Перайсці да зместу

Вясея

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аграгарадок
Вясея
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1795
Паштовыя індэксы
223631
Аўтамабільны код
5
Афіцыйны сайт
Вясея на карце Беларусі ±
Вясея (Беларусь)
Вясея
Вясея (Мінская вобласць)
Вясея

Вясе́я[1] (трансліт.: Viasieja, руск.: Весея) — аграгарадок у Слуцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Вясейскага сельсавета.

Вясея знаходзіцца за 10 км на паўночны ўсход ад Слуцка, за 111 км ад Мінска, на рацэ Вясейцы[2]. Аграгарадок знаходзіцца на аўтадарозе Р43 паміж гарадамі Слуцк і Старыя Дарогі.

Былы сад.

Паходжанне назвы

[правіць | правіць зыходнік]

Ёсць некалькі версій. Паводле адной, назва паходзіць ад ракі Вясейкі (Вясеі). Паводле тапанімічнага слоўніка, ад слова wesi — «паселішча» (параўн. весь, вёска).

Размяшчаецца абапал старой маскоўска-варшаўскай дарогі.

Мясцовасць знаходзілася ў зоне рассялення дрыгавічоў у VII—VIII ст. Каля X ст. паселішча дрыгавічоў з'явілася ў цяперашнім урочышчы Махорты паблізу Вясеі. Да сярэдзіны XII ст. мясцовасць уваходзіла ў склад Тураўскага княства. У 1149 годзе мясцовасць напэўна ў складзе Слуцкага княства трапіла да чарнігаўскага князя Святаслава Ольгавіча і прынамсі да сярэдзіны XIII ст. была ў складзе Чарнігаўскага княства. З XIII—XIV ст. мясцовасць у складзе ВКЛ.

Вясея да XVIII ст. не згадваецца, напэўна, калі вёска і існавала, то была нязначным паселішчам і раздзяляла гістарычны лёс Слуцкага княства, якое з 1395 года належала князям Алелькавічам, а пазней іх спадкаемцам Радзівілам.

Вясея згадваецца ў час Паўночнай вайны (1700—1721). У 1793 годзе пераходзіць спадчынніку Радзівілаў князю Вітгенштэйну. Падчас вайны 1812 года паміж вёскамі Вясея і Краснае Сяло адбыўся жорсткі бой паміж расійскімі і французскімі войскамі.

З 1846 года вясейскімі землямі валодалі памешчыкі Кандратовіч[3] і Пясляк, Кандратовічу належала заходняя, а Песляку — усходняя частка Вясеі. Паводле плана Вясеі ад 1864 года, які захаваўся ў жыхара Вясеі Прохара Чэчата, у вёсцы 34 гаспадаркі, у т.л. 23 належалі Кандратовічу, 11 — Песляку, таксама ім належала 919 дзесяцін зямлі непрыдатнай пад ворыва (балоты, тарфянікі). У кожнага з уладальнікаў у Вясеі было па дзве карчмы. Пасля смерці Песляка ўладальнікам яго часткі стаў Бараноўскі.

Да цяперашняга часу захаваліся звесткі пра вясейскага скрыпача Самсона Фурсевіча і казачніка Юрыя Зайца.

На пачатку ХХ ст. вёска ў складзе Слуцкай воласці, у ёй 83 двары, 645 жыхароў. Да 1917 года ў Вясеі былі кузня, ветраны млын, капліца, хлебны магазін, шавецкая і кравецкая майстэрня, школа.

У 1920 годзе Вясея была занята польскімі войскамі, побач з вёскай палякі ўзялі ў палон 14 партызан, якія былі расстраляны. Жыхар Вясеі Якаў Бандарэвіч таксама быў арыштаваны, але ўрэшце адпушчаны. Пасля адступлення палякаў на захад у 1920 годзе, за імі з'ехала і сям'я памешчыка Кандратовіча. 

У 1929 годзе ў Вясеі пачала стварацца сельскагаспадарчая камуна «КІМ». У 1931 годзе ў вёсцы быў створаны калгас «Чырвоная Вясея». Першымі калгаснікамі былі Якаў Бандарэвіч (старшыня), Канстанцін Сініца, Прохар Чэчат, Пятро Бандарэвіч, Антон Карцель, Афанасій Губчык. Калгас абслугоўвала Слуцкая МТС, якой кіраваў Бангайціс. Калгас з 1931 года называўся «Чырвоная Вясея». У 1944 годзе быў перайменаваны ў калгас імя Арджанікідзэ.

На 01.01.1998 года — 486 двароў, 1500 жыхароў, ААТ «Слуцктэхсервіс», сярэдняя і дзіцячая музычная школы, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, урачэбная амбулаторыя, аддзяленне паштовай сувязі, тры крамы, сталовая.

У 2003 годзе калгас пераўтвораны ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Вясейскі Пакроў». З 2011 года Вясея стала аграгарадком.

Школа ў Вясеі была 2-класнай, дакладны час яе з'яўлення невядомы і акрэсліваецца як «задоўга да рэвалюцыі 1917 года»[4]. Уласнага памяшкання школа не мела, спачатку яна перамяшчалася з хаты ў хату, потым пад яе было нанята сталае памяшканне. Дзейнічала школа на сродкі прыхаджан мясцовай царквы. Першай настаўніцай была дачка протаіерэя Шамяцілы. Увага надавалася вывучэнню «Закона Божага», малітваў і царкоўных песень, пісьму, чытанню і арыфметыцы. Навучанне вялося на рускай мове, як звычайна тады. Першым скончыў гэтую адзіную на Слуцкую воласць 2-класную школу Прохар Яфімавіч Чэчат.

У 1920 годзе ў былым маёнтку Кандратовіча пачалі дзейнічаць пачатковая школа і бібліятэка пры ёй. У 1932 годзе пачатковая школа стала сямігодкай. А ў 1938—1939 гадах сямігодка стала дзесяцігодкай. У школьным музеі захаваліся пахвальныя граматы ад 1937 і 1938 гадоў, таксама знаходзіцца дакумент, які афіцыйна сведчыць, што школа дзейнічае з 1922—1923 навучальнага года.

У 1966 годзе, на месцы параднага двара сядзібы Кандратовічаў, пабудаваны сучасны будынак школы, захавалася ўязная ліпавая алея.

Рака Вясейка
  • 1996—1494 жыхары, 477 двароў[2].
  • 1998—1500 жыхароў, 486 двароў

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]

Помнікі

  • ва ўшанаванне памяці 150 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну;
  • на брацкай магіле савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні раёна;
  • бюст Р. К. Арджанікідзэ, імя якога насіў мясцовы калгас.

Мікратапонімы Вясеі

[правіць | правіць зыходнік]

Урочышча Махорты — самае вялікае ўрочышча паблізу вёскі.

Урочышча акружае вёску Слабада, цягнецца паўз рэчку ў бок вёскі Малая Падзер і праходзіць ад Слабады да шашы Слуцк-Масква. Паводле старажылаў, назва Махорты пайшла ад прозвішча яе першага пасяленца Махора. Паводле іх успамінаў, хата яго стаяла там, дзе цяпер знаходзіцца помнік ахвярам фашызму. У пачатку XX ст. на гэтым месцы была пабудавана сядзіба, абсаджаная вялікім пладовым садам.

У 1929 годзе ў Махортах быў арганізаваны саўгас, які так і называўся — «Махорты». Паводле ўспамінаў, туды сілком звозілі хлявы вяскоўцаў і зганялі ўсю жывёлу. А яшчэ Махорты вядомыя тым, што былі тут укапаны чаны, памерам з дом, дзе квасілі капусту і прадавалі ўзімку. У 1931 годзе «Махорты» ўвайшлі ў склад калгаса «Чырвоная Вясея».

У 1942 годзе ва ўрочышчы адбыўся расстрэл яўрэяў са слуцкага гета. Уратавацца ўдавалася мала каму, адзін яўрэй забег у хлеў Таццяны Філіпені, але напалоханая гаспадыня паведаміла пра яго паліцаям.

Стары сад у Махортах даваў «Чырвонай Вясеі» неблагі прыбытак. У 1954 годзе паблізу пасяліўся цыганскі табар, пазней старшыня калгаса прагнаў цыган, быццам за пашкоджанне сада. 

Урочышча Хрыста

Урочышча знаходзіцца за балотцам, пасярэдзіне шляху з райаграпрамтэхнікі да вёскі Камора. Гэта ўзвышша каля балотца. Паводле падання, гэта было самае высокае месца ваколіц Вясеі, вернікі ў святы ішлі сюды каб памаліцца Хрысту.

Замох

Знаходзіцца адразу за ўрочышчам Хрыста. Цяпер тут праходзіць дарога да вёскі Буслаўка. Назва тлумачыцца тым, што ў гэтым месцы было вялікае балота, дзе людзі дралі сабе мох для будаўніцтва хат. А лес, які акружаў балота, называўся Вялікі лес.

Муцьвіца

Знаходзіцца непадалёку ад таго месца, дзе працякала рэчка Муцьвіца (непадалёку ад бярозак). Назва ўрочышча пайшла ад таго, што тут была крыніца з мутнаватай вадой.

Прыдаткі — дарога, якая ішла ад сучаснага маладога саду ў вёску Прошчыцы, называлася быццам ад прыдатнасці да язды і хадзьбы.

Шырокае поле

Сёння Шырокае поле знаходзіцца паміж механізаваным дваром і рэчкай. Самае глыбокае месца на ім — Рыгорава яма. Яна знаходзілася за 150—170 м ад ракі. Назва пайшла ад імя Рыгора, які штогод касіў тут траву.

Мелкае

Так называецца месца адразу за мостам. Паходзіць назва ад таго, што калі не было моста, то людзі ў гэтым месцы пераходзілі рэчку ўброд.

Праходцы

Знаходзіцца за Вялікім полем і цягнецца да канавы, якая бярэ пачатак ад вёскі Ізбудзішча. Праходцы — ад слова «хадцы», «хадзіць». У Праходцах была дарога, якая цягнулася ад прыдаткаў да Ізбудзішчаў, праходзіла па Вялікім полі.

Урочышча Дворнае

Цягнецца ад урочышча Махорты па шашы да прыпынку, дзе паварот на Бярозаўку. Ва ўрочышчы знаходзіўся вялікі сад з пастаялым дваром, ад якога пайшла назва. Пастаяльцы жылі ў вялікім доме (на месцы дарожнага доміка каля выезду з Жураўкі). Там жа, у садзе, была вялікая стайня, дзе падарожны мог памяняць каня.

Гай

Знаходзіцца па левы бок ад дарогі, якая вядзе на Бярозаўку. Назва паходзіць ад дубовага гаю, які ў 1942 годзе быў высечаны немцамі, для вывазу драўніны ў Германію. Другая назва Гая — Панскі Лес.

Урочышча Падліп'е

Урочышча Падліп'е — вялікі ўчастак поля, які займаў тэрыторыю сучаснай вуліцы Крылова. Назва пайшла ад таго, што гэты ўчастак быў засаджаны ліпамі, амаль усе царкоўныя святы летам адзначаліся ў гэтым урочышчы.

Урочышча Верамееў імшок

Знаходзіцца на месцы сучаснай падстанцыі. Назва пайшла ад Верамея, чыя хата стаяла каля мохавага балотца. Верамей продак цяперашніх Верамейчыкаў, які жывуць у Вясеі.

Урочышча Асова

Знаходзіцца на тэрыторыі сучаснай дарогі на Бярозаўку. Назва паходзіць быццам ад восаў ці асін, або асін з восамі, якія былі тут у незвычайнай вялікай колькасці.

Вялікае поле — другое па велічыні ўрочышча пасля Махортаў.

Знаходзіцца на тэрыторыі сучаснай райаграпрамтэхнікі. У часы калгаса «Чырвоная Вясея» там заўсёды былі добрыя ўраджаі морквы і турнэпсу. Вялікае быццам значыць вялікае ва ўсім: і ва ўраджаі, і па плошчы.

Каменны масток — масток праз канаву за тэрыторыяй райаграпрамтэхнікі, пабудаваны быццам у часы Кацярыны II з часанага каменю-шасцігранніка.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. а б Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 401. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0.
  3. Весея, усадьба Кондратовичей Минская область, Слуцкий район // Старинные усадьбы Минского края / А. Т. Федорук ; [Под общ. рук. и предисл. Е.Будинаса]. — Мн.: ООО "Полифакт" : ООО "Лекция", 2000. — 415 с. — (Старинные усадьбы Беларуси). — 500 экз. — ISBN 985-6107-24-5.
  4. Архіўны дакумент № 1724 ад 15.06.1965 года «История Весеи»
  5. а б Сухазане́ты // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 294—295. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 401. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0.
  • Блакітная кніга Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1994.
  • История Слуцка в XIV—XVII в.
  • Памяць: Слуцкі раён. Слуцк: у 2 кн. / уклад. В. С. Відлога; рэдкал.: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) і інш.; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БЕЛТА, 2000—2001.
  • Слуцк // Бел. энцыкл. у 18 т. — Мінск, 2002. Т. 15. С. 25-27.
  • Слуцк // Энцыкл. гісторыі Беларусі ў 6 т. — Мн.: 2001. Т. 6., кн. 1. — С. 345—347.
  • Францыск Скарына: Зборнік дакументаў і матэрыялаў. — Мінск, 1988. — С. 84-85.