Кампінійская культура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Кампінійская культура — археалагічная культура макралітычнага выгляду перыяду ранняга неаліту (VIIV стст. да н.э.).

Вылучана на тэрыторыі Паўночнай Францыі ў 1886 г. Ф.Сальманам. Назва ад стаянкі Кампіньі ў дэпартаменце Прыморская Сена. Характарызуецца наяўнасцю вялікай колькасці сякер і сякерападобных прылад: сякеры-траншэі, авальныя, нуклеа- і пікападобныя (трохгранныя) прылады, грубыя скрэблы, скоблі і скрабкі, разцы, адбойнікі. Прылады апрацоўваліся спосабам грубага адбіцця каменнымі адбойнікамі, што нагадвае мусцьерскія прыёмы апрацоўкі. Насельніцтва кампінійскай культуры палявала на аленя, дзікага каня, быка, займалася рыбалоўствам. У 1920-я г. кампінійская культура разглядалася як універсальная стадыя развіцця, якая змяніла стадыю Тардэнуаза (мікралітычнай вытворчасці, назва паходзіць ад стаянкі Феран-Тардэнуа ў дэпартаменце Эна), і адносілася да данеалітычнага перыяду (протанеаліту).

Вобласці з падобным да кампінійскай культуры макралітычным інвентаром выяўлены ў 1920-я гг. у верхнім і сярэднім Пасожжы (К. М. Палікарповіч), у 1950-я гг. на Панямонні (Р. К. Рымантэне), у 1960-я г. ў вярхоўях Прыпяці (У. Ф. Ісаенка). Тут вылучаны мікралітычныя нёманская культура, сожская культура.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ісаенка, У.Ф. Кампінійская культура / У.Ф.Ісаенка // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская энцыклапедыя; Рэдкал.: В.В.Гетаў [і інш.]. — Мн.: БелЭн імя П.Броўкі, 1993. — С. 304.
  • Монгайт, А.Л. Археология Западной Европы: Каменный век. – М., 1973.

,