Геаграфія Ліберыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карта Ліберыі
Карта Ліберыі

Ліберыя знаходзіцца на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна ў Трапічнай Афрыцы. Плошча Ліберыі 111370 км ², з якіх 96320 км ² зямлі і 15.050 км ² вады.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Ліберыйскія горы

Мяжуе з трыма дзяржавамі — Гвінеяй (563 км) — на поўначы, са Сьера-Леонэ (306 км) і Кот-д’Івуарам (716 км) — на ўсходзе. На паўднёвым захадзе абмываецца Атлантычным акіянам, берагавая лінія складае 579 км. Ліберыя ляжыць паміж 4 і 9° пн.ш. і 7 і 12° з.д.

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Рэльеф Ліберыі змяняецца з аддаленнем ад марскога ўзбярэжжа: пачаткова плоская, часам узгорыстая раўніна пераходзіць у хвалістае пласкагор'е і невысокія горы ў паўночна-ўсходняй частцы краіны. Самая высокая кропка краіны — гара Маўнт-Вутэвэ (1440 м). Больш высокую (1752 м) гару Німба Ліберыя дзеліць з Кот-д'Івуарам і Гвінеяй.

Карысныя выкапні[правіць | правіць зыходнік]

З мінеральных рэсурсаў на тэрыторыі Ліберыі сустракаюцца жалезная руда, алмазы, золата.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Клімат экватарыяльны, спякотны. Сярэднегадавая тэмпература +25 °C. Колькасць ападкаў складае 5 000 мм на ўзбярэжжы і 1 500 мм у глыбіні краіны. З мая да кастрычніка, з невялікім антрактам у канцы ліпеня, цягнуцца трапічныя дажджы. У зімовыя месяцы з лістапада па сакавік з Сахары дзьме сухі, насычаны пылам вецер харматан.

Паверхневыя воды[правіць | правіць зыходнік]

Рака Кавалі ў кастрычніку

Усе галоўныя рэкі краіны цякуць у паўднёва-заходнім кірунку, самыя доўгія з іх бяруць пачатак на плато ў суседняй Гвінеі. Мяжа са С'ера Леонэ праходзіць па рацэ Мана, з Кот-д'Івуарам — па рацэ Кавалі. Манровія размясцілася побач з вусцем ракі Сент-Пол.

Краявіды[правіць | правіць зыходнік]

Следам за рэльефам і кліматам змяняюцца краявіды. На ўзбярэжнай нізіне захаваліся балоты і мангры. Узгоркі цэнтральнай часткі пакрытыя вільготнымі экватарыяльнымі лясамі. Увогуле лясамі занятая амаль што палова тэрыторыі Ліберыі і менавіта тут засталося каля 40 % усіх лясоў экарэгіёна Верхняя Гвінея. Паўночныя пласкагор'е і невысокія горы, дзе ўжо з'яўляецца досыць працяглы сухі сезон, пакрытыя саванамі слановае травы і напаўлістападнымі лясамі.