Нарвенская культура
Нарвенская культура Неаліт | ||||
---|---|---|---|---|
Геаграфічны рэгіён | усходняя і паўднёвая Балтыка | |||
Лакалізацыя | Беларусь, Літва, Латвія, Расія, Польшча | |||
Датаванне | 5000 да н.э. — 3000 да н.э. | |||
Носьбіты | індаеўрапейцы | |||
Тып гаспадаркі | рыбалоўства, збіральніцтва, паляванне | |||
Пераемнасць | ||||
|
Нарвенская культура — археалагічная культура ранненеалітычных плямён, якія ў V—IV тыс. да н.э. жылі на тэрыторыі ўсёй Усходняй Прыбалтыкі: на поўдні да ракі Мерач і ракі Прэголя, на паўднёвым усходзе — на поўначы ад Мінска, на ўсходзе — да вярхоўяў Дзвіны, на поўначы — да Фінскага заліва і паўднёвага ўзбярэжжа Ладажскага возера.
Нарвенская культура адносіцца да культур паляўнічых, рыбаловаў і збіральнікаў усходнепрыбалтыйскай лясной зоны. Назву атрымала паводле першых даследаваных помнікаў на р. Нарва ў паўночна-ўсходняй Эстоніі. Вылучана ў 1950-х г. Н. М. Гурынай і Л. Яанітсам.
На тэрыторыі Беларусі помнікі нарвенскай культуры распаўсюджаны ў Падзвінні, за выключэннем яго паўднёва-ўсходняй часткі, верхнім Павіллі і верхнім цячэнні р. Бярэзіна (басейн Дняпра) на поўнач ад Мінска. Найважнейшыя стаянкі: Асавец 4, Зацэнне, Сосенка 3.
Матэрыяльная культура
[правіць | правіць зыходнік]Паселішчы размяшаліся на ўзбярэжжах вадаёмаў, пераважна азёрных. Некаторыя з азёр затарфаваліся, а прыбярэжныя стаянкі ператварыліся ў тарфянікавыя (Зацэнне), што спрыяла захаванню вырабаў з арганічных матэрыялаў.
Выяўлены рэшткі наземных жытлаў з адкрытымі наземнымі агнішчамі, разнастайныя прылады працыі зброя з крэменю, рога і косці, гліняны ляпны посуд, касцяныя ўпрыгажэнні.
З-за беднасці мясцовых запасаў сыравіны крамянёвыя вырабы нешматлікія: лістападобныя чаранковыя наканечнікі стрэл, коп’яў, разцы, скрабкі, нажы, рубячыя інструменты. Касцяныя і рагавыя вырабы прадстаўлены верацёнападобнымі і біканічнымі наканечнікамі стрэл, гарпунамі, кінжаламі, праколкамі, долатамі, цясламі і сякерамі, матыкамі з прасвідраванымі адтулінамі. Упрыгажэннямі, а таксама амулетамі-абярэгамі найчасцей служылі прасвідраваныя або наразныя зубы жывёл.
Ва ўжытку насельніцтва былі шырока адкрытыя прысадзістыя вастрадонныя гаршкі з грабеньчатымі тоўчаных ракавін і валакністых рэштак раслін у цесце, таксама акругладонныя міскі, у т.л. авальныя. Некаторыя пасудзіны пад краем венчыкаў мелі пояс глыбокіх круглых ямак. Знешнія паверхні сценак звычайна аздоблены разрэджанымі паясамі адбіткаў тонкага грэбеня, насечак, наколаў, пракрэсленымі лініямі. Насельніцтва займалася рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам.
Змены
[правіць | правіць зыходнік]Нарвенская культура, асабліва на паўднёвай і паўдднёва-заходняй перыферыі, адчувала моцныя ўплывы іншакультурных плямён Панямоння і Падняпроўя.
У 2-й палове IV-га тыс. да н.э. ў паўднёва-ўсходнюю Прыбалтыку пачалася актыўная экспансія з усходняй Прыбалтыкі плямён культуры грабеньчата-ямкавай керамікі. На поўначы Беларусі пад іх уздзеяннем нарвенская культура змянілася і паступова трансфармавалася ва ўсвяцкую культуру сярэдняга неаліту.
Нарвенскую культуру звязваюць з прота-балтамі, прамымі продкамі балтаў, на падставе таго, што супадаюць яе паўночныя межы з распаўсюджваннем балцкіх гідронімаў і тапонімаў, што сустракаюцца ў Эстоніі, Фінляндыі, у Пскоўскай і Наўгародскай вобласцях. Нарвенская культура пануе там з сярэдзіны V тыс. да н.э. (4600/4300 г. да н.э.). Пасля таго, як культура грабеньчата-ямкавай керамікі адціснула нарвенскую культуру на поўдзень, ні ў які іншы час балцкія гідронімы не маглі там распаўсюдзіцца, апроч як у час нарвенскай культуры[1][2][3].
Зноскі
- ↑ Algirdas Girininkas. Baltai prie Suomijos įlankos // Lietuvos archeologija. T. 19. 2000. С. 103—108.
- ↑ Агеева P.A. Гидронимия балтского происхождения на территории псковских и новгородских земель // Этнографические и лингвистические аспекты этнической истории балтских народов. Рига, 1980, с. 147—152.
- ↑ А. Ванагас. Максимальный ареал балтской гидронимии и проблема происхождения балтов //Этнографические и лингвистические аспекты этнической истории балтских народов. Рига, 1980, с. 119—123.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Чарняўскі, М. М. Нарвенская культура / М. М. Чарняўскі // Археалогія Беларусі: Энцыклапедыя… — С. 126.
- Чарняўскі, М. М. Нарвенская культура // Археалогія Беларусі: У 4 т. Том 1. Каменны і бронзавы вякі / З. М. Зайкоўскі, У. Ф. Ісаенка, А. Г. Калечыц [і інш.]. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — 422, [2] с. — С