Рэчыцкае падвалле (гістарычны раён Гомеля)
Рэчыцкае падвалле – гістарычны раён горада Гомеля, вядомы з дакументаў другой паловы XVIII ст. Знаходзілася на поўдні і паўднёвым захадзе ад гомельскага замка, верагодна, між тагачаснай вуліцай Рэчыцкай і ярам Гамяюк.
Гістарычныя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]Назва «падвалле» (польск.: «podwale») указвае на размяшчэнне забудовы пад земляным валам. Факт забудовы гэтай мясцовасці сведчыць аб страце старой абарончай сістэмай сваёй ранейшай значнасці і мэтазгоднасці.
Па стане на 1765 г. Рэчыцкае падвалле ўключала 19 гаспадарак, у 1771 г. – 18. Гаспадарамі значыліся мужчыны. Толькі адна гаспадарка ў гэтыя гады была запісанай за жанчынай: верагодна, удавой з характэрным падвойным прозвішчам Пятрова Гомеліха, але без пазнакі імя.
Асобныя прозвішчы гаспадароў, што жылі ў той час на падваллі, сведчаць аб іх прафесійнай прыналежнасці ці родзе заняткаў – кравец, бондар, канавал.
Па сведчанні даследчыка гісторыі Гомеля Алега Макушнікава Рэчыцкае падвалле працягвала існаваць і ў канцы XVIII ст., будучы пазначаным на плане 1799 г. сярод каля шаснаццаці іншых вуліц і дзясятка завулкаў «местечка Гомля».
Сваю назву мясцовасць страціла, відаць, на пачатку ХІХ стст. у сувязі з маштабнай перабудовай гістарычнага Гомеля.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — Гомель : РУП «Центр научно-технической и деловой информации», 2002. — С. 171—172.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Люстрацыя Гомельскага староства Архівавана 24 студзеня 2021., 1765 г.
- Інвентар Гомельскага староства, 1771 г.