Геаграфія Манголіі
Манголія размешчана ў Цэнтральнай Азіі. Краіна мае плошчу 1564116 км², у тры разы перавышаючы па памеры Францыю і займаючы 19-е месца па тэрыторыі. Працягласць з поўначы на поўдзень складае 1260 км, а з захаду на ўсход — 2400 км. Выхад да мора адсутнічае, а таксама краіна з’яўляецца самай вялікай па плошчы дзяржавай, акружанай іншымі дзяржавамі.
Рэльеф
[правіць | правіць зыходнік]Большасць паверхні краіны займае плато вышынёй 900—1500 метраў над узроўнем мора. Над гэтым плато ўзвышаецца некалькі горных масіваў і хрыбтоў. Самы высокі з іх — Мангольскі Алтай , які цягнецца на захадзе і паўднёвым захадзе краіны.
Паводле фізіка-геаграфічных умоў краіна падзяляецца на 5 буйных рэгіёнаў — Алтайскі, Хангайскі, Вялікія азёры, Усходнюю Манголію і Гобі. Алтайскі высокагорны рэгіён размешчаны на захадзе, мяжуе з Расіяй і Кітаем. Найвышэйшы пункт — гара Куйтэн-Уул (4374 м.) у горным раёне Таван.
Хангайскі рэгіён займае цэнтральную і паўночную частку краіны. Ён вызначаецца разнастайнасцю рэльефу — далінамі буйных рэк Архон, Анон, Керулен, Туул, Селенга і інш., а таксама Саянскім (Прыхубсугульскім), Хангайскім і Хэнтэйскім высакагор’ямі. У гэтым рэгіёне можна ўбачыць мясцовасці альпійскага тыпу, пакрытыя вечнымі снягамі вяршыні, невысокія сопкі, іглічныя лясы і старажытныя ледавіковыя азёры.
Рэгіён Вялікіх азёр знаходзіцца паміж Алтайскім і Хангайскім. На вышыні ад 759 м да 1153 м у пустыннай ці паўпустыннай мясцовасці 5 буйных азёр, мноства саланчакоў, гліністых раўнін і пясчанікаў.
Усходняя Манголія — найбольш нізкі і роўны рэгіён. Пануючая форма ландшафту — сухі роўны стэп. Часам сустракаюцца невысокія пагоркі, на поўдні, на мяжы з Кітаем, — малыя ўзвышаныя масівы вулканічнага паходжання, на поўдні і ўсходзе — пясчаныя барханы.
Поўдзень, паўднёвы захад і паўднёвы ўсход Манголіі займае пустыня Гобі, якая працягваецца на поўначы цэнтральнай часткі Кітая. Гэты рэгіён акружаны высокімі горнымі сістэмамі і займае тэрыторыю больш за 500 км з поўначы на поўдзень і 1000 км з захаду на ўсход. У Габійскім рэгіёне мала роўных прастораў. Раўніны занятыя сопкамі, чаргуюцца з сайрамі (каменнымі перасохлымі рэчышчамі), скальнымі ўзвышшамі і гарамі. У залежнасці ад структуры і характару горных парод і асвятлення пустыня мяняе колер ад чорнага да жоўтага і пурпурнага. Найбольш прыгожая частка паўднёвага Гобі — тры горныя ўзвышшы Гурван-Сайхан , пакрытыя іглістымі лясамі, з мноствам ручаёў. У цясніне Ёлын-ам — магутны вадаспад і вечны горны лёд, незвычайна спярэшчаны воднымі струменямі. Пустыня мае вельмі разнастайныя часткі: пясчаныя, скалістыя, камяністыя, роўныя і пагорыстыя, розныя па колеры часткі — манголы падзяляюць яе на Жоўтую, Чырвоную і Чорную Гобі.
Клімат
[правіць | правіць зыходнік]Клімат краіны рэзка кантынентальны з вельмі халоднымі зімамі і сухімі спякотнымі летамі. У сталіцы, Улан-Батары, размешчанай паміж горнымі масівамі і пустынямі, тэмпература вагаецца ад мінус 25° С ÷ 35° С зімой да +25° С ÷ 35° С летам. Гэты горад — адна з самых халодных сталіц свету. Самая халодная зіма за апошнія 80 гадоў назірання прыпала на 2009/2010 г., калі з-за сцюжы і намаразі загінула значная частка пагалоўя свойскай жывёлы. Амаль палова паўночнай часткі краіны занятая зонай суцэльнай ці астраўной вечнай мерзлаты (самае паўднёвае распаўсюджванне вечнай мерзлаты на планеце).
Ападкі складаюць: на паўночным захадзе 250—510 мм, ва Улан-Батары 230—250 мм, у пустыні Гобі яшчэ меней.
Карысныя выкапні
[правіць | правіць зыходнік]На тэрыторыі Манголіі знойдзена больш за 4500 радовішчаў 40 відаў карысных выкапняў, у тым ліку золата, вальфраму, фасфатаў, чорнага і бурага вугалю, рэдкіх металаў і камянёў. У Манголіі былі адкрытыя новыя мінералы — анганіт , армстрангіт і мангаліт , а таксама 50 радовішчаў лекавых гразяў і 400 гарачых і халодных мінеральных крыніц.
Унутраныя воды
[правіць | правіць зыходнік]Рэкі Манголіі маюць свае крыніцы ў гарах, большасць з іх адносіцца да басейнаў Арктычнага і Ціхага акіянаў. Самыя вялікія рэкі краіны — Селенга, Керулен, Анон, Халхін-Гол , Хоўд . Рэкі заходняй і паўночна-заходняй частак краіны выхаду да акіяна не маюць, а ўпадаюць у мясцовыя азёры.
У Манголіі налічваецца больш за тысячу пастаянных азёраў і значна большая колькасць часовых, што ўтвараюцца ў перыяд дажджоў. У старажытнасці значная частка Манголіі прадстаўляла сабой унутранае мора, якое потым падзялілася на некалькі вялікіх азёраў. Цяперашнія азёры — гэта тое, што ад іх засталося. Самыя вялікія азёры знаходзяцца ў катлавіне Вялікіх азёраў на паўночным захадзе краіны — Убсу-Нур, Хара-Ус-Нур , Хяргас-Нур , іх глыбіня не перавышае некалькіх метраў. На ўсходзе краіны ёсць азёры Буйр-Нур і Хух-Нур . У вялікай тэктанічнай западзіне на поўначы Хангая знаходзіцца возера Хубсугул (глыбіня да 238 метраў).
Раслінны і жывёльны свет
[правіць | правіць зыходнік]Пераважаюць каштанавыя глебы. Раслінны і жывёльны свет надзвычай разнастайны. Лясы займаюць больш за 10 працэнтаў тэрыторыі. Дзякуючы складанаму рэльефу залесеныя ўчасткі часцяком суседнічаюць са стэпам, пясчанымі і камяністымі пустынямі. 70 працэнтаў плошчы лясоў складаюць іглістыя дрэвы — лістоўніца (Larix), кедр (Cedrus), хвоя (Pinus), елка (Picea), піхта (Larix). Распаўсюджаныя лісцевыя пароды (бяроза (Betula), вярба (Salix), таполя (Populus)) і кустоўі (чаромха (Prunus padus), бэз (Syringa), глог (Crataegus), ядловец (Juniperus)). У Гобі сустракаюцца саксаулавыя гаі. Для ўсіх рэгіёнаў характэрнае разнатраўе. У засушлівых абласцях травы нізкарослыя, малаўраджайныя, але маюць высокі працэнт клятчаткі і надзвычайна духмяныя. Лічыцца, што мяса скаціны, якая пасвілася на засушлівых землях, мае лепшы смак.
У Манголіі налічваецца больш за 130 відаў сысуноў, 7 — земнаводных, 400 — птушак, 19 — паўзуноў, 5 тысяч — насякомых. У лясах і гарах Паўночнай Манголіі часта сустракаюцца паўночны і плямісты алень (Cervus nippon), Capreolus pygargus, дзік (Sus scrofa), ліса (Vulpes), мядзведзь (Ursidae), собаль (Martes zibellina), воўк (Canis lupus), рысь (Lynx). У стэпавых і пустынных раёнах — джэйран (Gazella subgutturosa), мангольскі дзэрэн (Procapra gutturosa), Lepus tolai, Allocricetulus curtatus, карсак (Vulpes corsac), воўк (Canis lupus), тарбаган (Marmota sibirica). Мяса тарбагана лічыцца сярод манголаў далікатэсам, а яго футра ўваходзіць у лік найбольш каштоўных у свеце. Унікальны жывёльны свет поўдня і захаду Манголіі. У Гобі захаваліся такія рэдкія віды жывёлін, як дзікі кулан (Equus hemionus), дзікі вярблюд (Camelus bactrianus) (хаўтгай), дзікі конь Пржавальскага (Equus przewalskii) (тахі) і Ursus arctos gobiensis (мазалай). У Мангольскім Алтаі водзяцца снежны барс (Panthera uncia) (ірбіс), архар (Ovis ammon), Capra sibirica, мангольскі дзэрэн (Procapra gutturosa).
Для далейшага захавання багатых прыродных комплексаў арганізаваная сетка нацыянальных паркаў і запаведнікаў. Найбольш вядомыя з іх — Вялікі Габійскі , Хубсугульскі, Багда-Ула (каля Улан-Батара, стаў запаведным у XVII ст.) і інш.