Мн.: Інстытут гісторыі НАН Беларусі, 2006. — 170 с. ; іл. — (Матэрыялы па археалогіі Беларусі. № 13). — ISBN 985-6769-22-1.