Валерый Аляксеевіч Шчукін

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Валерый Аляксеевіч Шчукін
Валерый Аляксеевіч Шчукін
Дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га склікання
 
Партыя:
Адукацыя: Ленінградскае вышэйшае ваенна-марское інжынернае вучылішча
Прафесія: Капітан другога рангу ў адстаўцы
Дзейнасць: журналіст, палітык, ваенны
Нараджэнне: 22 сакавіка 1942(1942-03-22) (77 гадоў)
 
Узнагароды:

Лаўрэат штогадовай Нацыянальнай прэміі беларускіх праваабаронцаў у намінацыі «Асоба» ў 2015 г.

Валерый Аляксеевіч Шчукін (22 сакавіка 1942, Уладзівасток, СССР) — дэпутат Вярхоўнага Савета РБ 13-га склікання, праваабаронца, журналіст, член «Беларускага Хельсінкскага камітэта», ганаровы сябра «Беларускай асацыяцыі журналістаў», палітвязень.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 22 сакавіка 1942 г. ва Уладзівастоку (цяпер Прыморскі край, Расійская Федэрацыя). У 1951 г. сям'я вярнулася ў БССР, у Талачынскі раён, на радзіму маці. Скончыў беларускую пачатковую школу, пасля бацькі перавялі яго ў рускую школу ў Мінску.

З 15 гадоў працаваў слесарам на мінскім заводзе буддэталяў. Служыў у войску. У 1964 г. скончыў Ленінградскае вышэйшае ваенна-марское інжынернае вучылішча. 27 гадоў адслужыў на Ціхаакіянскім флоце, капітан другога рангу ў адстаўцы. Пасля службы вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Полацку,  з 1987 г. па 1995 г. працаваў машыністам крана-трубаўкладчыка.

У 1995 г. быў абраны ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 13-га склікання ад Партыі камуністаў Беларускай. Працаваў сакратаром камісіі па нацыянальнай бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю.

Актыўна выступаў за імпічмент прэзідэнта А. Лукашэнкі ў 1996 г. Пасля антыканстытуцыйнага рэферэндуму ў Беларусі (1996 г.), выкліканага абвастрэннем адносін паміж прэзідэнтам і парламентам, які значна пашыраў паўнамоцтвы прэзідэнта, В. Шчукін канчаткова перайшоў на дэмакратычныя пазіцыі, у адкрытую апазіцыю да прэзідэнта і выканаўчай улады.

6 гадоў быў членам Цэнтральнага Камітэту ПКБ. У 1998 г. быў выключаны з партыі камуністаў Беларускай.

Як незалежны журналіст супрацоўнічаў з беларускімі незалежнымі выданнямі, газетамі «Народная Воля», «Товарищ».

У 2003 г.быў пазбаўлены прапіскі ў інтэрнаце ў Полацку. На працягу наступных чатырох гадоў шмат начэй правёў на чыгуначным вакзале ў г. Віцебску ў знак пратэсту супраць незаконнага высялення, але справядлівасці так і не дабіўся.

В. Шчукін удавец, мае двух дзяцей і сямёра ўнукаў.

В. Шчукін лаўрэат нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека «Хартыі-97».[1]

Лаўрэат штогадовай Нацыянальнай прэміі беларускіх праваабаронцаў у намінацыі «Асоба» ў 2015 г.[2]

Жыве ў Мінску разам з дачкой і яе сям'ёй.

Храналогія пераследу[правіць | правіць зыходнік]

В. Шчукін шмат разоў затрымліваўся міліцыяй, быў караны адміністрацыйнымі штрафамі і арыштамі за ўдзел у апазіцыйных акцыях.

Падчас першага адміністрацыйнага арышту ў 1998 г. у прыёмніку-размеркавальніку ў Мінску дабіўся, каб зняволеным выдавалі лыжкі з ручкамі. Перад гэтым лыжкі для арыштаваных выдаваліся без ручак.[3]

10 лістапада 1997 г. у дачыненні да В. Шчукіна была распачата крымінальная справа за абразу членаў урада. Справа грунтавалася на жорсткіх словах

В. Шчукіна і абвінавачванні ў адрас прэзідэнта А.Лукашэнкі, якія мелі месца ў жніўні 1997 г. на 30-м ралі за свабоду слова ў Беларусі. 22 лістапада 1997 г. В. Шчукін на некалькі гадзін быў затрыманы міліцыяй пасля ўдзелу ў сустрэчы апазіцыйных дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі.

У кастрычніку 1999 г. В. Шчукін быў адным з заяўляльнікаў мітынгу і шэсця «Марш Свабоды». Гарадзкімі ўладамі шэсце было забароненае, ён адмовіўся ад свайго подпісу і 17 кастрычніка 1999 г. пайшоў на «Марш Свабоды» у якасці звычайнага ўдзельніка. Правядзенне «Марша свабоды» суправаджалася сур’ёзнымі сутыкненнямі дэманстрантаў з міліцыяй. 19 кастрычніка1999 г. В. Шчукін быў выкліканы ў Савецкі РАУС па позве, дзе быў затрыманы. Пры затрыманні В. Шчукін быў моцна збіты (ім пададзеная скарга ў пракуратуру Савецкага раёну г. Мінску). Тры дні В. Шчукін знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання, а пасля прад’яўлення яму абвінавачання па арт. 186.3 КК РБ накіраваны ў СІЗА №1. Абраная для В. Шчукіна мера стрымання, арышт, потым была змененая на падпіску аб нявыездзе.

17 красавіка 2001 г. за арганізацыю «Марша Свабоды» (1999) быў абвінавачаны ў арганізацыі і ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак, і  аштрафаваны гарадскім судом г. Мінска, суддзя Т. Высоцкая,  па арт.186-3 КК РБ на 30 базавых велічынь. Іншы фігурант гэтай крымінальнай справы, Мікола Статкевіч, быў асуджаны на штраф у 100 базавых велічыняў.[4]

Затрыманы 25 сакавіка 2000 г. на Дзень Волі ў Віцебску разам з Уладзімірам Плешчанкам. Асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.[5]

07 чэрвеня 2001 г. за ўдзел  18 мая 2001 г. у акцыі «Ланцуг неабыякавых людзей» быў асуджаны судом Ленінскага раёну г. Мінска, суддзя А. Шылько, на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Падчас акцыі быў затрыманы і жорстка збіты супрацоўнікамі міліцыі.[6]

16 студзеня 2001 г. В. Шчукін спрабаваў трапіць на першую адкрытую прэсавую канферэнцыю міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава.[7]

Міністр адказваў на пытанні, зьвязаныя з праблемай знікнення людзей у Беларусі. В. Шчукін спрабаваў рэалізаваць сваё права на атрыманне інфармацыі і ўвайсці на прэс-канферэнцыю з пасведчаннем сябра БАЖ. Але трое супрацоўнікаў аховы будынку павалілі В. Шчукіна на падлогу, пры гэтым былі разбіты дзве шыбы ў дзвярах, аб якія В. Шчукін парэзаў нагу.  Па выкліку журналістаў прыехала «хуткая дапамога». В. Шчукін быў дастаўлены ў вайсковы шпіталь у аддзяленьне мікрахірургіі з траўмай сярэдняй цяжкасці.[8]

20 сакавіка 2001 г. В. Шчукін быў асуджаны  Цэнтральным судом г. Мінска, суддзя А. Ільіна, арт. 399.1 КК РБ (злоснае хуліганства), на тры месяцы арышту. Пакаранне адбываў у жодзінскай турме. 20 сутак правёў у карцэры. 12 верасня 2001 г. быў вызвалены

Падчас зняволення В. Шчукіна сябры «Маладога Фронту» правялі каля жодзінскай турмы акцыю пратэсту, пасля якой яны былі затрыманыя міліцыяй.[9]

Быў арганізатарам марша пратэсту «Так жыць нельга», які адбыўся 19 красавіка 2002 г. Быў затрыманы, моцна зьбіты. «Хуткая дапамога» адвезла В. Шчукіна ў вайсковы шпіталь. Назаўтра міліцыяны забралі В. Шчукіна з шпіталю, быў асуджаны судом Партызанскага раёну г. Мінска на 15 сутак арышту разам з іншымі арганізатарамі і ўдзельнікамі акцыі, з М. Халезіным, З. Бандарэнкам, Ю. Хашчавацкім, А. Атрошчанкавым ды іншымі.[10]

29 ліпеня 2002 г. быў асуджаны судом Бераставіцкага раёну, суддзя М. Панок, на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. В. Шчукін накіроўваўся ў г. п. Вялікая Бераставіца, дзе адбывалася разбурэнне храму Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.[11]

26 сакавіка 2007 г. В. Шчукіна чарговы раз выклікалі на допыт у Першамайскі РУУС г. Віцебску. Яму прад’явілі абвінавачанне паводле арт. 189 ч. 2 Крымінальнага кодэксу РБ — «знявага, нанесеная ў друкаваным творы», выкліканае тым, што напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы В. Шчукін вырабіў і распаўсюдзіў улёткі з крытыкай аб парушэнні заканадаўства супрацоўнікамі акружных выбарчых камісій гораду.У сувязі з гэтым следчы Гердаў вынес пастанову пра ўжыццё да В. Шчукіна падпіскі аб нявыездзе. Аднак В. Шчукін такой падпіскі ня даў, заявіўшы, што для яго, як для палітыка і журналіста, лепей сядзець у СІЗА. В. Шчукін быў прызнаны вінаватым і аштрафаваны.

Затрыманы 3 ліпеня 2011 г. на Прывакзальнай плошчы ў Мінску падчас «маўклівай» акцыі. Адбыў адміністрацыйнае пакаранне 5 сутак арышту. 8 ліпеня 2011 г., пасля адбыцця пакарання, невядомыя ў цывільным запіхалі В. Шчукіна ў легкавы аўтамабіль і вывезлі за горад у поле.[12]

29 сакавіка 2012 г. затрыманы ў будынку суда ў г. Орша, дзе адбываўся адміністрацыйны працэс супраць старшыні С. Беларускай партыі аб’яднаных левых «Справядлівы свет» С. Калякіна, старшыні АГП А. Лябедзькі, сакратара кампаніі «Еўрапейская Беларусь» А. Атрошчанкава, якіх знялі з цягніка Мінск-Масква ноччу 28 сакавіка. Міліцыя забараніла прысутнічаць на судзе ахвотным. В. Шчукін лёг на дол ў дзвярах, дзе адбываўся працэс, каб іх не зачынілі. Ноч правёў у міліцыі. 30 сакавіка 2012 г. суддзёй Т. Рыбаковай быў асуджаны на штраф у  34 базавых велічыні.

Быў актывістам грамадзянскай кампаніі «Наш дом». У 2010 г. двойчы затрымліваўся міліцыяй за перавоз газеты «Наш дом» і праваабарончых брашур, якія былі канфіскаваны 25 сакавіка і 08 жніўня 2010 г. 26 сакавіка  судом Буда-Кашалёўскага раёну і 01 кастрычніка 2010 г. судом Ленінскага раёну г. Магілёва быў прызнаны вінаватым у вырабе,дастаўцы і распаўсюдзе друкаванай прадукцыі,вырабленай з парушэннем беларускага заканадаўства і аштрафаваны кожны раз на 30 базавых велічыняў.[13]

19 красавіка 2011 г. міліцыя ў Мінску ўварвалася ў кватэру дачкі В. Шчукіна, дзе сабраліся актывісты грамадзянскай кампаніі «Наш Дом», быў затрыманы ў Фрунзенскім РУУСе разам з праваабаронцам з Віцебску Паўлам Левінавым і кіраўніцай «Нашага Дому» Вольгай Карач.[14]

Затрыманы 25 сакавіка 2017 г. на Дзень Волі. Моцна збіты. Дастаўлены ў ваенны шпіталь з гіпертанічным крызам[15].

1 мая 2017 г. Фрунзенскім судом г. Мінска, суддзя М. Ярохіна, за ўдзел у акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску аштрафаваны на 10 базавых велічынь.[16]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Palitviazni.info — 2013 — С. 265-266
  • Адзін дзень палітвязьня — 2009 — С. 160-167.
  • А. Тамковіч. Найноўшая гісторыя ў асобах — 2013 — С. 45-48.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. https://www.svaboda.org/a/1362720.html Былыя палітвязьні адзначаны прэміяй
  2. http://spring96.org/ru/news/81516 Правозащитные организации Беларуси выбрали лучших
  3. https://palitviazni.info/naviny/2012/11/8615 Валеры Шчукін: “Камера гатовая была мяне разарваць…”
  4. https://www.svaboda.org/a/24837761.html ВЯРХОЎНЫ СУД АДМОВІЎСЯ ПЕРАГЛЕДЗЕЦЬ ПРЫСУД У КРЫМІНАЛЬНЫХ СПРАВАХ ШЧУКІНА І СТАТКЕВІЧА
  5. https://www.svaboda.org/a/24832124.html Навіны 27 сакавіка 2000 г.
  6. https://www.svaboda.org/a/24836876.html ВАЛЕРЫ ШЧУКІН АСУДЖАНЫ ДА 10 СУТАК АРЫШТУ
  7. https://www.svaboda.org/a/24872572.html ШЧУКІНА ЗАСУДЗІЛІ ДА ТРОХ МЕСЯЦАЎ АРЫШТУ
  8. http://spring96.org/files/reviews/be/2001_review_by.pdf Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2001 годзе
  9. https://www.svaboda.org/a/24837798.htm ПАГРОМЫ НЕЗАЛЕЖНЫХ ГРАМАДЗКІХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ
  10. https://www.svaboda.org/a/24873000.html ВЫЙШЛІ НА ВОЛЮ АПОШНІЯ ПАЛІТВЯЗЬНІ СУМНАВЯДОМАГА СПЭЦПРЫЁМНІКА-РАЗЬМЕРКАВАЛЬНІКА НА ВУЛІЦЫ АКРЭСЬЦІНА
  11. https://www.svaboda.org/a/24844401.html СЁНЬНЯ РАНІЦАЙ ЗЬ БЕРАСТАВІЦКАГА ІЗАЛЯТАРУ ЧАСОВАГА ЎТРЫМАНЬНЯ ВЫПУСЬЦІЛІ ВАЛЕРЫЯ ШЧУКІНА
  12. https://charter97.org/ru/news/2011/7/9/40401/ Правозащитника Валерия Щукина вывезли на расстрел
  13. https://www.svaboda.org/a/2174003.html Валерыя Шчукіна пакаралі на мільён рублёў
  14. https://www.svaboda.org/a/9498557.html Шчукіна, Левінава і Карач забралі ў пастарунак
  15. http://www.svaboda.org/a/28390732.html Валерыя Шчукіна адвезьлі з пастарунку з гіпэртанічным крызам у шпіталь
  16. http://spring96.org/persecution?Name=%D1%88%D1%87%D1%83%D0%BA%D1%96%D0%BD+%D0%B2%D0%B0%D0%BB%D0%B5%D1%80%D1%8B