Зарыян Якаўлевіч Даленга-Хадакоўскі
| Зарыян Якаўлевіч Даленга-Хадакоўскі | |
|---|---|
| польск.: Zorian Dołęga Chodakowski | |
| | |
| Дата нараджэння | 4 красавіка 1784[1] ці 7 (18) красавіка 1784 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 17 (29) лістапада 1825[2] (41 год) |
| Месца смерці | |
| Грамадзянства | |
| Род дзейнасці | археолаг, гісторык, этнолаг |
| Альма-матар |
|
Зарыян Якаўлевіч Даленга-Хадакоўскі, сапр. Адам Чарноцкі (24.12, па іншых крыніцах 7(15).4.1784, маёнтак каля в. Гайна Менскага пав. Менскага ваяв., цяпер Лагойскі раён Мінскай вобл. — 17(29).11.1825, с. Пятроўскае Цвярской губ., цяпер Цвярская вобл.) — славяназнавец, адзін з пачынальнікаў беларускай, польскай, рускай і ўкраінскай археалогіі, старажытнай гісторыі, фалькларыстыкі, этнаграфіі і дыялекталогіі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Адам Чарноцкі нарадзіўся ў фальварку Падгайная каля вёскі Гайна (цяпер Лагойскі раён). Яго бацька, Якуб Чарноцкі, быў збяднелым шляхціцам і працаваў аканомам ды арандатарам у розных магнацкіх маёнтках. Сям'я часта пераязджала з месца на месца.
Пэўны час у дзяцінстве Адам жыў у маёнтку сваіх сваякоў Лецяшын. Там ён выхоўваўся і атрымліваў хатнюю адукацыю разам са сваімі стрыечнымі братамі — Каралем і Міхалам Чарноцкімі.
У 1801 годзе скончыў Слуцкае павятовае вучылішча. У 1801—1804 годзе праходзіў юрыдычную практыку ў Навагрудку. Працаваў у Мінску хатнім настаўнікам, прыватным адвакатам. У Мінскім архіве пазнаёміўся з выданнямі Статута ВКЛ, старажытнымі граматамі і актамі на старабеларускай, лацінскай і польскай мовах. У 1805 здаў экзамен па юрыспрудэнцыі і атрымаў патэнт на права кіравання маёмасцю, у 1807—1809 працаваў каморнікам і аканомам маёнтка графа Ю. Несялоўскага, у бібліятэцы якога, пазней (у 1814—1818) у бібліятэках А. Чартарыйскага ў Пулавах (Польшча) і Крамянецкага ліцэя пазнаёміўся з навуковымі выданнямі Варшавы, Вільні, Пецярбурга. Асаблівы ўплыў на фарміраванне навуковых і грамадскіх поглядаў З. Даленгі-Хадакоўскага зрабілі працы польскага вучонага Т. Чацкага, французскіх асветнікаў Вальтэра, Ж.-Ж. Русо, П. Гольбаха.

Арыштаваны царскімі ўладамі 24.3.1809 за выказаную ў прыватным лісце прыхільнасць да антыпрыгонніцкіх ідэй Напалеона. Пасля 7 месяцаў зняволення ў Петрапаўлаўскай крэпасці быў пазбаўлены шляхецтва і накіраваны салдатам у Омск.
У 1811 у Бабруйску імітаваў утапленне; уцёк у Варшаву, уступіў у французскую армію. Менавіта пасля паражэння французаў у вайне 1812 года супраць Расіі мусіў хавацца і ўзяў псеўданім Даленга-Хадакоўскі. У 1813—1818 падарожнічаў па Беларусі, Польшчы, Украіне; працаваў у архівах і бібліятэках; даследаваў гарадзішчы; запісваў фальклор, дыялектную лексіку, абрады. 14.12.1818 упершыню ў Беларусі і Літве атрымаў ад Віленскага ўніверсітэта адкрыты ліст (дазвол) на права раскопак. У 1818 выдаў сваю галоўную працу «Пра славяншчыну да хрысціянства», якая прынесла яму шырокую вядомасць.
У 1819 стаў членам-карэспандэнтам Варшаўскага Таварыства сяброў навук, членам Пецярбургскага Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці; у 1820 — Маскоўскага Таварыства гісторыі і старажытнасцяў расійскіх. Адным з першых абгрунтаваў ідэю славянскай агульнасці ў дагістарычны час. У 1820—1821, атрымаўшы дапамогу Міністэрства народнай асветы Расіі, арганізаваў даследчыя паездкі па поўначы Расіі. З 1819 г. быў ажэнены з Канстанцыяй Флемінг. Апошнія гады жыцця правёў у Цвярской губерні, дзе ўладкаваўся аканомам маёнтка.
Даследчыцкая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]З. Даленга-Хадакоўскі шмат падарожнічаў, збіраў прадметы матэрыяльнай культуры, запісваў фальклор, мясцовыя гаворкі. Першы сярод славянскіх вучоных звярнуўся да духоўнай культуры простага народа як крыніцы гісторыі. Упершыню ў славяназнаўчай навуцы перанёс сістэму даследаванняў з помнікаў пісьменнасці на зямлю і яе помнікі. На гарадзішчах, якія раскопваў у Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім павеце, каля Брэста, Гомеля, Магілёва, у в. Старое Сяло Віцебскага павета бачыў помнікі высокаарганізаванага духоўнага жыцця славян, імкнуўся па іх вызначыць мяжу рассялення старажытных славян.
Згодна з распрацаванай ім тэорыяй гарадзішчаў усе старажытныя землі славяншчыны падзяляліся на ўчасткі плошчай каля 1 кв. мілі, у цэнтры якіх было гарадзішча, а навакольныя паселішчы мелі аднакарэнныя назвы. На гарадзішчах, што размяшчаліся высока над ракой або возерам і былі абнесены валам, выконваліся рэлігійныя дзействы (ахвярапрынашэнні, урачыстасці, гульні) пад кіраўніцтвам жраца або князя. З. Даленга-Хадакоўскі адзначыў адносную роўнасць членаў абшчыны, размеркаванне рэлігійных і ваенных функцый племянных правадыроў. Падабенства назваў славянскіх паселішчаў таксама, на яго думку, сведчыць аб спрадвечным адзінстве славян. Гарадзішчы даследчык лічыў выключна славянскай з’явай і на падставе сваёй тэорыі і этнамоўных даных спрабаваў устанавіць межы старажытнага рассялення славян і лакалізацыю іх асобных плямён ад Урала і Камы да Эльбы і ад Адрыятыкі да Паўночнай Дзвіны.
Адзін з першых абгрунтаваў ідэю славянскай агульнасці ў дагістарычны час. Яго мэтай было імкненне раскрыць этнагенез славян і напісаць гісторыю агульнаславянскага перыяду, выкарыстаўшы для гэтага археалагічныя, тапанімічныя, этнаграфічныя і фальклорныя даныя. Склаў карту старажытнага рассялення славян, узняў пытанне аб прарадзіме славян і іх сувязях з балцкімі народамі. Крытыкуючы ў «Даследаваннях адносна рускай гісторыі» (1819) некаторыя палажэнні «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М. Карамзіна, удакладніў межы рассялення крывічоў (ад Пскова і Смаленска да Гродна і Нёмана), а таксама палачан, літоўцаў, аспрэчваў нарманскую тэорыю паходжання рускай дзяржавы, не дапускаў неабгрунтаванай мадыфікацыі мінулага, некрытычнага выкарыстання прац замежных аўтараў. Адзначыў у працах Карамзіна больш за 20 памылковых сцвярджэнняў і фактаў, звязаных з гісторыяй Беларусі (межы паміж беларускімі, літоўскімі і рускімі пасяленнямі, тэрыторыя рассялення ўсходнеславянскіх плямён у ІХ ст., месца знаходжання Нямігі, дзе адбылася бітва, апісаная ў «Слове пра паход Ігаравы», і інш.). Вельмі карысным лічыў тапанімічны і гідранімічны матэрыял, у якім захаваўся ўвесь слоўнік першапачатковых карэнных выразаў.
У артыкуле «Даследаванне адносна рускай гісторыі» паведаміў, што «паміж Вільняй, Гародняй і Мінскам ёсць спрадвеку руская мова. Літоўскія князі не выкаранялі яе, бо ўжывалі самі пры двары, у дагаворах і статутах». У іншым месцы гэтай працы, пішучы пра сулічаў, заўважыў, што, з аднаго боку, уздоўж ракі Сула, амаль да ракі Сан і Карпацкіх гор, і, з другога боку, у Чарнігаве, а таксама на поўначы і ўсходзе ад Чарнігава гавораць на розных дыялектах: у першым выпадку на паўднёвым рускім, а ў другім – на беларускім.[3]
Вывучаў старажытныя шляхі зносін на Беларусі: Кіева з Полацкам па Дняпры, Бярэзіне, Свіслачы, Ушчы, Віліі, па р. Нарач і воз. Нарач праз сістэму іншых азёр у Дзісну і Заходнюю Дзвіну, Заслаўя з Нёманам праз Пціч і Усу, якім карысталіся германцы, а таксама магчымыя шляхі зносін паміж дрыгавічамі, валынянамі і крывічамі па Прыпяці. Грунтоўна прааналізаваў «Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» і прадатаваў час яго напісання 1430 годам. У працы «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818) упершыню спрабаваў апісаць старажытнаславянскі побыт, культуру і народную творчасць у дахрысціянскі перыяд, намеціў план комплекснага даследавання славянскіх і кантактных з ім народаў. У «Праекце вучонага падарожжа па Расіі для вытлумачэння старажытнай славянскай гісторыі» (1820) і «Гістарычнай сістэмы Хадакоўскага» (апубл. 1838) абгрунтаваў прынцып збору фальклору і дыялектнай лексікі, упершыню ў славістыцы паказаў ролю тапанімікі для гістарычных даследаванняў, склаў рэестр агульнаславянскіх тапонімаў, у т.л. беларускіх, вызначыў тэрыторыю пашырэння беларускай мовы.
У «Праекце навуковага падарожжа па Расіі» З. Даленга-Хадакоўскі прывёў шэраг беларускіх тапонімаў, спаслаўся на ўжывальнае «на Белай Русі і пад Мінскам» слова "ветах". У артыкуле 1822 г. «Паведамленне аб першых поспехах падарожжа ў Расіі» разважаў пра агульнасць мовы Наўгародчыны з мовай жыхароў Ізборска, Полацка, Вільні, Гародні, Мінска, Пінска, Чарнігава, Смаленска. У мове гэтага вялікага рэгіёна (З. Даленга-Хадакоўскі называў яе «мовай крывічоў», у перапісцы таксама «крывіцкай, або беларускай») фіксаваліся дзеканне-цеканне, фрыкатыўны [г], гук [у] замест [в], частае ўжыванне формаў дзеепрыслоўяў на -шы, -ўшы. Выкарыстаны З. Даленгам-Хадакоўскім метад палявых даследаванняў быў новым у тагачасных гуманітарных навуках. Артыкулы З. Даленгі-Хадакоўскага былі добра вядомы ў навуковых колах Расіі і Польшчы, яны абмяркоўваліся ў перапісцы і на пасяджэннях Таварыства аматараў расійскай славеснасці.
У 1822 г. пры дапамозе І. Лабойкі ініцыяваў кампанію па зборы матэрыялаў для ўстанаўлення мяжы паміж літоўскай і беларускай мовамі. У часопісе «Віленскі дзённік» І. Лабойка надрукаваў урывак з адрасаванага яму ліста З. Даленгі-Хадакоўскага ад 29 студзеня 1822 г., у якім той пісаў пра сваё запланаванае падарожжа і прасіў указаць межы пашырэння «рускай» мовы ў Літве. 30 чэрвеня 1822 г. у часопісе «Літоўскі кур’ер» была апублікавана адозва ваеннага губернатара А. М. Рымскага-Корсакава з заклікам да духавенства і шляхты, а таксама вучоных з ліку «знатных літоўцаў» дапамагчы З. Даленгу-Хадакоўскаму ўстанавіць мяжу паміж літоўскай і «рускай» мовамі.[4]
З. Даленгу-Хадакоўскаму належыць першая спроба сістэматычнага ўсвядомленага запісвання з элементамі навуковай пашпартызацыі славянскага фальклору. Яго навуковая і збіральніцкая дзейнасць была ўзорам для еўрапейскіх даследчыкаў П. Шафарыка, І. Сразнеўскага, П. Кірэеўскага, К. Тышкевіча, Я. Тышкевіча, К. Вуйціцкага, Ю. Крашэўскага, І. Ракавецкага, Л. Галамбёўскага і праграмай для навукова-літаратурных аб’яднанняў Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны.
Большасць яго прац не апублікавана («Гістарычна-геаграфічны слоўнік», «Батанічна-заалагічна-астранамічны слоўнік», «Слоўнік старажытных слоў і выразаў», зборнік беларускіх песень, сшытак славянскай міфалогіі, шматлікія апісанні абрадаў, звычаяў, замоў, запісы прыказак, прымавак, загадак, усходнеславянскіх і польскіх, нататкі па археалогіі, тапаніміцы, дыялекталогіі). Частка прац загінула.
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Отрывок из путешествия по России // ЖМНП.1838. № 12. с. 479—527;
- Українські народні пісні в записах Зоріана Доленги-Ходаковського. — Київ, 1974.
- O Sławiańszczyźnie przed chrześcijaństwem (1818); O Sławiańszczyźnie przed chrześcijaństwem oraz inne pisma i listy / opracował i wstępem opatrzył J. Maślanka. — Warszawa, 1967.
Запісы беларускага фальклору (да 500 песень) знаходзяцца ў архівах, у тым ліку ў Санкт-Пецярбургу.
Зноскі
- ↑ Енциклопедія історії України — Київ: Наукова думка, 2003. — ISBN 966-00-0632-2
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #123844118 // Gemeinsame Normdatei — 2012—2016. Праверана 16 кастрычніка 2015.
- ↑ Запрудскі С. М. Нарысы гісторыі беларускага мовазнаўства ХІХ стагоддзя. — Мн.: БДУ, 2020. — С. 21.
- ↑ Запрудскі С. М. Нарысы гісторыі беларускага мовазнаўства ХІХ стагоддзя. — Мн.: БДУ, 2020. — С. 56--57, 103, 119.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Аксамітаў А. Ля вытокаў беларускага мовазнаўства: Са спадчыны Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага // Роднае слова. 1992. № 5.
- Аксамітаў А. С., Малаш Л. А. 3 душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З. Я. Даленгі-Хадакоўскага. Мн., 1991.
- Каханоўскі Г. А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984.
- Малаш Л. Даленга-Хадакоўскі // ЭГБ у 6 т. Т. 3. Мн., 1996.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9..
- Нарадзіліся 4 красавіка
- Нарадзіліся ў 1784 годзе
- Нарадзіліся 18 красавіка
- Нарадзіліся ў Гайне
- Памерлі 29 лістапада
- Памерлі ў 1825 годзе
- Памерлі ў Расіі
- Выпускнікі Слуцкай гімназіі
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Археолагі Беларусі
- Этнографы Беларусі
- Мовазнаўцы Беларусі
- Нарадзіліся ў Мінскім павеце
- Нарадзіліся ў Лагойскім раёне
- Памерлі ў Цвярской вобласці