Зарыян Якаўлевіч Даленга-Хадакоўскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Зарыян Даленга-Хадакоўскі)
Jump to navigation Jump to search
Зарыян Якаўлевіч Даленга-Хадакоўскі
З. Даленга-Хадакоўскі. Малюнак К. Прэка.png
З. Даленга-Хадакоўскі. Малюнак К. Прэка. 1818
Дата нараджэння 24 снежня 1784(1784-12-24)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 17 (29) лістапада 1825[1] (40 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці археолаг, гісторык
Commons-logo.svg Зарыян Якаўлевіч Даленга-Хадакоўскі на Вікісховішчы

Зарыян Якаўлевіч Даленга-Хадакоўскі, сапр. Адам Чарноцкі (24.12, па іншых крыніцах 7(15).4.1784, маёнтак каля в. Гайна Менскага пав. Менскага ваяв., цяпер Лагойскі раён Мінскай вобл. — 17(29).11.1825, сяло Пятроўскае Цвярской губ., цяпер Цвярской вобл.) — славяназнавец, адзін з пачынальнікаў беларускай, польскай, рускай і ўкраінскай археалогіі, старажытнай гісторыі, фалькларыстыкі, этнаграфіі і дыялекталогіі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У 1801 скончыў Слуцкае павятовае вучылішча. У 18011804 праходзіў юрыдычную практыку ў Навагрудку. Працаваў у Мінску хатнім настаўкікам, прыватным адвакатам. У Мінскім архіве пазнаёміўся з выданнямі Статута ВКЛ, старажытнымі граматамі і актамі на старабеларускай, лацінскай і польскай мовах. У 1805 здаў экзамен па юрыспрудэнцыі і атрымаў патэнт на права кіравання маёмасцю, у 1807—09 працаваў каморнікам і аканомам маёнтка графа Ю. Несялоўскага, у бібліятэцы якога, пазней (у 1814—18) у бібліятэках А. Чартарыйскага ў Пулавах (Польшча) і Крамянецкага ліцэя пазнаёміўся з навуковымі выданнямі Варшавы, Вільні, Пецярбурга. Асаблівы уплыў на фарміраванне навуковых і грамадскіх поглядаў З. Даленгі-Хадакоўскага зрабілі працы польскага вучонага Т. Чацкага, французскіх асветнікаў Вальтэра, Ж.-Ж. Русо, П. Гольбаха.

Адкрыты ліст на правядзенне палявых даследаванняў, выдадзены З. Даленгу-Хадакоўскаму 14 (26) снежня 1818 года

Арыштаваны царскімі ўладамі 24.3.1809 за выказаную ў прыватным лісце прыхільнасць да антыпрыгонніцкіх ідэй Напалеона. Пасля 7 месяцаў зняволення ў Петрапаўлаўскай крэпасці быў пазбаўлены шляхецтва і накіраваны салдатам у Омск. У 1811 у Бабруйску імітаваў утапленне; уцёк у Варшаву, уступіў у французскую армію. Менавіта пасля паражэння французаў у вайне 1812 супраць Расіі мусіў хавацца і ўзяў псеўданім Даленга-Хадакоўскі. У 18131818 падарожнічаў па Беларусі, Польшчы, Украіне; працаваў у архівах і бібліятэках; даследаваў гарадзішчы; запісваў фальклор, дыялектную лексіку, абрады. 14.12.1818 упершыню ў Беларусі і Літве атрымаў ад Віленскага ўніверсітэта адкрыты ліст (дазвол) на права раскопак. У 1818 выдаў сваю галоўную працу «Пра славяншчыну да хрысціянства», якая прынесла яму шырокую вядомасць. У 1819 стаў членам-карэспандэнтам Варшаўскага Таварыства сяброў навук, членам Пецярбургскага Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці; у 1820 — Маскоўскага Таварыства гісторыі і старажытнасцяў расійскіх. Адным з першых абгрунтаваў ідэю славянскай агульнасці ў дагістарычны час. У 18201821, атрымаўшы дапамогу Міністэрства народнай асветы Расіі, арганізаваў даследчыя паездкі па поўначы Расіі. Апошнія гады жыцця правёў у Цвярской губ., дзе ўладкаваўся аканомам маёнтка.

Даследчыцкая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

З. Даленга-Хадакоўскі шмат падарожнічаў, збіраў прадметы матэрыяльнай культуры, запісваў фальклор, мясцовыя гаворкі. Першы сярод славянскіх вучоных звярнуўся да духоўнай культуры простага народа як крыніцы гісторыі. Упершыню ў славяназнаўчай яавуцы перанёс сістэму даследаванняў з помнікаў пісьменнасці на зямлю і яе помнікі. На гарадзішчах, якія раскопваў у Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім павеце, каля Брэста, Гомеля, Магілёва, у в. Старое Сяло Віцебскага павета бачыў помнікі высокаарганізаванага духоўнага жыцця славян, імкнуўся па іх вызначыць мяжу рассялення старажытных славян.

Згодна з распрацаванай ім тэорыяй гарадзішчаў усе старажытныя землі славяншчыны падзяляліся на ўчасткі плошчай каля 1 кв. мілі, у цэнтры якіх было гарадзішча, а навакольныя паселішчы мелі аднакарэнныя назвы. На гарадзішчах, што размяшчаліся высока над ракой або возерам і былі абнесены валам, выконваліся рэлігійныя дзействы (ахвярапрынашэнні, урачыстасці, гульні) пад кіраўніцтвам жраца або князя. З. Даленга-Хадакоўскі адзначыў адносную роўнасць членаў абшчыны, размеркаванне рэлігійных і ваенных функцый племянных правадыроў. Падабенства назваў славянскіх паселішчаў таксама, на яго думку, сведчыць аб спрадвечным адзінстве славян. Гарадзішчы даследчык лічыў выключна славянскай з'явай і на падставе сваёй тэорыі і этнамоўных даных спрабаваў устанавіць межы старажытнага рассялення славян і лакалізацыю іх асобных плямён ад Урала і Камы да Эльбы і ад Адрыятыкі да Паўночнай Дзвіны.

Адзін з першых абгрунтаваў ідэю славянскай агульнасці ў дагістарычны час. Яго мэтай было імкненне раскрыць этнагенез славян і напісаць гісторыю агульнаславянскага перыяду, выкарыстаўшы для гэтага археалагічныя, тапанімічныя, этнаграфічныя і фальклорныя даныя. Склаў карту старажытнага рассялення славян, узняў пытанне аб прарадзіме славян і іх сувязях з балцкімі народамі. Крытыкуючы ў «Даследаваннях адносна рускай гісторыі» (1819) некаторыя палажэнні «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М. Карамзіна, удакладніў межы рассялення крывічоў (ад Пскова і Смаленска да Гродна і Нёмана), а таксама палачан, літоўцаў, аспрэчваў нарманскую тэорыю паходжання рускай дзяржавы, не дапускаў неабгрунтаванай мадыфікацыі мінулага, некрытычнага выкарыстання прац замежных аўтараў. Адзначыў у працах Карамзіна больш за 20 памылковых сцвярджэнняў і фактаў, звязаных з гісторыяй Беларусі (межы паміж беларускімі, літоўскімі і рускімі пасяленнямі, тэрыторыя рассялення ўсходнеславянскіх плямён у ІХ ст., месца знаходжання Нямігі, дзе адбылася бітва, апісаная ў «Слове пра паход Ігаравы», і інш.). Вельмі карысным лічыў тапанімічны і гідранімічны матэрыял, у якім захаваўся ўвесь слоўнік першапачатковых карэнных выразаў.

Вывучаў старажытныя шляхі зносін на Беларусі: Кіева з Полацкам па Дняпры, Бярэзіне, Свіслачы, Ушчы, Віліі, па р. Нарач і воз. Нарач праз сістэму іншых азёр у Дзісну і Заходнюю Дзвіну, Заслаўя з Нёманам праз Пціч і Усу, якім карысталіся германцы, а таксама магчымыя шляхі зносін паміж дрыгавічамі, валынянамі і крывічамі па Прыпяці. Грунтоўна прааналізаваў «Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» і прадатаваў час яго напісання 1430 годам. У працы «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818) упершыню спрабаваў апісаць старажытнаславянскі побыт, культуру і народную творчасць у дахрысціянскі перыяд, намеціў план комплекснага даследавання славянскіх і кантактных з ім народаў. У «Праекце вучонага падарожжа па Расіі для вытлумачэння старажытнай славянскай гісторыі» (1820) і «Гістарычнай сістэмы Хадакоўскага» (апубл. 1838) абгрунтаваў прынцып збору фальклору і дыялектнай лексікі, упершыню ў славістыцы паказаў ролю тапанімікі для гістарычных даследаванняў, склаў рэестр агульнаславянскіх тапонімаў, у т.л. беларускіх, вызначыў тэрыторыю пашырэння беларускай мовы.

З. Даленгу-Хадакоўскаму належыць першая спроба сістэматычнага ўсвядомленага запісвання з элементамі навуковай пашпартызацыі славянскага фальклору. Яго навуковая і збіральніцкая дзейнасць была ўзорам для еўрапейскіх даследчыкаў П. Шафарыка, І. Сразнеўскага, П. Кірэеўскага, К. Тышкевіча, Я. Тышкевіча, К. Вуйціцкага, Ю. Крашэўскага, І. Ракавецкага, Л. Галамбёўскага і праграмай для навукова-літаратурных аб'яднанняў Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны.

Большасць яго прац не апублікавана («Гістарычна-геаграфічны слоўнік», «Батанічна-заалагічна-астранамічны слоўнік», «Слоўнік старажытных слоў і выразаў», зборнік беларускіх песень, сшытак славянскай міфалогіі, шматлікія апісанні абрадаў, звычаяў, замоў, запісы прыказак, прымавак, загадак, усходнеславянскіх і польскіх, нататкі па археалогіі, тапаніміцы, дыялекталогіі). Частка прац загінула.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Отрывок из путешествия по России // ЖМНП.1838. № 12. с. 479—527;
  • Українські народні пісні в записах Зоріана Доленги-Ходаковського. Київ, 1974.
  • O Sławiańszczyźnie przed chrześcijaństwem (1818); O Sławiańszczyźnie przed chrześcijaństwem oraz inne pisma i listy, opracował i wstępem opatrzył J. Maślanka, Warszawa 1967

Запісы беларускага фальклору (да 500 песень) знаходзяцца ў архіве, у тым ліку ў Санкт-Пецярбургу.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]