Змагарныя дарогі
Змагарныя дарогі | |
---|---|
Жанр | раман |
Аўтар | Кастусь Акула |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата напісання | 1959—1960 гады |
Дата першай публікацыі | 1962 год |
Асобнае выданне | 1962 год |
Выдавецтва | «Мастацкая літаратура» (1994) |
Цыкл | Галасы беларускага замежжа (1994) |
Колькасць старонак | 586 |
Ілюстратар | М. Рачынскі |
Афармленне | Станіслаў Станкевіч |
Носьбіт | кніга |
Наступны | «Дзярлівая птушка» (1965) |
Электронная версія | |
ISBN | 5-340-01458-4 |
«Змага́рныя даро́гі» — раман Кастуся Акулы 1960 года, упершыню выдадзены ў Канадзе ў 1962 годзе беларускім класічным правапісам[1].
Эпіграфам да рамана служыць верш Уладзіміра Жылкі «Меч». Падзеі твору адбываюцца ў 8 краінах Еўропы — Беларусі, Літве, Польшчы, Германіі, Францыі, Італіі, Швейцарыі і Англіі[2]. У 1994 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» перавыдала яго ў Беларусі тыражом 6000 асобнікаў, якія раскупілі за пару месяцаў[3]. У 1995 годзе Беларускі ПЭН-цэнтр узнагародзіў Кастуся Акулу за раман Прэміяй імя Францішка Багушэвіча[4]. У снежні 2000 года рэдакцыя газеты «Наша Ніва» ўключыла раман «Змагарныя дарогі» ў 100 найлепшых беларускіх кніг XX стагоддзя на падставе чытацкага апытання цягам года[5]. У 2005 годзе выдавецва «Логвінаў» зноў перавадала раман у зборніку выбраных твораў «Россыпы»[6].
Дзея[правіць | правіць зыходнік]
Ва ўводнай частцы «Гітлераўская акупацыя Беларусі» апісваецца падзел захопленай краіны, праца беларускіх настаўнікаў, а таксама беларускія аб’яднанні і вайсковыя фарміраванні. Гітлераўскі і сталінскі таталітарныя рэжымы параўноўваюцца з вобразнымі пачварамі Сцылай і Харыбдай, ад якіх церпяць людзі. Улетку 1944 года адбываецца эвакуацыя Менскай школы камандзіраў БКА разам з Сымонам Спарышам і яго сябрамі Віктарам Караткевічам і Кастусём Дзежкам. У назвах 3-х асноўных частак рамана пазначаецца маршрут постацяў: 1) «Менск — Альткірх — Марсель», 2) «Берлін — Цвізель — Неапаль — Балоння», 3) «Балоння — Лондан». У раздзелах «Беларуская цэнтральная рада ў Берліне. Генерал Езавітаў, Астроўскі і Шувалаў», «Загуба генерала Езавітава» і «Дывізія „Беларусь“ пераходзіць да амерыканцаў» падзеі згадваюцца паводле дакументаў. У якасці постацяў выступаюць кіраўнік Беларускай самапомачы Іван Ермачэнка і камандзір Беларускай краёвай абароны Францішак Кушаль. Таксама згадваецца намеснік кіраўніка БКА капітан Віталь Мікула, які загінуў у газавым крэматорыі Дахау[7].
У якасці адмоўнай постаці прыводзіцца былы школьны вартаўнік з Каралеўшчыны Вітвіцкі, які ў зялёным мундзіры ўрадніка расстрэльваў яўрэяў на вуліцах Глыбокага. Таксама згадваецца начальнік паліцыі раённага мястэчка лейтэнант Сцервін, які абвяшчаў камуністамі людзей, каб прысабечыць іх набытак[7].
У Францыі беларускія салдаты адмаўляюцца ваяваць супраць мясцовых макісаў, на бок якіх пераходзяць. Затым Сымон Спарыш служыць 2-м Польскім корпусе брытанскага войска на італьянскім фронце. Пасля вайны Сымон Спарыш навучаецца ў Школе падхаронжых панцырнай зброі з князем Юрыем Радзівілам (з якім навучаўся аўтар). Аднойчы Спарыш натхнёна чытае эмігранцкую газету «Беларускія навіны». Узімку 1947 года ў Лондане Сымон Спарыш сустракаецца з сябрамі на 1-м З’ездзе беларусаў Вялікабрытаніі[7].
Крытыка[правіць | правіць зыходнік]
У 1990-я гады ў газеце «Свабода» Сяргей Лотва згадаў раман у нататцы «Паміж Курапатамі і Хатынню» словамі: «паміж безлічы бесэсэраўскіх выданняў аб Вялікай Айчыннай — гэты твор, падобна, адзіны, які можна ўважаць Беларускай кнігай пра II сусветную вайну»[8].
Выданні[правіць | правіць зыходнік]
- Канстанцін Акула. Змагарныя дарогі : аповесць / прадм. Станіслаў Станкевіч, маст. М. Рачыцкі. — Таронта, 1962. — 583, [3] с.
- Кастусь Акула. Змагарныя дарогі : раман / прадм. Уладзімір Арлоў, маст. А. І. Цароў. — Мінск, 1994. — 572 с. — (Галасы беларускага замежжа). — 6 000 экз. — ISBN 5-340-01458-4.
- Кастусь Акула. Змагарныя дарогі // Россыпы : выбраныя творы / рэд. Уладзімір Арлоў, дызайн С. Ждановіч. — Мінск: Логвінаў, 2005. — С. 17—586. — 624 с. — 500 экз. — ISBN 985-11-0144-3.
Зноскі
- ↑ Ян Максімюк. Згадка пра Кастуся Акулу . Радыё «Свабода» (21 лістапада 2015). Праверана 22 студзеня 2021.
- ↑ Альгерд Бахарэвіч. Свая вайна . Радыё «Свабода» (6 ліпеня 2012). Праверана 22 студзеня 2021.
- ↑ Сяргей Макарэвіч. Кастусь Акула // Да гісторыі беларускай дыяспары: матэрыялы конкурсу маладых навукоўцаў «Беларускай дыяспары прысвячаецца». Сш. 1 / рэд. Наталля Гардзіенка. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2005. — 72 с.
- ↑ Прэмія імя Францішка Багушэвіча(недаступная спасылка). Беларускі ПЭН-цэнтр (26 сакавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 25 кастрычніка 2019. Праверана 22 студзеня 2021.
- ↑ Сто беларускіх кніг XX стагоддзя // Наша Ніва : газета. — 11 снежня 2000. — № 50 (207). — С. 1. — ISSN 1819-1614.
- ↑ Уладзімір Арлоў. Імёны Свабоды: Кастусь Акула . Радыё «Свабода» (26 студзеня 2012). Праверана 22 студзеня 2021.
- ↑ а б в Уладзімір Арлоў. Птушатнік з Верацеяў // Россыпы / Кастусь Акула. — Мінск: Логвінаў, 2005. — С. 3—16. — 624 с. — 500 экз. — ISBN 985-11-0144-3.
- ↑ Вольга Іпатава. На дарогах змагання // Культура, нацыя : часопіс. — Снежань 2015. — № 12. — С. 69-78.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Змагарныя дарогі(недаступная спасылка). Партал «Букстэр» (26 сакавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 29 студзеня 2021. Праверана 22 студзеня 2021.