Вера Вярба
Вера Вярба | |
---|---|
Гертруда Пятроўна Сакалова | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 14 студзеня 1942 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 15 ліпеня 2012 (70 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэтэса, перакладчык |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у |
Вера Вярба, сапр.: Гертруда Пятроўна Сакалова (14 студзеня 1942, в. Высокі Гарадзец, Талачынскі раён — 15 ліпеня 2012, Мінск) — беларуская паэтэса[1].
Вера Вярба — вядомая беларуская паэтэса, перакладчыца. Яна стала адной з яркіх прадстаўніц плеяды жанчын-паэтэс (разам з Е. Лось, Я. Янішчыц, Н. Мацяш, Т. Бондар, Р. Баравіковай, Г. Каржанеўскай і інш.), якія сваёй творчасцю аздобілі і ўзбагацілі беларускую літаратуру другой паловы ХХ стагоддзя.
Біяграфічныя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]Сапраўднае імя — Гертруда Сакалова. Нарадзілася 14 студзеня 1942 года ў вёсцы Высокі Гарадзец Талачынскага раёна ў сям’і службоўцаў. Бацька, Пётр Андрэевіч Маркаў, загінуў у 1941 пад Смаленскам. Маці, Надзея Васілеўна Казлоўская, працавала інжынерам у Мінску. У 1958 В. Вярба скончыла сярэднюю школу ў Мінску і паступіла на філалагічны факультэт БДУ, які скончыла ў 1964. Пасля атрымання дыплома піша ў часопіс «Маладосць» і ўладкоўваецца старшым інспектарам аддзела прапаганды літаратуры упраўлення кніжнага гандлю Дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па друку. Сур’ёзная пасада і вымушае паэтку ўзяць псеўданім. 3 1972 — літсупрацоўніца, потым загадчыца аддзела пісем і інфармацыі рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва[2]», з 1977 пазаштатны карэспандэнт часопіса «Работніца і сялянка», з 1980 — у часопісе «Беларусь».
Член Саюза пісьменнікаў СССР і Беларусі з 1964 г., выбіралася членам бюро секцыі паэзіі СП БССР.
Памёр 15 ліпеня 2012 года ў Мінску. Пахаваная на могілках «Калодзішчы» пад Мінскам[3].
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Мае сына.
Псеўданiм
[правіць | правіць зыходнік]Гертруда Сакалова. Аўтарка, якая сваім творчым псеўданімам абрала лірычнае спалучэнне Вера Вярба.
Вера Харужая стала для паэтэсы ідэалам, пуцяводнай зоркай: «Я іду па слядах тваіх // за справядлівасцю і мужнасцю, // За высокай гордасцю і дружнасцю. // Кожны крок мой — на белай паперы, // Я дайду да цябе, мая Вера!». Відавочна, што менавіта гэтая гераіня паўплывала на выбар псеўданіма паэткі.
Другой часткай псеўданіма стала назва дрэва. У беларускім фальклоры вярба з’яўляецца сімвалам смутку. Як зазначае І. Чарота, «усходнеславянскія супольныя прынцыпы паэтызацыі вярбы на першы план ставяць лірычныя, часцей за ўсё любоўныя тэмы, у якіх дрэва ўвасабляе тугу». Паэтка ўспрымае дрэвы, як блізкія істоты, яны падобныя да людзей: «Затужылі вербы над вірамі. // …Але нельга вербам адарвацца // Ад радзімы, ад сваіх віроў». У творчасці В. Вярбы сімволіка гэтага дрэва прадвызначыла яркія адметнасці яе лірычнага слова — сувязь з роднымі каранямі, народна-песенную аснову і самотна-шчымлівы, пяшчотны настрой.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Дэбютавала ў 1958[1] З гэтага ж года пачалі публікавацца яе вершы ў друку (у часопісах «Вясёлка», «Бярозка», «Маладосць», «Полымя» і інш.). Беларускі паэт Мікола Аўрамчык з цікавасцю згадвае, як васьмікласніцай Вера Вярба прыйшла з сваімі вершамі ў рэдакцыю часопіса «Маладосць»: «Яна вельмі смелы чалавек была і вельмі своеасаблівы чалавек. Магла і жартаваць, і кпіць з хлопцаў з нашых з усіх, з паэтаў — тым больш. Вельмі дзёрзка трымалася, вельмі своеасабліва. Я нікога не магу параўнаць з ёй, нікога з тых паэтаў, якія амаль за сорак год маёй кансультацыі паэзіі прыходзілі да мяне. Яна своеасаблівая і, канечне, паэтэса ад Бога. Тут нічога не скажаш».
Ужо ў 1962 г. выдалі першую кнігу паэтэсы «Вочы вясны», якая была высока ацэненая крытыкамі. У 1964 г. В. Вярбу прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР. Адзін з вершаў — «Ручнікі» — з першага зборніка спадабаўся выкладчыку Полацкага педагагінага вучылішча Мікалаю Пятрэнку і ён напісаў на гэтыя словы песню. «Ручнікі» пасля выканання самадзейным дуэтам з Лёзна — Тамарай Дзядковай і Валянцінай Альхоўскай — на рэспубліканскім конкурсе мастацкай самадзейнасці сталі вядомаю песняй, якая пазней увайшла ў рэпертуар «Песняроў» і зрабіла маладую аўтарку папулярнай на ўсю краіну.
Вера Вярба выклікала захапленне. Генадзь Бураўкін прыгадваў: «Я памятаю прыход Веры Вярбы ў нашу паэзію. Не заўважыць гэтага прыходу нельга было, бо Вера была трапяткой, тоненькай, прыгожай, і вершы яе адразу ж былі непадобныя да іншых. Акрамя відавочнага таленту, у іх была жаноцкасць, тая жаноцкасць, якой вельмі і вельмі не хапала беларускай паэзіі навогул і, у прыватнасці, творчасці паэтак. Яна стала вельмі хутка вядомай…». Сапраўды, з першага зборніка ў творах паэтэсы прагучала выразная жаноцкасць, эмацыянальнасць, была відавочная перавага інтымнай лірыкі. Многія рэцэнзенты (В. Бечык, А. Куляшоў, В. Рагойша, А. Яскевіч ды інш.) адзначылі адметнае лірыка-непасрэднае самавыяўленне паэтэсы, яе «свежы голас». А. Лойка, напрыклад, вылучыў як самыя «цікавыя» творы з першага зборніка паэтэсы — «напісаныя ў інтанацыях і рытмах народнай песні — „У апошні“, „У мяне каханне…“»
Стаўшы вядомай у дваццацігадовым узросце, Вера Вярба на далейшым творчым шляху сустрэла цяжкія выпрабаванні: за шэрагам захапляльных рэцэнзій пайшлі разгромныя. У 1965 г. В. Вярба падрыхтавала другі свой зборнік «Снежань», але чытач яго так і не пабачыў. У рэцэнзіі на гэтую нявыдадзеную кнігу С. Грахоўскі пісаў: «Чытаючы многія вершы, пераконваешся, што В. Вярба піша так, як пішацца, мала клапоцячыся аб тым, што яна скажа людзям… Ствараецца ўражанне, што ў кніжку ўключаны першыя варыянты, а часам чарнавікі, непрадуманыя, неадшліфаваныя, напісаныя паспешліва і абыякава…». Рэцэнзент Я. Мазалькоў адзначыў паэзію В. Вярбы як «шчырую гарачую лірыку», а саму аўтарку «як несумненна адораную паэтэсу, для якой характэрны пошукі яркай своеасаблівай формы, імкненне упрыгожыць верш унутранымі рытмамі, асанансамі, маляўнічымі і незвычайнымі вобразамі», але зусім не зразумеў і раскрытыкаваў верш «Як надаелі размовы аб модзе…»: «Канечне, недарэчна лічыць „злачынствам“ падмаляваныя па-моднаму вусны і нават размаляваныя вейкі. Але таксама недарэчна лічыць кароткія сукенкі і адкрытыя каленкі прыкметай якіх-небудзь асобых вартасцяў маладых людзей, якія не жадаюць адставаць ад моды!»
Адказам на крытыку гучаць радкі з верша В. Вярбы: «За што вы толькі не судзілі — // А я па-свойму ўсё раблю. // На зайздрасць вам мяне любілі, // І я на зайздрасць вам — люблю. // Пакінулі свой след капытны // На маладой маёй душы, // Мой вобраз юны абабіты, // Як слуп аб’яўны ля шашы <…> І некаму мне крыўду скласці, // І некалі прыняць дакор. // Жыву і прычакаю шчасця // Усім чарцям наперакор».
Толькі значна пазней, у 1982 г. дапытлівая літаратуразнаўца Т. Чабан у даследаванні «Крылы рамантыкі: рамантычныя тэндэнцыі ў сучаснай беларускай паэзіі» змагла максімальна наблізіцца да раскрыцця таямніцы таленту В. Вярбы. Аналізуючы творчасць беларускіх паэтаў-рамантыкаў, яна вылучае ў гэтай сувязі паэзію В. Вярбы. Канешне, рамантычнасць і жаноцкасць — паняцці не ідэнтычныя, але ў асобнай канатацыі суадносныя. Даследчыца, спалучаючы рамантычныя тэндэнцыі з фальклорнай традыцыяй, акцэнтуе ўвагу на эмацыянальнасці стылю паэтэсы: «Класічныя» рамантыкі, раскрываючы ўнутраны свет чалавека, асаблівую ўвагу звярталі на эмацыянальны бок яго жыцця — «жыццё сэрца» (Бялінскі)". Характарызуючы лірыку паэтэсы, Т. Чабан адзначае «эмацыянальны пачатак», адвяргаючы «прагматызм, рацыяналізм». Лірычнай гераіні В. Вярбы ўласціва «жаноцкая (звярніце ўвагу — жаноцкая, а не жаночая — І. Ш.) кволасць, пяшчота да ўсяго жывога, душэўная ранімасць». У працы Т. Чабан, акрамя пералічаных рыс жаноцкасці, характэрных для паэзіі В. Вярбы, выяўляюцца прыклады змяншэння лагічна-рэчыўнага пачатку: «гранічна эмацыянальныя, суб’ектыўныя, неадназначныя эпітэты („засмучаныя далi“, „строгі маладзік“, „позні кароль“, „перабалелы дзень“ і г. д.), непрадбачаныя, ірацыянальныя параўнанні („рух ласкавых рук — як міг і недарэчнасць“), катахрэза — непаслядоўнасць у развіцці паэтычнага вобраза». Усё гэта дае магчымасць пры дапамозе «недагавораных» слоў і сімвалічных вобразаў звяртацца да чытача, «мінуючы логіку».
У гэтым ракурсе важным акцэнтам з’яўляецца актуалізацыя пытання ўзроставай мяжы. Сапраўды, цяжка аспрэчыць факт асаблівай балючасці гэтай тэмы для жанчыны, і таму неаднаразова гэтая тэма пульсуе ў многіх творах В. Вярбы: «Як гэта цяжка быць дарослай, // Як гэта цяжка быць жанчынай <…> А потым старасць, потым восень, // Хаваеш першыя маршчыны».
Яшчэ адной яркай адметнасцю жаноцкасці ў творчасці В. Вярбы стала тэма мацярынства. Невыпадкова трэцяя яе кніга — зборнік вершаў для дзяцей «Пралеска» (1968). Яшчэ ў васямнаццацігадовым узросце паэтэса ўсведамляла як найвышэйшае шчасце для жанчыны — быць маці: «Як найшчаслівейшая жанчына, // Дзіця падносіш да грудзей. // На твары свецяцца маршчыны, // І вочы сталі маладзей» (1960); кранае сваёй пяшчотай верш з першай кнігі паэтэсы — «Дачцэ, якой яшчэ няма» (1960).
Рэалізаваўшы сябе як жанчына-маці, паэтэса адзін за другім «нараджала» кнігі вершаў: «Высакосны год» (1969), «Сіняя бухта» (1975), «Альфа» (1978), «Мая маленькая планета» (1982), «Яраслаўна» (1986). У 1976 г. выйшла «Выбранае», у 1987-м — кніжка выбранай паэзіі «Белыя пісьмы», у 1995-м — «Апошні верасень».
Ваенная тэма прадстаўлена ў паэзіі Веры Вярбы таксама і праз асэнсаванне гераічнага вобразу сваёй зямлячкі Веры Харужай, якой яна прысвячае некалькі твораў («Веры Харужай», «Харужай», «Вера», асобны раздзел з паэмы «Каліна» — «Прыпяць» і інш.). Да паэтычнага твору «Вера» аўтар складае аб’ёмную прадмову ў прозе, дзе ўспамінае сюжэты, якія яна прачытала, разбіраючы архіўныя дакументы, акрамя таго ў гэтай прадмове — асновы канцэпцыі асэнсавання гэтай трагедыі ўсімі беларускімі паэтамі пасляваеннага пакалення: «Для майго пакалення вайна — гісторыя. <…> І вайна паўстала перада мной болем і гневам цэлага народа. <…> Яны загінулі, верачы ў справядлівасць, уславіўшы Беларусь. Іх смерць — не толькі помнік гераізму, яна дакор нам, жывым. Яе нельга забыць, усклаўшы на магілу вянок з кветак. І калі народ стварае гісторыю, ён павінен яе ведаць».
Для Веры Вярбы ўласціва нацыянальная адметнасць, якая выяўляецца ў выбары тэм, праблем, у своеасаблівым поглядзе на розныя бакі жыцця, нарэшце ў нацыянальным моўным каларыце. Для большасці яе твораў характэрны пранікнёны лірызм, эмацыянальнасць, чуласць да ўсяго навакольнага ў свеце, абвостранае пачуццё прыгожага. Нацыянальна-эстэтычная сутнасць яе паэзіі сведчыць пра адметную ментальнасць і мастацкую эстэтыку. Паэтычнае слова цесна звязана з моўным каларытам, і пры перакладзе на іншыя мовы твор нярэдка страчвае свой сэнс. Эстэтычныя карані яе паэзіі — у беларускай песеннай прасодыі. Моўная плынь яе твораў успрымаецца як музыка душы. Нездарма на яе вершы напісалі музыку кампазітары М. Пятрэнка, I. Барсукоў, Л. Свердзель
В. Вярба заўсёды з трапяткой павагай адносілася да справы свайго жыцця — паэзіі, узвышаючы той адрэзак часу, калі нараджаецца верш, уздымаючы паэта да экзістэнцыяльнага «творцы часу», пра гэта яна піша з упэўненасцю: «Я веру, што жыццё прадбачыць // І прадчувае лёс паэт…» І гэта не проста жаночая інтуіцыя, а паэтычны прагнастыцызм, заснаваны на глыбокім разуменні чалавека, жыцця і часу з пазіцый вечнага і вечнасці. У В. Вярбы «…кожны верш мой, нават слова — // Мой час, мой дзень, мой боль і хлеб». Вера Вярба не аставіла аўтабіяграфіі, яна «знікла» са старонак «свецкіх хронік» і перастала пісаць вершы яшчэ задоўга да таго, як пайшла з жыцця. Магчыма, ёй хацелася застацца ў памяці нашчадкаў вечна маладой і прыгожай. Яна аставіла для сваіх чытачоў наказ: «Дык будзьце ж у строгай важнасці // Да шчырасці ласкавей. // Чакайце, чытайце ўважліва, // Як пісьмы, вершы мае».
Лірычная творчасць Веры Вярбы — гэта высокамастацкі феномен, тайну якога даследчыкам паэзіі неабходна паспрабаваць раскрыць.
Пра значнасць беларускай паэзіі Веры Вярбы ў культурнай прасторы сведчаць пераклады яе твораў на іншыя мовы свету як блізкага, так і далёкага замежжа: на балгарскую, польскую, чэшскую, рускую, украінскую, латышскую, грузінскую, узбекскую і іншыя мовы свету.
Зноскі
- ↑ а б Верба Вера // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 110. — 737 с.
- ↑ http://www.zviazda.by/be/edition/litaratura-i-mastactva
- ↑ Брэская — Гарэцкі – Белліт (14 ліпеня 2023). Праверана 28 ліпеня 2024.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вярба Вера // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- Вярба Вера // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
- «Дажджлівых раніц пазалота…»: Вера Вярба // Бельскі, А. І. Беларуская літаратура XX стагоддзя: гісторыя і сучаснасць / А. І. Бельскі. — Мн., 2005. — С. 136—143.
- Гайдук С. Пачатак з канца, ці Чаму Вера Вярба працягвае жыць у нашых сэрцах// Літаратура і мастацтва. — 2012. — 24 жніўня. — № 34. — С. 5.
- Пісьменнікі і паэты Беларусі(недаступная спасылка)
- Шматкова, І. «Як гэта цяжка быць жанчынай..»: жыццё і лірыка Веры Вярбы // Шматкова, І. Беларуская жаночая паэзія другой паловы ХХ стагоддзя / І. Шматкова. — Мінск: РІВШ, 2017. — С. 48 — 56. Электронны рэсурс: https://elib.bsu.by/bitstream/123456789/187738/1/Bel_zhan_poesia_20.pdf(недаступная спасылка)
- Нарадзіліся 14 студзеня
- Нарадзіліся ў 1942 годзе
- Нарадзіліся ў Беларусі
- Памерлі 15 ліпеня
- Памерлі ў 2012 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Пахаваныя на Каладзішчанскіх могілках
- Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ
- Супрацоўнікі газеты «Літаратура і мастацтва»
- Супрацоўнікі часопіса «Беларусь»
- Асобы
- Паэтэсы
- Паэты паводле алфавіта
- Паэты Беларусі
- Паэты СССР
- Перакладчыкі паводле алфавіта
- Перакладчыкі Беларусі
- Перакладчыкі СССР
- Перакладчыкі прозы і драматургіі на беларускую мову
- Перакладчыкі з рускай мовы
- Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Нарадзіліся ў Талачынскім раёне
- Беларускамоўныя паэты
- Члены Саюза пісьменнікаў СССР