Геаграфія Кеніі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карта Кеніі

Кенія — краіна ва Усходняй Афрыцы. Мяжуе з Эфіопіяй на поўначы, Самалі на ўсходзе, Танзаніяй на паўднёвым захадзе, Угандай на захадзе і Паўднёвым Суданам на паўночным захадзе. З паўднёвага ўсходу абмываецца Індыйскім акіянам. Экватар праходзіць па цэнтры краіны, дзелячы яе на дзве амаль роўныя часткі. Агульная плошча — 582 650 км².

Агульная працягласць дзяржаўнай мяжы складае 3 446 км: З Эфіопіяй — 830 км, з Самалі — 682 км, Паўднёвым Суданам — 232 км, з Танзаніяй — 769 км і з Угандай — 933 км. Берагавая лінія Індыйскага акіяна — 536 км.

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Рэльеф паверхні Кеніі вызначаецца наяўнасцю моцных расколаў і падняццяў, якія адбыліся ў эпоху мезазоя і часткова кайназоя, таму тут чарагуюцца ўзвышаныя раўніны, глыбокія і вузкія западзіны, глыбавыя горы, лававыя плато і вулканічныя конусы.

На захадзе бліз возера Вікторыя пераважаюць скальныя выступы, складзеныя архейскімі гранітамі, пясчанікамі, вапнякамі, метамарфічнымі сланцамі. У цэнтральнай частцы старажытныя крышталічныя пароды пакрыты тоўшчай кантынентальных адкладаў — зярністых пясчанікаў, вапнякоў, філітаў. На ўсходзе паверхня пакрыта асадкавымі пародамі чацвярцічнага перыяда.

Крышталічны фундамент Усходне-Афрыканскага пласкагор'я фарміруе плато вышынёй да 500 м на ўсходзе і да 1600 м на захадзе, якое спярэшчана пакатымі ўзгоркамі і іншымі эразійнымі формамі рэльефа. У цэнтральнай частцы пласкагор'я назіраюцца тэктанічныя разломы, што фарміруюць Вялікую рыфтавую даліну, абмежаваную горнымі хрыбтамі накшталт Абердарскага. У Вялікай рыфтавай даліне і каля яе ўзвышаюцца вулканы Кенія, Элган, Тэлекі і інш. Гара Кенія (5199 м) — самая высокая ў краіне. Бліжэй да ўзбярэжжа Індыйскага акіяна плато апускаецца прыступкамі да берагавой нізіны ад 50 км да 200 км у шырыню

Карысныя выкапні Кеніі: сода, галіт, жалеза, нікель, сілікат алюмінію, флюарыт, золата, срэбра, свінец і г. д.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Клімат Кеніі адносяць да трапічнага і субэкватарыяльнага. Ён фарміруецца пад уздзеяннем сезонных экватарыяльна-мусонных і пасатных цыркуляцый паветра, а таксама ў залежнасці ад рэльефа паверхні і ўздзеяння Індыйскага акіяна. Высокія тэмпературы і іх значныя гадавыя ваганні назіраюцца толькі ў нізінах, што асабліва характэрна для Прыбярэжнай правінцыі, дзе на вышыні 57 м над узроўнем акіяна сярэдняя гадавая тэмпература складае +26,3 °C, а розніца паміж самым прахалодным і самым спякотным месяцамі — 4,5 °C.

Ва ўнутраных раёнах з-за высока ўзнятага рэльефа ніколі не бывае сапраўды спякотна. У Найробі, які знаходзіцца на вышыні 1 661 м, сярэдняя гадавая тэмпература трымаецца каля +17,7 °C. У самым цёплым месяцы сакавіку яна падвышаецца да +19,1 °C, а ў самым прахалодным месяцы ліпені апускаецца да +15,4 °C. Узімку на Цэнтральным нагор'і тэмпературы на паверхні часцяком апускаюцца ніжэй за +8 °C — +10 °C, а ў гарах вышэй за 2000 м — ніжэй за 0 °C. На паўночным усходзе Кеніі значныя ўзвышшы сустракаюцца рэдка. Паўночна-ўсходнія пасаты прыносяць сухое цёплае паветра, таму назіраецца ваганне сярэднегадавых тэмператур ад +20 °C да +34 °C.

Найбольш вільготнымі раёнамі Кеніі з'яўляюцца паўднёва-заходнія. Значную долю гадавых ападкаў атрымоўваюць заходнія схілы Цэнтральнага нагор'я. У Найробі найбольш інтэнсіўныя дажджы ідуць у красавіку і маі. Кісуму (1131 м) — самы даждлівы горад краіны, паколькі тут выпадае каля 1323 мм у год. На ўзбярэжжы Індыйскага акіяна таксама даволі вільготна. У Мамбасе выпадае каля 1049 мм у год. Найбольш засушлівы раён — Паўночна-Заходняя Кенія, дзе ў сухія гады колькасць ападкаў не перавышае 80 мм у год.

Унутраныя воды[правіць | правіць зыходнік]

Рака Цава

Рэкі Кеніі размеркаваны паміж басейнамі Індыйскага і Атлантычнага акіянаў. Найбольшыя рэкі Галана і Тана нясуць свае воды ў Індыйскі акіян. Аднак на захадзе многія рэкі (у тым ліку трэцяя па даўжыні рака Мара) упадаюць у сістэму азёр Вікторыя і праз яе звязаны з Міжземным морам і Атлантычным акіянам. Водападзелам паміж імі з'яўляюцца горныя хрыбты і плато паабапал Вялікай рыфтавай даліны. Аднак частка рэк ва ўнутраных раёнах належыць да бяссцёкавых басейнаў мясцовых азёр. Густая рачная сетка ўласцівая для вільготных паўднёвых і паўднёва-заходніх раёнаў. На паўночным захадзе многія рэкі маюць сезонны характар.

Большасць азёр Кеніі знаходзіцца ў тэктанічнай западзіне Вялікай рыфтавай даліны. Яны адрозніваюцца выцягнутымі абрысамі, высокімі берагамі і значнымі глыбінямі. Найбольшае па плошчы возера Кеніі — Вікторыя на захадзе краіны. Аднак Кенія кантралюе толькі 3 800 км² яго паверхні, у той час як уся плошча возера складае 68 000 км². Яго берагі моцна перарэзаны бухтамі. Другое па плошчы возера Туркана (6 405 км²) знаходзіцца на поўначы. У мінулым яно належала да басейна Атлантычнага акіяна, але ў нашы дні з'яўляецца бяссцёкавым. Рэкі, у тым ліку рака Ома, што цячэ з тэрыторыі Эфіопіі, не кампенсуюць гадавое выпарванне вады, таму возера Туркана паступова перасыхае і засальваецца. Гэта ж адбываецца і з меншымі па плошчы бяссцёкавымі азёрамі — Накуру, Эльментэйта, Багорыя і інш. У іх назапашваюцца мінеральныя солі і сода. Самыя вялікія па плошчы прэсныя азёры — Барынга (108 км²) і Найваша (139 км²).

Астравы Кеніі[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]