Кальдошы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Кальдошы
(Caldoches)
Foire chevaux.JPG
Агульная колькасць 71 721 (2009 г.)
Рэгіёны пражывання Новая Каледонія
Мова французская
Рэлігія хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іншыя французы

Кальдо́шы (фр.: Caldoches) — насельніцтва еўрапейскага (найчасцей французскага) паходжання ў Новай Каледоніі. Агульная колькасць (2009 г.) - 71 721 чал.

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Лічыцца, што назва «кальдош» (Caldoche) з'явілася ў новакаледонскай прэсе ў канцы 1960-х гг., значыла «самы каледонскі» або «найбольш каледонскі» і спярша выкарыстоўвалася як псеўданім мясцовай журналісткі Жаклін Шміт, якая сцвярджала, што яе продкі нямецкага паходжання здаўна жылі ў Новай Каледоніі. У нашы дні так называюць нашчадкаў белых пасяленцаў, што жывуць шмат пакаленняў у гэтай краіне. Выхадцаў з Францыі, якія пераязджаюць у Новую Каледонію, яны называюць зазо́.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вылучаецца некалькі хваляў масавых перасяленняў еўрапейаў у Новую Каледонію. Першыя перасяленцы з'явіліся да абвяшчэння гэтай тэрыторыі валоданнем Францыі. Яны былі кітабоямі, гандлярамі, авантурыстамі і місіянерамі. Адно з першых паселішчаў узнікла на востраве ў заліве каля будучай Нумеі і было заснавана брытанцамі. У 1857 г. яны прадалі асвоеныя імі землі французскай дзяржаве, але засталіся на Новай Каледоніі. Сярод першых пасяленцаў таксама былі французы, немцы, ірландцы. У 1864 г., ужо пасля анексіі Новай Каледоніі, перасяленцы з Рэюньёна заснавалі паселішча Бурбон. Акрамя таго, з 1854 г. на поўдні Новай Каледоніі знаходзіўся французскі ваенны гарнізон. Большасць салдат пасля заканчэння службы пакідалі востраў, але некаторыя заставаліся. З 1862 г. каланіяльныя органы рэалізоўвалі план каланізацыі, які прадугледжваў, што зямля належыць дзяржаве, але перадаецца ў карыстанне прыватным асобам.

У 1864 - 1894 гг. (фактычна, да 1897 г.) Новая Каледонія была пераўтворана ў турэмную калонію, куды для катаржных прац або на высылку адпраўлялі вязняў з метраполіі. Усяго было ўвезена 21 630 чал. Большасць зняволеных былі крымінальнымі злачынцамі, але пасля паўстання Парыжскай камуны ў 1871 г. на Новай Каледоніі і Іль-дэ-Па з'явіліся палітычныя арыштанты. Лічылася, што падобна таму, як тое раней адбывалася ў Аўстраліі, былыя вязні застануцца у калоніі, дзе будуць займацца земляробствам і жывёлагадоўляй. Некаторыя пасля вызвалення сапраўды не маглі выехаць у Францыю, бо не атрымоўвалі на гэта грошы або дазвол. Але ў большасці былых вязняў не было вопыту вядзення сельскай гаспадаркі, яны нападалі на канакаў і такім чынам правакавалі напружанасць. У канцы XIX - пачатку XX ст. назіраецца масавая рэпатрыяцыя вызваленых арыштантаў.

Пасля спынення практыкі ўвозу катаржан каланіяльная адміністрацыя зноў была вымушана арыентавацца на іміграцыю свабодных грамадзян. Быў распрацаваны новы план каланізацыі. З гэтай мэтай адбылося новае пераразмеркаванне зямлі. Перасяленцы маглі атрымаць у карыстанне ад 10 да 50 га для арганізацыі кававых плантацый. Ім рэкамендавалася мець пэўны вопыт і каля 5 тысяч франкаў капіталу. У 1894 - 1903 гг. з Францыі пераехала каля 1500 чал., прыкладна чвэрць з якіх пазней вярнулася на радзіму. Для працы на нікелевых радовішчах і плантацыях прыцягваліся рабочыя з суседніх астравоў Меланезіі і Азіі.

У гады I Сусветнай вайны колькасць еўрапейскіх перасяленцаў зменшылася ў сувязі з адпраўкай ваенных і добраахвотнікаў ў Еўропу. У 1826 г. быў рэалізаваны план перасялення 80 сем'яў з Францыі і Бельгіі для вырошчвання бавоўны на поўначы вострава. Хаця праекты культывацыі кавы і бавоўны праваліліся, жывёлагадоўчыя гаспадаркі квітнелі. Многія перасяленцы кідалі зямлю і пераязджалі ў Нумеа або нават у Аўстралію і Новую Зеландыю. Жывёлагадоўцы заставаліся і вялі дастаткова ізаляваны лад жыцця. Паступова грамадства кальдошаў пачало падзяляцца на нумеанцаў і "бусардаў". Апошнія нават пасля пераезду ў адміністрацыйны цэнтр імкнуліся захаваць свае загарадныя сямейныя рэзідэнцыі і засноўвалі прадпрымальніцкую справу па дынастычнаму прынцыпу. У 1930-ых і другой палове 1940-ых гг. назіраліся яшчэ дзве масавыя хвалі перасяленняў, звязаных з цяжкай эканамічнай сітуацыяй у Еўропе. Большасць эмігрантаў далучаліся да нумеанцаў або працавалі ў дзяржаўных установах.

З канца 1960-ых гг. у сувязі з сацыяльнымі пераўтварэннямі, якія пачаліся ў Францыі і былі распаўсюджаны на Новую Каледонію без захавання мясцовых інтарэсаў, а таксама паступовым уздымам руху канакаў кальдошы выявілі асабістыя патрабаванні, адрозныя ад астатніх французаў, але пры гэтым ніколі не выступалі за поўны парыў сувязяў з метраполіяй.

Традыцыі[правіць | правіць зыходнік]

Большасць сучасных кальдошаў жывуць у Нумеа, займаюцца бізнесам, працуюць у адміністрацыі, сярод іх шмат прадстаўнікоў інтэлектуальных прафесій (настаўнікаў, урачоў, інжынераў, вучоных і г. д.). Колькасць жывёлагадоўцаў значна скарацілася ў другой палове XX ст. у сувязі з крызісам гэтай галіны эканомікі. Але кальдошы захоўваюць традыцыі конегадоўлі, арганізуюць адмысловыя спаборніцтвы і фестывалі. Характэрна, што ў мясцовай кухні важную ролю адыгрывае мясная ежа, пераважна з ялавічыны. Акрамя таго, ужываюць мясцовыя гародніну і садавіну (лімоны, бананы, ваніль, тара, батат і інш.), а таксама крэветкі.

Распаўсюджаныя традыцыйныя забавы — паляванне на аленяў і дзікіх свінняў, рыбалоўства. Існуе кальдошскі музычны стыль, які развіваўся пад уплывам кантры. Асноўнай мовай з'яўляецца французская. Але на Новай Каледоніі распаўсюджаны мясцовы дыялект, у якім шмат слоў з азіяцкіх, меланезійскіх і палінезійскіх моў, жарганізмаў і неалагізмаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]