Свідэрская культура
Свідэрская культура Палеаліт | ||||
---|---|---|---|---|
Лакалізацыя | Польшча, Літва, Беларусь, Украіна | |||
Датаванне | IX—VIII тыс. н. э. | |||
Пераемнасць | ||||
|
||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Свідэрская культура — археалагічная культура, прыкметная і значная з’ява ў фінальным палеаліце (IX—VIII тыс. да н.э.) Усходняй Еўропы, традыцыі якой праходзяць праз мясцовы мезаліт і праглядваюцца ў неаліце. Свідэрскія помнікі знойдзены на тэрыторыі Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны аж да Крыма[1]. Яе элементы прасочваюцца на сумежных тэрыторыях Расіі (Пскоўская вобласць[2]). Названа па стаянцы Свідры Вельке (польск.: Świdry Wielkie) каля Варшавы. Прадстаўлена стаянкамі тундравых паляўнічых на паўночнага аленя, якія выкарыстоўвалі стрэлы з крэмневымі наканечнікамі.
На захадзе была звязана з Лінгбі[3].
Знікненне свідэрскай культуры звязана з кліматычнымі зменамі пачатку галацэну: паўночныя алені мігравалі на поўнач і паўночны ўсход, а следам за імі мелі рушыць і паляўнічыя на іх. Але частка прадстаўнікоў супольнасцяў свідэрскай культуры не мігравала, а засталася ў паўднёвай і ўсходняй Прыбалтыцы. Яны прыстасоўваліся да новых прыродных умоў, у іх змяняліся прылады палявання і рыбалоўлі, будоўля жытлаў, структура супольнасцяў, гаспадарчая арганізацыя[4]. На аснове свідэрскай культуры сфарміраваліся бутаўская[5], кундская[6] і нёманская культуры.
Мяркуецца, што носьбіты свідэрскай культуры мелі гаплагрупу I[3] і складалі т.зв. дагерманскі субстрат.
Першыя свідэрскія помнікі былі выяўлены натэрыторыі Польшчы яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. Паступовае назапашванне матэрыялу паказала, што для калекцый крамянёвых прылад свідэрскіх стаянак характэрна ўстойлівае спалучэнне пэўных адзнак як у іх форме, так і ў тэхнічных прыёмах апрацоўкі. Падобнасць тыпалагічных даных інвентару прывяла польскіх археолагаў да думкі аб аб’яднанні гэтых помнікаў у адну роднасную групу.
На Беларусі вялікая колькасць помнікаў каменнага веку са свідэрскімі рысамі ў інвентары знаходзіцца ў рэгіёне Заходняга Палесся і Панямоння.
Стаянкі свідэрскай культуры размяшчаліся, як правіла, на ўчастках першай, другой надпоймавых тэрас або карэнных берагоў (там, дзе няма больш нізкіх геамарфалагічных узроўняў) на пясчаных узвышэннях, на схілах марэнных бугроў. Стратыграфія іх не з’яўляецца дастаткова вызначальнай. Культурныя напластаванні звычайна залягаюць у пясчаных адкладах, што перашкаджала іх захаванню і з’явілася прычынай змешвання рознаўзроставых і рознакультурных матэрыялаў. На большасці помнікаў культурныя пласты ўвогуле адсутнічаюць, свідэрскія матэрыялы збіраліся на паверхні.
Асноўны занятак насельніцтва — паляванне на паўночнага аленя. Насельніцтва пакінула кароткачасовыя стаянкі адкрытага тыпу. Жытлы круглаватыя, будана- і трапецападобныя, паглыбненыя ў зямлю, з вогнішчам пасярэдзіне. Некаторыя жытлы мелі ўваходны калідор.
Для інвентару свідэрскіх помнікаў характэрныя наступныя рысы. Вядучым тыпам нуклеуса з’яўляецца двухпляцовачны аднабаковы з сустрэчным зняццем нарыхтовак, са скошанымі ўдарнымі пляцоўкамі і папярочнай падчэскай тыльнага боку. Для свідэрскай індустрыі тыпова развітая пласціначная тэхніка. Нарыхтоўкай для большасці прылад часцей была пласцінка. У калекцыях са свідэрскіх помнікаў, як правіла, пераважаюць разцы, якія істотна перавышаюць колькасць скрабкоў. У больш ранніх комплексах сярод разцоў дамінуюць сярэдзінныя, у позніх — бакавыя і на зломе нарыхтоўкі. Вядучай формай скрабкоў з’яўляецца канцавы з дугападобным або прамым рабочым краем. Свідэрскія наканечнікі стрэл зроблены з пласцін, яны двухтыпаў — лазалістыя і чаранковыя. Для іх характэрная апрацоўка насадкі стромкай або паўстромкай рэтушшу па краях і плоскай з брушка. На шэрагу наканечнікаў плоская рэтуш прысутнічае на брушку вастрыя. Сякеры на свідэрскіх стаянках у асноўным двух тыпаў — з перахопам на масіўных адшчэпах і авальнай формы з грубай двухплоскаснай апрацоўкай з плітак або кавалкаў. Характэрны кампанент свідэрскіх комплексаў — свердлы-праколкі, пласціны са скошаным рэтушшу канцом, пласціны і адшчэпы з рэтушшу па краях, скоблі.
Зноскі
- ↑ Мезаліт у Крыме (агульная характарыстыка) Архівавана 20 жніўня 2008. (недаступная спасылка — гісторыя, копія)
- ↑ Пра старажытныя культуры на пскоўскай зямлі Архівавана 4 сакавіка 2016.
- ↑ а б Автохтонные культуры в Европе и на Русской равнине в эпоху мезолита и неолита (12 — 3 тыс. до н.э.)
- ↑ A. Girininkas. Baltų kultūros ištakos II. Klaipėda, 2011. С. 68-71.
- ↑ Посвящения и эпиграммы А. Н. Сорокина. В честь Л. В. Кольцова Архівавана 10 мая 2009.
- ↑ Мезалітычныя культуры Сярэдняга Паволжа Архівавана 4 сакавіка 2016.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ксяндзоў У. П. Свідэрская культура // Археалогія Беларусі: У 4 т. Т. 1. Каменны і бронзавы вякі / Пад рэд. М. М. Чарняўскага, А. Г. Калечыц. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — 424 с: іл. — ISBN 985-08-0088-7.
- Ксяндзоў У. П. Свідэрская культура // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Ксяндзоў У. П. Свідэрская культура // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 257. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Свідэ́рская культура // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 651. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свідэрская культура
- Свідэрская культура