Дом Манюшкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Дом Манюшкі (Мінск))
Славутасць
Дом Манюшкі

53°54′14″ пн. ш. 27°33′30″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад
Архітэктурны стыль класіцызм
Дата пабудовы XVIII ст.
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дом Манюшкі — будынак у Мінску, размешчаны ў Верхнім Горадзе, на рагу вуліц Інтэрнацыянальнай і Энгельса, 21/3. Пабудаваны ў XVIII ст. з цэглы, істотна перабудаваны ў першай палове XIX ст. Помнік архітэктуры класіцызму.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першыя звесткі ў пісьмовых крыніцах, якія тычацца забудовы на рагу вуліцы Валоцкай і Высокага Рынку, датуюцца XVIII стагоддзем. У 1745 годзе ўладальнікам гэтага зямельнага пляца стаў стольнік Валадковіч. У канцы XVIII стагоддзя гэты пляц разам з усёй забудовай перайшоў да памешчыка Антонія Ратынскага. У пісьмовых крыніцах ёсць звесткі, што ўжо тады Ратынскаму належаў мураваны жылы дом. Гэты будынак быў упершыню пазначаны на плане Менска 1797 года, паводле якога на рагу Высокага Рынку (ці Дамініканскай вуліцы) і Валоцкай вуліцы знаходзілася П-падобная ў плане камяніца. У 1810 годзе Ратынскія прадалі сваю нерухомую маёмасць менскаму гарадскому галаве Мікалаю Гейдукевічу[1].

Частка плана Мінска. 1893
План двара і часткі вуліцы на плане горада 1893 года

У 1819 годзе па заказу Мікалая Гейдукевіча распрацаваны праект будаўніцтва новага 3-павярховага мураванага жылога дома, які быў зацверджаны мінскімі губернскімі ўладамі. Найбольш верагодным аўтарам гэтага праекта з’яўляўся мінскі губернскі архітэктар Міхаіл Чахоўскі. У час будаўніцтва Гейдукевічам была захавана частка канструкцый больш старажытнага будынка: у першую чаргу, гэта муры цокальнага паверха, а таксама вялікія скляпы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. Новая прамавугольная ў плане камяніца ў стылі класіцызму атрымала 3 паверхі. Будынак быў накрыты вальмавым дахам. З боку вуліцы Валоцкай былі змешчаны 2 балконы на літых чыгунных кранштэйнах. Большасць памяшканняў новага будынка выкарыстоўвалася пад жыллё, а ў ніжніх паверхах былі змешчаны крамы і лаўкі[1].

Пачынаючы з 1830-х гадоў, больш за 18 гадоў у камяніцы Мікалая Гейдукевіча знаходзілася «Мінская вольная аптэка», уладальнікам якой быў правізар стацкі саветнік Ян-Фрыдрых Швембергер[1].

У 1855 годзе нашчадкі Мікалая Гейдукевіча, які памёр у 1839 годзе, прадалі яго будынак на рагу Дамініканскай і Валоцкай вуліц памешчыку Міхаілу Карказевічу. У гэты час і да паўстання 1863 года тут знаходзілася кнігарня і нотны магазін, якія належалі Аляксандру Валіцкаму — удзельніку грамадскага і культурнага руху, першаму біёграфу Станіслава Манюшкі, які пісаў на беларускай мове пад псеўданімам Міншчук альбо Місцюк[1].

У другой палове ХІХ стагоддзя Міхаіл Карказевіч значна пашырыў сваё домаўладанне: з боку вуліцы Валоцкай (у 1865 годзе перайменавана ў Хрышчэнскую) да былога дома Гейдукевіча быў прыбудаваны вялікі 2-павярховы корпус з дзвюма праязнымі аркамі. У 1882 годзе пасля смерці Міхаіла Карказевіча ўся яго маёмасць перайшла да яго нашчадкаў. З гэтага часу і да пачатку ХХ стагоддзя архітэктурнае аблічча будынкаў і іх планіроўка амаль не змянілася, праводзіліся толькі розныя рамонтныя работы[1].

Лічыцца, што калі ў 1830 годзе ў Мінск з маёнтка Убель каля Смілавічаў, разам са сваёй сям’ёй, пераехаў таленавіты паэт і мастак-аматар Чэслаў Манюшка, ён пасяліўся ў доме на рагу Дамініканскай і Валоцкай вуліц. Гэта было зроблена для таго, каб даць магчымасць яго сыну Станіславу — будучаму знакамітаму кампазітару — паступіць у мінскую гімназію, тым больш, што будынак гімназіі знаходзіўся літаральна праз некалькі крокаў[1].

У 1852 годзе, у час працы арганістам віленскага касцёла Святога Яна, Станіслаў Манюшка разам з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам і Канстанцінам Крыжаноўскім паставіў оперу «Ідылія» («Сялянка»), якая стала першай, у якой са сцэны загучала беларуская мова. Прэм’ера «Ідыліі» адбылася ў памяшканні мінскага тэатра Поляка (будынак размяшчаўся на месцы цяперашняй гасцініцы «Еўропа», разбураны ў 1984 годзе)[1].

Рог вуліцы Петрапаўлаўскай і Валоцкай. 1925
Выгляд на скрыжаванне вуліц Дамініканскай і Валоцкай. XX ст. Справа касцёл Святога Тамаша Аквінскага

У канцы ХІХ стагоддзя ўладальнікам комплексу сталі Маісей Заблудоўскі і Леон Фрэнкель. У пачатку ХХ стагоддзя ў былой камяніцы Гейдукевіча знаходзіліся сталярная майстэрня, дэкаціровачная майстэрня, 3 кравецкія майстэрні, крама жаночага адзення, малочная лаўка і цукровы склад. У 2-павярховым корпусе па вуліцы Хрышчэнскай былі толькі жылыя пакоі. Фрэнкелі валодалі гэтымі будынкамі да 1920 года[1].

Да канца ХХ стагоддзя комплекс будынкаў выкарыстоўваўся пад жылыя кватэры[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

У забудове вуліцы Энгельса

Трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак мае несіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Галоўны фасад вырашаны плоскасна. Першы паверх аддзелены ад двух верхніх двума карнізнымі паясамі. Вокны прамавугольныя, на 2-м паверсе з простымі сандрыкамі і ліштвамі. Фасад, які выходзіць на вул. Інтэрнацыянальную, аздоблены 2 невялікімі балконамі з ажурнай агароджай на кансолях (чыгуннае ліццё). Дваровы фасад умацаваны 3 масіўнымі контрфорсамі. Размяшчэнне пакояў анфіладнае[2].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з ДОМ МАНЮШКІ
  2. 81. Забудова вуліцы Інтэрнацыянальнай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]