Герб Крэва

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Герб Крэва
Дэталі
Шчыт
барочны
Аўтар герба А. К. Цітоў
Мастак Анатоль Кірылавіч Цітоў

Герб Крэва — геральдычны сімвал Крэва, выкарыстоўваецца з XVII в.: «у сінім полі шасціканцовая зорка над залатым паўмесяцам».

14 мая 2007 года герб Крэва быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пячатка мястэчка Крэва, XVIII в.

Даследчык даўніны Рамуальд Зянькевіч у 1843 годзе звярнуў увагу на пячатку, якая захоўвалася ў Крэве ў мясцовага ксяндза. На ёй была выява герба Ляліва – шчыт з паўмесяцам і шасціканцовай зоркай, а таксама надпіс на польскай мове «Пячатка места Рэчы Паспалітай Крэва». На той час мястэчка ўжо страціла статус і правы горада, аднак пячатка сведчыла, што яно імі калісьці валодала і мела свой гарадскі герб.

Лялівай валодала каля паўтысячы шляхецкіх радоў на землях Польшчы, Вялікага Княства Літоўскага і Русі. У часы распаўсюджвання магдэбургскага права выява Лялівы ці поўнасцю, ці ў якасці дэталі трапляла на гербы і пячаткі гарадоў з прыватных гербаў іх уладальнікаў. Гораду Цярнопалю, да прыкладу, яна дасталася ад роду Тарноўскіх, Сяняве – ад Сяняўскіх. Тое ж самае правіла маглі прымяніць і ў адносінах да герба Крэва. З усіх вядомых крэўскіх старостаў у якасці радавога сімвала Лялівай валодаў толькі Пётр Глябовіч. Ён быў тут на чале староства з 1511 па 1522 год. Так што Крэву герб мог дастацца ад яго.

Пасля страты ў канцы XVIII стагоддзя правоў на самакіраванне і іншых гарадскіх выгод Крэва пакрысе пачало забывацца і пра свой гарадскі сімвал. Толькі ў канцы 1980-ых гадоў крэўскі герб набыў другое жыццё. Адбылося гэта дзякуючы Анатолю Цітову, вядомаму спецыялісту па геральдыцы і сфрагістыцы. Інфармацыя пра герб Крэва і рэканструяваная аўтарам выява ўпершыню з’явіліся ў кнізе “Гарадская геральдыка Беларусі” ў 1989 годзе. Праўда, Анатоль Цітоў чамусьці палічыў, што зорка на блакітным шчыце крэўскай Лялівы павінна быць срэбнай, а не залатой, як маладзік.

Гэтая выява крэўскага герба палюбілася жыхарам і пачала выкарыстоўвацца ў якасці сімвала мястэчка на афішах разнастайных культурных мерапрыемстваў, календарах, паштоўках ды іншых сувенірах. Але Ляліва да гэтага часу не з’яўляецца афіцыйным гербам Крэва з-за разыходжання бачання герба паміж мясцовымі ўладамі і актывістамі, якія хочуць зрабіць герб бліжэй да арыгінальная пячаткі.[2]

Зноскі

  1. герб крево. www.heraldicum.ru. Праверана 14 кастрычніка 2023.
  2. Аляксандр Камінскі. Чаму Крэву дастаўся герб Ляліва? . kreva.travel (29 мая 2023). Праверана 14.10.2023.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]