Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Шылавічы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
каталіцкі храм
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
53°10′06,43″ пн. ш. 24°14′37,47″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Шылавічы
Канфесія Каталіцызм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Благачынне Ваўкавыскі дэканат 
Архітэктурны стыль неаготыка
Будаўніцтва 19071914 гады
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — помнік архітэктуры неаготыкі ў аграгарадку Шылавічы Ваўкавыскага раёна. Касцёл дзейнічае.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Парафія створана ў 1511 годзе, тады першую фундацыю на заснаванне тут каталіцкай святыні зрабілі Ганна, Зоф’я і Каміла Крупскія. Новазбудаваны драўляны касцёл быў асвечаны пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы. У 1544 Ганна з Крупскіх Радагоская аднавіла першапачатковы фундуш. Пасля Крупскіх Шылавічы належалі Вольскім, Весялоўскім, потым кляштару брыгідак з Гродна.

Беззаганнае пачацце. Першая палова 17 ст. МСБК НАН

Калі першую святыню ў 1600 годзе знішчыў пажар, Крыштаф Вольскі разам з жонкай Барбарай аднавілі касцёл. У лістападзе 1620 касцёл пад гістарычным тытулам Найсвяцейшай Тройцы кансэкраваў віленскі біскуп-суфраган Абрахам Война. У інтэр’еры святыні меліся тры алтары. Галоўны быў двух’ярусным, над абразом Найсвяцейшай Тройцы знаходзіўся абраз Маці Божай (алтар асвечаны разам з касцёлам). Бакавыя алтары былі прысвечаны Беззаганаму Зачаццю Найсвяцейшай Панны Марыі і Пану Езусу (асвечаны ў ліпені 1660).

У сярэдзіне XVI ст. пры касцёле дзейнічала альтарыя, парафіяльная школа, шпіталь, які фундавала Аляксандра з Сабескіх Весялоўская.

У 1807 годзе драўляны касцёл быў адноўлены, таксама ў левым куце касцёльнай агароджы была пабудавана драўляная чацверыковая трох’ярусная вежа-званіца, а сама агароджа з трохпралётнай цаглянай брамай грунтоўна адноўлена.

Стары касцёл, каля 1900

Старажытны драўляны касцёл уяўляў сабою трохнававую прамавугольную ў плане святыню з апсідай, накрытую двухсхільным гонтавым дахам. Трохвугольны франтон галоўнага фасада завяршала невялікая чацверыковая сігнатурка. Сцены касцёла, складзеныя з бруса, былі ўмацаваны па перыметры вертыкальнымі брусамі-сцяжкамі.

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў пешай палове XX ст.

Цяперашні касцёл пабудаваны з цэглы ў 19071914 гадах у цэнтры населенага пункта.

Велічная неагатычная аднавежавая базіліка пачала будавацца ў 1907 годзе (аб чым сведчыць дата на гранітным падмурку апсіды касцёла) побач са старажытнай святыняй (будынак стаяў да 1925 года, а затым быў разабраны). Будаўніцтва было скончана ў 1914 годзе.

Падчас I Сусветнай вайны святыня была значна пашкоджана. У 1927 скончылася яе рэстаўрацыя, у выніку якой вежа была надбудавана на 6 м. У той жа час была пабудавана новая плябанія. Старая драўляная званіца згарэла ў 1931 годзе.

У ХIХ-ХХ ст. дзейнічала капліца на парафіяльных могілках. Перад II Сусветнай вайной колькасць вернікаў шылавіцкай парафіі перавышала 5000 чалавек.

У 1958 годзе касцёл быў зачынены, у святыні размясцілі зернесховішча, потым — сховішча цэменту і хімікатаў, рамонтныя майстэрні трактароў. Плябанія была знішчана, не захавалася і капліца на могілках. Знішчылі і касцёльную агароджу з брамай.

Святыня вернута парафіянам у 1989 годзе, адразу ж пачалася рэстаўрацыя. Рэкансекрацыя касцёла адбылася 2 ліпеня 1993 года.

У парафіі з 1992 года працуюць сёстры Маці Божай Міласэрнасці ад св. Фаустыны. Для іх у комплексе касцёла ў 1995 быў пабудаваны манаскі дом з хатняй капліцай.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл Уяўляе сабой базілікальны з трансептам аднавежавы храм з трохграннай апсідай і дзвюма сакрысціямі. На галоўным заходнім фасадзе вылучаецца чатырох’ярусная шатровая вежа вышынёй 55 м (тры ніжнія ярусы дзвюхгранныя, верхні — васьмігранны). Грані вежы фланкіраваныя контрфорсамі, дэкарыраваныя арачнымі і стральчатымі нішамі. Галоўны партал вылучаны вімпергам. Бакавыя фасады прарэзаныя спаранымі стральчатымі вокнамі, паміж якімі на ніжнім ярусе размешчаныя контрфорсы, на верхнім — папярочныя аркі (аркбутаны). Бакавыя сцены трансепта маюць адно сральчатае чатырохчасткавае акно і завершаныя ступеньчатым атыкам з пінаклямі. У інтэр'еры нефы падзеленыя стральчатымі арачнымі праёмамі, якія абапіраюцца на прафіляваныя слупы, перакрыцце — крыжовыя скляпенні з нервюрамі. Шырока выкарыстаная лякальная цэгла, з якой зробленыя нервюры, абрамленні арак і крапоўка слупоў. Як дэкаратыўны прыём выкарыстанае кантрастнае каляровае рашэнне: дэкаратыўныя дэталі белага колеру (па фасадах і ў інтэр'еры) на фоне чырвоных цагляных сцен і вежы.

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр’ер касцёла падзелены на тры нефы трыма парамі апор і перакрыты крыжаста-нервюрным скляпеннем, сяродкрыжжа — зоркава-нервюрным. У святыні знаходзяцца тры драўляныя алтары. Галоўны быў створаны ў 1920-я гады са старога барокавага алтара. У яго цэнтры змешчаны тытульны абраз Найсвяцейшай Тройцы, а ў другім ярусе знаходзіўся абраз Пана Езуса ў цярновым вянку (цяпер яго месца пустое, а абраз знаходзіцца ў музеі Мінска, як і разьбянае Укрыжаванне з фігурамі Панны Марыі і св. Яна пад ім). Бакавыя алтары створаны нядаўна ў неагатычным стылі: у левым змешчаны абраз св. Юзафа, у правым — Маці Божай Чанстахоўскай. Над нартэксам знаходзяцца арганныя хоры, дзе стаіць неагатычны каркас ад страчанага аргана.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік, — Мінск, 1993.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]