Бітва за Вільню (1918—1919)
Артыкул вымагае праверкі арфаграфіі Удзельнік, які паставіў шаблон, не пакінуў тлумачэнняў. |
Бітва за Вільню (1918—1919) | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Польска-савецкая вайна | |||
| |||
Дата | 31 снежня 1918 – 5 студзеня 1919 | ||
Месца | Вільня | ||
Вынік | Перамога бальшавікоў, адступленне польскіх сіл з Вільні | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Бітва за Вільню (1918—1919) — барацьба за горад паміж польскімі добраахвотніцкімі атрадамі віленскай Самаабароны супраць адступаючых нямецкіх войскаў, мясцовых камуністаў (31 снежня — 3 студзеня 1919 года) і наступаючай Чырвонай арміі (4 студзеня — 5 студзеня 1919 года). На некаторы час большая частка Вільні апынулася пад кантролем палякаў, але пад ударамі колькасна большых сіл бальшавікоў абаронцы былі вымушаны пакінуць горад. Некаторыя гісторыкі лічаць гэтыя падзеі пачаткам польска-савецкай вайны.
Гістарычны кантэкст
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку XX стагоддзя горад Вільня знаходзіўся ў складзе Расійскай імперыі. У 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна, у якой Расія ваявала на баку Антанты супраць Цэнтральных дзяржаў. У выніку наступу Германскай імперыі ў 1915 годзе горад быў заняты нямецкімі войскамі. З-за паражэння ў Першай сусветнай пад канец 1918 года немцы пачалі паступова адступаць з тэрыторыі былой Расійскай Імперыі. Пакінутыя імі тэрыторыі спяшаліся заняць рэгулярныя часткі РККА і атрады прарасійскіх бальшавікоў. У той час Вільня стала аб’ектам тэрытарыяльных спрэчак паміж краінамі, якія пачалі стварацца на абшарах колішняй Расійскай імперыі — Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР)[1], а таксама Літоўскай[2] і Польскай рэспублікамі[3]. У горадзе з сакавіка 1918 года працаваў урад Літвы, а ад пачатку снежня і ўрад БНР. 15 снежня ў горадзе сфарміраваўся прарасійскі камуністычны (бальшавіцкі) Віленскі гарадскі савет рабочых дэпутатаў[4].
Найбольш шматлікай нацыянальнай групай у Вільні, апроч яўрэяў, былі палякі. Яшчэ да аднаўлення незалежнасці Польшчы дзеячы часткі насельніцтва Віленшчыны, якое лічыла сябе часткай польскага народа, вялі падрыхтоўчую працу, каб пазней далучыць гэтыя зямлі да адроджанай польскай дзяржавы. Фарміраванне польскіх ваенных атрадаў у Вільні пачалося 10 верасня 1918 года пры падтрымцы Саюза польскіх вайскоўцаў (СПВ). Быў створаны Грамадскі камітэт, які, у сваю чаргу, стварыў Камітэт грамадскай бяспекі. У яго складзе, з дазволу СПВ у Вільні, удзельнічаў капітан Станіслаў Бабятынскі. Ва ўмовах наступлення бальшавікоў была праведзеная спроба аб’яднаць польскае, літоўскае, беларускае і яўрэйскае насельніцтва для супольнай абароны горада, якая, аднак, скончылася няўдала. Абарону горада ўзяла на сябе нядаўна створаная польская Краёвая самаабарона Літвы і Беларусі, якую з 8 снежня узначальваў генерал Уладзіслаў Вэйтка. У склад Краёвай самаабароны ўваходзіла Самаабарона Віленскай зямлі на чале з генералам Еўгеніюшам Канткоўскім[3], якая пад канец снежня 1918 года мела каля 1200 добраахвотнікаў з жыхароў горада і наваколля. З гэтых сілаў былі сфарміраваны два палкі пяхоты і адзін полк уланаў. Таксама актыўна дзейнічала віленская Польская ваенная арганізацыя (ПВА) пад кіраўніцтвам Вітольда Галамбёўскага[5].
29 снежня 1918 года польскія ўлады ў Варшаве загадалі распусціць Краёвую самаабарону Літвы і Беларусі, прапанаваўшы яе апалчэнцам уступіць у Войска польскае. Генерал Вэйтка быў прызначаны кіраўніком Ваеннай акругі Літвы і Беларусі, генерал Адам Макрэцкі[6] — ваенным камендантам Вільні, яго намеснікам — маёр Станіслаў Бабятынскі, капітан Зыгмунт Клінгер — начальнікам штаба[4][5]. Атрады Самаабароны Віленскай зямлі былі рэарганізаваныя ў І Брыгаду, а яе камандзірам стаў генерал Баляслаў Крэйчмер, але звонку брыгада мала нагадвала злучэнне рэгулярнай арміі. Польскія атрады ў Вільні атрымалі загад абараняць горад ад чырвоных войскаў[5].
Польскія сілы
[правіць | правіць зыходнік]Пад канец снежня польская І Брыгада Самаабароны Вільні мела наступную структуру:
- 1-ы полк віленскіх уланаў (камандзір ротмістр Уладзіслаў Дамброўскі; з 30 лістапада да 25 снежня 1918 года — эскадрон уланаў Самаабароны Віленскай зямлі);
- 1-ы батальён (камандзір падкапітан[7] Вітольд Шчэрбіцкі);
- 2-і батальён (камандзір падкапітан Мікалай Зуевіч);
- 3-і батальён (камандзір паручык Эдвард Качкоўскі; батальён быў сфарміраваны з палякаў — былых ваеннаслужачых нямецкай кайзэраўскай арміі);
- 4-ы батальён ПВА (камандзір паручык Ян Галамбёўскі);
- 5-ы батальён навабранцаў (камандзір капітан Уладзіслаў Пяцэскі)[4][5].
Пазней да іх далучыўся Афіцэрскі легіён[8].
Ход баявых дзеянняў
[правіць | правіць зыходнік]Заняцце палякамі Вільні
[правіць | правіць зыходнік]Да канца 1918 года рэгулярныя часткі Войска Польскага не здолелі дайсці да Вільні. Прычынай былі цяжкасці, створаныя немцамі на акупаванай тэрыторыі, якая аддзяляла Вільню ад Польшчы. Камандаванне польскай самаабароны ў Вільні, лічачы, што 5 студзеня немцы здадуць Вільню бальшавікам, прымае рашэнне самастойна заняць горад і выціснуць з яго нямецкія войскі. 31 снежня 1918 года камандзір Ваеннай акругі Літвы і Беларусі генерал Уладзіслаў Вэйтка выдаў загад аб мабілізацыі, у якім паведамлялася[5]:
усе здольныя трымаць зброю палякі, пачынаючы ад 17-ці гадоў, павінны тэрмінова прыбыць да мабілізацыйнага штаба - Зарэчча 5, а ўсе літоўцы да літоўскага войска. Беларусам і яўрэям пакідаю свабоду выбору ваеннай адзінкі, да якой яны хочуць далучыцца |
У той жа дзень у Вільні пачаліся першыя баі. 3-і батальён захапіў Віленскую ратушу пры вуліцы Вялікай. Сутычкі адбываліся таксама ў іншых частках горада, у тым ліку ў раёне Вострай брамы. Польскія салдаты пачалі раззбройваць нямецкіх салдат. Пасля перамоў нямецкае кіраўніцтва згадзілася перадаць польскім атрадам частку горада, захоўваючы, аднак, за сабой кантроль над вуліцай Вялікай Пагулянкай і чыгуначным вакзалам. 1 студзеня 1919 года была вызначана польска-нямецкая дэмаркацыйная лінія. У той жа дзень ваенны камендант Вільні генерал Адам Макшэцкі, які атрымаў уладу над горадам, выдаў зварот да жыхароў, у якім прасіў захоўваць парадак, а таксама гарантаваў[5]:
бяспеку жыцця і маёмасці ўсім, не зважаючы на нацыянальнасць, хто жыве ў Вільне, абвяшчаю свабоду на існаванне для палітычных партый |
Фактычным кіраўніком польскай самаабароны па уласнай волі стаў ротмістр Уладзіслаў Дамброўскі, які пазней фармальна атрымаў гэту пасаду ад генерала Вэйткі. Немцы ў той час рыхтаваліся да эвакуацыі з горада і не супраціўляліся польскім сілам. У ноч з 2 на 3 студзеня польскія скауты, чыгуначнікі і сябры Польскай ваеннай арганізацыі занялі віленскі чыгуначны вакзал[8].
Бой з камуністамі на вуліцы Вароняй
[правіць | правіць зыходнік]Ва ўмовах адступлення нямецкіх войскаў з горада 1 студзеня з падполля выйшлі мясцовыя камуністы, якія пачалі нападаць на фарміраванні польскай самаабароны[8]. Іх штабам стаў будынак на вуліцы Вароняй, дзе знаходзілася сядзіба Віленскага гарадскога савета рабочых дэпутатаў. Гэтая арганізацыя была створана 15 снежня 1918 года і складалася ў большасці з жыхароў Вільні рознай нацыянальнасці, а таксама некалькіх асоб з іншых гарадоў. Старшынёй Савета стаў Казімеж Ціхоўскі, ранейшы сакратар петраградскай групы Сацыял-дэмакратыі Царства Польскага і Літвы (СДЦПіЛ), а сакратаром прэзідыума — Ян Кулікоўскі, паляк з Троцкага павета, сябра СДЦПіЛ і Камуністычнай рабочай партыі Польшчы[4]. Атрады польскай самаабароны пад кіраўніцтвам ротмістра Дамброўскага (2-і батальён і каля 30 салдат 3-га батальёна) атакавалі будынак Савета ўвечары 1 студзеня. Падчас тых баёў асаблівым гераізмам вылучыўся сяржант Станіслаў Квяткоўскі. Камуністы здаліся 2 студзеня а 14-й гадзіне. У выніку бойкі з польскага боку загінуў 1 чалавек, чатыры было паранена; з боку камуністаў загінула 3 чалавекі, 5 здзейсніла самагубства, а 76 трапіла ў палон[8]. Сярод самагубцаў быў камендант народнай міліцыі Л. Чаплінскі і віленскі шавец Баніфацы Вежвіцкі[4]. Пасля бою, апрача палонных, польская самаабарона захапіла больш за 1000 кулямётаў і 600 гранат, у большасці нямецкіх[8].
Першая атака Чырвонай арміі
[правіць | правіць зыходнік]2 студзеня да Вільні пачалі падыходзіць рэгулярныя войскі савецкай Заходняй арміі з трох напрамкаў: ад Немянчына, Маладзечна і Ліды. Камандзір польскай самаабароны генерал Вэйтка вывеў частку сіл (частку палка віленскіх уланаў, 3 батальён і Афіцэрскі легіён) у раён Новай Вілейкі, каб перакрыць дарогу чырвоным. У Вільні засталіся астатнія віленскія уланы, 1-ы батальён Брыгады, 4-ы батальён ПВА і іншыя дробныя атрады, якія ўзначаліў ротмістр Уладзіслаў Дамброўскі[8].
Заняць Вільню павінна была ўзмоцненая 5-м Віленскім палком А. Зянковіча бальшавіцкая 2-я стралковая брыгада Пскоўскай дывізіі Уладзіміра Аляксандравіча Альдэрогея, якая 1 студзеня знаходзілся каля Падброддзя. Адначасова з Маладзечна на Вільню накіроўваліся 144-ы і 146-ы палкі 17-й стралковай дывізіі Рыгора Максімавіча Барзінскага і атрад Заходняй дывізіі Уладзіміра Аляксеевіча Яршова. Камандаванне 2-й стралковай брыгады для заняцця Вільні накіравала праз Падброддзе на Міцкуны 4-ы полк, каб разам з 1-ым палком заняць чыгуначную станцыю ў Новай Вілейцы. Адначасова 5-ы Віленскі полк быў накіраваны з Падброддзя праз Немянчын на Вільню. Бальшавіцкія войскі атрымалі загад разграміць супраціўленне палякаў[8].
4 студзеня 1919 года пад Новай Вілейкай адбыліся першыя баі з наступаючай Чырвонай арміяй. Бальшавікі скіравалі туды 1-ы батальён і две роты 4-ага батальёна Пскоўскага палка Махначова, якія ішлі з правага флангу ад яго. Польская кавалерыя панесла страты і была вымушана адступіць. Пяхота паспрабавала здзейсніць кантрнаступ на Новую Вілейку, але няўдала. Рэгулярныя войскі Чырвонай арміі мелі значную перавагу над атрадамі польскай самаабароны. Таксама ў палякаў бракавала амуніцыі, у горадзе і ў яго ваколіцах не было абарончых пазіцый. Адначасова бальшавікі накіравалі наўпрост на Вільню 5-ы Віленскі полк. Генерал Вэйтка прыняў рашенне адступіць з-пад Новай Вілейкі ў Вільню. Неўзабаве адбыліся сутыкненні з нямецкімі сіламі на вуліцы Вялікая Пагулянка, што прынесла палякам чарговыя страты, у тым ліку сярод афіцэраў. Бальшавікі наступалі на горад з боку Новай Вілейкі і Немянчына. Фарміраванні самаабароны былі вымушаныя вярнуцца ў цэнтр горада, дзе яны, згуртаваўшыся, адбілі атаку Чырвонай арміі[8].
Другая атака Чырвонай арміі
[правіць | правіць зыходнік]Поспех польскай самаабароны быў для бальшавікоў нечаканым. Для лепшай каардынацыі баявых дзеянняў яны стварылі адзінае камандаванне. Было вырашана заняць горад моцнай атакай на цэнтр і адначасовым акружэннем з фланга. Штаб 5-га Віленскага палка, аднак, адмовіўся прымаць удзел у аперацыі, лічачы, што створанае камандаванне некампетэнтнае у планаванні і кіраванні наступам. 5 студзеня атаку на Вільню пачала бальшавіцкая групоўка, сканцэнтраваная ў Новай Вілейцы. Палякі арганізавалі абарону наступным чынам: 1-ы, 2-і і 4-ы батальёны баранілі паўднёвыя часткі горада, у тым ліку Зарэчча, а 3-і батальён і полк віленскіх уланаў баранілі падыходы да Антокаля. 4-ы батальён ПВА заняў абарончыя пазіцыі на Зарэччы, поруч з будынкам штаба абароны Вільні. Баі пачаліся на прадмесцях, бальшавікі занялі гару Трох крыжоў і пачалі адтуль артылерыйскі абстрэл горада, у першую чаргу Зарэчча. Пазней у цэнтр Вільні накіравалася чырвоная пяхота[8].
У бальшавікоў была вялізная колькасная і тэхнічная перавага. Таксама Віленская самаабарона атрымала звестку, што Варшава не можа выслаць падмацаванні. У гэтых умовах грамадзянскія прадстаўнікі Гарадской рады, баючыся рэпрэсій з боку бальшавікоў, калі тыя займуць горад штурмам, прапанавалі генералу Вэйтцы пакінуць горад. Не маючы магчымасці ўтрымаць Вільню, начальнік штаба капітан Зыгмунт Клінгер 5 студзеня а 19-й гадзіне вырашыў спыніць баявыя дзеянні і пакінуць горад[8].
Адступленне палякаў
[правіць | правіць зыходнік]Паводле загада, атрады віленскай самаабароны павінны былі пакінуць Вільню і 6 студзеня прабівацца на Руднікі, Радунь, Эйшышкі і Шчучын. Адступленне адбывалася вельмі неарганізавана, не было магчымасці сабраць зброю, амуніцыю і ежу, а салдаты зусім не былі гатовыя да доўгага паходу. Большасць з іх сабралася ў Белай Вацы каля Вільні. Генерал Вэйтка і капітан Клінгер былі інтэрнаваныя немцамі. Пасля праведзеных капітанам Клінгерам перамоў была дасягнута дамова аб перавозцы на цягніках бяззбройных польскіх салдат у Лапы. У выніку былі эвакуяваныя 154 афіцэраў і 1035 салдат з 1-га, 2-га і 4-га батальёнаў, якія пазней увайшлі ў склад Літоўска-беларускай дывізіі. Салдаты палка віленскіх уланаў, Афіцэрскага легіёна і 3-га батальёна адмовіліся здаць зброю і сфарміравалі так званы «Віленскі атрад Польскага войска» пад камандаваннем ротмістра Уладзіслава Дамброўскага. У атрадзе было каля 300 салдат пяхоты і 150 кавалерыі. Яны пакінулі Вільню, пасля чаго з баямі прабіваліся праз Руднікі, Эйшышкі, Панары і Новы Двор[8].
Стаўленне урадаў Беларускай Народнай Републікі і Літоўскай Рэспублікі
[правіць | правіць зыходнік]Пад канец 1918 года ў Вільні знаходзілася сядзіба ўрада Літоўскай Рэспублікі, які лічыў сябе спадчыннікам Вялікага Княства Літоўскага і патрабаваў права на ўключэнне горада ў яе межы на падставе «гістарычных прычын»[9]. На пачатку снежня ў Вільню прыехалі таксама ўрад і Рада Народных Міністраў БНР на чале з Антонам Луцкевічам, якія пакінулі Мінск з-за наступлення бальшавікоў[4]. Урад БНР таксама лічыў Вільню часткай сваёй тэрыторыі, але тады, імкнучыся да стратэгічнага збліжэння з Літвой, ён не ставіў вырашэнне беларуска-літоўскіх тэрытарыяльных спрэчак на першае месца[10]. Калі бальшавікі пачалі падыходзіць да Вільні, літоўцы і беларусы паспрабавалі сфарміраваць узброеныя сілы для абароны горада. Літоўскі ўрад прызначыў генерала Кіпрыяна Кандратовіча на пасаду намесніка міністра краёвай абароны, даўшы яму задачу стварыць літоўскую армію з беларускімі атрадамі ў яе складзе. З пачатку снежня ў Вільні пачалося фарміраванне 1-га Беларускага пяхотнага палка, камандзірам якога стаў палкоўнік М. Лаўрэнцьеў. Камандзірамі батальёнаў палка былі прызначаныя палкоўнік Леніваў (праз некалькі дзён быў звольнены) і падпалкоўнік Успенскі, ротнымі камандзірамі — капітан Яўген Гайдукевіч, а таксама паручнікі Пятка, Жываткевіч і Талькоўскі. Пад канец снежня да палка далучыліся афіцэры Сяткоўскі, Гасан Канапацкі, Давід Якубоўскі, Рэмішэўскі і Лукашэвіч. Аначасова пачалося фарміраванне 2-га Беларускага пяхотнага палка[11]. Аднак гэтых захадаў было замала для абароны Вільні ад бальшавікоў. Пад канец снежня літоўская армія яшчэ толькі знаходзілася ў стадыі фарміравання, а яе асобныя часткі фарміраваліся ў Коўне, Аліце і Кейданах[4]. Беларускія атрады мелі толькі афіцэраў, бо не хапала салдат[11]. 27 снежня беларускія атрады разам з большай часткай урада БНР пакінулі Вільню і пераехалі ў Гродна, якое яшчэ заставалася пад нямецкай акупацыяй[4][11]. Пасля сімвалічнага ўзняцця літоўскага флага над віленскай Замкавай гарой літоўскі ўрад 1 студзеня разам з немцамі пераехаў на цягніку ў Коўна. Літоўцы баяліся набліжэння бальшавікоў да горада, а ўзмацненне палякаў магло зрабіць далейшую працу літоўскага ўрада цяжкай або нават немагчымай[4].
Мабілізацыя ў Вільні генералам Вэйткам мясцовых беларусаў выклікала незадаволенасць ураду БНР. 3 студзеня прэм’ер-міністр БНР Антон Луцкевіч перадаў польскаму міністру замежных спраў Леону Васілеўскаму ноту пратэсту, імкнучыся такім чынам паказаць, што Віленшчына з’яўляецца часткай БНР, а таму ніякая іншая краіна не можа ажыццяўляць там свае дзеянні. На думку гісторыка беларускага паходжання Дароты Міхалюк, ва ўмовах аблогі Вільні бальшавікамі такі пратэст мог быць вельмі негатыўна успрыняты значнай часткай яе жыхароў, бо яго можна было памылкова зразумець як сімпатыю да бальшавікоў або як заклік адмовіцца ад абароны горада[4].
Гістарычная дыскусія
[правіць | правіць зыходнік]Бітва за Вільню паміж польскімі і бальшавіцкімі сіламі 4 студзеня 1919 года была першай сутычкай, у якой выступілі адна супраць другой сілы, якія фармальна ўваходзілі ў склад Войска Польскага і Чырвонай арміі. Таму некаторыя гісторыкі, напрыклад, Вальдэмар Рэзмер, прымаюць гэтую дату як пачатак польска-бальшавіцкай вайны. Аднак наспех сабраныя атрады польскай самаабароны ў Вільні дзейнічалі без канкрэтных загадаў з боку камандавання Войска Польскага. Гэта дазваляе большасці гісторыкаў не лічыць гэтыя сутыкненні афіцыйным пачаткам польска-бальшавіцкай вайны, хоць і прызнаюць, што гэта прадвызначыла вайну ў недалёкай будучыні[8].
Зноскі
- ↑ Białoruska Republika… с. 261
- ↑ Białoruska Republika… с. 358
- ↑ а б Wojna… с. 47
- ↑ а б в г д е ё ж з і Białoruska Republika… с. 364—366
- ↑ а б в г д е Wojna… с. 48-49
- ↑ На думку Дароты Міхалюк (глядзі Białoruska Republika… с. 365), камендантам Вільні быў іншы польскі генерал Стэфан Макржэцкі (брат генерала Адама Макржэцкага), але на самой справе Стэфан Макржецкі падчас бітвы за Вільню яшчэ служыў ва ўкраінскай арміі.
- ↑ Падкапітан (падротмістр) — вайсковае званне, якое некаторы час існавала ў створаных на тэрыторыі Расіі польскіх злучэннях; яно было вышэй за званне паручыка, але ніжэй за капітана (ротмістра).
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л Wojna… с. 50-53
- ↑ Białoruska Republika… с. 351
- ↑ Białoruska Republika… с. 348—358
- ↑ а б в Białoruskie formacje… с. 94
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Алег Латышонак. Białoruskie formacje wojskowe 1917–1923. — Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 1995. — 273 с. — ISBN 83-903068-5-9. (польск.)
- Дарота Міхалюк. Białoruska Republika Ludowa 1918–1920. U podstaw białoruskiej państwowości. — Торунь: Wydawnictwo Naukowe Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, 2010. — 597 с. — ISBN 978-83-231-2484-9. (польск.)
- Лех Вышчэльскі. Wojna polsko-rosyjska 1919–1920. — 1. — Варшава: Bellona, 2010. — Т. 1. — 696 с. — ISBN 978-83-11-11934-5. (польск.)