Перайсці да зместу

Дудзіцкая сядзіба

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
сядзібна-паркавы комплекс
Дудзіцкі сядзібна-паркавы комплекс
Панарама Юзафа Пешкі, пач. XIX ст.
Панарама Юзафа Пешкі, пач. XIX ст.
53°35′16″ пн. ш. 27°40′21″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Дудзічы
Архітэктурны стыль барока
Заснавальнік Юзаф Прозар
Будынкі
сядзіба • млын • царква
Вядомыя жыхары Міхал Ельскі
Аляксандр Ельскі
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000511шыфр 613Г000511
Стан славутасць страчаная
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дудзіцкая сядзіба — колішні сядзібна-паркавы комплекс у вёсцы Дудзічы Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Належаў Прозарам, Ельскім і Уніхоўскім. Тэрыторыя былой сядзібы і рэшткі воднай сістэмы з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь рэгіянальнага значэння[1].

Дудзіцкая сядзіба ў XIX ст.

Развіццё маёнтка звязана з Заранскімі-Горбаўцамі, якія ў канцы XVII ст. атрымалі Дудзічы пад заклад, а ў сярэдзіне XVIII ст. сталі поўнымі яго гаспадарамі. У 1767 годзе ўласнасць перайшла ў якасці пасагу жонкі Аляксандры Заранка-Горбаўцавай да Юзафа Прозара, ковенскага кашталяна. Новы ўладальнік пабудаваў драўляны дом, у якім жыў пастаянна, адкрыў двухкласную школу, запрасіў з Германіі майстроў, якія навучалі сялян рамёствам. У спадчыну атрымала маёнтак дачка Прозара Роза. У 1795 годзе яна выходзіць замуж за Станіслава Ельскага, маршалка Ігуменскага павета. Пасля смерці Станіслава ў 1819 годзе маёнтак пераходзіць да яго сына, Карла. Пасля смерці Карла маёнтак пераходзіць да яго сына, Міхала Ельскага. Адзіная дачка Міхала выйшла замуж за Януша Уніхоўскага. Уніхоўскія сталі апошнімі ўладальнікамі Дудзічаў.

Альтанка на рацэ Пціч
Сядзіба ў 1914 г.
Сядзіба
Планіроўка сядзібы

Дудзіцкая сядзіба пабудаваная на рацэ Пціч Юзафам Прозарам у формах позняга барока за два гады (1767—1769). Сядзіба займала прыгожую мясцовасць: тэрасу і пойму ракі Пціч. Выцягнутая кампазіцыйная вось праходзіла перпендыкулярна да тэрасы. Уздоўж яе размяшчалася доўгая ўязная ліпавая алея, па якой праходзіў стары тракт праз раку на Рудзенск. Парадны двор не замыкаў восі, а быў размешчаны ў найбольш прыўзнятай частцы тэрасы. Уезд з алеі ў двор фіксаваўся брамай. У рад з пілонамі брамы з левага боку расло шэсць вялікіх дубоў. Уезд у сядзібу меў выгляд ліпавай алеі са скразным праездам у першым ярусе свірна. Сядзібны дом, злучаны з афіцынамі кароткімі пераходамі, утвараў курданёр, адкрыты ў бок уезда. У правай афіцыне да 1884 года была капліца, у левай — жылыя пакоі.

Драўляны дом меў высокі цокаль і быў пакрыты чатырохсхільным дахам, флігелі мелі аднасхільныя дахі, якія спускаліся да тыльных фасадаў. Характэрным элементам палаца XVIII ст. былі высокія вокны. Планіроўка будынка была сіметрычнай, уключала 20 вялікіх і высокіх пакояў. Акрамя сямейных партрэтаў у доме знаходзілася шмат старадаўніх рэчаў.

За домам на дзвюх тэрасах размяшчаўся рэгулярны парк у выглядзе невялікіх баскетаў, абнесеных па перыметры ліпамі. Адсюль адкрываўся від на пойму ракі, дзе размяшчаўся ніжні парк, да якога па схіле тэрасы вялі каменныя прыступкі. З усходняга боку была бачная сядзіба Ельскіх у Замосці, за ракой — фальварак Зыкава.

У аснове планіровачнага вырашэння ніжняга парка была задзейнічаная арыгінальная водная сістэма ў пойме Пцічы, дзе рака робіць выгін. Водную сістэму складаюць чатыры каналы ўздоўж рэчышча, два — ўздоўж дарогі, вельмі высокая насыпаная дарога з дамбамі, шлюзамі, якія ўтвараюць некалькі астравоў. На адным з астравоў месцілася альтанка. Калі ўзровень вады падымаўся высока, пачынала працаваць турбіна млына. Млын меў буйнадзёрны і вальцовачныя камяні. На памол прыязджала шмат сялян з навакольных вёсак. Унізе каля ракі быў пабудаваны спецыяльны дом для завознікаў. Насупраць размяшчаўся другі дом — арандатара.

Водная сістэма ў Дудзічах не мела аналагаў на Беларусі. Быў вялікі канал шырынёй да 8 метраў, які перасякаў пойму. Канал рэгуляваў узровень вады ў перыяд паводкі. Старажылы называлі канал грабным. Сістэма шлюзаў мела вялікае водарэгулюючае значэнне. Яны былі ў Азярычыне, Цітве і іншых населеных пунктах на Пцічы, забяспечваючы паўнаводнасць невялікіх рэк.

Царква

У 1780 годзе Юзаф Прозар, выконваючы волю памерлай жонкі, будуе ўніяцкую Пакроўскую царкву на месцы драўлянага касцёла Заранкаў. Царква была высокай, каля 18 метраў, і славілася цудадзейным абразам Маці Божай. Пры царкве была арганізавана двухкласная народная школа. У 1839 царква ператвораная ў праваслаўную. Скляпенні храма служылі крыптай. Тут былі пахаваны Заранкі-Грабоўскія, Прозары, Ельскія, Ліпскія, Францішак Букаты. Пасля пажару ў 1895 годзе адбыліся перазахаванні (24 труны) у капліцу, пабудаваную Міхалам і Аляксандрам Ельскімі на могілках ва ўрочышчы Кобань.

Цяперашні час

[правіць | правіць зыходнік]
Помнік «Аляксандру II ад удзячных сялян» за адмену прыгоннага права

Парк, сядзібны дом і ўсе іншыя пабудовы не захаваліся. Тэрыторыя забудоўваецца дачнымі дамамі. Фамільныя пахавальні разбураны.

Мост праз раку, пабудаваны ў 1914 годзе аўстрыйцамі каля маёнтка, згарэў у Другую сусветную вайну. Шлюзы і дамбы не захаваліся, але ў цэлым водная сістэма добра прасочваецца. Захаваўся насып, на якім праходзіла дарога — стары шлях. Цяпер на старым рэчышчы віруе маленькі ручай ад крыніцы каля падножжа тэрасы. Цераз канал перакінуты кладкі. Водная сістэма можа быць адбудаваная. Тэрыторыя двара і водная сістэма з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 3-й катэгорыі[1].

Млын згарэў у 1914 годзе, але быў адрамантаваны арандатарамі, братамі Салавейчыкамі, ён служыў яшчэ ў гады Другой сусветнай вайны. Не захаваўся да нашых дзён.

Недалёка ад сядзібы, каля вёскі Пціч, месціцца музей матэрыяльнай культуры «Дудуткі».

Помнік Аляксандру II, устаноўлены ў 1911 годзе, у памяць аб адмене прыгоннага права, размяшчаўся ў двары маёнтка. За савецкім часам быў замураваны ў сядзібу калгаса «Світанак». У наш час быў выняты і ўстаноўлены ля царквы Святой Ганны, што была пабудаваная ў 1990-х.

Глядзіце таксама

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  • Дзеля блізкіх і прышласці : матэрыялы міжнар. навук.-практ. канф. «Універсітэты Ельскіх» (да 165-годдзя з дня нараджэння Ельскіх), Мінск, 7 кастр. 1999 г. / Бел. ун-т культуры ; рэдкал.: (адк. рэд.) А.У. Пазнякоў [і інш.]. — Мінск: Бел. ун-т культуры; рэкламна-выдав. фірма «Ковчег», 1999. — 156 с.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пухавіцкага раёна / Укл. А. А. Прановіч. — Мн., 2003.— 749 с.: іл.
  • Старинные усадьбы Минского края / А. Т. Федорук ; [Под общ. рук. и предисл. Е.Будинаса]. — Мн.: ООО "Полифакт" : ООО "Лекция", 2000. — 415 с. — (Старинные усадьбы Беларуси). — 500 экз. — ISBN 985-6107-24-5.