Галіна Фёдараўна Скакун

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Галіна Фёдараўна Скакун
Дата нараджэння 10 кастрычніка 1943(1943-10-10)
Месца нараджэння
Дата смерці 25 сакавіка 2022(2022-03-25) (78 гадоў)
Грамадзянства
Маці Лідзія Іванаўна Асіюк
Узнагароды і прэміі
Герой Сацыялістычнай Працы
ордэн Леніна ордэн Леніна ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга Ордэн «Знак Пашаны»
залаты медаль ВДНГ Дзяржаўная прэмія БССР

Галіна Фёдараўна Скакун (10 кастрычніка 1943, в. Барысы, Дамачаўскі раён, Брэсцкая вобласць — 25 сакавіка 2022, в. Барысы, Брэсцкі раён, Брэсцкая вобласць) — даярка, Герой Сацыялістычнай Працы (1988).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася 10 кастрычніка 1943 года ў в. Барысы Падлужскага сельсавета Дамачаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Дачка Героя Сацыялістычнай Працы Лідзіі Іванаўны Асіюк (1920—1984).

У 1944 годзе страціла бацьку, які адмовіўся ісці на службу ў нямецкую дапаможную паліцыю, за што быў пасаджаны ў турму, захварэў на сухоты і неўзабаве памёр. З ранняга дзяцінства Галіна пачала далучацца да цяжкай сялянскай працы. Падчас вучобы ў мясцовай школе, яна пачала працоўную дзейнасць, дапамагала маці весці ўласную гаспадарку і працаваць у мясцовым калгасе імя Жданава (з 1989 года калгас «Беларусь»), ахвотна асвойвала нялёгкую прафесію даяркі. Нароўні з дарослымі працавала не толькі на малочнатаварнай ферме, але і на прыфермскім участку, дзе вырошчваліся кармавыя культуры.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Галіна працягнула працаваць на ферме ў роднай вёсцы, а ў 1965 годзе пачала самастойна працаваць даяркай, пазней — аператарам машыннага даення. Ёй была даверана група з 16 першацёлак, адабраных з групы яе маці Л. І. Асіюк. Маладая даярка ўзяла абавязацельства надаіць ад кожнай з кароў па 4500 літраў малака. Гэтае абавязацельства было не толькі выканана, але і перавыканана. Першай узнагародай даяркі стаў медаль «За працоўную доблесць». Актыўна займаючыся самаадукацыяй і пастаянна працуючы над павышэннем прадуктыўнасці замацаванай за ёй групы кароў, да 1970-х гадоў яна паспяхова пераадолела пяцітысячную мяжу.

За поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскай гаспадаркі і выкананні заданняў восьмага пяцігадовага плана па вытворчасці і продажы дзяржаве прадуктаў жывёлагадоўлі, у 1971 годзе была ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны». За вялікія поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве і праяўленую працоўную доблесць у выкананні прынятых абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве малака, у 1973 годзе ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. За выдатныя дасягненні ў працы, творчую ініцыятыву ў развіцці сацыялістычнага спаборніцтва і за значнае павелічэнне вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі была ўдастоена звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР. За поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, праяўленую працоўную доблесць у выкананні планаў і прынятых абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці прадуктаў жывёлагадоўлі ў зімовы перыяд 1982—1983 гадоў была ўзнагароджана ордэнам Леніна.

Г. Ф. Скакун паспяхова ўкараняла ў вытворчасць інтэнсіўныя тэхналогіі і перадавыя метады арганізацыі працы, дзякуючы чаму ўваходзіла ў лік перадавых працаўнікоў гаспадаркі, неаднаразова перамагала або займала прызавыя месцы ў раённых і абласных сацыялістычных спаборніцтвах, удзельнічала ў Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі (ВДНГ). Замацаваная за ёй група кароў з’яўлялася адной з самых прадуктыўных у гаспадарцы. На працягу адзінаццатай і дванаццатай пяцігодак даярка дабілася выдатных вынікаў, сярэднія надоі ў яе групе за 1987 год склалі 8300 літраў малака ад каровы.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета ад 17 жніўня 1988 года за выдатныя вынікі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі на аснове асваення інтэнсіўных тэхналогій і перадавых метадаў арганізацыі працы ў земляробстве і жывёлагадоўлі, і праяўленую працоўную доблесць Скакун Галіне Фёдараўне прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».

На працягу дванаццатай пяцігодкі (1986—1990) асвоіла новую форму арганізацыю працы — сямейны падрад. Надзейным яе памагатым на ферме стаў муж, які таксама асвоіў прафесію аператара машыннага даення.

Выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1989—1991), дэпутатам мясцовых Саветаў народных дэпутатаў. Дэлегат IV Усесаюзнага з’езда калгаснікаў (1988), на якім абрана ў Саюзны Савет калгасаў.

Выйшла на пенсію ў 1993 годзе, але ў калгасе «Беларусь» (з 2002 года — дзяржаўнае унітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Барысы», у 2013 годзе далучана да ААТ «Брэсрайаграсэрвіс» з цэнтрам у гарадскім пасёлку Дамачава) працягвала працаваць аператарам машыннага даення да 2006 года, калі была вымушана пайсці на заслужаны адпачынак, каб даглядаць хворага мужа. Пражывала ў вёсцы Барысы, прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці вёскі і ў рабоце ветэранскай арганізацыі раёна.

Памерла 25 сакавіка 2022 года.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Леонид Екель. Я не могу иначе // Заря над Бугом. — Брест, 2013.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]