Геаграфія Польшчы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Тапаграфічная карта Польшчы.

Польшча — краіна ў Цэнтральнай Еўропе, якая знаходзіцца паміж Германіяй на захадзе, Чэхіяй і Славакіяй на поўдні, Украінай і Беларусьсю на ўсходзе, і Балтыйскім морам, Літвойй і Расіяй на поўначы. Яна займае плошчу ў 312679 км2 Польшча мае ў асноўным раўнінны рэльеф, які толькі на поўдні ўпіраецца ў Карпацкія горныя ланцугі. Для Польшчы характэрны ўмераны клімат.[1] Галоўныя рэкі — Вісла і Одра — цякуць з поўдня на поўнач і ўпадаюць у Балтыйскае мора. Значная частка тэрыторыі занята шыракалістымі і мяшанымі лясамі.

Геагарфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Гданьскі заліў

Рэспубліка Польшча — адна з найбуйнейшых еўрапейскіх краін. Па плошчы сваёй тэрыторыі (312,685 км²) яна займае дзявятае месца ў Еўропе і 68-е ў свеце. Яна прыкладна ў паўтара разы большая за Беларусь. Таксама Польшчы наложыць 8682 км² тэрытарыяльных вод у Балтыйскім моры. Кампактная пяцівугольная Польшча размешчана акурат у цэнтры Еўропы, прынамсі, на думку польскіх географаў цэнтр Еўропы знаходзіцца ў вёсцы Сухаволя каля Беластока. Цэнтр самой Польшчы знаходзіцца каля вёскі Пёнтак, што недалёка ад Лодзі. Краіна працягваецца з поўначы на захад на 876 км, з усходу на захад — на 689 км. Самая паўночная кропка Польшчы — мыс Разеве (54°50 пн.ш.), паўднёвая — пік Апалонек (49°00 пн.ш.), усходняя лукавіна Буга каля вёскі Зосін на ўкраінскай мяжы (24°09 усх.д.), заходняя — лукавіна Одры на мяжы з Германіяй (14°07 усх.д.).

Польшча мяжуе з Германіяй на захадзе (467 км); Чэхіяй (796 км) і Славакіяй (541 км) на поўдні; Украінай (535 км), Беларуссю (418 км) і Літвой (104 км) на ўсходзе; з Калінінградскай вобласцю Расіі (210 км) на поўначы. На захадзе і ўсходзе Польшча не мае выразных межаў. Зусім непрыметна польскія раўніны пераходзяць на захадзе ў нізіны Паўночна-Усходняй Германіі, а на ўсходзе — у раўніны Беларусі. Такім чынам, гэты край злучае Германію і іншыя краіны Заходняй Еўропы з Беларусьсю, Літвой і іншымі краінамі Усходняй Еўропы. На поўначы на працягу 440 км абмываецца Балтыйскім морам, берагі якога зрэзаныя шматлікімі бухтамі і залівамі.

Геалогія і рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Большая частка краіны размешчана на пліце старажытнай Усходне-Еўрапейскай платформы. Таму звыш 90 % яе тэрыторыі — раўніны, а сярэдняя абсалютная вышыня яе паверхні — каля 170 м. Толькі 3% тэрыторыі краіны — уздоўж паўднёвай граніцы — размяшчаецца на вышыні звыш 500 м.Але пры гэтым рэльеф характарызуецца разнастайнасцю. Берагі Балтыйскага мора нізкія, пясчаныя, з дзюнамі і косамі. Уздоўж узбярэжжа цягнецца вузкая раўніна, якая ўтварылася на месцы адступіўшага мора. Каля 60 кв. км уздоўж Гданьскай бухты ляжаць ніжэй за узровень мора.

Кракаўска-Чэнстахоўскае ўзвышша

Далей на поўдзень рэльеф сфарміраваны старажытным зледзяненнем. З захаду на ўсход краіну перасякае канцавая марэнная Балтыйская града. У ланцугу яе пагоркаў з крутымі схіламі (да 300 м) знаходзяцца шырокія ўпадзіны — паазер’і, у якіх сканцэнтравана мноства азёр. Цэнтральная частка занята забалочанымі водна-ледавіковымі нізінамі. Паўднёвая ўскраіна Польшчы — горная. На паўднёвым захадзе краіны знаходзяцца ўзвышшы (Малапольскае, Верхне-Сілезскае) і сярэдневышынныя горы Судзеты (гара Снежка, 1605 м). Яны адносяцца да вобласці старажытнай складкаватасці. У час маладой складкаватасці ўтвораны Карпаты. У Высокіх Татрах — на самым поўдні — знаходзіцца вышэйшы пункт краіны (гара Рысы, 2499 м). Тут Карпаты глыбока рассечаны цяснінамі на глыбавыя крышталічныя масівы з ледавіковымі формамі рэльефу.

Карысныя выкапні[правіць | правіць зыходнік]

Краіна багата карыснымі выкапнямі. Гэта жалезныя, медныя, цынкавыя і свінцовыя руды Сілезіі; каменны вугаль Люблінскага і Сілезскага (аднаго з самых буйных у Еўропе) басейнаў; буры вугаль; каменная і калійныя солі; прыродны газ, нафта і сера перадгор’яў Карпат.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Клімат Польшчы умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Пануе заходні перанос, таму ў напрамку на ўсход павялічваецца кантынентальнасць. Надвор’е няўстойлівае — вільготныя і воблачныя перыяды часта змяняюцца сухімі і яснымі. Зімой на ўзбярэжжы і на захадзе цяплей (–1 °С), чым у цэнтральных раёнах (–3 °С). Снег ляжыць да трох месяцаў. Рэкі ў халодныя зімы замярзаюць на 2-4 месяцы. Летам — наадварот: +16 °С — на поўначы і +19 °С — у цэнтры. Самыя нізкія тэмпературы ў гарах: зімой –6 °С, летам + 10…+14 °С. Сярэдняя гадавая сума ападкаў змяняецца ад 530 мм на раўнінах паўночнага ўсходу да 1270 мм у Судэтах і 2030 мм у Высокіх Татрах. У паўночнай частцы краіны самай вільготнай парой года з’яўляецца лета; больш за ўсё дажджоў выпадае ў ліпені. На поўдні Польшчы асноўная частка ападкаў прыходзіца на зімовыя месяцы.

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Рэкі[правіць | правіць зыходнік]

Галоўныя рэкі Польшчы: Вісла, Одра і Варта — пачынаюцца блізка адна каля другой, і затым расцякаюцца ў розныя бакі, ствараючы адзіную сетку водных артэрый.

Вісла пачынаецца ў Заходніх Карпатах і ў сваёй вышнявіне цячэ на ўсход па глыбокай даліне, агібаючы з поўдня Паўднёва-Польскія ўзвышшы. Далей Вісла прымае з правага боку прытоку Сан, якая таксама пачынаецца ў Карпатах. Злучыўшыся з Санам, Вісла прабіваецца ў вузкай цясніне праз пас узвышшаў на поўнач і трапляе ў паласу нізін, дзе зварочвае на паўночны захад і прымае свае галоўныя прытокі: злева Піліца, справа Вепш, Нараў і Заходні Буг. Далей у сваёй нізавіне Вісла зноў цячэ на поўнач, прарываецца праз Азёрныя ўзвышшы і шырока разліваецца каля мора ў вялізную дэльту.

Азёры[правіць | правіць зыходнік]

Возера Алецка, адно з 2000 азёр Мазурскага паазер'я

Азёры ў Польшчы ў асноўным ледавіковага паходжання (акрамя горных), размешчаныя ў значнай ступені на поўначы краіны і згрупаваныя ў раёнах, вядомых як азёрныя краі (паазер'і) найбуйнейшае з якіх — Мазурскае. Менавіта ў Мазурскім Паазер'і знаходзяцца самыя вялікія азёры краіны — Мамры (104 км²) і Снярдвы (114 км²). Іншыя вялікія азёры — Лебскае і Драўскае азёры ў Памор’і.

Шмат невялікіх азёраў і ў іншых азёрных краях у Паморскім, Люблінскім, Велікапольскім ваяводствах. Існуе таксама вялікая колькасць горных азёраў у Татрах. Возерам з найвялікшай глыбінёй з’яўляецца возера Ганча — больш за 100 м.

Глебы і расліннасць[правіць | правіць зыходнік]

Лясы, якія некалі займалі амаль усю краіну, цяпар пакрываюць каля 27 % яе плошчы. Карэнныя лясы сярэдняй паласы складаюцца ў асноўным з лісцёвых парод: дуба, бука, бярозы і клёну. Ясень, таполя і вярба пераважаюць уздоўж вільготных рачных далін, а бяроза — на падзолістых і балотных глебах; у гарах — піхта. Узнаўленне лясоў у асноўным ажыццяўляецца за кошт хвойных парод. Змешаныя і хвойныя лясы ўтвораць вялікія масівы, асабліва на бяднейшых пясчаных глебах у паўночных і ўсходніх раёнах краіны. На крайнім паўночным усходзе, ля Беластока, размешчаны Белавежскі нацыянальны парк, у якім захаваліся першасныя хвойныя і шыракалістныя лясы. На поўначы і ўсходзе вялікія плошчы заняты верашчатнікамі і тарфянікамі. Захаваліся вялікія масівы лясоў (пушчы) — Белавежская, Аўгустоўская і інш. Тут створаны нацыянальныя прыродныя паркі, рэзерваты. На захадзе і поўдні краіны лясы змешаныя з шыракалістымі пародамі — букам і дубам.

Глебы Польшчы даволі разнастайныя. На поўначы краіны яны, як правіла, пясчаныя, падзолістыя і для сельскагаспадарчага выкарыстання патрабуюць угнаенняў. У далінах рэк маюцца шырокія тарфянішчы з вялікім утрыманнем гумусу. Найбольш урадлівыя глебы, у тым ліку чарназёмныя, знаходзяцца на поўдні, на лёсавых адкладах у Сілезіі. Глебы ў гарах звычайна маюць тонкі пласт перагною і малаўрадлівыя.

Зноскі

  1. Mały rocznik statystyczny polski / Główny Urząd Statystyczny. — 2008.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Геаграфія мацерыкоў і краін: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / Н. У. Навуменка, М. Л. Страха; пад рэд. Н. У. Навуменка; пер. з рус. мовы М. Л. Страхі. — 2-е выд., перапрац. — Мінск: Нар. асвета, 2011. — 229 с.: іл. ISBN 978-985-03-1594-6

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]