Дамініён

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карыкатура 1907 г. у навазеландскай газеце з нагоды атрымання гэтай краінай статусу дамініёна

Дамініён (англ.: dominion, от лац.: dominium «уладанне») — форма каланіяльнай залежнасці ў межах Брытанскай імперыі, пазней Садружнасці нацый.

Само паняцце «дамініён» узнікла ў Англіі ў пачатку Новага часу і ўжывалася ў дачыненні да краін і тэрыторый, якія непасрэдна залежалі ад каралеўскай кароны (Уэльс, Віргінія, Новая Англія).

У другой палове XIX ст. Вялікабрытанія, каб пазбавіцца ад пагрозы барацьбы за незалежнасць сваіх найбольш развітых калоній, пачала практыкаваць перадачу ім шырокіх правоў на самакіраванне (Новая Зеландыя ў 1853 г., Канада ў 1867 г., Аўстралія ў 1901 г.). На Каланіяльнай канферэнцыі 1907 г. Канада і Аўстралія ўпершыню былі дакументальна прызнаны дамініёнамі. Канчаткова прававы статус дамініёнаў быў замацаваны ў Дэкларацыі Бальфура 1926 г. Згодна з ёй, дамініёны разглядаліся як аўтаномныя палітычныя ўтварэнні ў межах Брытанскай імперыі, пазней — Садружнасці нацый. У адрозненне ад класічных калоній, у дамініёнах дзейнічалі асобныя законы, суд, органы ўлады, праводзілася самастойная ўнутраная і знешняя палітыка. Пры гэтым дамініёны захоўвалі палітычны і эканамічны саюз з Вялікабрытаніяй, фармальна лічыліся раўнапраўнымі, хаця прызнавалі канстытуцыйную ўладу брытанскай манархіі.

У розныя гады статус дамініёнаў мелі: Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя, Ньюфаўндленд, Паўднёва-Афрыканскі Саюз, Ірландыя, Індыя, Пакістан, Цэйлон. Формы кіравання, падобныя на дамініён, але без вызначэння гэтага статусу таксама ўводзіліся ў адносінах да Паўднёвай Радэзіі і Фіджы. Статус дамініёнаў фактычна адмяняўся пасля абвяшчэння рэспубліканскай формы кіравання (Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Ірландыя, Індыя, Пакістан, Шры-Ланка) або ўвядзення асобнага грамадзянства (Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя). У 1949 г. Ньюфаўндленд увайшоў у склад Канады.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]