Геаграфія Афганістана

З пляцоўкі Вікіпедыя
Вялікі каньён у нацыянальным парку Бандзі-Амір

Прырода Афганістана горная і суровая, раўнінныя толькі крайняя поўнач і паўднёвы захад. Клімат умераны і субтрапічны, пераважна горны, адрозніваецца вялікай разнастайнасцю. Рэкі належаць да бяссцёкавых басейнаў Амудар’і (поўнач) і Гільменда (паўднёвы захад), а таксама да басейна Індыйскага акіяна (захад). Флора і фаўна вельмі разнастайныя, хоць лясоў амаль што не засталося.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Афганістан — унутрыкантынентальная дзяржава. Геаграфічна яго адносяць як да Паўднёвай, гэтак і да Цэнтральнай Азіі, за важнасць геаграфічнага становішча на скрыжаванні шляхоў паэтычна называючы «сэрцам» гэтай часткі свету. Пра тое выдатна сказаў пакістанскі паэт Мухамад Ікбал: «Азія — цела з вады і зямлі, а сэрца яе ў Афганістане. Разлад у сэрцы — разлад ва ўсёй Азіі, згода на сэрцы — спакой ва ўсёй Азіі.» Плошча "сэрца" каля 652 тыс км² — крыху болей за Украіну.

Ваханскі калідор — не самая зручная мяжа на свеце

Даўжыня межаў Афганістана складае 5 529 км:

Розніца ў часе паміж Мінскам і Кабулам складае 2:30 у зімовы час і 1:30 хвілін у летні час (напрыклад, калі ў Мінску 12.00, у Кабуле 14:30 у зімовы час).

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Тапаграфія Афганістана

Афганістан — зямля гор, якія займаюць каля 4/5 ягонай плошчы. З паўночнага ўсходу — ад высозных Паміру і Каракаруму — на паўднёвы захад цягнуцца хрыбты Гіндукуша, з самым высокім пунктам краіны, гарой Нашак (7 452 м). На ўсходзе велічныя хрыбты падзеленыя ўрадлівымі далінамі, на захад горы робяцца ніцымі і сухімі, паступова пераходзячы ў Іранскае нагор’е і далей у плато Рэгістана і раўніну ўпадзіны Сістан. Поўнач краіны займае Бактрыйская нізіна з самім нізкім пунктам краіны на беразе Амудар'і у правінцыі Джаўзджан (258 м). Крайні паўночны усход — зямля гор-асілкаў — адрозніваецца высокай сейсмічнасцю: землятрусы адбываюцца тут незайздросна часта — у 1998, 2002 і 2010 яны забралі дзясяткі, сотні і тысячы чалавечых жыццяў у правінцыі Бадахшан.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Клімат разнастайны, высока ў гарах тэмпература студзеня складае −15 °C, а ў ліпені рэдка ўзнімаецца вышэй за 0 °C. Узімку Памір і Гіндукуш апранаюць сапраўдны снежны кажух. Лета найцяплейшае ў пустынных абшарах упадзіны Сістан, даліне Амудар'і і Джэлалабадскай катлавіне (паўсюль сярэрняя тэмпература ліпеня вышэй за +30 °C). У гарах на наветраных схілах выпадае больш за 1 500 мм ападкаў, на большай частцы краіны — 400-600 мм, у пустынях — 200 мм. Упадзіна Сістан — адзін з найзасушлівейшых рэгіёнаў Азіі.

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Рака Кабул у Кабуле, 1982

Рэкі поўначы Афганістана належаць да басейна Амудар'і, таму іх гаспадарчае выкарыстанне ў адроджаным Афганістане можа балюча адбіцца на і без таго хворай экалогіі краін Сярэдняй Азіі. Рэкі паўднёвага захаду належасць да басейна ўнутранага сцёку: яны жывяцца ў хрыбтах Гіндукуша расталым увесну снегам і дажджамі і сцякаюць у катлавіну Сістан, дзе ўтвараюць азёры або губляюцца ў балотах і пясках. Найбуйнейшая з гэтых рэчак — Гільменд. Рэкі ўсходу нясуць ваду ў Інд, памерамі і вядомасцю сярод іх вылучаецца Кабул. Свае водныя рэсурсы на сённяшні дзень Афганістан выкарыстоўвае слаба, ірыгацыйныя сістэмы парабуюць рэканструкцыі.

Расліннасць[правіць | правіць зыходнік]

Суседзі: пустынныя горы і зялёная даліна ракі. Заходні Афганістан

Горны рэльеф і засушлівы клімат прадвызначылі тое, што большая частка Афганістна занята малапрадукцыйнымі землямі: пяскамі, камяністымі паверхнямі, горнымі і паўпустыннымі пашамі. Урадлівыя і шчыльная населеныя толькі рачныя даліны. Сельскагаспадарчыя землі займаюць каля 12 % плошчы; лясы — толькі каля 3 %. Пераважна хваёвыя лясы з елкі і лістоўніцы растуць у асноўным на паўночным усходзе на вышынях ад 2000 да 3000 метраў, найбольшай лясістасцю адрозніваецца правінцыя Нурыстан.[1] Упадзіна Сістан і Рэгістан занятыя паўпустынямі і пустынямі. Бактрыйская нізіна пакрытая пераважна стэпамі.

Фаўна[правіць | правіць зыходнік]

Жывёльны свет Афганістана багаты і адрозніваецца па рэгіёнах. У гарах усходу жывуць мядзведзь, снежны барс, памірскі горны баран; Бактрыйская нізіна славіца мноствам птушак, з млекакормячых тут маюцца вожыкі, грызуны сямейства гоферавых і шакалы; на поўдні і паўднёвым захадзе сустракаюцца газелі, дзікі, мангусты, а вось гепардаў больш няма. Да эндэмічных відаў адносяцца афганская ляцяга і афганскі снежны уюрок.

Ахова прыроды[правіць | правіць зыходнік]

Справа аховы прыроды ў Афганістане яшчэ не выведзена на належны ўзровень. Тым не менш, маюцца тры нацыянальных паркі: Вахан, Нурыстан і Бандзі-Амір. Апошні да савецкага ўварвання быў вельмі папулярны сярод турыстаў.

Зноскі