Гірш Давідавіч Лекерт
Гірш Давідавіч Лекерт | |
---|---|
ідыш: הירש לעקערט | |
| |
Род дзейнасці | шавец |
Дата нараджэння | 1879[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 28 мая (10 чэрвеня) 1902 |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Партыя | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гірш Давідавіч Лекерт (ідыш: הירש לעקערט; 1879, Ганусішкі — 10 чэрвеня 1902, Вільня) — яўрэйскі сацыялістычны дзеяч.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Сябра Бунда, удзельнічаў у яўрэйскім рабочым руху ў Дзвінску, Коўне, Кацярынаславе і Вільні. У 1900 годзе ўзначаліў напад каля 500 яўрэяў-рабочых на паліцэйскі пастарунак у прыгарадзе Вільні, у выніку якога былі вызваленыя арыштаваныя сацыялісты.
У 1902 годзе паводле загаду віленскага генерал-губернатара Віктара фон Валя былі адсцябаныя 28 арыштаваных (22 яўрэі і 6 палякаў) за ўдзел у першамайскай дэманстрацыі. Гвалт выклікаў у яўрэйскім асяроддзі, асабліва ў рабочым, прагу помсты. Лекерт страляў у губернатара з рэвальвера і параніў яго. Паводле прыгавору ваеннага трыбуналу Лекерт быў павешаны. На судзе паводзіў сябе з гонарам, выказваў пагарду да царскага рэжыму, не шкадаваў аб учынку.
Рэакцыя на акт Лекерта
[правіць | правіць зыходнік]Бунд, які прынцыпова быў супраць тэрору, у звароце ЦК «Як трэба адказваць на розгі» (газета «Арбетэр штыме», № 27) часткова апраўдваў крайнія меры і на сваёй 5-й канферэнцыі (жнівень 1902, Бярдзічаў) прыняў рэзалюцыю аб «арганізаванай помсце» (скасавана на 5-м з’ездзе; 1903, Цюрых). У расійскай сацыял-дэмакратычнай газеце «Іскра» наконт учынку Лекерта разгарэлася дыскусія: Юлій Мартаў і Вера Засуліч апраўдвалі, Уладзімір Ленін асуджаў яго.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]На працягу дзесяцігоддзяў яўрэйскі рух працоўных адзначаў гадавіну пакарання смерцю Лекерта. Пра яго гераічны ўчынак былі складзены вершы, напісаны драмы: «Хірш Лекерт» Г. Лейвіка (1927) і Арона Кушнірава (пастаўлена ў 1928 годзе Міхаілам Рафальскім), а таксама «Апавяданне пра царскія розгі» (М., 1922)) М. Рафеса і іншыя.
У 1917 годзе нацыяналізаваны «Мінскі паравы піваварны завод № 3 Франца Лекерта» быў перайменаваны ў «Піўзавод імя героя рэвалюцыі Гірша Лекерта»[2] (сучасны «Піўзавод Аліварыя»)
У 1922 г. 1-я Ніжне-Ляхаўская, 2-я Ніжне-Ляхаўская і 3-я Ніжне-Ляхаўская вуліцы ў Менску былі перайменаваны ў гонар Лекерта (з тымі ж нумарамі), пастамент помніка Аляксандру II на пляцы Волі быў выкарыстаны ў якасці помніка Лекерту, у далейшым планавалася ўсталяваць бюст, але гэта не было зроблена праз змену нацыяльнай палітыкі ў СССР у 1930-х гадах. Імя Лекерта таксама насілі Вялікая Арнауцкая вуліца ў Адэсе і адна з вуліц Смілавіч. Апошняя захавала гэтую назву дагэтуль, разам з аднайменным завулкам. У 1920-я гады ў Крыме было заснавана яўрэйскае земляробчае паселішча імя Лекерта, у 1948 годзе перайменаванае ў Снегіроўку. У 1923—1937 гадах у гонар Лекерта была названа абутковая фабрыка ў Віцебску (пасля перайменавана ў «Чырвоны Кастрычнік»)[3]. У гонар Лекерта быў названы пасёлак, цяпер у Бабруйскім раёне Магілеўскай вобласці.
У 1927 годзе Белдзяржкіно быў зняты фільм «Яго яснавяльможнасць» аб замаху на фон Валя.
Імя Лекерта да 28 сакавіка 1985 года таксама насіла вуліца ў горадзе Мікалаеве. Перайменавана ў вуліцу імя Даля. Вуліца Лекерта ў Омску ў 1960-я гады была перайменаваная ў вуліцу Леконта.
Зноскі
- ↑ Hirsh Leḳerṭ // Faceted Application of Subject Terminology Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Музей пива . Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2016. Праверана 27 красавіка 2016.
- ↑ Открытое акционерное общество «Красный Октябрь» Архівавана 22 чэрвеня 2020. на сайте «Архивы Беларуси» (Фондовый каталог государственных архивов Республики Беларусь)