Залатыя яблыкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Залатыя яблыкі
Жанры біт[d]
Краіны
Адкуль Мінск
Мовы песень беларуская
Лэйблы Першы Нацыянальны канал Беларускага радыё
Склад

«Залаты́я я́блыкі» (руск.: Золотые яблоки) — беларускі музычны калектыў з Мінска, адзін з першых біг-біт[en] ансамбляў Беларусі[1]. Адным з стваральнікаў вакальна-інструментальнага ансамбля, а таксама вакалістам у ім, быў Леанід Барткевіч.[2][3]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Гурт стварылі студэнты-архітэктары, натхнёныя сярод іншага амерыканскім фантастам Рэем Брэдберы і яго апавяданнем «Залатыя яблыкі Сонца[en]». Вакалістам калектыва быў Леанід Барткевіч, бубначом — Ігар Карасцялёў. Ансамбль граў у Мінску на мяжы 1960—1970-х гадоў. Гучанне «Залатых Яблыкаў» фрагментамі нагадвала раннія запісы «Pink Floyd».

У Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме, дзе вучыліся ўдзельнікі ансамбля, на танцах граў аркестр Уладзіміра Скараходава, будучага намесніка міністра культуры БССР. Леанід Барткевіч трапіў адначасова і ў аркестр, і ў біт-ансамбль у 1966 годзе, выканаўшы на рэпетыцыі без падрыхтоўкі хіт Бюльбюля аглы. Калі аркестр Скараходава разваліўся, гітарыста Анатоля Ваўка прызначылі мастацкім кіраўніком «Залатых Яблыкаў», хаця ён не меў ніякай музычнай адукацыі.

«Залатыя Яблыкі» сталі адным з першых біт-ансамбляў у Беларусі. Усю другую палову 1960-х гадоў (уключна з 1970-м годам) яны амаль штовечар давалі канцэрты, гралі на танцах у розных кропках Мінску, у кансэрваторыі і, як правіла, без ганарараў. Музыкі самі выраблялі гітарныя гуказдымальнікі з тэлефонных слухавак, майстравалі «прымочкі». Ладзілі гукасэсіі і фотасэсіі, гучалі па радыё і ТБ. Адзін з рэпетыцыйных пунктаў месціўся ў праектным інстытуце побач з Оперным тэатрам. У рэпертуары «Залатых Яблыкаў» меліся каверы на «The Beatles», «The Rolling Stones» і гуртоў з краін сацлагеру. Калектыў ствараў і аўтарскія кампазіцыі па-беларуску і па-руску. Анатоль Воўк і Аляксандр Сарокін рабілі песнямі вершы беларускіх класікаў — Янкі Купалы, Якуба Коласа. Сарокін паклаў на музыку два творы з дэбютнага зборніка Леаніда Дайнекі «Галасы» (1969). Раней за «Песняроў» яны звярнуліся да паэзіі Роберта Бёрнса, а фолк-апрацоўкі «Залатых Яблыкаў» фактычна сталі першымі хітамі мулявінскага ансамбля.

«Залатыя Яблыкі» карысталіся тым самым зборнікам фальклору, пазычаным у Канстанціна Паплаўскага, што і пасля іх «Песняры». А ў склад ансамбля трапіў сын знанага фалькларыста — Чэслаў Паплаўскі. Ён граў на скрыпцы, рытм-гітары, адказваў за бэк-вакал. Каронным яго нумарам у складзе «Яблыкаў» стаў пераспеў «Czerwone Gitary[pl]» «W moich myslach Consuelo». Менавіта ад «Залатых Яблыкаў» праз пасярэдніцтва сям’і Паплаўскіх да «Песняроў» перакачавалі апрацоўкі народных песень «Скрыпяць мае лапці», «Хлопец пашаньку пахае» і «Касіў Ясь канюшыну».

У студыі Беларускага радыё «Залатыя Яблыкі» сталі даволі частымі гасцямі яшчэ з канца 1960-х гадоў. У тыя часы без лаўрэацтва трапіць у прафесійную студыю было амаль немагчыма. Дапамагло тое, што Леаніда Барткевіча на радыё ведалі яшчэ па дзіцячых хорах, таксама трапленне ў радыёэфіры адбылося дзякуючы аўтарытэтным бацькам, Канстанціну Паплаўскаму і Ільі Гітгарцу, дырыгенту Опернага тэатру. У складзе «Яблыкаў» на электрааргане і фартэпіяна граў сын Ільі Аляксандравіча — Андрэй. У 1970 годзе з удзелам ансамбля адбыліся і тэлевізійныя здымкі на Мінскім моры ў праграме пра провады зімы.

1970—1971 гады сталі апошнімі для ВІА «Залатыя Яблыкі». Некаторыя з чальцоў ансамбля сталі працаваць паводле адукацыі — архітэктарамі, як Анатоль Воўк. Іншыя трапілі ў афіцыйныя ВІА, як Леанід Барткевіч — у «Песняры». Частковая і кароткатэрміновая рэінкарнацыя «Залатых Яблыкаў» адбылася ў 1985 годзе, калі трыа з Анатоля Ваўка (гітара), Леаніда Барткевіча (вакал) і Алега Алоўнікава (віяланчэль) запісала 6 акустычных п’ес на беларускія тэмы. У пачатку 1990-х гадоў Барткевіч трапіў на творчы вечар Рэя Брэдберы ў ЗША.

Склад[правіць | правіць зыходнік]

  • Анатоль Воўк — гітара
  • Леанід Барткевіч — вакал
  • Аляксандар Сарокін — гітара
  • Андрэй Гітгарц — клявішы
  • Чэслаў Паплаўскі — скрыпка
  • Якаў Левін — бас
  • Ігар Карасцялёў — бубны
  • Ігар Сямірэчанскі — тэхнік

Далучаліся да ансамбля эпізадычна: скрыпач Валянцін Бадзьяраў, вакалісткі Ядвіга Паплаўская, Людміла Ісупава, Вольга Аліпава.

Зноскі

  1. Сямашка, Віктар. !OUT: «Залатыя яблыкі» — тыя, хто апярэдзіў «Песьняроў» (+прэм’ера запісаў 1970 году). Тузін Гітоў (17 лютага 2017). Праверана 5 чэрвеня 2021.
  2. "Памёр адзін зь лідэраў гурту «Песняры» сьпявак Леанід Барткевіч". Беларуская служба Радыё «Свабода». 2021-04-13. Праверана 2021-06-05.
  3. "Памёр былы саліст «Песняроў» Леанід Барткевіч". Белсат. 2021-04-13. Праверана 2021-06-05.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]